Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Гэта ўсё?
Я пакідаю хлопцу «лімонку» і з астатнім перапаўзаю пляцоўку. Люся сядзіць, як сядзела, над Лук’янавым, абапершыся на адстаўленую назад руку, а ён стогне і з частымі прыпынкамі аслабела гаворыць:
— Ну, навошта ж ашукваць?.. Навошта?.. Хіба гэтым паможаш!.. Чалавеку праўда патрэбна...
Люся маўчыць, а ён, трошкі перадыхнуўшы і неяк паспакайнеўшы, задышліва аб’яўляе:
— Ведаю, памру... У грудзях душыць... Ногі адняло... Так... Праўда ж?.. Ну, скажыце!.. Шчыра,— сіпіць Лук’янаў, і ў грудзях яго нешта ціхенька булькае. Люся маўчыць.
— Ну, што ж!.. Толькі не думаў... Так, не думаў... Жахліва і недарэчна... Тры гады вайны і — упустую...— пакутна гукае ён,— Эх! А яны ўсё збэсцілі.
Нешта надарванае чуецца мне ў голасе гэтага нечакана ажыўшага чалавека, і я, перастаўшы пхаць у дыскі патроны, насцярожваюся ў сабе. Збялелы твар Лук’янава пакрываецца буйной расою поту.
— Канец! — кажа Лук’янаў і сціхае, быццам удумваючыся ў сэнс гэтага слова.— Што мне цяпер таіць! Навошта? Хто я? Трус пархаты! — ціха, але з нейкім незвычайным напружаннем кажа ён.— Усё жыццё баяўся. Усіх! Усяго! I дарма... Нахлусіў я тады пра палон...
Адчуваю, гэтыя словы скіраваны мне, узнімаю на яго позірк і сустракаюся з яго вачмі. Але ён зараз жа адводзіць позірк убок.
— Так, Лазняк, нахлусіў я. У палон сам здаўся. У акру-
жэнні. Са страху. Узняў рукі і пайшоў. Затым пачаў разумнець. Ды позна... I вось усё... Канец! Нішто не памагло... Эх! Навошта было?.. Навошта? — хрыпіць ён.
Гэтае прызнанне на хвіліну бянтэжыць мяне. Значыць, зусім ён не той, за каго выдаваў сябе, мала што ён гэткі разумны — ён баязлівец. Баязлівец — агідны на вайне чалавек, але можна зразумець яго і дараваць яму, калі ён шчыра імкнецца перамагчы страх у сабе. Здаецца, нялёгка далася гэтаму чалавеку перамога над самім сабой, але хоць і дарагой цаной, пэўна ж ён перамог, і сёння мы не можам ні ў чым дакараць яго. I ўсё ж тое, што ён ашукваў нас, плёў пра свае няўдачы і рабіў выгляд несправядліва пакрыўджанага, нішчыць ва мне ўсякае спачуванне. Праўда, цяпер ужо не трэба яму ні спагады, ні спачування, відаць, не страшна яму і асуджэнне — перад канцом — адчуваю я — адзіна важнаю ў яго рэштках жыцця засталася неспатольная патрэба ў праўдзе.
— Ну ладна, ладна. Маўчыце,— супакойвае яго Люся.
Яна таксама, здаецца, бянтэжыцца, абое мы не ведаем, як рэагаваць цяпер на гэтыя словы, але злосці ў мяне да яго няма, хоць няма і спагады.
Лук’янаў стогне, сутаргава варушыцца, матляе на доле галавой. Люся стрымлівае яго:
— Вы ўсё ж паляжыце ціха: так лягчэй. He трэба нервавацца.
— He, ужо ўсё. Хутчэй бы! Пячэ ў грудзях... Бог мой! Як неразумна! I мой бацька! Што ён думае?.. Але што ж! Храбрасць — талент, стараннем яго не асвоіш. Я бесталанны. A каму патрэбны такі? Чалавек-трава. Як гэта агідна!..
Ён плача. 3 вачэй на скронях скочваецца некалькі мутных слязін. Люся, наморшчыўшы пераноссе, з унутраным болем моўчкі глядзіць на яго. He часта даводзіцца нам чуць такое, і абаім нам трохі ніякавата слухаць яго. Але мы адчуваем, што яму вельмі нялёгка, і гэта разам з непадробнаю шчырасцю, што імкне з ягонай душы, утрымлівае нас ад пагарды да гэтага няладнага чалавека.
— Эх ты, Лук’янаў! Трэ было раней думаць,— кажу я.
— Каб жа раней!.. Цяпер я быў бы другі... A то так позна!
Ось не баюся ж... Hi праўды, ні немцаў. Дзе яны? Дайце гранату! Ну дайце ж гранату!
— Навошта вам граната? — кажа Люся,— Вы ж не кінеце яе.
