Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Так! Васюкоў! — клікнуў мяне камандзір роты,— Забірай немца, параненых і марш у санроту! За рэчку Цвяткоў правядзе.
«Ну вось, значыць, ужо будзем развітвацца»,— падумаў я.
Увогуле, мусіць, гэта звычайна на фронце, але цяпер чамусьці мне стала самотна. Я збянтэжана пастаяў у траншэі, не ведаючы, што сказаць. Напэўна, адчуваючы маю нерашучасць, Ананьеў павярнуўся ад кулямёта.
— Давай, давай! Пакуль ціха,— сказаў ён амаль спакойна.
I ўсё ж я добра ведаў камроты, каб не адчуць у яго тоне старанна прыхаваныя ноткі трывогі. Зрэшты, і ў выглядзе яго нешта сведчыла аб непакоі. Я проста не памятаў яго такім рэзкім у рухах і словах. Нечакана для самога сябе мабыць, упершыню я зразумеў, што зусім ён не такі самаўпэўнены і ўладарны, якім заўжды мне здаваўся. Гэтае адкрыццё жаллівай паныласцю кранула мае пачуцці, але, знешне не выдаючы таго, я сказаў:
— Ну што ж... Тады — да пабачэння...
— Давай лячыся...
Ён коратка і амаль абыякава паціснуў маю руку і зноў павярнуўся да змрочнай далечы. Моўчкі, не выходзячы з-пад улады звычайнай напускной незадаволенасці, падаў мне шырокую далонь Піліпенка, стрымана кіўнуў галавой Грыневіч. Затым я таропка паціснуў сцюдзёныя рукі байцоў, якія маўкліва праводзілі мяне занадта ўважлівымі позіркамі.
Ідучы назад па траншэі, я ўсё ўслухоўваўся, але трывогі
пакуль не было, аўтаматчыкі па-ранейшаму сцішана пераседжвалі ноч: тупалі, курылі, а некаторыя, не гледзячы ні на што, спалі, скурчыўшыся ў сваіх ячэйках. Цяпер, аднак, усе яны — знаёмыя і незнаёмыя — адсоўваліся ад мяне ў мінулае, у маё былое і сваё будучае, але без мяне, бо праз гадзіну я, мабыць, буду адсюль далёка.
3 новым клопатам я рвануў з увахода палатку і ўлез у бліндаж.
11
Параненыя хутка паўставалі, разабралі зброю. Мы расштурхалі немца і павылязалі ў траншэю. Оберфельдфебель трохі праспаўся і, мабыць, пацверазеў, бо хоць і не адразу, але ўсё ж выконваў нашы каманды. Праўда, ісці яму было цяжка, ён амаль не прыступаў на параненую нагу і скакаў на адной, перабіраючы па сценах рукамі.
Тым часам займаўся світанак.
Неба паяснела, на ўсходзе стаў бачны край лесу над пагоркам, дзе была дарога: з шэрага змроку нясмела яшчэ выплываў аснежаны прыцьмелы прастор. Было ветрана, сцюдзёна, снег, аднак, не ішоў. Можа, нават падмарожвала, але толькі ледзь-ледзь.
Мы трохі прайшлі па траншэі, далей трэба было вылазіць наверх. Цвяткоў першы ўскочыў на бруствер і падаў мне руку. Затым выбраўся аўтаматчык з абвязанай бінтамі галавой. Удвох яны вывалаклі другога аўтаматчыка і працяглі рукі немцу.
Обер-фельдфебель нерашуча паглядзеў знізу ўгору — наўрад ці ён разумеў, куды яго вялі, мабыць, думаў, расстрэльваць, і толькі цяпер пачынаў аб чымсьці здагадвацца.
— Ну, што лыпалы выкаціў? Давай руку.
Ён даў руку, утрох мы неяк узвалаклі яго на бруствер. Але тут аказалася, што ён зусім не можа прыступіць на нагу і адразу апусціўся долу. У дадатак да ўсяго, ноччу нехта сцягнуў ягоны шынэлак, немец прыкметна дрыжаў ад сцюжы ў сваім кароткім мундзірчыку. Цвяткоў вылаяўся.
— Як жа яго весці? Падвода трэба.
— Мо пашукаць лапату? — сказаў я.— Замест кастыля.
Аднак мяне не падтрымалі — пэўне ж, вяртацца назад у траншэю нікому не хацелася, світанак прымушаў спяшацца. Поле на захадзе, здаецца, болей, чым уначы, злавесна чарнела ад навіслай над ім цемрадзі, у якой таілася нейкая нязнаная, загадкавая і таму асабліва страшная небяспека.
