• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 4

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 600с.
    Мінск 2006
    157.84 МБ
    — Слухай,— ціха кажу я.— Ты прадчуваеш, што нам будзе?
    Ён на секунду пазірае на мяне чужым позіркам сцюдзёных вачэй і ўсё імпэтна шпурляе на бруствер зямлю.
    — Ты чуеш?
    — Ну і чорт з намі! — кідае Крывёнак.
    Я ўглядаюся ў хлопца, выгляд у яго незайздросны, сапраўды, лепей не лезці да яго з размовамі. Але чаго гэта ён такі злосны на мяне сёння, хіба я чым-небудзь пакрыўдзіў яго? Я трохі часу думаю, пазіраючы на сябра, і адна здагадка з’яўляецца ў маёй галаве.
    — Слухай, Крывёнак! Чаго ты злуешся?
    — А табе што? — падымае ён неласкавы позірк.
    — He, усё ж скажы.
    Крывёнак з ярасцю выкідвае цераз голаў поўныя рыдлёўкі зямлі і зморана дыхае. Але я чакаю, і раптам ён выпростваецца.
    — Сам ведаеш! Чаго на Задарожнага кідаўся? Люсіна чэсць заела? Ага?
    Дык вось што! Цяпер ужо знікае загадка, цяпер мне ўсё зразумела. Гэта крыху бянтэжыць мяне, але што я магу сказаць яму? Схлусіць, што Люся тут ні пры чым,— у мяне не паварочваецца язык, а сказаць праўду я не хачу.
    — Ты вось пра што! Цяпер зразумела...
    Крывёнак маўчыць, у мяне таксама прападае ахвота да гутаркі, і я налягаю на працу.
    У канцы акопчыка вытыркаецца з зямлі нейкі пакамечаны рукаў, я цягну яго — аказваецца, гэта бушлат Жаўтыха. Дзіўнае ўражанне заўжды робяць на мяне рэчы забітых. Бушлат гэты старэнькі, густа запэцканы змазкай і яшчэ веснавой гразёю, адзін пагон у яго адарваны, а на другім
    чырванее роўненькая палоска сяржанцкай нашыўкі. Я памятаю, як Жаўтых прышываў яе адноіічы ўранку, у яго не было тады ніткі, і я даў яму сваю іголку. I цяпер мне чамусьці здаецца: навошта гэта?
    Усе дробязныя клопаты жывых цяпер выглядаюць нейкімі вельмі нязначнымі і недарэчна марнымі перад бязмерна магутнаю з’яваю смерці. I невядома, чаму нават тут, на вайне, дзе яна як ніколі ўрадлівая, людзі паводзяць сябе, як заўсёды, з усімі ўласцівымі ім заганамі — сябелюбствам, хцівасцю, кар’ерызмам, сварлівасцю. Ці на самай справе яны ўпэўнены ў сваёй даўгавечнасці, ці мо проста не хочуць зважаць на нешта галоўнае, адзіна важнае і дужа неабходнае ў жыцці, якое нельга забыць і на хвіліну?
    Пад бушлатам Жаўтыха яго рэчавы мяшок. У ім небагата чаго накладзена, але нешта ўсё ж муляе ў маіх руках, і ад цікаўнасці я развязваю лямкі. Чужы рэчмяшок — гэта амаль тое ж, што чужая душа. Ось і тут — вечная, нескароная праява жыцця, якая смешна закрывае чалавеку вочы перад непазбежнасцю смерці. У камандзіравым рэчмяшку вафельны ручнік, пара ануч, настаўленне па нашай гармаце, і разам з гэтай маёмасцю, атрыманай са старшынскіх рук,— дзве цвёрдыя лусты невядома дзе ўзятай падэшвы са скуры, матацыклісцкія пальчаткі з доўгімі шырокімі халяўкамі, а ў самым сподзе — нейкая шкатулка з вельмі прыгожым лакавым вечкам... Эх, стары, мудры Жаўтых! Ты заўжды здаваўся багаты практычным жыцейскім розумам, хіба не бачыў ты, колькі заставалася ў ротах гэткіх вось нікому не патрэбных катомак пасля ўдалых і няўдалых атак? Ведаў жа, але, пэўна, не мог адолець у сабе спакусу прыхаваць якую непатрэбшчыну, а жыццё сваё берагчы забываўся. А без яго які сэнс ва ўсіх самых цудоўных у свеце рэчах!
    Я шпурляю цераз бруствер гэты незавязаны, не патрэбны цяпер нікому хатуль і зноў бяруся за каску. Сухая, напаленая сонцам зямля, як жарства, скрыгае па сталі, каска ўжо бялее вузенькім абшарпаным казырком. Мне не відаць, што там робіцца на паверхні, але Папоў маўчыць, і ў голаў лезе рознае.
