Праўда як рэлігія
Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
ЮРАСЬ ЗАЛОСКА
ЯК РЭАІГІЯ
ПІСЬМЕННІКА
КНІГАГНЯ
КНІГАРНЯ ПІСЬМЕННІКА
Юрась ЗАЛОСКА
Праўда як рэлігія
Гугаркі з Васілём Быкавым
Мінск «Медысонт» 2010
УДК 821.161.3-31/-32
ББК 84(4Бен)-44
3-24
Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка».
Серыя заснаваная ў 2009 годзе
На вокладцы выкарыстаны фрагмент з малюнка
Міхаіла Будавея «.Васіль Быкаў»
(1983 г. Папера, змешаная тэхніка. 84x64 см)
Залоска, Ю.
3-24 Праўда як рэлігія : гутаркі з Васілём Быкавым / Юрась Залоска. — Мінск : Медысонт, 2010. — 192 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» ; вып. 6.)
ISBN 978-985-6887-79-9.
«Праўда як рэлігія» — кніга гутарак журналіста і літаратара Юрася Залоскі з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым: гутарак пра мінулае, сучаснае і будучае, пра беларускую і сусветную літаратуры, уласную творчасць і працу калегаў, палітычныя перыпетыі 90-х гадоў, пра рэлігію і камуністычную спадчыну, пра сяброў, ворагаў і прэзідэнтаў...
Гэта нацыянальная споведзь «песіміста ў адносінах да пакалення свайго веку» і валадара беларускай нацыянальнай ідэалогіі будучыні — вялікага літаратара, мастацтвазнаўцы, філосафа, палітыка, грамадзяніна і прарока. На евангельскі лад кнігу можна назваць і «Адкрыццём Васіля Быкава» — па глыбіні ды прачуласці духоўных, маральных і грамадска-дзяржаўных прагнозаў і прароцтваў, амаль усе з якіх (выказаныя 15-20 гадоў таму) збыліся ці збываюцца...
УДК 821.161.3-31/-32
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-6887-79-9 © Залоска Ю., 2010
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2010
© Афармленне.
СТАА «Медысонт», 2010
САМАЕ ЗНАЧНАЕ У ЖЫЦЦІ
Прадмова
Падумваць аб выданні кнігі сваіх гутарак з Васілём Быкавым я пачаў у 2008 годзе, калі пабачыў першыя тамы Поўнага збору твораў пісьменніка. Нагадаю, што першая журналісцкая кніжачка такіх гутарак пад назвай “Дыялогі з Васілём Быкавым” была выдадзена ў 1995-м выдавецтвам “Мастацкая літаратура” пры ўдзеле і спрыянні Яўгена Лецкі. Аднак у тым жа годзе нашы гутаркі набылі інтэнсіўны працяг, так што можна было выдаваць другую кнігу... Па розных прычынах другое, пашыранае выданне ажыццёўлена не было.
Сёння, калі змяніўся метафізічны кантэкст самой асобы Быкава (ён у “вялікім часе”, М. Тычына), лічу слушным выдаць усе нашы гутаркі 1991-1995 гадоў у выглядзе асобнай кнігі. Гэта — частка творчай спадчыны пісьменніка, якая пачала існаваць у тым жа “вялікім часе”, што і сама яго асоба, г. зн. незалежна ад сацыяпалітычнага кантэксту. Няхай жа чытач мае магчымасць асэнсоўваць пісьменніцкія рэфлексіі аб літаратуры, культуры, нацыі, абстрагуючыся ад канкрэтных повадаў гэтых агучаных у інтэрв’ю рэфлексій.
...Чаму я ўвогуле займаўся гутаркамі з Васілём Быкавым? Прычыны дзве: па-першае, інтэлектуалізм яго публіцыстыкі, асабліва часу перабудовы і, пазней, адраджэнскай; па-другое, прыцяжэнне самой яго асобы. Яго асоба прыцягвала маю ўвагу не менш, чым яго думкі. Суб’ектыўна я хацеў зразумець, як вырасла такая твор-
чая асоба ў Беларусі, хацеў судакрануцца з тым, хто напісаў “Незагойную рану вайны”, “Сотнікава” і “Знак бяды”. Жаданне маё ажыццявілася спаўна.
Што ўразіла падчас журналісцкіх сустрэч з незабыўным Васілём Уладзіміравічам?
