Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Яна ўвесь час бегла ззаду, у полі і на выгане, і толькі калі зайшлі на падворак, ля калодзежа Дрозд прапусціў яе ўперад і нават лёгенька штурхануў, маўляў, ідзі, а мы следам. Яна звыкла і рухава, як і заўжды, прыступіла на шырокі пляскаты камень, затым на парог і ў той жа час зразумела, што падпорка яе не ўтрымала, карамысла валялася ў доле, і дзверы ў хату былі расчынены. Аднак зараз жа яна згледзела Сёмку, і яе ўразіў выраз спалоху, бадай-што, жаху, на яго яшчэ вельмі дзіцячым твары. Нагнуўшыся, сын стаяў над кубёлкам, у якім яны хавалі мясное, з кавалкам сала ў руцэ. Каля ног хлопца ляжала тарбінка з завязкамі, згледзеўшы якую, яна ўсё зразумела і коратка зларадна сабе ўсміхнулася. Але ў той жа час Сёмка крыкнуў, выпусціў сала і, угнуўшы голаў, кінуўся ў дзверы, на бягу моцна штурхануўшы яе ў бок. Ззаду закрычалі — Дрозд або хто іншы, і ў той жа момант аглушальна грымнуў адзін, другі, трэці стрэлы. У ёй усё абвяла, абмякла, яна пахіснулася, але стрымала сябе і, адчуўшы, як нешта крута збочыла да недарэчна і непатрэбна страшнага, выбегла з сенцаў.
— Сыночак! Сыночак! Пастой!
Яна кінулася да паліцая ў шэрай нямецкай пілотцы, які стаяў з карабінам каля паркана, хоць ужо не страляў. Ён апусціў карабін долу, вылаяўся, груба адштурхнуў яе і палез цераз перакладзіну ў гарод. Яна не разумела яго, як не разумела нічога з таго, што тут адбываецца. Сёмкі нідзе не было, і толькі калі паліцай шырока пакрочыў наўкось па забаранаваным гародзе, яна ўбачыла сынаву галаву, плечы і раскіданыя ў бакі рукі — ён нерухома ляжаў на глеі ў трох кроках ад буйна квітнеўшага на ўзмежку вішанніку.
Тады яна закрычала і рухнула на прапахлы ўсімі дваровымі пахамі дол, усведамленне велізарнай несправядлі-
васці збіла яе зпанталыку, яна ўжо не магла сцяміць, як здарылася такое. Яна білася галавой аб цвёрдую, як бетон, утаптаную зямлю падворка, біла яе сваімі не па-жаночы вялікімі кулакамі, зайшоўшыся ў амаль здзічэлай, шалёнае роспачы ад такой непапраўнай бяды. 3 гэтага стану яе вырваў знаёмы і ў той жа час зусім нейкі інакшы голас яе старэйшага сына.
Халуі прадажаныя!
Усё яшчэ не ўстаючы з долу, яна ўзняла голаў і праз слёзы ўбачыла, як Дрозд і з ім два паліцаі вывалаклі сына з сенцаў і пачалі груба круціць яго рукі, каб звязаць іх вяроўкай канцом, што ўзялі ў Дразда.
— Бобікі. Будзе і на вас вяроўка!
Маўчаць, шчанюк!
Паліцай, які быў у штанах навыпуск, коратка і моцна штурхануў яго каленам у жывот, Алесь хіснуўся, але не ўпаў, і яна, зусім ужо губляючы над сабой уладу, закрычала:
— Сыночак!
Ён, аднак, нават не зірнуў у яе бок, твар яго быў гняўлівы і цвёрды, ён матнуў нагой у бацінку і выцяў паліцая.
Смерць Гітлеру!
Ах так, шчанюк!
Дрозд дужа ўдарыў яго прыкладам, і ён упаў, няўклюдна, са звязанымі рукамі, плячмі на пляскаты ля парога камень. Яна падскочыла да пляменніка і, хапаючы яго за ногі ў брудных нячышчаных ботах, спрабавала спыніць, не даць біць сына. Але гэтыя ногі выцялі і адкінулі яе самую. Яна перавярнулася, захлынуўшыся ад болю ў грудзях.
Ах так, шчанюк! сказаў Дрозд. Да сценкі яго!
Тыя два дужа рванулі сына за звязаныя рукі з долу, размашыста кінулі да патрэсканых бёрнаў сцяны, а Дрозд узняў свой карабін. Яна зноў падхапілася з месца, у гэты раз ужо да сына, але над галавой яе грымнула, аглушыла. Алесь неяк дзіўна і жахліва напружыўся, вусны яго скрывіліся і галава бездапаможна ўпала падбародкам на грудзі. Ён споўз спіной па сцяне і ў недарэчна скурчанай позе застыў ля падмурка.