    Мне ўспамінаецца колішні наш камісар, які аднойчы перад
    атакай старанна начышчаў свае новыя, толькі пашытыя атрадным шаўцом боты і быў забіты праз якую гадзіну, нават не запэцкаўшы як мае быць гэтых ботаў. Паўстае ў вачах старшына Клыбаў, вядомы ў атрадзе барахольшчык і хцівец, у якога нельга было выпрасіць шматка на лапік і які вазіў з сабою тры вазы рознага трафейнага майна. Сталася так, што снарад ударыў якраз у фурманку і раскідаў па алешніку ўсё старшынскае багацце разам з рэшткамі скупога гаспадара... Памятаю, бачыў я ў шпіталі салдата, якому хірург аперыраваў сцягно і ўвесь час лаяўся. Аказваецца, нямецкі асколак разбіў у кішэні салдата сем гадзіннікаў, загнаўшы ў нагу ўсякія кольцы і спружынкі. He, хай яно тысячу разоў спрахне, тое барахло! Ці да яго мне, калі варта толькі заплюшчыць вочы,— і вось яны, тыя страшныя каляіны, у якіх з крывавай гразёю перамешаны паламаныя рукі, ногі, раструшчаныя гусеніцамі дзіцячыя галоўкі... Але ж няўжо гэта так і сыдзе са мною ў магілу і прападзе назаўжды мая святая нянавісць?
    He! Калі ёсць справядлівасць на свеце і разумны сэнс у жыцці, дык я буду жыць. Я мушу жыць — гінуць мне нельга.
    15
    — Лошка!!! — раптам крычыць Папоў,— Хлопцы, Лошка!!! Мы з Крывёнкам выскокваем з акопа, Папоў здаровай рукой паказвае ў поле, туды, дзе няма ні ворагаў, ні нашых. Сапраўды, цераз пагорак у наш бок нехта бяжыць.
    Гэта яшчэ далёка, і відаць толькі, як коціцца па зялёным маленькая фігурка чалавека ў зеленавата-жоўтым, аблезлым на сонцы адзенні. Але тое, што ён кіруе сюды, ні ў кога з нас не выклікае сумнення.
    Чалавек тым часам знікае ў лагчыне за бліжэйшым пагоркам, некалькі хвілін мы чакаем, не зводзячы з таго месца вачэй, і ён зноў паказваецца з-за блізкага грэбня і зноў хутка бяжыць уніз.
    — Маладэц Лошка! — задаволена, амаль радасна кажа Папоў.
    Добра было б, каб толькі яму не пашкодзілі немцы. Яны
    не так ужо і далёка і, пэўна, бачаць з дарогі адзінокага салдата і, вядома, могуць абстраляць яго. Я засцярожліва азіраюся на дарогу, але там нікога — адно толькі дымна смыляцьдагараюць аўтамабілі; другія, скасабочыўшыся, нерухома стаяць у канаве. Падбіты танк побач таксама недзе смыліць унутры, на ветры ўюцца рэдкія пасмы дыму, па-ранейшаму смярдзіць бензінам, фарбай, паленай гумай і яшчэ нечым гаркавата-салодкім — ад яго пад грудзямі робіцца блага.
    Але чагосьці змаўкае Папоў, яшчэ болей нахмурваецца зацяты Крывёнак; адчуўшы нечаканае, я шукаю ў полі маленькую постаць нашага пасыльнага і таксама дзіўлюся. Ён ужо бяжыць цераз лужок ля ручая, і ўжо відаць некаторыя драбніцы ягонай постаці. I тут мне пачынае здавацца, што гэта не Лёшка і нават не салдат і не мужчына — прытрымліваючы пад пахай нейкую ношу, кідаючы позіркі ў бакі, бяжыць жанчына ў вайсковым.
    Самае зоркае вока, аднак, у Папова, ён некалькі секунд востра ўглядаецца ўдалячынь і з радасным здзіўленнем ускрыквае:
    — Луся?!
    Так, гэта Люся. Як ні недарэчна, але гэта яна. Я і сам ужо бачу і пазнаю, як хуценька мігацяць у траве спрытныя ногі ў чорных халяўках ботаў і развяваецца на ветры залацістая шапка яе валасоў. Пад пахай у яе санітарная сумка, і мне здаецца, што я бачу нават, як глыбока ўрэзваецца почапка ў дзявочыя грудзі. Вядома ж, Люся шыбуе да нас...
    Зноў самотнае, тужлівае пачуццё невядома чаму апаноўвае мяне — і няпэўная стрыманая радасць і трывога: чаго бяжыць яна? Мо што здарылася з Лёшкам, можа, яго параніла і яна нясе нам камбатаў загад? Можа, яна думае, што ён тут, і таму не вытрымала, бяжыць, шукае яго? Але тады не трэба і яе, няхай бы яна лепш не паказвалася нам сёння. А можа, гэта яе паслаў сюды камбат Троцкі з якім загадам? Але не. Чаго гэта Троцкі будзе пасылаць санінструктара, хіба не знайшлося якога салдата ў палку! Я ўсё думаю і не магу даўмецца, чаго яна наважылася на гэта ў такі час, у такую небяспеку, калі мы тут самі сядзім як на вуголлі.