Лук’янаў напружваецца, прыўстае на локцях, упірае ў мяне свой дрыготкі перадсмяротны позірк.
— Лазняк, дай!.. Можа, я напаследак...
— Каб жа яна была,— хлушу я.
Ён зноў падае спіной на дол, і некалькі слязін самі сабой сплываюць з яго вачэй.
17
— Лазняк! — устрывожана кліча Папоў,— Скора-скора сюды!
Я хуценька выпаўзаю са сховішча на пляцоўку. Папоў напружана горбіцца за прыцэлам, і, наблізіўшыся да яго, я бачу тое, дзеля чаго ён паклікаў мяне.
У пехацінскай траншэі немцы. Сям-там бачна, як высунецца і схаваецца ствол вінтоўкі, часам блісне на сонцы каска. Відаць, яны там ідуць некуды, мабыць, акружаюць нас. Але гэта не ўсё. Удалечыні, на аб’ездзе міннага поля, зноў паказваюцца аўтамабілі, гіярэднія, валюхаючы бартамі, ужо з’язджаюць цераз канаву з дарогі. Папоў пільна пазірае на іх і, паволі пакручваючы махавічкі, вядзе ствалом гарматы за пярэдняй машынай.
Але ствол споўз назад між станін, затвор не зачыняецца, так стрэліць нельга. Нічога іншага не прыдумаўшы, я ашчаперваю казённік, з усяе сілы ўпіраюся ботамі ў зямлю і нечалавечым напружаннем ссоўваю ствол наперад. Затым піхаю ў яго снарад. Клін, лязгпуўшы, зачыняецца. Здаецца, абышлося — цяпер стрэліць.
У той час па шчыце нешта гучна ляскае — асколкамі ці металічнай акалінай, нібы жарствой, сцябае мяне па шчацэ. Я хапаю новы снарад, а Папоў, перастаўшы круціць махавікі, паволі нахіляецца, напэўна, каб выглянуць з-за шчыта.
— Гатова! — крычу я, але Папоў чамусыді не кратаецца.
Я скаланаюся ад нядобрага прадчування, а наводчык неяк
абвяла навальваецца на механізмы наводкі і дзёўбаецца лбом у край шчыта.
— Ты што? Папоў!
Я кідаю снарад, хапаю наводчыка за плечы — ён увачавідкі бялее, затуманеным позіркам слізгае па мне і праз цяжкі аіюшні стогн шэпча:
— Лазняк!.. Забілі Папоў... Забілі! Навошта?.. Дурны Папоў!
— Куды цябе? Куды? Дзе? — недарэчна пытаюся я, не бачачы нідзе крыві. Але ён, апаўзаючы на маіх руках, шэпча:
— Ой, дурны Папоў! Нашто Папоў! Камбат... кажы...
— Што, што казаць камбату? Што? Папоў!
Але, відаць, марныя мае намаганні. Паўзакрытыя яго павекі некалькі секунд часта-часта ўздрыгваюць і раптам сціхаюць. He маючы сілы паверыць у тое, што сталася, я здзічэла ўзіраюся ў яго потны застылы твар.
— Сволачы! Гады! — крычу я, і ўсё ва мне шалёна крычыць роспачна-нясцерпным крыкам.
Але машыны імчаць па дарозе, я адхінаю нежывога наводчыка і прыціскаюся лбом да гарачай гумы прыцэла. Яны ўжо мільгатоць і мільгаюць міма тоненькай валасінкі трохкутнічка ў прыцэле, я кручу паваротны механізм, пераганяю трохкутнічкам пярэднюю і з невялічкім вынасам цісну на кнопку. Стрэл! У той жа час недзе блізка ля галавы зноў ляскае разрыўная ці бранябойная. Я ўспамінаю: трэ накаціць. Праз пыл кідаюся на дол да казённіка, і мае рукі сутыкаюцца там з гарачымі мяккімі рукамі Люсі. Разматляўшы на галаве валасы, яна, лежачы на зямлі, таксама ўпіраецца ў казённік. Пераплёўшы нашыя рукі ў адным намаганні, мы зрушваем ствол з месца. Затым я зараджаю... У скрынцы застаецца апошні снарад.
— Ага, гарыць! Гарыць! — крычу я, убачыўшы ў прыцэле, як дыміць на дарозе нахіленая набок машына.
Замаруджваючы хаду, яе аб’язджаюць наступныя. Я ўжо не бачу, дзе першая, і б’ю па той, што трапляе бліжэй да трохкутнічка. Гарматка тузаецца, нешта металічна лязгае побач, і я праз неаселы яшчэ пыл бачу, што стральба наша
скончана: ствол сарвала з люлькі, казённікам ён убіўся ў зямлю пад брустверам. Люся ляжыць збоч, таксама пабялелая і напалоханая.