Тады яна зразумела, якую недаравальна жахлівую бяду наклікала на іх і на сябе таксама, ухапіла ля парога першае, што трапіла ёй на вочы хварасціну, якой выганяла ўранку карову, і з безагляднаю лютасцю накінулася на Дразда.
Гад, пошасць, забойца! Што ты нарабіў! Ірад, нечалавек!..
Яна меціла па галаве і па твары паліцая, але той увабраў галаву ў плечы, засланіўся локцем, і яна біла яго па гэтым ненавісным з паласатай павязкай лакцю, па чорнай пілотцы, пакуль Дрозд цяжкім жалезным прыкладам не адкінуў яе ад паркана.
Прэч, гадаўка!
Аглушаная, яна зайшлася ад болю і змоўкла. Паліцай прывалок з гарода распластанае цела Сёмкі, кінуў яго на падворку і, задышліва адкашляўшыся, палез у кішэнь за махоркай. А здорава ты яго пад дых!— ваўкавата пахваліў яго Дрозд. Паліцай злосна вылаяўся:
А што ж; туды-т яго враз! He знаў ад каго. Ад міня не ўцекёць!
Задаволена мацюкаючыся, яны ўзяліся закурваць. Яна корчылася на маладой мураўцы, усё бачыла, але бадай нічога не заўважала і ні на што не рэагавала. Потым, калі трохі пацішэў балючы звон у галаве, паднялася, спачатку на калені, затым на свае босыя, скарэлыя ногі, акінула няцямным, здзічэлым позіркам двор з нерухомымі целамі яе сыноў. У яе ўжо вельмі нямнога засталася сілы, яна трымалася за паркан і так, перабіраючы рукамі, знясілена пайшла па-над ім да вуліцы. Паліцаі яе не спынялі і не крычалі, ды яна і не прыслухоўвалася ўжо ні да чаго ў гэтым свеце, страх яе сканаў увесь без рэшты. Яна дабрыла да калодзежа, упала жыватом на край яго прысадзістага аслізлага зруба і, убачыўшы ў ягонай глыбі далёкі проблеск святла, нібы за няздзейсненай справядлівасцю таропка рынулася ў змрочную зыбкую пройму.
1966 г.
Круты бераг ракі
Звычайна ён прыходзіў сюды на заходзе сонца, калі міналася спёка і ля ракі на яе крутых, зарослых хмызняком берагах пачынала цягнуць прахалодай. Надвячоркам амаль сціхаў вецер, знікала дакучлівая рабізна на вадзе, наставаў час начное рыбалкі. Прыезджыя з горада рыбакі таропка растыкалі па камяністых водмелях кароценькія вудзільні донак і тут жа, кінуўшы на траву якую адзежыну, рыхтаваліся скаратаць на ёй нядоўгую ліпнёвую ноч.
Пятровіч выходзіў з травяністага ляснога раўка ад недалёкай прырэчнай вёскі і адзінока садзіўся на краі камяністага, амаль навіслага над вадой абрыву. Яго тут многія ведалі і зводдаль жартоўна гукалі, задаючы пустыя, неабавязковыя для адказу пытанні. Заняты сабой, ён болей маўчаў, не дужа ахвотна ішоў да людзей, відавочна, шануючы адзіноту на сваім улюбёным, нязручным для рыбалкі, заваленым камянямі абрыве. 3 гэтага абрыву адкрываўся, аднак, шырокі пагляд на ўвесь, ужо ахінуты вечаровым прыцемкам, бераг, плаўную паваротку ракі з парожыстым перакатам пасярэдзіне і высокай аркай чыгуначнага моста воддаль, на пакаты схіл таго берага, які нанач густа цямнеўся хвойнікам.
Яшчэ праз нядоўгі час з-за бетонных апор моста на прыціхлы рачны прастор імкліва вылятала «казанка». Расцягваючы ва ўсю шырыню ракі даўжэзны шлейф кармавой хвалі, яна спрытна мінала перакат і, памалу збаўляючы газ, кіравала да берага. Яшчэ здалёку было відаць, што ў лодцы сядзела двое — Юра Бартош, хлопец з суседняй вёскі, які працаваў у горадзе і наязджаў у тутэйшыя мясціны палавіць рыбу, і яго гарадскі прыяцель Каламіец,
з якім яны ўдвух купілі гэтую срабрыстую «казанку» з новым дваццаціпяцісільным маторам.
