Поўны збор твораў. Том 3
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 656с.
Мінск 2005
Ён нібы адчуваў, што яму ўжо не шмат засталося, і спяшаўся, стараючыся як мага скарэй падвесці пад кроквы нашу невялічкую смалістую, поўную лясных таямнічых пахаў хатку. Да крокваў заставаўся недарублены адзін апошні вянец, калі бацькі не стала.
Месяц мы не даравальна для сябе правалынілі — маці бегала па ўсёй акрузе, па знаёмых і родзічах, разоў дзесяць ездзіла ў раён,— усё, вядома, дарэмна. Скаргі на лёс і слёзы — кепскія памочнікі ў справе, а зіма насоўвалася ў спрадвечны свой час. Стаяў на агародзе зруб з утыркнутай у вугал сякерай — бацька як пакінуў яе ўвечары, так болей ужо і не выняў. Мама пабедавала, паплакала ды аднойчы ўзлезла на зруб і аберуч выдрала тую сякеру. Было пакутай глядзець, як яна дзёўбала там. I вось аднойчы, вярнуўшыся з школы, на зруб узлез я. У мяне неяк пайшло зручней, чым у маці,
хоць, вядома, далёка не так, як у бацькі. I ўсё ж я дарубіў недарублены ім вугал. Праўда, трохі зачапіў вострай пяткай калена, прасекшы штаны.
3 таго дня пачалася мая будаўнічая пільніца.
Самым пакутным было ўставаць на світанні, да чаго я доўга не мог прывучыцца, жахліва хацелася спаць. Маці будзіла мяне ў тры прыёмы, і ўжо я замест бацькі будзіў уранку сваім стукам малодшых сясцёр — так кожны дзень да глыбокай восені. Школа мяне мала цікавіла. Вучыцца ў сёмым класе ўвогуле было няцяжка. Куды болей сур’ёзныя справы займалі маю свядомасць. Надвячоркам, прыбегшы з калгаснай работы, да мяне на зруб узлязала маці. Удвох мы перакочвалі бервяно, падняць якое з зямлі памагаў хто-небудзь з суседзяў. Калі ж нікога паблізу не было, мусілі паднімаць удвох. Спачатку мы клалі яго канцом на плот, потым паднімалі на сярэдзіну зруба і ў трэці прыём, стаўшы на драбіну, узвалаквалі канец бервяна наверх. Затым гэткім жа сіюсабам паднімалі другі канец. Так дарубілі і самшылі. Ставіць кроквы памог дзядзька Ігналя. Накрываў кулявой саломай мамін сваяк з суседняе вёскі. Астатняе дараблялі самі з маці. Гэта было нялёгка, ды і вечна не хапала тагодругога. На зіму мы ўсё ж перанесліся ў сваю новую хатку, вокны ў якую паставілі з старой, дзверы таксама. Падлогі яшчэ не было зусім, але печ змураваў самы лепшы ў раёне пячнік, з ім расплачваліся некалькі год потым,— і ў першы ж вечар, прыгрэўшыся каля яе сырога яшчэ, смярдзючага ад гліны боку, мама сказала:
— Як-небудзь будзем жыць, дзеткі...
Дзяцінства маё тым лстам і скончылася, на плечы ляглі зусім не дзіцячыя клопаты, пачалася праца, а болей працавітых за нашу сям’ю не было ў вёсцы. Без бацькі спадзявацца не было на каго, кавалак хлеба трэба было зарабіць самім. У першы ж год мама выгнала 430 працадзён у калгасе, я — 210. Ленка і тая 60. Адна Наталка заставалася дома — на яе абавязку была карова, куры, праполка. Усе ў нас мелі свае справы і свае абавязкі — як і дарослыя. Было не да гульняў і дзіцячых забавак. I хоць даводзілася цяжка, часам галаднавата і сцюдзёна, здавалася, што ўвогуле зусім нармалыіа.
Іншага жыцця мы ў тую пару не ведалі. Да вайны ж заставалася яшчэ тры гады.
10
Гадзінніка ў нас не было, мы не сачылі за часам, якога, мусіць, мінула нямала. Я ўжо некалькі разоў браўся драмаць, але прахопліваўся кожнага разу, калі хто заходзіў у бліндаж або выходзіў з яго. Ананьеў усё не вяртаўся, і Грыневіч, здаецца, таксама прыдрамаў. У бліндажы было зусім ціха, чуліся ўсе гукі знадворку: прыглушаны кашаль, рэдкія скупыя словы паблізу; часам нехта праходзіў тудысюды па траншэі. Ніводзін рух там не застаўся для нас безуважны — слых нават і ў сне быў насцярожаны да ўсяго наверсе.
Але ноч, здаецца, мінала.
