Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Ён агідны мне, той незнаёмы, недарэчны цяпер голас, я хачу заглушыць яго, пазбыцца, засяроджваюся толькі на сваёй справе — сноўдаю на каленях ад казённіка да скрынак. Папоў б’е часта, мяне абсыпае пяском, аглушае, я не ведаю, не бачу, дзе тыя машыны,— уся мая воля і сілы згорнуты ў адно — зараджаць. Я адчуваю, што гэтая наша зачэпка дарма нам не абыдзецца, у машынах напэўна пяхота, але цяпер нам ужо ўсё роўна.
А з Паповым тым часам пачынае рабіцца штось незвычайнае. Ён неяк весялее ці, можа, зласнее і, сагнуўшыся за
прыцэлам, крычыць: «Стой, Гітлер! Стой!» — і яшчэ нешта, што заглушаюць стрэлы. Пасля яшчэ болын заўзята пачынае крычаць: «Назад, Гітлер!» Я прыўстаю на каленях і панад шчытом пазіраю ў поле. Тры машыны гараць на дарозе, некалькі, ратуючыся ад агню, паварочваюць убок, у аб’езд. «Гух! Гух!» — раптам даносяцца адтуль два цяжкія падземныя выбухі. Дык вось чаму так радасна крычыць Папоў і чаму на яго плоскім рудым твары льсніцца шырокая дзіцячая радасць: ён загнаў іх у міннае поле.
— Многа-многа давай! Многа! Шыбка давай! — крычыць Папоў і наводзіць гармату.
Машыны замітусіліся. Дзве, разнесеныя выбухамі, грудай жалеззя асядаюць да самай зямлі, астатнія нерашуча спыняюцца, некалькі ў хвасце вернуць назад на пагорак.
— Давай, Лазняк, шыбка зараджай! — у незвычайным азарце падганяе мяне наводчык.
Але вось у скрынцы застаюцца два апошнія снарады.
— Снарады ўсе!
Папоў азіраецца, ураз сур’ёзнее. Па яго рудым, ажно счарнелым твары ліюць пісягі поту, спіна мокрая і гарачая, вузенькія вочкі звузіліся яшчэ больш — да шчылін, шырокія скулы раздаліся ў бакі. Ён нешта думае.
— Нядобра! Ай, як нядобра! — кажа Папоў.— Гітлер канава ляжы. Страляй будзе! Лазняк, карцеч трэба!
У вачах-шчылінках Папова загараюцца трывожныя жоўтыя агеньчыкі, я падаюся да скрынак, адкідваю пустыя — іх ужо багата набралася ў нас, скрозь у доле качаюцца гільзы. Урэшце мне трапляе цяжкая скрынка, за вяровачную ручку я падцягваю яе бліжэй да гарматы. Тут дзесяць снарадаў карцечы, гэта апошняя наша надзея. Але карцеччу страляць па дарозе далёка, трэба, каб немцы падышлі бліжэй, і мы пачынаем чакаць.
— Ой, Лошка! — азіраецца Папоў.— Дзе Лошка? Снарад мал-мала, загад трэба...
Мы пазіраем у наш тыл — нідзе нікога. Скрозь да вёскі — пусты, распалены сонцам абшар. За вёскай ідзе бой, там няспынна рвецца, звініць, грукоча, равуць маторы і бязладна рассыпаецца кулямётная траскатня. Напэўна, немцаў
далей не пусцілі, і невядома, што і як рабіць нам. Ці чакаць Лёшку, ці ўжо забыцца на яго — з ім таксама ўсё магло здарыцца, мо ляжыць дзе забіты? Але зноў жа, як і адыходзіць: усё ж побач дарога, па ёй, відаць, пойдуць немцы, і мы маглі б дапамагчы тым, што за вёскай. Калі б толькі было болей снарадаў.
Але ў нас робіцца ціха. Немцы чамусьці не спяшаюцца атакоўваць нас, яны прытаіліся недзе ля дарогі і чагосьці чакаюць. Панасюк тым часам сядзіць, як сеў, прыхінуўшыся спіною да бруствера, толькі галава яго схілілася набок, здаровая рука ашчадна прытрымлівае параненую. «Няўжо спіць?» — думаецца мне, і я кранаю яго за нагу.
— Гэй, ты! Ідзі ў акоп!
Але Панасюк не варушыцца, сядзіць па-ранейшаму, нібы не чуе. Папоў таксама азіраецца і, устаўшы са станіны, сігае да яго.
Наводчык прыўзнімае салдатаву галаву, і па мне слізгае яго застыглы нерухомы позірк. У прыплюшчаных вачах — ніводнае рэшткі жыцця.
— Што гэта? — дзіўлюся я.— Што з ім?
