Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

Праўда як рэлігія

Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
39.46 МБ
«А што ад таго (ад выбараў, рэферэндумаў і да т. п.) — пабольшае каўбасы?» — вось вынік тае палітызацыі наадварот, якая і цяпер дае самыя шырокія магчымасці для маніпуляцыі народнаю воляю ўсім, хто наверсе,ад камуністаў да дэмакратаў, якіх, зрэшты, шырокія масы проста не навучыліся адрозніваць між сабой. He, такое грамадства — класічны прыклад апалітычнасці.
Апошнім часам, здаецца, наша грамадства, не паспеўшы зрабіцца праўдзіва палітызаваньш, ужо пазбаўляецца ілюзій наконт магчымасці хуткага ўсталявання справядлівай і гуманнай улады. Прыход дэмакратыі зацягнуўся, цытуючы класіка, усур’ёз і надоўга... Ці не былі перабольшанымі нашыя спадзяванні на хуткае, імгненнае ўсталяванне дэмакратычнага ладу? Выглядае, што граліадства, дэмакратычныя сілы пераацанілі
свае магчымасці наконт тпэрмінаў дэмакратызацыі; цуду не адбылося, і цяпер шмат хто з дэмакратаў у апатыі, расчараваны. Відаць, чадыходзіць пераломны момант, калі трэба прымірыцца з тым, што яшчэ не хутка ўсталюецца дасканалая ўладавая структура?
— Правільна. Тая эйфарыя была, канешне, фальшывай, неабгрунтаванай. Справа ў тым, што камуністычны лад і камуністычная па сутнасці псіхалогія панавалі ў нас ледзь не стагоддзе. У яе атмасферы выхаваўся пэўны менталітэт грамадства. Ліквідаваць, зжыць гэты менталітэт за некалькі гадоў немагчыма.
Для таго павінна адбыцца змена пакаленняў. Мы бачым, што пабудова дэмакратычнага грамадства, апроч іншага, моцна ўпіраецца ў псіхалогію. Нават нашы дэмакраты (несумненна, лепшыя сярод нас людзі, і людзі разумныя), якія хочуць быць іменна дэмакратамі, але... яны такімі быць не могуць. Яны суб’ектыўна не могуць быць такімі, хоць бы таму, што цяжка зжыць не толькі камуністычную ментальнасць, але і тое імперскае, шавіністычнае мысленне, якое ёй спадарожнічае... Каб пазбавіцца ўсяго гэтага, мусіць, патрэбен час.
— Ці магчыма нейкая грамадская ідэалогія, адпаведная гэтаму пераходнаму часу, якая паспрыяе перайсці да больш гнуткай, дэмакратычнай ментальнасці?
— Думаю, што не, не магчымая, бо гэта досыць няпэўны, зменлівы пераходны перыяд, працэс, у якім узаемадзейнічаюць розныя фактары. Але, несумненна, гэта рух у напрамку дэмакратызацыі. I ён увогуле ідзе, толькі ідзе марудна, з рознымі эксцэсамі. Іншага выйсця няма. Могуць быць і рэцыдывы мінулага, узнікненне ў выніку путчаў дыктатарскіх рэжымаў — гэта абсалютна магчыма. Толькі будучыні за імі няма, таму што яны не здольны забяспечыць гістарычны прагрэс, і рана ці позна самы жорсткі і ўсеўладны дыктатарскі рэжым рухне. Рухне зусім не таму, што яго скінуць нейкія рэвалюцыйныя сілы, а па той прычыне, што матэрыяльна
ён будзе пазбаўлены магчымасцей для развіцця. У нас так ужо атрымалася: Гарбачоў і кампартыя пачалі перабудову, бо пераканаліся, што наш «сацыялістычны» метад гаспадарання зжыў сябе і мы сталі банкрутам у спаборніцтве з Захадам. Гэтым жа скончыць кожны новы Франка, Піначэт ці Салазар.
— Калі дэмакраты апынуліся ва ўмовах шматпартыйнай сістэмы, суверэнізацыі рэспублік — былых складніц Саюза ССР, — ці не варта ім утаймаваць энергію разлому, разбурэння, трохі «паправець»?
— Абсалютна з гэтым не згодны, таму што не бачу ніякай «дэмакратычнай празмернасці» ў правядзенні рэформ. Дый хіба яны ў нас ажыццяўляюцца? Па сутнасці, мы знаходзімся ў стане стагнацыі, і далейшы рух па інерцыі прывядзе да пагібелі.