Праўда, мяне трохі непакоіла, чаму так доўга не вяртаўся камандзір роты. Што яму было рабіць там, калі ўсё спакойна? Узводы акапаліся, і байцы ў аддзяленнях па чарзе таксама адпачываюць, як-колечы з цыгаркай і прытопам бавячы на сцюжы непагодную ноч. Бліндаж пры такім надвор’і — раскоша. Але ўсім нельга ў бліндаж.
Пэўна, я ўсё ж прыдрамаў і прачнуўся ад нейкіх трывожлівых, спрасоння не зусім зразумелых гукаў. Я падняў голаў і ўслухаўся — па траншэі хтось бег, усё набліжаючыся, нешта гукнуў паблізу і сціх. Але тут жа на дзвярах тузанулася палатка, чалавек, прыгнуўшыся, зазірнуў у бліндаж.
— Таварыш лейтэнант! Таварыш лейтэнант Грыневіч! Грыневіч, чутна было, спахапіўся, але, сонны, мусіць, чагось не даўмеўся і азваўся не адразу.
— Таварыш лейтэнант...
— Я. Што такое?
— Таварыш лейтэнант! — задыхана казаў баец,— Камандзір роты выклікае.
— А што здарылася?
Баец памарудзіў, перавёў дыханне.
— Ды там... Немцы шурудзяць нешта.
Грыневіч хуценька падхапіўся і, спатыкнуўшыся аб чыесь ногі, выйшаў з бліндажа.
Санлівасць мая імгненна мінулася. Збоч у змроку заварушыўся Цвяткоў, насупраць ля сцяны насцярожыліся параненыя. Я зразумеў, што будзе пакутай сядзець тут у невядомасці, і таксама ўстаў, захінуў на плячы шынель і вылез у траншэю.
Снегу за ноч падбавіла, ім быў добра замецены бруствер і дно траншэі, на якім месцамі расплываліся цёмныя гразкія плямы. Наўкола павіднела, стала далей відаць поле, кустоўе, быльнёг на ўзмежку. Над пярэста-шэрым сутоннем вісела змрочнае, без аніводнае зоркі нсба.
Піліпенкавы байцы стаялі па траншэі і глядзелі кудысь убок. Двое грэліся — маўкліва сапучы, штурхалі адзін аднаго плячом. Яны далі мне прайсці і таксама пасталі, узіраючыся ў прыцемак.
Камандзір роты быў на сярэдзіне траншэі, якраз на месцы стыку пазіцый двух узводаў. Тут жа стаялі Грыневіч, Піліпенка, некалькі байцоў і Ванін. Ля ног малодшага лейтэнанта цёрлася Пулька.
— Ды не там!.. Вунь лявей бяры. Бачыш кусцікі? Во каля іх,— нсшта паказваў камандзір роты Грыневічу.
Грыневіч старанна паўзіраўся і паціснуў гілячыма.
— Нічога не бачу.
— А ты ўгледзься. He сляпы ж, мабыць? Да іх важна павярнуўся Піліпенка, які цяпер быў без палаткі, у шынялі з вы-сока настаўленым каўняром.
— Мы тэж сперва нэ бачылы. А нрыдывыліся — хтось варушыцца. Всім нэ можа здатыся.
Ананьеў азірнуўся, убачыў мяне і, ніколькі не падзівіўшыся маім тут з’яўленнем, тузануў за рукаў.
— Ану, Васюкоў, глянь! У цябе зрок востры.
Сказана тое было зноў па-сяброўску, нібы да роўнага. Я старанна ўгледзеўся ў шэры прыцемак, у якім слаба мроілася воддаль нешта падобнае на кустоўе ці, можа, пагорак. Але нічога, што б выдавала там прысутнасць жывога, я не заўважыў.
— Ну, бачыш?
-He.
Ананьеў нахмурыўся, счакаў і зласнавата кінуў Піліпенку:
— Нясі кулямёт!
Піліпенка моўчкі падаўся па траншэі і неўзабаве ярывалок РПД з прымкнёным магазінам. Камандзір роты кутка прыладзіў яго на брустверы.
— Ану, паназірайце!
Чарга амаль громам разарвала начную ціш, чырвоныя водбліскі ад ствала ліхаманкава заскакалі па брустверы, у траншэю сыпанула жменяю гарачых смярдзючых гільзаў. Счакаўшы, пакуль у далечы заглухне рэха, Ананьеў адняў ад пляча прыклад і выпрастаўся.
— Ну, што?
— А нычога,— сказаў Піліпенка,— Hi гу-гу.
— Гадства! — падумаўшы, вылаяўся камандзір роты.
