Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Ну, скоранька! Скоранька! Скакай!
I вось яна ўніз галавой куляецца цераз бруствер у глыбіню гарматнага сховішча, падае з пляча сумка з чырвоным крыжам на вечку, і мы кідаемся да дзяўчыны. He, яна, здаецца, не ранена, яна толькі адкідваецца спіной да сцяны, закідвае голаў і шалёна-шалёна дыхае. Тонкія яе ноздры на роўным ладным носе ходзяць хадуном. Я гляджу, як гэтак жа апантана б’ецца на яе шыі сіненькая жылка, як ціха і вельмі зморана дрыжаць на зямлі яе абадраныя тонкія пальцы, і цёплая пяшчотная хваля расплываецца ў маіх грудзях. Як гэта я мог кепска думаць пра яе, чаму я столькі наверз
у думках на яе — хіба ж не відаць, якая яна самая найлепшая ў свеце, гэта дзяўчына!
— Ой, хлопчыкі! Хлопчыкі!..— хоча сказаць яна нешта, але яшчэ задыхаецца ад стомы.
— Луся, вада трэба,— кажа Папоў, стоячы перад ёй на каленях,— Няма вада...— ён бездапаможна аблізвае тоўстыя засмяглыя вусны.
Яна паступова адыходзіць ад стомы, раўнее яе дыханне, дзяўчына пазірае на нас, бы шукаючы каго, і позірк яе падае на раскіданыя ногі нябожчыкаў. Трывожная засмучанасць ураз гасіць усё ранейшае ўзбуджэнне на яе твары.
— Хто гэта?
— Адзін пехацінец,— кажу я — А там камандзір і Лук’янаў.
— Камандзір?
— Камандыр, Луся, камандыр,— уздыхае Папоў.
Мы чакаем, што яна скажа нам, я трошкі супакойваюся ўжо ад трывог за яе, мяне цяпер пачынаюць трывожыць немцы, што абыходзяць нас з двух бакоў. Але Люся, наморшчыўшы пераноссе, журботна ўглядаецца ў забітых і маўчыць. Тады Папоў пытаецца:
— Задарожны прападал?
Яна абуджаецца са змярцвення, уздыхае, падкурчвае пад сябе ногі, папраўляе кароценькую спаднічку на абдзёртых да крыві каленьках і тлумачыць:
— Задарожны паранены. У руку. Прыйшоў у санроту перавязвацца, кажа: да хлопцаў бег, не дабег. Ды куды яму, параненаму! Ну, то я і пабегла.
Штосьці нядобрае ўстрывожвае мяне.
— Што, здорава паранены?
— Ат, драпіна,— махае рукой Люся і прыкусвае губу.
— А нашто вам трэ было бегчы? — ваўкавата пытаюся я ў дзяўчыны.
— Дазвол вам прынесла,— кажа яна,— Сказаў камбат расстраляць снарады і прабівацца. Там дужа цяжка. Танкі сорак чацвёрты полк акружылі. Гаўбічнікі ўсе загінулі. Цяпер самаходчыкі б’юцца.
Я не слухаю ўжо апошніх яе слоў — сэнс новага загаду панылаю млоснасцю распаўзаецца ў целе. Куды ж тут пра-
б’ешся цяпер, каб хоць гадзіну раней! Папоў, расшырыўшы свае вузкія, з прыпухлымі павекамі вочы, нейкі час няўцямна пазірае на Люсю, а затым злосна плюе ў пясок.
— Позна! Нашто бегла? Дарма бегла! Там Гітлер, там Гітлер, там Гітлер,— тыцкае ён у бакі.
Затым, змаркатнелы, адварочваецца, прыціскае да грудзей перавязаную руку, і грымаса пакуты з’яўляецца на яго твары.
— Ладна, Папоў, не злуйцеся,— уздыхае Люся.— Вы ж мае родныя хлопчыкі. Давайце вашу руку, пагляджу, што там.
Папоў адмахваецца ад яе, адводзіць руку, ёрзае на каленях. У вачах яго — клопат, але рука напэўна ўсё ж баліць, і неўзабаве ён працягвае ёй сваю «ляльку». Люся расшпільвае сумку, хуткімі трапяткімі пальцамі нешта перабірае там і дастае бінт з ёдам.
У той час з-за пляцоўкі, з акопа, доўгай чаргой грукае кулямёт Крывёнка. Папоў вырывае ў Люсі так і не разбінтаваную руку і, прыгнуўшыся, грабецца да гарматы. Я бяру аўтамат і лезу за ім.