Як і заўжды, у той вечар за рулём сядзеў Каламіец, крутаплечы чалавек з шырокімі даланямі рук і цяжкаватым позіркам з-пад доўгага цэлулоіднага казырка насунутай на лоб фуражкі. Паволі збаўляючы абароты вінта, ён упэўнена набліжаўся да берага, на якім ужо згледзеў адзінокую постаць Пятровіча.
Ану падхапі! крыкнуў ён, спыніўшы матор, і яго басавіты голас над ціхай ракой прагучаў дабрадушнай камандай.
Навошта! нязгодна прыўстаў за ветравым шклом Юра. Я сам.
Ён спрытна перакінуў цераз верх шкла сваё загарэлае, доўгае, надта худое цела, лёгка саскочыў на водмель, і яны разам з Пятровічам усцягнулі між камянёў на бераг дзюралевы нос лодкі. Затым, пакуль Каламіец адкідваў і зачахляў матор, Юра ў закасаным да каленяў сінім трыко выгружаў з лодкі рукзакі, донкі, падкормку, а стары, як незнаёмы, стаяў убаку і пільна глядзеў цераз раку на той яе бераг, быццам убачыў там штось дужа важнае. Ён засяроджана, амаль маркотна маўчаў, і яны, занятыя сваёй справай, не звярталі на яго ўвагі.
Калі несамавітыя рыбацкія прылады былі выгружаны на бераг, Каламіец адразу ж, пакуль не зусім змерклася, заняўся сваімі донкамі, а Юра, скалануўшыся ад рачной свежасці, пачаў таропка нацягваць на плечы сіні спартыўны світэр.
А як у нас з палівам сёння, Пятровіч?
Стары не адразу адарваў ад таго берага засяроджаны позірк сваіх выцвілых, слязлівых вачэй і вузлаватымі пальцамі вялікіх спрацаваных рук перабраў роўны рад гузікаў на зашмальцаваным вайсковым кіцелі.
Трошкі назбіраў. Але мала.
Юра па камянях узбег на абрыў, дзе ляжаў невялікі, перавязаны старой вяроўчынай абярэмак ламачча.
— Э, малавата.
— Я так думаю, што звечара можна і не паліць,— марудна, са старэчым намаганнем ускараскаўшыся на абрыў, ціха загаварыў Пятровіч. Пад ранак лепей. На золку. Звечара людзі ўсюды, калі што памогуць. А як пад ранак паснуць, хто паможа?..
Цяжка валюхаючы ў кірзавых ботах, ён адышоўся на тры крокі ад абрыву і сеў. 3 расстаўленых каленяў звесіў свае пакручастыя, быццам карані, рукі. Пакутлівы позірк яго хутка абмінуў раку і звыкла спыніўся на тым яе беразе з лодкамі.
Яно можна і пад ранак, — згадзіўся Юра. Але і ноччу не шкодзіла б. Можа, я падскачу, таксама чаго пашукаю ў рове?
Ноччу б, ведама, лепш... A то як пазнаюць? Раней дык вунь хутар быў. А цяпер няма. I гэты мост новы... Незнаёмы.
Вось іменна.
— Маленькае хаця б вогнішча. Абы тлела будзе відаць.
Павінна відаць. Дык я збегаю, пакуль не сцямнела! — крыкнуў Юра з абрыву, і Каламіец унізе, які начапляў прынаду, незадаволена павярнуў галаву.
Ды кінь ты з гэтымі вогнішчамі! Пакуль не сцямнела, давай лепш пазакідаем! A то агонь патрэба такая! Вунь кухвайка ёсць.
— Ладна, я зараз! кінуў Юра і спрытна палез па камянях да прыцьмелага ў раўку алешніку.
Стары моўчкі прыціх на абрыве, і яго аброслы шызаю шчэццю твар набыў выраз даўняй звыклай задумлівасці. Ён доўга напружана маўчаў, машынальна перабіраў пальцамі зашмальцаваныя краі кіцеля з чырвоным кантом па краі; слязлівыя вочы яго праз пагусцелыя прыцемкі ўпарта глядзелі ў зарэчча. Каламіец унізе размахаў канцом вуды і спрытна закінуў яе ў масляністую гладзь вады. Бліснула капронавая нітка, і грузіла з ціхім пляскам нырнула ў раку, леска струнка напялася.
— Ты во што, дзед,рэзкім голасам сказаў ён пад абрывам. Гэта самае... Кінь дурня строіць, камедзію іграць. Ніхто ўжо адтуль не прыйдзе. Паняў?