Галоўнае, што ўразіла, — гэта якраз сама яго асоба і стыль маўлення. Быкаў, які не адразу пагаджаўся на інтэрв’ю, спасылаючыся на стан здароўя, пры сустрэчы ў яго дома адразу пераходзіў да справы: проста адказваў на пастаўленыя пытанні, ніколі іх не крытыкаваў, не аднекваўся, калі пытанні былі “нязручныя”. Варта зазначыць, што Быкаву ў той час далягала астма, і падчас размоў у яго зрэдку здараліся нейкія перашкоды з дыханнем (не мог зрабіць удых-выдых). Тады ён, не перапыняючы размовы, імгненна карыстаўся балёнчыкам з інгалятарам, і так інтэрв’ю працягвалася, пакуль пытанні не вычэрпваліся... Так што ўразіла цярплівасць Васіля Уладзіміравіча. Уразілі яго вялікія, васільковага колеру, ясныя вочы. Уразіла яснасць думкі: яго адказы амаль не трэба было правіць пры пераводзе тэксту са стужкі на паперу.
Інтэрв’ю з Быкавым, судакрананне з яго асобай, — гэта самае значнае ў маім журналісцкім жыцці, якім я абавязаны тагачаснаму “ЛіМу” (1990-1995: шчаслівы, светлы час!).
Юрась ЗАЛОСКА.
Снежань 2009 г.
Раздзел I.
ТРОХВЫМЕРНАЕ СУМОЎЕ
Колькі слоў уступу
Уласна, сабраныя тут інтэрв’ю і эсэ не вымагаюць адмысловай прадмовы: усё ў свой час было напісана і надрукавана як асобныя журналісцкія «творы» напісана без аніякага плана і далёкасяжнай задумы. Так атрымалася незаўважна для аўтара... ці, праўдзівей, — аўтараў. I вось цяпер колісь спарадычныя публікацыі выпадае размясціць амаль у храналагічнай (па часе з’яўлення) паслядоўнасці. Ці аб’яднаны гэтыя дыялогі і эсэ агульнай ідэяй не ведаю, можа, тое здольны ўбачыць чытач. Аднак у адным, прынамсі, яны звязаны звязаны, так бы мовіць, прычынай свайго з’яўлення. Бо яны паслядоўна вырасталі адно з другога (папярэдняга) як працяг нейкай быццам напярод зададзенай размовы. I на колькі часу патэнцыял гэтай размовы не быў вычарпаны — столькі і спатрэбілася захадаў, каб яе, размову, спраўдзіць. Спраўдзіць як адмысловае творчае заданне.
Думаецца, у такім сцвярджэнні няма ніякай містыкі. Бо прыцяжэнне асобы, мастака, пісьменніка — з’ява настолькі натуральная для ўсіх часоў, што тлумачыць яе няма патрэбы. Вось толькі таямніцу прыцяжэння ніяк не растлумачыш... Тут сапраўды нешта містычнае... калі толькі містыкай можна назваць выспельванне пытанняў якраз да ГЭТАГА чалавека, прываражэн-
не мастацкай прозай якраз ГЭТАГА мастака, найчуйнейшае ўслухоўванне ў публічнае слова якраз ГЭТАГА грамадзяніна. Васіль Уладзіміравіч Быкаў — той чалавек, мастак, грамадзянін, які стаіць за зборам гэтых інтэрв’ю і эсэ.
Васіль Быкаў прыцягвае маю ўвагу ў розных іпастасях: то як палітычны і грамадскі дзеяч (таму менавіта і пачаліся гутаркі ў 1992 годзе), то як мастак слова, пісьменнік (з гэтым звязаны пазнейшыя спробы літаратурнай крытыкі), то як папросту мысліцель-інтэлектуал (з чаго вынікае эсэістыка). He дзіўна таму, што дыялог з Быкавым набыў некалькі вымярэнняў: ад звычайнага чалавечага сумоўя да «сумоўя» з мастацкімі творамі пісьменніка. У кожным выпадку суразмоўнік адзін — Васіль Быкаў.
...Удзячны Васілю Уладзіміравічу за тое, што ён заўжды пакідае магчымасць прадоўжыць гутарку ў будучым. Найлепей, калі нешта застаецца недагавораным і пераносіцца ў будучыню як пабуджальнік новага дыялогу.
Ю. 3.
ПОШУКІ
АПТЫМІСТЫЧНАГА ЗЫХОДУ Тры дыялогі з Васілём Быкавым
Па сутнасці, гэта быў адзін дыялог (студзень 1992 года), які меў тры часткі: дзве вусныя і адну пісьмовую. Тэма асноўнай гутаркі — пісьмовай была зададзена мной наўмысна непалітычна: «Духоўны крызіс грамадства і яго пераадоленне», аднак жа пачалі і скончылі мы палітыкай...