Ну, вядома ж, на нас ужо ідуць немцы. Са сланечніку іх высыпае ў поле чалавек з дваццаць, яны на хаду, не цэлячыся, пачынаюць лупіць з аўтаматаў. Кулі сцябаюць бруствер, цокаюць па метале гарматы, джагаюць у паветры над агнявой. 3 другога боку — з пехацінскай траншэі, таксама выскокваюць і бягуць сюды.
Вось яно, здаецца, пачынаецца самае горшае. I Люся!.. Трэба ж было ёй улезці ў гэтую пастку, бегчы сюды — дурное дзяўчо! Якога д’ябла сунулася сюды па сваёй ахвоце? Цяпер вось прападзе нізашто...
Крывёнак дробна калоціцца за кулямётам, і той шалёна пырскае наўкола гарачымі гільзамі. Папоў цэліцца ў тых, што бягуць ад траншэі. Я з гільзаю ў руках курчуся між станін і, напяўшыся ўсім целам, чакаю першага стрэлу. Але Папоў марудзіць, і я ведаю: ён падпускае бліжэй — блізка ўжо ім паратунку не будзе. Добра, што Крывёнак прывалок яшчэ скрынку, бо карцечы ў нас засталося толькі сем гільз — восьмая ў мяне ў руках, адна ў ствале, адну мы ўжо выпусцілі... «Трымайся, Лазняк, трымайся! Трывай! Час твой
настаў, проба твае годнасці прадаўжаецца. Помні, помні каляіны!»
— Гах! — ірвецца назад гармата, і ўсё тоне ў дзікай калатнечы грому, бліскавіц, пылу і гарачых, задышлівых думак...
16
Неяк усё ж здараецца, што атаку мы адбіваем, ніхто з нас не гіне і ў Крывёнкавай скрынцы яшчэ ляжаць тры снарады. He шанцуе толькі нашай гармаце. Ствол яе застаецца на адкаце, наперад не ідзе — недзе прабіла супрацьадкатны механізм, і з-пад казённіка цячэ па зямлі зеленаваты ручаёк верацёнкі. Папоў сядзіць між станін, раскінуўшы ногі, я на жываце ляжу ля сашніка, мы выплёўваем з рота пясок і аддыхваемся. Побач са сховішча вытыркаецца раскудлачаная ветрам галава Люсі — яе вялікія сур’ёзныя вочы ўглядаюцца ў нас, у іх клопат, трывога і боль. Недзе ў акопе варушыцца, тупае, бразгае металічнаю стужкаю Крывёнак.
Немцы перад намі кудысь пазнікалі, пэўна, да часу пахаваліся ў сланечніку і ў траншэі; у траве, вакол агнявой, горбіцца некалькі трупаў. Але і мы знемаглі. Сіл мала засталося ў целе, пот раз’ядае твар, слепіць вочы, дапякае смага. Нейкі час мы курчымся так за гарматай. Папоў ці то ад стомы, ці ад якой душэўнай скрухі апанурваецца, цяжка дыхае і доўга не размаўляе. Пасля, пэўна трохі адышоўшы ад стомы, ён пазірае на мяне і кажа:
— Лазняк, помні трэба. Жаўтых пагібай — помні! Лук’ян пагібай — помні! Салдат пагібай — помні! Глядзі — усё помні! Трэба век помні.
Ён адварочваецца, выцірае твар рукавом і дадае сцішана: — Гармата памірал. Аўтамат бяры, гранат бяры. Нож бяры. Так, дайшла чарга да аўтаматаў, нажоў і гранат — я гэта адчуваю. Гарматка паслужыла нам, і нямала, але ўсё ж скончылася і яе служба.
Я спаўзаю з пляцоўкі ў сховішча, там выпростваюся. Люся нешта нахіляецца над Лук’янавым, збоч ляжыць яе аўтамат, я бяруся за кожух — гарачы. He, гэта не ад сонца — гэта яна страляла, а мы ў грукаце і громе нават і не заўважылі таго.
Я вымаю дыск, патроны ў ім яшчэ ёсць, але няшмат — дыск лёгкі. Аўтамат гэты Жаўтыха, я пазнаю яго па ладнай скураной почапцы ад нямецкага карабіна. Затым я пачынаю збіраць патроны — з магазінаў, з падсумкаў, з кішэняў забітых набіраецца на якія дыскі два — не болей. Гэта не багата. Праўда, у нішы ў акопе павінна быць яшчэ, там жа мы некалі хавалі гранаты. Тым і будзем біцца.
