Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

Праўда як рэлігія

Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
39.46 МБ
ветнай вайне такія ж простыя людзі-працаўнікі; славутую партызанскую вайну на тэрыторыі Беларусі вёў у пераважнай большасці беларускі селянін.)
Калі заўгодна, Пятрок з аповесці «Знак бяды» Васіля Быкава ўвасабляе старазапаветны, юдэйскі пачатак у народным характары; Сцепаніда пачатак хрысціянскі, новазапаветны, еўрапейскі. Іх анталагічны сімбіёз спарадзіў надзвычайную духоўную сілу, моц, што яшчэ больш узмацнілася, пакладзеная на паганскі (язычніцкі) падмурак. Праклінаючы зямлю пакут, гэтыя людзі імкнуцца не да долу, а ўверх, да Неба, туды, дзе ім павінна быць лёгка. На зямлі застаюцца толькі іх сляды, няўзворанае поле пад назвай Галгофа ды папялішча дома вось і ўвесь зямны плён беларускага жыцця. Сляды, Галгофа і папялішча. Спробы, гвалт і Хатынь. XX стагоддзе.
...Пабуранае котлішча, папялішча на месцы колішняй дамоўкі страчае і адзіны герой іншай аповесці Васіля Быкава — «Аблава» — селянін Хведар Роўба, што з сям’ёй быў высланы пад Котлас як «кулацкі элемент». Сюжэт як быццам публіцыстычны, але гэта толькі знешне. Увогуле савецкая літаратура была вымушана пісаць на палітычныя тэмы, бо ў поглядах на савецкі лад, сталінізм праходзіла асноўная лінія і псіхалагічнага, і — праз гэта — эстэтычнага напружання мастака... Патрэбаю СКАЗАЦЬ ПРАЎДУ і спароджаны ў першую чаргу і салжаніцынскі «Архіпелаг ГУЛАГ», і быкаўская славутая аповесць сярэдзіны 60-х гадоў «Мёртвым не баліць». Фактура савецкай гісторыі сталася галоўнай у савецкай літаратуры цалкам заканамерна.
Але — тут я вяртаюся да згаданай аповесці «Аблава» сапраўдны мастакоўскі талент за фактурай гісторыі «ўнутраным зрокам» зазвычай бачыць выявы сутнаснага ў сваім народзе і ў сваім часе. I для мастака не так важна, у якіх гістарычных варунках, у якім менавіта часе выяўляецца народная анталогія, архетыпы яго духоўнасці. Увогуле, як здаецца, Васіль Быкаў
ва ўсіх сваіх творах шукаў адказ на адно пытанне: што дае чалавеку сэнс быцця, што дапамагае паасобкаваму чалавеку ўтрымацца на краёчку быцця. У франтавых аповесцях той адказ быў адным, больш публіцыстычнадыдактычным, чым анталагічным; у творах цывільных, «людовых» адказ інакшы, глыбейшы, менавіта анталагічны. Вось, напрыклад, у аповесці «Аблава», на прыкладзе знясіленага, зацкаванага сталінскай аблавай беларускага селяніна, «пана сахі і касы», згубіўшага па віне савецкай улады ў жыцці ўсё і жонку з дачушкай (загінулі ў лагеры для рэпрасаваных), і свой дом з гаспадаркай (канфіскавала і разрабавала ўлада), і сына — пайшоў у камсамольскія работнікі, адрокся ад бацькі«кулака», — пісьменнік спрабуе асягнуць апошнюю мяжу, ускраек сэнсу ў свядомасці гэтага чалавека пасяленца XX стагоддзя, звычайнага селяніна, адзінай субстанцыяй стасункаў якога праз стагоддзі была Зямля. Ціхі, мяккі, зважлівы, крыху набожны і прымхлівы (зусім як і папярэдні герой, Пятрок са «Знака бяды»), ён, у варунках скасавання ўладаю і без таго небагатага зямнога нажытку, страты якога-кольвек зямнога апірышча, знаходзіць адзінае магічнае выйсце, каб не звар’яцець на юдолі лёсу. 3 лагера ён доўгія месяцы прабіраўся дамоў не дзеля таго, каб загаспадарыць таго не дасць яму зямны парадак, а каб ЗІРНУЦЬ I ПАМЕРЦІ. Зірнуць на свой дом і падвор’е, родны краявід, і толькі затым памерці. Без знітаванасці з роднай, родавай матэрыяй гэты чалдвек пачуваецца ў жахлівай экзістэнцыйнай пустаце, з-за якой не здольны нават памерці, развітацца з жыццём. I таму Хведар Роўба, патомны ратай, прыходзіць на радзіму. Бачыць ён пабуранае котлішча, адчужаных аднавяскоўцаў, ад якіх вымушаны хавацца ў лесе. Але пабачаны малы апакаліпсіс не скасоўвае яго запаветных спадзяванняў, не перашкаджае здабыць галоўную, магічную апору экзістэнцыі — інфернальную лучнасць з памерлымі продкамі. Пад святлом поўні, на вясковых могілках ча-
лавек нарэшце супакойваецца душою, здабывае тую крупінку сэнсу быцця, да якой мусіў ісці праз ліхоты зямнога лёсу. Сімвалічны зыход гэтай адзінокай драмы: у фінале аповесці герой нарэшце раствараецца ў багне, загнаны туды камсамольскай аблогай, істотай, плоццю сваёй зліваецца з прыродай; «быў тло і ў тло абярнуўся».
У дадзеным выпадку чалавека правёў і вывеў з зямнога часу покліч Танатаса дух памерлых продкаў. Іншага паратунку ў такіх акалічнасцях быццё і не магло прапанаваць.
Такі змест дзвюх аповесцяў Васіля Быкава. Як бачым, эзатэрыка, магічныя матывы змаглі выявіцца і ў творчасці гэтага, здавалася, цалкам «ваеннага» і рэалістычнага пісьменніка. Выявіцца — напэўна, паза свядомасцю самога аўтара, як каркас той падводнай часткі айсберга, што мацуе ўсе бачныя пласты творчасці. У сваёй аповесці «Сцюжа», пачатай яшчэ ў 1969 годзе, скончанай у 1991-м, Васіль Быкаў спрабуе паказаць працэс перараджэння светлай з народзінаў асобы вясковага хлопца ў апантанага служку таталітарнай сістэмы. Там і паяднанне з камсамольскай блудніцай, і сімвалічнае, фаўстаўскае падпісанне даносу на невінаватага чалавека, і затым імпэтнае штудыяванне партыйнай навукі, «раскулачванне» ўласных жа аднавяскоўцаў, бацькоў... I, урэшце, поўнае душэўнае спусташэнне. На пачатку вайны няўдалага камсамольскага «важака» ратуе ад немцаў простая вясковая жанчына — сімвал векавечнай народнай жыццятворнай сілы, незагубленага Эрасу... Праўда, у гэтай аповесці абразок эзатэрыкі больш публіцыстычны, чым у аповесцях «Знак бяды» і «Аблава».
Такім чынам, калі падагульняць, праз прызму эзатэрычнага бачання беларускай мастацкай літаратуры паўстае народны тып, што цалкам захоўвае магічную, дахрысціянскіх вытокаў повязь з продкамі; які спавядае пантэізм і анімізм; які адракаецца ад уласнай плоці
дзеля выратавання духу, дзеля здабыцця вышэйшай для сябе, нябеснай ісціны, але маўкліва туліць гэтую ісціну ў сабе, хавае ў глыбіні душы. Духоўнасць гэтага народнага тыпу — беларускага — па выяўленні сваім наўменальная, рэч у сабе; магічнае ядро гэтай ментальнасці пакуль не расшчэплена, і ў гэтым і палягае ці не галоўная загадка этнасу, што выхаваў і А. Міцкевіча, і С. Манюшку, і М. Агінскага... даў гены Ф. Дастаеўскаму, Г. Апалінэру, Т. Касцюшку...
Думаецца, што загадку, сутнасць свайго народа ці не найболын трапна выказаў выдатны беларускі географ і палітык, адзін са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Аркадзь Смоліч (загінуў у сталінскім ГУЛАГу ў 30-х гадах): «Беларус быў увесь час вельмі прыдатным да ролі грамадзяніна будучыны, тае будучыны, калі справяддівасьць запануе між народамі, але быў мала падгатаваным да змаганьня за быт, за жыцьце, якое йшло вакола яго і яго коштам, але на яго шкоду... Ён... насяліў сьвет вакола сябе разнароднымі духамі, благімі і добрымі, і жывець напалову ў сьвеце духаў» (Смоліч А. ‘Теаграфія Беларусі”). ЖЫВЕЦЬ НАПАЛОВУ Ў СВЕЦЕ ДУХАЎ вось яна, сутнасць народнай беларускай экзістэнцыі. Духі клічуць нас у Неба, яны ж апякуюцца і Смерцю. На Зямлі застаюцца сляды.