Яму ніхто не адказаў. Усе моўчкі стаялі, не ведаючы, што прыдумаць, каб адгадаць гэтую трывожную загадку ночы. Тады ад бруствера павярнуўся Ванін, які дагэтуль сціпла стаяў побач з Ананьевым у сваёй кароценькай ватоўцы.
— Дайце я схаджу,— сказаў ён проста, нібы гутарка ішла аб якой драбязе.— Калі што — кулямётам...
Заклапочаны, Ананьеў няўцямна зірнуў на яго.
— Давай! — раптам нібы ўзрадавана сказаў ён.
Грыневіч, аднак, запярэчыў:
— Адзін? He паложана. Двое трэба.
Ванін азірнуўся.
— Пласкуноў, айда!
Невялічкі крываногі аўтаматчык Пласкуноў, што стаяў ззаду ў непадпяразаным шынялі, нерашуча пераступіў з нагі на нагу. У адной руцэ ён трымаў жалезную скрынку з дыскамі ад РПД.
— Дык я гэта...
— Шчо — ты? — злосна гыркнуў да яго Піліпенка.
— Дык гэта... кулямёт.
— Нэ втэчэ твій кулэмэт. Бэры автамат і дуй.
Ванін тым часам выняў з кішэні гранату і дакладным рухам уставіў у яе запал. Гранату планкай пачапіў на дзягу ля спражкі.
Пласкуноў яшчэ раз пакутліва пераступіў, азірнуўся. Уся яго худзенькая постаць была ўвасабленнем нерашучасці. 3
натугай асільваючы яе, баец зняў з пляча аўтамат, паправіў шапку і, калі Ванін, абапёршыся каленам аб край бруствера, вылез наверх, таксама пачаў выбірацца з траншэі.
Ванін прыпыніўся, ступіў да камандзіра роты.
— Патрымайце пакуль. A то...
— Нэ вэртайсь! — крыкнуў Піліпенка.
Скінуўшы цераз голаў планшэтку, малодшы лейтэнант аддаў яе Ананьеву і таропка збег з бруствера.
— Вэрнувся! От дурэнь...— бурчаў Піліпенка.
Нехта няўцямна спытаў:
— А што, як вярнуўся?
— Шчо, шчо! Нэ знаеш шчо?
Пулька жалліва заскуголіла, забегала ўнізе, імкнучыся выскачыць з траншэі. Піліпенка злосна пхнуў яе ботам:
— Халера, тэбэ шчэ не хапала!
Ваец у бушлаце спрабаваў злавіць сабачанё, але тое, выскачыўшы, прашмыгнула між ног, усё скачучы на бруствер. Грыневіч раздражнёна прыкрыкнуў злым шэптам:
— Што за сабачнік яшчэ? Качамасаў!
-Я.
— Прыстрэльце сабаку.
— Ну піто вы, таварыш лейтэнант! — здзівіўся баец,— Як можна!
Грыневіч азірнуўся.
— Сідарэц!
— Так сліпота ў мэне куріна. У траншэі нэ бачу нычога.
Нампаліт моўчкі выняў пісталет і, штурхнуўшы кагось у траншэі, прашчаміўся ў той бок, дзе мітусілася Пулька.
У мяне непрыемна сціснулася ўнутры: няўжо ён прыстрэліць яе! Я зірнуў на камандзіра роты, але той стаяў, здавалася, нічога не бачачы і не чуючы навакол: уся яго ўвага цяпер была ў полі, куды пайшоў Ванін. У траншэі нягучна хлопнуў пісталетны стрэл. Пулька віскнула, пасля хлошіула яшчэ раз, і ўсё змоўкла... Ніхто ні словам не азваўся на смерць сабачкі, усе як і раней нерухома стаялі наўкола камандзіра роты, і штось востра пепрыязнае да нампаліта коратка ўспыхнула і згасла ў маім пачуцці... Зрэшты, які «б» блізкі для нас ні быў лёс Пулькі — свой уласны турба-
ваў куды больш. Усе ў траншэі ўзіраліся наперад, куды ішоў Ванін. Малодшы лейтэнант не аглядваўся і не падганяў Пласкунова, які трохі адстаў. Спакваля яны ўсё болей цямнелі, расплываліся ў шэрым сутонні. Неўзабаве ўжо трэба было дужа ўглядацца, каб згледзець іх. А затым яны і зусім зніклі.
Мы яшчэ пастаялі, слыхам чакаючы стрэлаў ці крыкаў, толькі нічога нідзе не было. Напружанне памалу пачало спадаць, людзі ў траншэі заварушыліся. Нехта прысеў закурыць. Піліпенка запытаў пра час. Даўжэй за ўсіх у начную прыцьмеласць углядаўся Ананьеў, але і ён, нарэшце, адступіў ад кулямёта і прыхінуўся да тыльнага боку траншэі.