— А што, хіба Ананьеў не да санроты мяне выпраўляў? — раптам з насцярогай у голасе запытаў Цвяткоў, стоячы на заснежаным брустверы.
— Толькі да рэчкі.
— А ад рэчкі вы як? Во з гэтым?
— Як-небудзь.
Цвяткоў падумаў і з яўнай незадаволенасцю тузануў за рукаў немца.
— Ану, устаць!
Немец устаў, і санінструктар узяў яго пад руку, што мяне ўвогуле здзівіла: то не хацеў перавязваць, а тут бярэ пад руку, хоць гэта мог бы зрабіць той жа паранены ў голаў аўтаматчык, які, не зважаючы на рану, трымаўся ўвогуле ўпэўнена.
Мы зышлі з бруствера і па слізкім ад снегу травяністым схіле пайшлі да мастка ўніз.
Цвяткоў даволі бесцырымонна валок немца, той, часта падаючы на вольную руку, ледзьве спраўляўся з ім. Мы ўтрох абмінулі іх, коўзаючы па снежнай траве, сышлі да рэчкі і ўсё па тых жа бэльках былога мастка перайшлі на другі яе бок. Далей, мусіць, трэба было пачакаць Цвяткова, каб пераняць у яго обер-фельдфебеля, і я прытрымаў хлопцаў, якія з прыкметнай паспешнасцю імкнуліся ў тыл.
Аднак правесці аднаногага чалавека па бервяну было не проста, ва ўсякім разе, Цвяткоў не наважыўся на тое. Падышоўшы да мастка, ён нерашуча спыніўся і паглядзеў на мутны вадзяны паток, які хутка вірыў між мокрых, аснежаных берагоў.
— Ну, што? — спытаў я.
— He прайсці. Якая тут глыбіня?
Чорт яе ведаў, якая тут была глыбіня, але я ўспомніў, што ўночы некаторыя з аўтаматчыкаў пераходзілі недзе ўброд.
— Давай, не патонеш...
— Што — давай? Ідзі памажы...
Лезці ў ваду не хацелася, у ботах маіх і без таго ўжо было мокра, і ўсё ж аднаруч я падабраў полы шыняля і пайшоў у раку. На шчасце, глыбіня тут была не дужа вялікая, я хуценька перабег на той бок, і ўдвох мы ўзялі немца. Оберфельдфебель згодна павіснуў на нашых руках. Мы з намаганнем прыўзнялі яго даволі цяжкаватае цела. Ён разы два скокнуў здаровай нагой у вадзе і ўрэшце апынуўся на другім беразе.
— Гадская работа... — сказаў Цвяткоў. — Поўныя боты вады...
У ботах, вядома, здорава чвякала, ногі пачалі стыць, трэба было хутчэй ісці, каб сагрэць іх, але Цвяткоў не пусціў ад сябе немца.
— Удвох павядзем.
— А ў роту не вернешся? — спытаў я.
Стала віднець. Я бачыў шараваты ад бессані твар Цвяткова, які трошкі паморшчыўся і, мабыць болей для заспакаення самога сябе, вытлумачыў:
— Санінструктару палагаецца суправаджаць параненых да санроты. Так што...
Ён не даказаў фразы, аднак сэнс ягонага «так што» быў без таго вядомы, і мы моўчкі пайшлі па дарозе, якая тут пралягала па даволі высокім насыпс. Увогуле, гэта было парушэннем загаду камандзіра роты, але не мая справа паказваць на тое сяржанту: я перадаў яму ўсё, што мне сказаў Ананьеў, а там хай рашае сам. Зрэшты, можа, гэта нават і лепей, што ён з намі: увесь час валачы немца — справа нялёгкая, а так, мусіць, мы б неяк мяняліся. Усё ж у нашым становішчы здаровы чалавек варты некалькіх параненых.
Немец пры кожным скачку здорава шлэпаў падэшваю бота. Мне трохі нязручна было трымаць яго аднаруч, ды яшчэ замінаў аўтамат на правым плячы. Я ўжо хацеў паклікаць на змену аўтаматчыка з забінтаванай галавой. У той час, занятыя сваімі справамі, мы трохі забыліся пра тыя трывожныя абставіны, што ўсё яшчэ віснулі над ротай і намі. Перайшоўшы ручай, мы адчулі ў сабе палёгку, быццам нядаўняя небяспека засталася далёка ззаду. I менавіта ў гэты час ззаду штось здарылася.