    — От маладэц! Ну, маладэц! Ох, Луся! — захапляецца
    Папоў, узлёгшы жыватом на бруствер, і на яго спатнелым шырокім твары блукае лагодная наіўная ўсмешка.
    Крывёнак жа, здаецца, да болю сашчапляе сківіцы і, не сказаўшы ні слова, лезе назад у акоп, да сваёй рыдлёўкі.
    А я ўжо не магу адарвацца ад Люсі. Яна бяжыць! He перастаючы, усё мільгаюць і мільгаюць на сонцы яе загарэлыя каленькі і матляюцца-рвуцца з галавы валасы. Яна пераскоквае цераз абмялелы травяністы ручай і, трошкі запаволіўшы бег, узнімаецца на пагорак, дзе мы. Тут яе немцы з дарогі не бачаць, але хутка яна выйдзе на роўнае, і тады будзе самае страшнае. Толькі б праскочыла яго, толькі б паспела!..
    Толькі б паспела, але дзе тут паспееш! Занятыя Люсяй, мы не бачым адкуль, толькі раптам на гарматным шчыце лопае і адлятае прэч куля. Папоў ураз спаўзае ніжэй, я таксама прыгінаюся да зямлі, каб не вытыркацца з-за бруствера, і ў той жа час далёкая і кароткая, у пяць куль, чарга б’е па пяску і гармаце.
    — Сволач немец: у сланечнік хадзі! — кажа Папоў,— Ох, Луся!
    Я кладуся на гарачую зямлю пад брустверам і раз-пораз коратка пазіраю туды, дзе павінна паказацца Люся. Апошнія да роўнядзі метры яна прападае з нашага зроку, але павінна вось-вось з’явіцца. Папоў курчыцца пад нізенькім шчытком гарматы, ён занепакоіўся і крычыць на Крывёнка:
    — Што ты! Кідай лапат, страляй! Скора-скора!
    Крывёнак адстаўляе рыдлёўку і высоўвае над брустверам кулямёт. Грукатлівая доўгая чарга б’е па далёкіх сцяблах сланечніку.
    I вось Люся паказваецца. Яна выбягае з-за схілу, спыняецца на момант, акідваючы поле вачыма, і зноў бяжыць да нас ужо наўпрасткі. Нам ужо відаць яе твар — успатнелы, змораны, расчырванелы, але такі незвычайна прывабны твар маладой, шчырай і вельмі прыгожай дзяўчыны; трапяткая бліскаўка медаля мігаціць на яе невялічкіх грудзях. Яна азіраецца ў бакі, паглядвае на нас і, здаецца мне, усміхаецца. Толькі чагосьці яна падае. Скалануўшыся, я высоўваюся зза бруствера, азіраюся — не, са сланечніку не страляюць.
    Упёршы куртаты прыклад у плячо, Крывёнак пільна ўзіраецца туды. Ага, гэта з другога боку — з траншэі! Некалькі чэргаў прыглушана даносіцца адтуль — значыць, і там ужо немцы. Але Люся ўсё ж ускоквае і, прыгнуўшыся, шпарка падаецца наперад.
    Здаецца, нам будзе блага. Я пазіраю на Папова, ён — на мяне, і мы, разумеючы адзін аднаго, пераводзім погляды ў поле. Калі немцы з абодвух бакоў і спераду — гэта дрэнь. Яны акружаюць нас...
    — Лазняк, павяртай! Скора-скора!
    Мы ўдвух крыху заносім станіны, Папоў пачынае круціць махавікі, пасля сцішваецца ля прыцэла, і гарматка грымотна падскоквае. Карцеч сотняю куль разбівае дзірван, узнімае на траншэйным брустверы воблака пылу, і аўтаматныя стрэлы сціхаюць. Я зноў зараджаю, але наводчык толькі ўзіраецца ў прыцэл і не страляе.
    — Ага, нядобра! — зласліва бурчыць ён.— Ага, прыпаліў!
    I Люся, вось яна, вось. Апошнія метры яна паўзе — хуценька, спрытна, толькі варушыцца-выгінаецца ў траве яе вузенькая спіна ды ўсё залацее-рассыпаецца на галаве кучомка валасоў. Ніколі не бачыў я, каб так спрытна поўзалі нават заўзятыя пехацінцы-салдаты. Яшчэ некалькі крокаў, яшчэ! Люся мінае прылеглую кукурузную кучу, падпаўзае да бруствера і спыняецца, з-пад рассыпаных валасоў усмешліва пазірае на нас і аддыхваецца. Я ўвесь напружваюся, быццам мне, а не ёй цяпер пераадолець самае страшнае — бруствер, і сам сабе шапчу: