• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

    Праўда як рэлігія

    Гутаркі з Васілём Быкавым
    Юрась Залоска

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 192с.
    Мінск 2010
    39.46 МБ
    Любы прызнаны пісьменнік рана ці позна падпадае пад выпрабаванне вядомасцю і мусіць асэнсоўваць свой мастакоўскі кшталт, сваю місію. Ці гатовы Вы, Васіль Уладзіміравіч, прызнаць за мастаком яго вышэйшую, надзямную місію, яго выключны, дэманічны кшталт?
    Здаецца мне, няма тут ніякай “надзямной місіі”. Пісьменніцтва зрабілася даволі масавай прафесіяй, рамяством для здабычы хлеба надзённага, заняткам, дзе, як і ўсюды, даволі фальшу, эгаістычнага разліку. I ніякага дэманізму, асабліва ў наш рацыянальны, спазнела-рынкавы час. Раней сярод іншых талент усё ж вылучаўся пэўнай маральнасцю, прычыненасцю да народнага клопату; мастацкае слова нярэдка было раўназначна ўчынку, таленты ўважаліся за рэдкасць, не кажучы ўжо пра геніяльнасць. Але на нашых вачах адбылася дэвальвацыя таленту; усеагульная абавязковая адукаванасць ва ўсіх сэнсах пацясніла маральнасць, ідэалагічная заангажаванасць зрабілася перадумовай усякай творчасці. Апошнім часам на змену ранейшай заангажаванасці ідзе рынкавы прагматызм. Але мастацкаму таленту ў рынкавы час няма чаго рабіць, тут патрэбны здольнасці іншага кшталту. Геній жа тут проста непатрэбная, чужая істота, якую пабіблейску заўсёды білі каменнем. Б’юць і цяпер. A то яшчэ запатрабуюць укрыжаваць тыя ж, дзеля каго ён шчыраваў. Між талентам і народам, як і дзве тысячы гадоў таму ляжыць неадольная бездань неразумення; талент і геній быццам істоты з іншай планеты. Хаця паводле азначэння Шапэнгаўэра, паміж імі дзвюма таксама амаль супярэчлівая няроўнасць. “Калі талент трапляе ў цэль, у якую звычайныя людзі трапіць не могуць, дык геній трапляе ў цэль, якую звычайныя
    людзі нават не бачаць”. Але калі не бачаць, дык і не разумеюць, а ад неразумення да нянавісці адзін крок. Адсюль і распні яго!
    Ці прызнаеце Вы за мастацтвам права на “манастырскі” спосаб паратунку ва ўмовах крызісу жыцця права абстрагавання ад знешніх падзей дзеля таго, каб захаваць тое найлепшае, што было ім, мастацтвам, створана і зберажона за сваю гісторыю?
    — Мабыць, настае час, калі менавіта такая магчымасць адна і застаецца. Калі нельга развіваць культуру, дык важна хоць бы захаваць тое, што напрацавана ранейшымі пакаленнямі, закансерваваць яго (у тым ліку і мову), як кансервуюцца руіны старых замкаў і цэркваў. Сапраўды, культура падобная да евангельскага зерня і павінна памерці, каб уваскрэснуць зноў, як мудра зазначыў некалі Андрэ Жыд.
    Чэрвень 1995.
    3 ДЗЁННІКА
    29.09.1992
    ...Узяўся перачытваць Быкава. Раней, у школе, гэтае чытанне не было такім уважлівым, як цяпер, калі да слова ставішся як да боскага знаку, патаемнай пярліны — з’явы мастацтва. У школе тое чытанне было нейкім машынальным, цяпер яно падзея.
    “Сотнікаў” — аповесць, напісаная ў 1970 годзе. Мова... Чаму ў нас стаўся магчымым Быкаў?
    Быкаву для стварэння сваіх твораў у прынцыпе хапіла моўнай і вобразнай памяці дзяцінства, хоць, натуральна, першаматывам творчасці былі ўражанні вайны. Праз дзесяць гадоў пасля вайны Быкаў бярэцца за пяро, каб рэалізавць у літаратуры духоўны патэнцыял, закладзены ад нараджэння і дадзены дзяцінствам вясковага хлапчука. Па сутнасці, Быкаў толькі ўспамінаў...