Папоў яшчэ крыху трасе-варушыць ягоныя плечы. Я падскокваю да пехацінца.
— Забіла, га? Дык не стралялі ж...
— Памірал,— кажа Папоў без вялікага здзіўлення,— Даўно памірал.
Ён асцярожна кладзе Панасюка бокам на дол, здаровая рука па-ранейшаму трымае перабітую, бы ў ёй яшчэ захаваўся боль. Вось табе і адваяваўся, прыпамінаю я нядаўнюю яго гаворку. Толькі заспакойваў сябе: аднаруч упраўлюся, спецыяльнасць ёсць, не прападу.
Гэтая смерць невядомага, ніколі раней не бачанага мною чалавека чамусьці не меней, чым пагібель камандзіра, узрушвае мяне. Колькі часу я ўсё гляджу і гляджу на яго адранцвелае цела — думаецца, як недарэчна на вайне ладзіць нейкія свае планы, нешта задумваць, пра штось дбаць, калі навокал так густа буяе смерць. Праўда, хіба спыніш думкі, хіба засцеражэшся ад жадання, хіба закапаеш у зямлю свае мары? Вось такая цяжкая і, можа, нават недарэчная на вай-
не з’ява — каханне, а не выходзіць з галавы Люся, і ўсё думаецца: а раптам яна не паспела адысці, трапіла да немцаў, а можа, яе забіла — ад гэтага становіцца жахліва, хочацца кінуць усё і бегчы туды, дзе наша санчасць, можа, яе трэба ратаваць. I тут у думкі зноў умешваецца нейкі чужы здзеклівы голас, ён кажа: «Раней трэ было дбаць пра гэта, цяпер там з ёй Лёшка, ён і паратуе».
Недарэчна ўсё гэта, пакутна і нязбыўна.
Відаць, ужо так уладкавана жыццё, што пакуль чалавек жывы, ён адчувае і клапоціцца, нібы яму жыць доўгія гады. У тым яго жыццёвая прывычка, навык пакаленняў. Зноў жа — на фоне вечнасці ці вялікая ўжо розніца паміж некалькімі дзесяткамі год чалавечага веку і тымі хвілінамі, што аддзяляюць цяперашняе імгненне ад апошняга ў жыцці байца на вайне?
Прыгнуўшыся, я бяру нежывога Панасюка пад пахі і адцягваю ў сховішча. Яно занадта шырокае для двух, і я кладу да іх трэцяга. Лук’янаў ужо не варушыцца, не пазірае, можа, памёр? I я думаю, хто будзе наступны? Ці, можа, мы пагінем адразу і ўжо не будзе каму прыбраць нас з агнявой у якое-ніякое прыстанішча?..
У гэты час абодва мы заўважаем, што не чутна стала Крывёнка. Трафейны няўклюдны кулямёт яго стаіць, дзе стаяў, на брустверы, а кулямётчыка нідзе не відаць. Папоў зазірае ў акоп, але і там нікога няма. Дзіўная справа! Мы пераглядваемся з наводчыкам, і ён падазрона ўзіраецца ў варожы бок.
— Да Гітлер хадзі? — пытаецца Папоў і з наіўнаю трывогай у вачах глядзіць на мяне.
— Глупства,— кажу я.— Нікуды ён не пойдзе.
Да немцаў ён не пойдзе, але тады куды ён прапаў? Хоць бы сказаў ці даў які знак, a то знік, і цяпер думай, непакойся за гэтага зацятага, нязладнага чалавека.
Мы сядзім за гарматай — Папоў на адной станіне, я на другой — і ўслухоўваемся ў прыглушанае грымоцце бою за вёскай. Папоў нешта змрачнее, задумваецца і нават не пазірае на дарогу, на якой дагараюць машыны. Іншыя падаліся кудысь назад і далей, у аб’езд міннага поля.
Раптам наводчык ляпае сябе па сцягне.
— Ой, дурны Папоў! Ой, дурны! Нашто паслал Лошка? Нашто?
— А чаму? Што такое? — пытаюся я.
— Ой, Лошка хітры! Лошка не хадзі! Кідай Лошка!
Агідная самота ўпаўзае ў маё нутро. Упэўненасць, з якою кажа гэтыя словы Папоў, дзейнічае, як гіпноз. I мне таксама робіцца ясна і зразумела, што назад Задарожны не прыйдзе — не затым ён пайшоў. Тут нейкая была яго хітрасць, якой ён дамогся, і мы засталіся ў дурнях. I ўсё ж не хочацца верыць у тое, я адганяю благія прадчуванні: усё ж ён свой чалавек, не вораг, як гэта ён можа кінуць нас тут? Хочацца як-небудзь супакоіць Папова, і я кажу:
— Нічога. Можа, усё ж прыйдзе.