Я нават не паспеў сцяміць, што данеслася да нас у першае імгненне — толькі, мабыць, не стрэл і не выбух, здаецца, гэта быў і не крык. Тым не менш .нешта грымотна-нечаканае ўдарыла па адчуваннях так пагрозліва, што я аж спатыкнуўся. Я адчуў яшчэ, як страпянуўся ў маёй руцэ немец — вёртка крутануўшыся, ён азірнуўся, і я злавіў на яго твары кароценькі водбліск радасці. Але ў гэты момант порстка затрашчаў аўтамат, пачуліся крыкі, некалькі адначасных гранатных выбухаў прагналі прэч ноч. Золак раптоўна абудзіўся стрэламі і апрыклым да паныласці дзіганнем куль.
Па звыклай франтавой завядзёнцы, мы борздзенька сунуліся з насыпу і хто як стаіліся на касабокім мокрым адхоне. Ніжай была канава і гразь, але высокі насып някепска прыкрываў нас, кулі з вышыні сюды не даляталі.
Тады ў галаву шыбануў страх — не за сябе (па нас, здаецца, яшчэ і не стралялі) — страх быў за роту: што там? Я хуценька вытыркнуўся з-за насыпу — на схілах, аднак, нікога не было, але на самай макаўцы вышыні ў прыцемку ўжо ўгадваўся рух, пыл, бляск стрэлаў. Калі я зноў вытыркнуў голаў, аказалася, што ля мяне застаўся адзін толькі немец. Іншыя, у тым ліку і Цвяткоў, прыгнуўшыся, перабягалі за насыпам далей, па-над дарогай угору.
Спярша я не зразумеў, куды яны, але хутка ўсё стала надта выразна, і я, сам таго не чакаючы, закрычаў ва ўсё горла:
— Стой! Назад!
Цвяткоў прыпыніўся, угнуўшы голаў, няўцямна азірнуўся, я бачыў яго здзічэлыя вочы на пабялелым, спалоханым твары. Сяржант яўна чагось не разумеў, і я з лютасцю паўтарыў:
— Назад!
Я зусім не думаў у той час, які сэнс вяртаць гэтых людзей да рэчкі, але я ўсім сваім нутром адчуваў, што ў роце бяда і што менавіта таму мы не павінны ўцякаць. Аднак чым мы маглі памагчы ёй — таго я не ведаў.
Двое параненых зразумелі маю каманду па-свойму і ляглі за насып, а Цвяткоў пасля нядоўгага вагання, падбег да немца.
— Устаць!
Ён тузануў палоннага за рукаў, аднак той адкінуўся долу, нешта загергетаў, замахаў рукамі і не ўстаў. Цвяткоў ткнуў яго ботам і схапіўся за аўтамат.
— Устаць, падла! Фашысцкая морда!
Незразумела, нашто было ўставаць — хіба каб уцякаць адсюль, толькі гэтага я ўжо ім не дазволіў бы. Ды і немец, адчуўшы нешта, раптам перамяніўся, выраз яго ўпартага твару стаў жорсткім і непаслухмяным, ён яўна не хацеў падпарадкавацца сяржанту.
— Кінь! — крыкнуў я санінструктару,— Ідзі сюды.
Цвяткоў паныла паглядзеў у той бок, дзе ляжалі астатнія двое, і нерашуча палез на адхон. Ён яшчэ не паспеў апусціцца, як аб дарогу ўдарылі кулі — за каўнер мне пляснула гразёй, абое мы тыцнуліся галовамі ў макрэдзь. У той жа час на вышыні сталася нешта і горшае. Яшчэ без дай прычыны я адчуў гэта сваёй абвострана чуйнай цяпер падсвядомасцю і зноў выглянуў з-за насыпу. Мусіць, тады я ўскрыкнуў, бо Цвяткоў таксама спалохана зірнуў з-за дарогі — збоч ад вышыні па схіле ўніз навыперадкі і бязладна беглі аўтаматчыкі.
Гэта было неверагодна, але я мусіў верыць сваім вачам і не мог памыліцца. Спярша ўзвод Піліпенкі, а затым і ўся рота выскачыла з траншэі і ўрассыпную памчалася да ракі. Некалькі чалавек ужо ўпала, хтось ззаду спрабаваў падняцца, пагрэбаўся ды і заціх на снезе. Некаторыя, коратка прыпадаючы на калена, таропка адстрэльваліся чаргой-другою. Іншыя тым часам беглі ўніз, ды так, што дай толькі бог ногі. Рота рассыпалася па ўсім схіле. Над вышынёй выла, трашчала, дзігала; гахалі выбухі гранат.