Я сонна накладваю ў магазін аўтаматныя патроны, іх трэба настаўляць там роўненька, але пальцы не слухаюць, і патроны рассыпаюцца ў пазах. Гэта нервуе, ды і стома настойліва робіць сваю справу. У час бою неяк лягчэй было ўтрымліваць сябе ў напружанні, цяпер жа воля расслаблена, слабеюць мускулы. 3 нейкаю тупою злосцю ў думках я лаю патроны, канструктараў гэтага няспрытнага для снараджэння магазіна і нават камбатаў дазвол, які не прынёс нам паратунку. Затым паглядаю на адкінутую Жаўтыхову руку,— гадзіннічак усё цікае, чырвоная стрэлачка рупна бяжыць па чорным цыферблаце — хутка пяць. Толькі яшчэ пяць гадзін, а здаецца, зранку перажыта цэлая вечнасць, цэлая эпоха, за якую вось пагінулі людзі, а жывыя напакутаваліся, перадумалі, перажылі столькі, што іншым хапіла б на ўвесь век.
Але ўсё ж сама па сабе жыве ва мне і ціхая радасць, і я ведаю — гэта Люся. Я адчуваю яе тут, калі і не бачу, чую яе дыханне, кожны яе рух, яе прысутнасць неяк надае сэнс усёй гэтай нашай безнадзейнай і, можа, не дужа патрэбнай бойцы. Толькі я баюся, ці ўберажом мы яе да канца? Люся ўсё корпаецца над Лук’янавым, адшпільвае ад пояса біклагу і падносіць да ягоных вуснаў. Вада ліецца па запыленай шыі, сцякае на дол, але вось Лук’янаў ціхенька грэбае рукой па зямлі і, абапёршыся на локаць, спрабуе ўстаць. Засмяглыя вусны яго шэпчуць:
— Я зараз... Зараз...
— He трэба. Ляжы. Яшчэ на вады,— кажа да яго Люся і нахіляе біклагу. Лук’янаў яшчэ п’е, кадык на яго худой шыі сутаргава скача ўгору-ўніз, і салдат падымае ссінелыя павекі.
— Дзякуй,— ціха кажа ён ужо апрытомнелым голасам.
Затым занепакоена азірае бруствер, неба і аслабела пытаецца: — Дзе немцы?
— Ляжы, ляжы,— лагодна супакойвае яго Люся.— Усё добра, ляжы. He трэба пра немцаў.
Відаць, гэта насцярожвае Лук’янава, вочы яго засяроджваюцца ў сабе, робяцца пільнымі, і ён пераводзіць позірк на сцяну сховішча.
— Мы не ў санчасці? He?
— Маўчыце. Будзеце размаўляць — горш будзе,— бы малому, растлумачвае Люся. Лук’янаў неяк супакоена апускае павекі, закусвае вусны і з насцярожанай развагай пытаецца:
— Здаецца, я памру? Так?
— Ну што вы? — здзіўляецца Люся.— Навошта так думаць! Вось адаб’ёмся, і возьмуць вас у шпіталь, і ўсё добра будзе.
— Адаб’ёмся! — шэпча Лук’янаў, кусае вусны і зноў спрабуе ўстаць.
Люся далікатна, але настойліва кладзе яго на лапаткі. Раптам нейкім чужым натужаным голасам ён патрабуе:
— Дзе мой аўтамат? Дайце аўтамат!
— Ну ляжыце ж! Што вы такі неспакойны! — угаворвае Люся.
Я снараджаю патронамі тры аўтаматныя дыскі, трэба яшчэ споўзаць па той бок пляцоўкі ў акоп, каб пашукаць якія запасы. Наверсе, здаецца, пацішэла, грукоча і бахае далёка за вёскай, а тут толькі там-сям кахаюць і рэхам раскочваюцца ў небе вінтовачныя стрэлы. Папоў з-за кола назірае за полем.
Я перапаўзаю пляцоўку і звальваюся ў акоп, у якім адзінока сядзіць Крывёнак. Ён кідае на мяне не дужа прыязны позірк і падкурчвае пад сябе ногі.
— Лук’янаў апрытомнеў,— кажу я.— Жывы. А ты ўсё злуешся?
Крывёнак сцінаецца, туліцца і нічым не рэагуе на маё пытанне. Гэта ўрэшце злуе і мяне — знайшоў яшчэ час паказваць характар, калі тут усё наша жыццё ледзьве ліпее на адным валаску.
— Ну і дарма, чорт бы цябе ўзяў,— кажу я.— Што ты зацяўся! Ты ведаеш, што нам загадана?
— Чуў! — буркае хлопец.
— Ну!
Але Крывёнак маўчыць, ад яго ўжо не даб’ешся ніводнага слова. Я разграбаю ў нішы зямлю, што навалілася з бруствера, выкопваю тры нашы гранаты, выцягваю з-пад пяску важкі засмолены пачак з патронамі. Здаецца, болей тут нічога няма.
— А ў цябе колькі? — пытаюся я ў Крывёнка. Ён неахвотна ківае на кулямёт, з прыёмніка якога звісае напалову набітая патронамі стужка.