    25.12.1994
    (Званіў В. Быкаву)
    На пытанне пра літаратуру В.Б. адказаў, што, на яго адчуванне, «літаратура сёння быццам правальваецца ў нейкую прорву; яе (літаратуру) стаптала само жыццё». Культура ўвогуле ўступае ў новы перыяд, калі мы пераконваемся ў абсалютнай непатрэбнасці літаратуры. «Гэта пачалося не ў нас, пачалося даўно — на Захаде, калі там узніклі іншыя плыні ў літаратуры, запанаваў індывідуалізм . Можа, каму гэта (індывідуалізм. -Ю.З.) і цікава... Але калі на адным канцы свету льецца кроў і
    гінуць людзі (напярэдаднні Расія ўвяла войскі ў Чачню і пачалася вайна. Ю.З.), а на другім пануе “чыстае мастацтва”, то гэтакі стан рэчаў — не для таго, каб разважаць пра літаратуру ...»
    Безумоўна, існуюць людзі, здольныя жыць сваім унутраным светам, і пра гэта пісаць. Але Быкаву гэта не цікава. “Я не той чалавек, каб ігнаравать тое, што адбываецца навокал...” Такая атрымалася размова. Гэтак Быкаў адрэагаваў на прапанову пагутарыць для новай “Крыніцы” пра літаратуру, прыгожае...
    «Я ПІСАУ ПРАУДУ...»
    Кантрапункты лёсу
    Эвалюцыя чалавечага і літаратурнага лёсу і эстэтычныя густы Васіля Быкава мяне цікавілі ўвесь час, але не было падстаў найперш, з майго боку, маральных ладзіць з пісьменнікам гутарку на такую тэму. Тэмы вызначала само жыццё. Аднак такая падстава надарылася на пачатку 1995-га ў сувязі з інтэрв’ю Быкава часопісу “Крыніца”, які рыхтаваў яго “постаць”. Рабіць інтэрв’ю рэдакцыя даручыла мне, былі складзены і абмеркаваны пытанні... На пачатку чэрвеня 95-га я вазіў да Васіля Уладзіміравіча дамоў, на Танкавую, завізіраваць падрыхтаваны да друку тэкст інтэрв’ю (апублікавана ў №3 (19) за 1996 год пад назвай “Рэцэпт напою багоў”). Быкаў пісьмова адказаў на пытанні, якія датычыліся яго ацэнак савецкага сацрэалізму, ваеннай прозы, уласнага літаратурнага лёсу, стану беларускай літаратуры і культуры. Прачытаўшы адказы, я адчуў, што яны занадта лаканічныя, што не зашкодзіла б канкрэтыкі, біяграфічных фактаў. Таму на ўсякі выпадак захапіў з сабой дыктафон, каб пры нагодзе нешта спытаць. I, вядома ж, спытаў ужо амаль што развітаўшыся. Спытаў пра гродзенскі перыяд, і Быкаў нечакана ажывіўся, пачаў узгадваць рознае, фармуляваць; дыктафон быў уключаны... Давялося затрымацца на некалькі добрых гадзін (а Быкаў затрымаўся з выездам на лецішча). Так з’явілася гэтая гутарка — своеасаблівы кантрапункт, г. зн. дадатак да ўсіх папярэдніх.
    Пазней, калі выйшла быкаўская “Доўгая дарога дадому” (2002 г.), я знайшоў у ёй паўтарэнне некаторых біяграфічных момантаў, якія ўзгадваліся падчас тае гутаркі ў 1995-м. Зрэшты, сам Быкаў тады казаў аб патрэбе напісаць нейкія ўспаміны, асабліва аб гродзенскай пары свайго жыцця і творчасці.
    Снежань 2009 г.
    Кантрапункт I.
    Між іншым, ідэалогія
    — У чэрвені 1994 года з нагоды юбілею Астанкінскі тэлеканал узяў у Вас інтэрв’ю, у якім Вы, паміж іншым, так сказалі пра сваю творчасць: «Калі я пачынаў сваю літаратуру, я не быў ёй навучаны, таму маім пяром вадзіла рука младзенца. У той час як многія мае калегі прайшлі добрую вывучку — літаратурную, ідэалагічную, партыйную — і хоць яны яе эксплуатуюць дагэтуль і дасягнулі, можа быць, пэўных вяршыняў у гэтай літаратуры і лаўраў, ды ўсё ж, я так мяркую, яны пазбавіліся нейкай праўды, каторая неабходная перадусім для рэалістычнай літаратуры. Яны сацрэалістамі аказаліся выдатнымі, выхаванымі, чаго б я не хацеў прызнаваць за сабой...» (Цытата паводле магнітафоннага запісу). Але, мяркуючы цвяроза, прайсці міма ўсяго савецкага — калі не членства ў партыі, дык самой ідэалогіі, камунізаванага духу грамадства — было вельмі цяжка, амаль немагчыма. Ужо хоць бы той факт, што апазіцыянерам савеччыне ў Беларусі доўгі час былі толькі Вы адзін, сведчыць пра сілу гэтай ідэалогіі. Таму Ваша адметнасць на фоне саветызаванай беларускай літаратуры — хутчэй выключэнне з правіла, нейкі сімвал. Ці схільны Вы бачыць у тым, як склалася Ваша творчая і асабістая біяграфія, “шчаслівае здарэнне”, наканаванне лёсу?