«Ну, вось і ўсё! Прайшлі! He стрымалі!»
Машыны, аб’язджаючы падбітыя, шпарка імчаць па дарозе да вёскі, цяпер мы іх не стрымаем. Па гарматным шчыце б’юць кулямёты ці аўтаматы, кулі ляскочуць па метале і разлятаюцца ў бакі. Кінуўшы ўсё як ёсць на пляцоўцы, я саскокваю ў сховішча да аўтаматаў. Туды ж адпаўзае Люся.
Схапіўшы аўтаматы, мы высоўваемся з-за бруствера — немцы бягуць па траве з траншэі, бягуць, падаюць, узнімаюцца зноў. Іх чалавек з пятнаццаць. Побач у акопе густым грымоццем трашчыць кулямёт Крывёнка. Я пускаю першую, другую чаргу, бачу, як кулі разбіваюць зямлю ля траншэі, аўтамат калоціцца ў руках — некалькі немцаў падае. Затым я кідаюся на другі бок сховішча, да Люсі, яна таксама б’е доўгай лапаткою чаргой, і на мяне з яе аўтамата сыплюцца гарачыя гільзы. I раптам яна спыняецца, сціхае, прысядае пад сцяною і пачынае таропка рваць рукаятку. Заела! Я вырываю ў яе аўтамат, даю свой, перазараджаю двойчы. Люся прыцэльваецца, але я тузаю яе за гімнасцёрку, яна азіраецца. «Перабягай! — крычу я.— Мяняй месца!»
Я ўпершыню звяртаюся да яе на «ты», у яе яспых, поўных напружання вачах коратка ўспыхвае ўдзячная сяброўская прыхільнасць, толькі цяпер мяне гэта не радуе. Цяпер усе мае такія пакутныя адносіны да яе трацяць свой былы сэнс, я вельмі хачу толькі зберагчы яе, не даць загінуць раней, чым загіну сам. Люся прысядае, пераносіць аўтамат на два крокі далей і зноў прыцэльваецца. Дзіўна, але здаецца, быццам яна зусім і не баіцца. Твар яе спакойны, толькі вочы звужаны і шчокі страцілі былую здаровую, загарэлую чырвань. У мяне ж усё дрыжыць унутры, але знешне рухі, здаецца, спакойныя, я баюся толькі чагось празяваць, не паспець, не ўбачыць і кідаюся сюды-туды ў сховішчы.
Мы б’ёмся на два бакі. Крывёнак у акопе раптам змаўкае, я трывожна ўслухоўваюся, але спакваля ягоны кулямёт грукоча далей, у самым канцы нашай пазіцыі. Ага, гэта ён б’е туды, па дарозе. Адтуль, дзе нерухома стаяць чатыры
машыны, рэдкім шырокім ланцугом бягуць сюды яшчэ дзесяткі два немцаў.
Так, час ад часу ўсё горш...
Кінуўшы на брустверы аўтамат, я бягу ў кут, дзе ляжаць нашы гранаты, хапаю іх усе тры, і, калі разгінаюся, мой позірк зноў сустракаецца з затуманеным позіркам Лук’янава. Салдат тузаецца з зямлі, каб устаць, і, выцягнуўшы руку, з адчаем патрабуе:
-Дай!
I я кідаю яму «лімонку», астатнія РГД кладу сабе пад ногі і падхопліваю аўтамат. Я страляю па тых, што бягуць, што ляжаць, б’ю кароткімі чэргамі, ужо не зважаючы на сваю бяспеку, аж покуль аўтамат не змаўкае. Пасля, прысеўшы, выкідваю пусты дыск і ад хвалявання доўга не магу трапіць у пазы новым.
— Дзе яны? Дзе? — стогне Лук’янаў, і ў ягоных паблеклых вачах дагараюць адчай і рашучасць.
Я не адказваю, ускокваю,— ага, яны не стрывалі, яны зноў заляглі непадалёк ад сваёй траншэі. Некалькі іх даўганогіх постацей кідаецца назад цераз бруствер, некалькі застаецца ляжаць у траве. Крывёнак б’е з кулямёта ўслед. Тыя, ля дарогі, таксама залягаюць, і спакваля ў полі не відаць нікога. Адно толькі рой куль над намі, пырскаюць зямлёй брустверы, разлятаюцца ўшчэнт разбітыя груды...
Стуліўшыся пад брустверам, мы трохі слухаем, не верачы, што зноў адбіліся, пасля Люся першая апускаецца на дно, і раптам плечы яе ўздрыгваюць ад плачу. Я палохаюся, здаецца мне, нешта з ёй здарылася, хапаю яе за рукі, якімі яна затуляе свой твар, але яна ўсё сутаргава, без слоў хліпае.