— Снарад мала — дрэнна. Лошка не хадзі — дрэнна. Крывёнак прапал — дрэнна. Тры мала дрэнна — адын балшой дрэнна.
Крывёнак, аднак, неўзабаве з’яўляецца.
Спярша аднекуль з-за бруствера цяжка грукае на агнявую зачыненая скрынка са снарадамі. Мы падхопліваемся, але зараз жа з суседняй варонкі перакульваецца сюды і Крывёнак. Гімнасцёрка ў яго выбілася з-пад дзягі, штаны і грудзі скрозь у зямлі, увесь ён мурзаты ад пылу. Адною рукой хлопец валачэ за сабой маток металічных нямецкіх стужак, у другой трымае за рукаятку шырокі блішчасты кінжал.
— Дзе, чаму хадзі? Нашто маўчы? Чаму дрэнна рабі? — адразу накідваецца на яго Папоў.
Крывёнак аддыхваецца, прыўстае на каленях і пачынае запіхваць у штаны падол гімнасцёркі. Яго сур’ёзныя вочы з нейкім нямым дакорам коратка пазіраюць у твар наводчыку
— Вось,— ківае ён на снарады.— На Скварышавай агнявой узяў. I патроны.
— Скварышаў хадзі? А дзе, што Скварышаў? — мякчэе Папоў.
— Яны-то ўкацілі. Паспелі,— кажа Крывёнак.
Затым ён бярэ свой доўгі эсэсаўскі кінжал, на якім цьмянай гравіроўкай паблісквае «Дойчлянд юбер алес», і пачы-
нае выціраць яго аб зямлю. На лязы і на рукаятцы свежая кроў, і я раптам здагадваюся, дзе ён быў і дзе ўзяў стужку.
— Што, на дарогу хадзіў?
— Дзе хадзіў — там няма. Што вам? — ваўкавата адказвае Крывёнак.
— А гэта? — ківаю я на кінжал. Крывёнак усаджвае яго ў чорныя лакавыя похвы і неяк выпрабавальна пазірае на мяне.
— Ну і што? — нервова кідае ён,— I буду! Рэзаць, біць, душыць, сабак, да апошняга! — Пасля ваўкавата дадае: — Вунь пяхота пайшла, бачылі?
— Як пайшла? Куды пайшла?
Папоў няўцямна міргае вачмі і прыўзнімаецца на каленях. 3 раптоўна апалай надзеяй я таксама выглядваю над брустверам. Бачна, як удалечыні па пагорку ўніз брыдуць рэдкія купкі людзей. Заднія нясуць ПТР, нехта валачэ станковы кулямёт, яны пераходзяць адкрытае месца і па адным хаваюцца ў ходзе зносін, што вядзе ў тыл. У першай траншэі ўжо не відаць нікога.
— Ай-яй! — заклапочана кажа Папоў і змаўкае.
Гаварыць болей няма чаго, мы і без слоў добра разумеем, што сталася.
— Ой, як нядобра! Гітлер скора-скора ідзі. Давай зямля капай, зямля-матушка хавай...
Мы адчуваем — з кожнай хвілінай наша становішча горшае. Толькі цяпер нічога не зробіш, цяпер трэба чакаць Лёшку або шчаслівага выпадку і рыхтавацца да бою.
Папоў застаецца на агнявой ля гарматы, а мы з Крывёнкам лезем у акоп. Акопчык наш памялеў, бруствер разбіты, наўкола густыя воспіны мінных варонак, трава скрозь шэрая ад пылу і зямлі. Крывёнак бярэ рыдлёўку са зламаным чарапком, я — абдзёртую каску Папова з парваным раменьчыкам, і мы пачынаем паглыбляць акоп.
Пот, перамешаны з пылам, тлуста блішчыць на нашых тварах. Сонца, здаецца, ужо хіліцца на адвячорак, але паліць бязлітасна. Трошкі павявае вецер, ды яго так мала, і так хочацца піць. Галава тлумная, няма ніякага жадання ні пра што дбаць, ні думаць — нейкая знясільваючая цягучая стома смалой налівае цела.
Я выграбаю з акопа камякастую, з травою, зямлю, наваленую выбухамі, і высыпаю яе на бруствер. Крывёнак капае побач, у трох кроках ад мяне. Ён якісь невядомы мне сёння, знікла яго простая, стрыманая таварыскасць, здаецца, за ўвесь дзень хлопец не сказаў ніводнага добрага слова, толькі ўвачавідкі худзее і чарнее з пакалечанага свайго твару. Мне робіцца няёмка ад гэтае яго недарэчнае ваўкаватасці.