Чаму мяне, імкнучага натуральна, з-за маладосці — як мага адэкватна зразумець свой час, журналісцкі пошук прывёў у рабочы кабінет Васіля Быкава? Звярніце ўвагу на час нашых сустрэч: прайшло паўгода пасля таго, як у жніўні 1991-га шаля гістарычных вагаў канчаткова схілілася на бок постсавецкай дэмакратыі (дэмакратыі пачаткоўцаў, як назаве яе пісьменнік); месяц таму перастаў існаваць Савецкі Саюз як адзіная краіна са сталіцай у Маскве... Што наперадзе? Чым скончыцца распад вялікай, семдзесят год непарушнай краіны?.. Пытанні гэтага шэрагу тады толькі паўставалі ў грамадскай свядомасці, аднак вастрыня іх не зменшылася дагэтуль, і, мабыць, яшчэ немалы час яны будуць хваляваць грамадства. Да каго звяртацца па раду, чыё меркаванне выслухаць перш? Відаць, сумленных мысляроў нядаўняга мінулага, меўшых мужнасць выказваць праўду і раней...
Васіль Быкаў і раней меў мужнасць адкрыта казаць: тыя з нас, хто не пераасэнсуе жыццё мінулае,
страчаны для жыцця будучага; каб зладзіць свой лёс, здабыць годную будучыню, трэба пераадолець, зжыць псіхалагічную спадчыну таталітарызму. Творы пісьменніка спрыялі такому пераасэнсаванню: пасля напружанай «ваеннай прозы», пасля партызанскіх аповесцей, пасля «Аблавы», пасля палітычнай публіцыстыкі (выдадзенай у 1992 годзе асобным зборнікам «На крыжах») мы глыбей, па-іншаму ўспрымалі рэаліі жыцця, мужнелі духам.
Ад пачатку «перабудовы» пісьменнік знаходзіцца ў эпіцэнтры барацьбы за дэмакратыю, прымае ўдзел у стварэнні Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», абіраецца прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Яго імя на штандарах рэфарматарскіх сілаў у Беларусі, талент у палітычнай публіцыстыцы і грамадскіх выступленнях. Талент пісьменніка на бестэрміновай перадавой...
Пры нашай сустрэчы Васіль Уладзіміравіч не без скрушнасці скажа: «Самая вострая пакута цяпер палітычная, і творчасць адмысловая — публіцыстычная, чым у асноўным і займаюся. Гэта, безумоўна, не літаратура, хоць палітыка і літаратура моцна звязаны. Што датычыць беларускай культуры і літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў, дык палітыка ў іх была вызначальнай...».
Дыялог першы — вусны
Менталітэт грамадства і лёс дэмакратыі. Выратавальнасць радыкалізму
— Васіль Уладзіміравіч, апошнія гады вы вельмі многа і востра выступаеце з палітычнай публіцыстыкай, пастаянна выказваеце свае ацэнкі палітычных падзей. Неаднаразова ў вас гучала думка наконт таго, што наш народ яшчэ недастаткова палітызаваны. Гучыць «у піку» агульнажурналісцкаму штампу, што, маўляў,
наша грамадства надзвычай спалітызаванае і стамілася ад гэтага. У якім сэнсе, па-вашаму, грамадства яшчэ недапалітызаванае і якой, адпаведна, палітычнасці яму бракуе?
— Сучасны стан нашага беларускага грамадства дае падставы гаварыць пра яго як пра грамадства апалітычнае.
Калі б яно было ў дастатковай меры палітызаванае і ўсведамляла ўласную ролю ў гісторыі Беларусі, дык у нас не мелі б месца такія прыкрыя з’явы, якіх не бывае ў нармальна палітызаваным грамадстве. А менавіта: у парламенце не было б столькі вакантных дэпутацкіх месцаў, значныя палітычныя падзеі расцэньваліся б адэкватна і не блыталіся з другараднымі (параўнайце рэакцыю насельніцтва на абвяшчэнне суверэнітэту рэспублікі і на аднаразовае павышэнне кошту заводскага харчавання), не было б; негатыўных адносін да свае нацыянальнае мовы і культуры. Палітызаванае грамадства не паставіла б паўтысячы аднолькавых помнікаў чужому правадыру і без дыскусій зразумела б, чаму цяпер іх трэба прыбраць. Урэшце, палітызаваныя грамадзяне інакш бы паставіліся да выбараў у парламент...