Наша грамадства, паўтару, не адносіцца да празмерна палітызаванага, яно застаецца апалітычным, бо ніякім чынам не ўплывае на палітыку. Новаўтвораныя палітычныя партыі таксама амаль не ўплываюць на палітычнае развіцце грамадства. Дзейсны палітычны рух робіцца высілкамі досыць вузкага кола людзей, найперш — апазіцыяй у Вярхоўным Савеце. Калі і яна зменшыць актыўнасць, дык увогуле не будзе ніякай палітычнай перспектывы, посткамуністычная стагнацыя задоўжыцца на невядомы тэрмін. Дык ці варта змяншаць «дэмакратычны радыкалізм»?
— Але ці зразумее грамадства выратавальнасць радыкалізму?
Мне згадваюцца словы Л. Талстога наконт таго, што каб пераправіцца праз раку ў прызначанае месца, трэба браць куды вышэй па цячэнні, бо калі прыцэльвацца на тое ж месца, куды трэба патрапіць, цячэнне знясе ніжэй... Пры пасіўнасці і апалітычнасці грамадства больш перспектыўна, відаць, ставіць задачы больш маштабныя, чым тое дазваляюць выканаць сённяшнія магчымасці. Трэба, каб грамадства прызвычаілася да высокіх мэт. Паглядзіце, некалькі гадоў таму БНФ
ставіў, здавалася б, зусім нерэальнае, неверагоднае пытанне аб прызнанні нацыянальнай сімволікі. Тады гэта гучала нязвыкла, шмат хто і сярод інтэлігенцыі лічыў, што й не варта гэтае пытанне ўздымаць... А сёння — бачыце: «крамольны» бел-чырвона-белы сцяг лунае над Вярхоўным Саветам. Гэтаксама і з заваёвай суверэнітэту. Яшчэ за некалькі месяцаў да прыняцця Дэкларацыі сама ідэя ўспрымалася як лозунг, «фраза». Аднак жа і гэтая ідэя ператвараецца на нашых вачах у рэальнасць. I так, трэба меркаваць, будзе ва ўсім, што тычыць палітычнага працэсу. Калі ж чакаць «спеласці» грамадства, дык мы ў справе пабудовы незалежнай Беларускай дзяржавы асуджаны бясконца таптацца на месцы.
Думаю, што ўсё будзе залежаць ад таго самага радыкалізму, наконт патрэбы якога ў Вас узніклі сумненні.
Дыялог другі — пісьмовы
Духоўны крызіс:
драма страчаных пакаленняў
— У сваіх публіцыстычных выступленнях Вы, Васіль Уладзіміравіч, досыць песімістычна ацэньваеце жыццё старэйшых пакаленняў савецкіх людзей: як жыццё, патрачанае без сэнсу, упустую, бязмэтна... Калі б такі прысуд вашаму пакаленню выказаў мой равеснік...
Але, уяўляецца, жыцця без мэты ўвогуле не можа быць чалавек заўсёды шукае суладдзя са сваім часам. Здаецца, што дзесьці пад ультрасавецкай ідэалогіяй тым не менш існавала і пранікнёна-гуманістычная — выратавальная духоўная плынь. Глядзіш на старыя, паваенныя фатаграфіі і дзівішся асабліва на фота 60-х гадоў — прасветленасці, адухоўленасці чалавечых твараў, цеплыні ўсмешак... У 70-я, прынамсі, такога
лірызму меншае. Але ўсё роўна: можа, не так усё адназначна змрочна ў нашай духоўнай гісторыі, і не ўсё так безнадзейна цяпер?
Жыццё ўсіх пакаленняў нашай няшчаснай краіны вельмі ж незайздроснае, у тым ліку і таго пакалення, да каторага належыць Ваш суразмоўнік.
Але ўся справа, мусіць, у адносінах да тае незайздроснасці: адны яе саромеюцца, другія ёю ганарацца. Адны імкнуцца асэнсаваць сваё мінулае, каб здабыць з яго нейкі, хай сабе маральны ўрок, іншыя каб здабыць якую выгоду. У нас ідзе барацьба за прывілеі, па сутнасці — за кавалак смярдзючай каўбасы, якую не ядуць сабакі. I тут цікава тое, што некаторых абурае не сама сутнасць тае паскуднае барацьбы, а яе пэўны вынік. Звычайна ў такіх выпадках навучыліся гаварыць: так, подла, па-свалачному жылі, але ж верылі шчыра, быў энтузіязм! («Мы не глядзелі, што мы елі такі вялікі быў уздым».) Саджалі, калектывізавалі, будавалі. I высылалі. I даносілі. I супрацоўнічалі... Але мне думаецца, што чалавек з нармальнай, не пашкоджанай псіхікай у такім выпадку лепш прамаўчыць, каб не дэманстраваць не толькі відавочную амаральнасць свайго жыцця, але і сваё дрымучае глупства.
Так, сапраўды, не ўсё так адназначна ў нашай гісторыі, ды і псіхалогіі таксама. Пакаленні людзей, якія за шмат гадоў прызвычаіліся існаваць у дагары нагамі перакуленым свеце, па той бок славутага люстэрка, і на старасці гадоў не здольны зразумець свае трагедыі,— гэтыя пакаленні для нацыі страчаныя, таксама як і для чалавечай гісторыі.
Але, здаецца, з падзеннем імперыі парушыўся пэўны лад жыцця — хай і саветызаваны, наскрозь міфалагізаваны, пракамуністычны — але ж усё-такі ЛАД, са сваёй гармоніяй і нават спецыфічнай эстэтыкай, пэўнай маральнай кансерватыўнасцю. I вось цяпер гэты лад — парушаны, а разам з ім парушаны не толькі палітычныя інстытуты і дзяржаўнасць, але і
ўладкаванасць псіхалагічнага існавання мільёнаў людзей. Парушаны лёсы.
Вас не трывожыць магчымае выспяванне тут агульнай, мо самай балючай для нашых суайчыннікаў духоўна-псіхалагічнай праблемы?
Розныя бываюць «лады» і «парадкі». Самы ўзорны быў, мабыць, славуты нямецкі «орднунг», нацысцкі «новы парадак» у Еўропе. Камуністычны парадак таксама на шмат пасягаў (калі не на ўсё), толькі ўсяго не дамогся — мабыць, не тыя былі выканаўцы. Усё ж, не зважаючы на бясконцае, сістэмнае «натаскнванне» (у гуртках, універсітэтах, ВПШ, акадэміях), кадры пакрысе гублялі рэвалюцыйную ленінскую апантанасць і памалу, але няўхільна перараджаліся ў звычайных бессаромных хапугаў хапугаў кабінетаў, чорных аўтамабіляў, дачаў... Натуральна, цяпер, калі мяняецца сацыяльны характар грамадства, узнікае бязладдзе, парушыліся і лёсы людзей: скарочаных апаратчыкаў, звольненых міністэрскіх чыноў, беспрацоўных (часова, аднак) сексотаў, велізарная армія абслугі — парыльшчыкаў з урадавых саўнаў, пакаёвак, шафёраў, ахоўнікаў... Вядома, ім трудна, няўтульна, нязвыкла. Але іх можна суцешыць: усё тое часова. Новыя нацыянальна-бюракратычныя структуры, якія скрозь бурна ствараюцца, нікога не пакінуць забытым, усіх падбяруць у сваю шырокую арбіту... Гэта я кажу з упэўненасцю, бо, відаць, новыя задачы немагчыма вырашыць без старых, «выпрабаваных» кадраў. Даўно вядома, што «падпэцканыя» служаць больш верна, чым «чысценькія».
Пры зменах заўсёды важна, ШТО ідзе на змену ўчарашняй ментальнасці і ўчарашняй гармоніі. Таталітарызм як лад жыцця гіне, затухае ў часе (не ўлічваючы рэліктавых праяў). Здаецца, мы ведаем, што на змену ідзе дэмакратыя. Прынамсі, тое нам уводзіць у вушы афіцыйная прапаганда. Але ж папраўдзе выглядае, што гэта (дэмакратыя) для нас пакуль што такі ж фантом, якім раней быў камунізм...
Калі своечасова пазбавіцца «дэмакратычнай зададзенасці» ва ўспрыманні падзей, дык можна ўбачыць відавочны наступ заходняй масавай культуры — прычым самых паталагічных, самых «утылізаваных» яе праяў. Кіно цяпер у нас — панамерыканскае (наскрозь насычанае псіхалагічным тлумам, дэструкцыяй), літаратура — камерцызаваная, трылерна-сексуалісцкая. Выглядае, такім чынам, штпо новая духоўна-інфармацыйная плынь таксама адчужаная ад нармальнай псіхалогіі і «здаровага сэнсу», а самае галоўнае — ад духоўнага жыцця, культуры простага народа (гэты эўфемізм, праўда, з цягам дэмакратычных пераўтварэнняў набыў чамусь зняважліва-паніжанае гучанне, але ад таго не знік сам суб’ект — народ, які найперш увасабляе сабой беларуская вёска). Дык вось: вам не здаецца, Васіль Уладзіміравіч, што пад ідэалогіяй дэмакратызацыі краіны духоўная сфера нашага грамадства пачала яшчэ болый актыўна развівацца ў кірунку канчатковага знішчэння традыцыйнай маралі, цалкам не знішчанай савецкім ладам. I ў гэтым — больш жахлівая трагедыя, чым маральны распад часоў застою?