    — Некалі, калі мяне тут грамілі ў ЦК, была такая са-
    кратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Чагіна, каторая, “тлумачачы” мае “скажэнні” вайны і ўсё такое, ставіла мне ў віну тое, што я, маўляў, і ВПШ (Вышэйшай партыйнай школы. Ю. 3.) не скончыў, пагэтаму адкуль жа ў мяне могуць быць “правільныя” погляды на вайну і многія іншыя рэчы...
    Дык вось, яшчэ тады мне такая думка прыйшла, што ў гэтым, можа быць, і мая перавага, што я не быў заангажаваны ў ідэалогію, у той час як многія не толькі афіцыйныя, афіцыёзныя пісьменнікі, але і некаторыя мае сябры і паплечнікі былі ёй заангажаваны ўжо пачынаючы са школы, з універсітэта. Яны вельмі добра ведалі, як трэба пісаць, як развіваць сюжэт, якія ідэі праводзіць, карацей кажучы, ведалі ўсю гэту тэхналогію. I яны знаходзіліся ў яе палоне. Падсвядомасна. Хоць яны, дапусцім, часам былі з ёй нязгодны, але ж яны ведалі, што ёсць цэнзура, рэдактура, і пагэтаму іх творы праходзілі лёгка, за іх хвалілі, прымалі ў Саюз пісьменнікаў і г.д. У мяне таго не было. Я, па-першае, многіх рэчаў сапраўды не ведаў, часткова прастадушна не ведаў, гэта абсалютна, а па-другое, і не хацеў ведаць. Я па наіўнасці сваёй лічыў, што сацрэалізм — гэта ўсё-такі найперш рэалізм. Некалі ўсе пісьменніцкія з’езды, у тым ліку саюзныя маскоўскія, заклікалі: “Трэба пісаць праўду”. Вот я і пісаў праўду. Хаця і рана зразумеў, што гэта самае небяспечнае. Таму што самы праўдзівы мой, аўтабіяграфічны твор “Мёртвым не баліць” — атрымаў самы вялікі разнос і дваццаць гадоў пасля не выдаваўся...
    Тады я зразумеў, што вот іменна гэта самае небяспечнае праўда. I для мяне на пачатку маёй творчасці паўстала дылема — альбо далей пісаць праўду, і я, натуральна, не змог бы нічога надрукаваць, і быць “недрукавальным”, альбо пераходзіць у іншую сферу, сферу, так бы мовіць, “сачыніцельскую”, і знаходзіць нейкі кампраміс паміж магчымасцямі і праўдай жыцця. Канечне, той кампраміс даваўся вельмі цяжка (іранічна
    ўсміхаецца. Ю. 3.); праўда з мяне ўсё-такі вылазіла, лезла з усіх маіх твораў так ці інакш. Мабыць, я арганічна быў няздольны — у сілу свайго характару, можа быць, — да штучнасці, хлусні, да канструявання таго, што было патрэбна начальству.
    Ну а самае галоўнае ў маім лёсе, калі ўжо пра гэта гаварыць, — што я ўсё-такі быў падтрыманы “Новым мнром” і Твардоўскім. Тут, у Беларусі, мне, канечне, вельмі хутка заткнулі б рот, і я б нічога не надрукаваў. А там раптам, на пачатку сваёй творчасці, пачынаючы з 1966 года, я знайшоў у гэтым выдатным расійскім часопісе выдаўца, знайшоў падтрымку, знайшоў сабе Твардоўскага і рэдакцыю. Гэта былі рускія дэмакраты, інтэлігенты, каторым я безумоўна ўдзячны, безумоўна... I пасля, у 80-я гады, калі адбылася пераацэнка маёй творчасці і мяне пачалі ўзнагароджваць, дык не таму, што тут нехта штось зразумеў. Гэтае разуменне ішло з Масквы. Там мне далі прэмію — адну, пасля другую. Я не ведаю ўсёй кухні, але я так адчуваў, што тамтэйшы, маскоўскі ЦК паказаў нашаму на карэкціроўку пэўных адносін да Быкава. I яны змянілі да мяне свае адносіны.