НАНМАГУТНЫ РЫЦАР ЛЮБОВІ
Гэты тэкст агалошаны на ўрачыстым ушанаванні 70-х угодкаў з дня нараджэння В. Быкава ў сядзібе БНФ «Адраджэньне» ў Менску (чэрвень 1994).
Апроч грамадзянскай сімпатыі, кожны сапраўдны мастак тым дарагі людству, што прыходзіць да нашых сэрцаў упаасобку, як шчыры і светлы сябра. I становіцца патаемным сябрам на ўсё жыцце.
Патрэба ў гэткім сябры асабліва вострая тады, для тых пакаленняў, якія самім часам асуджаны на татальную паняверку і хаос. Такім пакаленнем сёння ёсць маладое пакаленне, пакаленне 20-30-гадовых, што прыйшло да свядомага жыцця ў другой палове 80-х і было проста асуджана на раз’яднанасць і хаос. Бо лёс рыхтаваў нам альбо ашалелае служэнне камуністычным максімам, альбо — панылае кухоннае дысідэнцтва. У нас не было, у адрозненне ад ваеннага ці пасляваеннага пакаленняў, ані франтавога братэрства, ані з’ядноўваючага пафасу свабодалюбства, якім жылі «шасцідзесятнікі». Увогуле пасля «шасцідзесятнікаў» не стала «пакаленняў»; пакаленне Вінцука Вячоркі і Сяргея Дубаўца было асуджана на раз’яднанасць і бясслоўнае пеставанне свайго ўнутранага «я». А маладзейшыя тым болей...
У такіх варунках мы шукалі ісціну на асабістых шляхах.
I самымі ўдзячнымі суразмоўнікамі нашымі былі кнігі, Яе Вялікасць Літаратура. I калі яны знаходзіліся
то заставаліся з намі на ўсё жыццё. У маім лёсе гэткімі кнігамі сталіся творы Васіля Быкава.
Пры канцы «перестройкн», у пастылай армейскай казарме, вельмі далёка ад Бацькаўшчыны, душою да Бацькаўшчыны мяне вярнула аповесць «Знак бяды», якую тады выттала прачытаць у перакладзе на расійскую мову. Аповесць быццам змыла роспач; нагадала пра дом, пра тое, куды трэба абавязкова вярнуцца і дзе толькі праўдзіва і можна адбыцца як чалавеку. Другі раз Васіль Уладзіміравіч прыйшоў на дапамогу ўжо тут, у Менску, дома, калі стала зразумела, што ніякай лагоднасці і рамантызму тут, удома, няма; што паўсюль камандуе альбо цынічная набрыдзь, альбо свае ж слабавольныя перараджэнцы... I што наперадзе — шлях супраціву і штоімгненнага процістаяння з рэчаіснасцю. (Процістаяння не толькі палітычнага, але і ўвогуле маральнага, штодзённага, пабытовага...) Зразумець гэтую жорсткую ісціну пры канцы 80-х дапамагла аповесць Васіля Быкава «Аблава». АБЛАВА як метафара сучаснага метафізічнага стану свету, з якога, па словах філосафа экрана Інгмара Бергмана, сыходзіць любоў. I трэба зразумець, што ўсе добрыя памкненні будуць атакоўвацца сіламі зла; што рыцары Дабра гэтаму свету быццам і не патрэбны...
Але што рабіць, калі ўсвядомлена такое? Скарыцца і жыць добрымі намерамі ўпаасобку?.. Відаць, не. I тут на дапамогу зноў прыходзіць мастак Васіль Быкаў. Прыходзіць на гэты раз асабістым прыкладам. А іменна: заняўшы выразную грамадзянскую пазіцыю. Сцвердзіўшы тым самым, што чужую, варожую вакольную рэчаіснасць упаасобку перамагчы немагчыма; што трэба гуртавацца, яднацца, ладзіць Фронт... I гэткі крок мастака самы што ні ёсць адэкватны суроваму духу яго мастацтва, мужнаму пафасу яго творчасці; ён, гэты крок, сам з’яўляецца мастацкім учынкам...
Але як быць з тым, што са свету знікае любоў, сыходзіць мілосць? Што множыцца паняверка, шырыц-
ца распад? Нам, нават пры найвелькшым эмацыйным аптымізме, на жаль, не дадзена ведаць, куды, у якім кірунку рухаецца Сусвет,да лепшага ці да горшага, да росквіту ці заняпаду, да ўсяленскага сэнсу ці да апошняй мяжы розуму... Бо ж было пагрозлівае прароцтва Яна Багаслова... Але так сталася, што Фронт добрых намераў існуе, існуе асяродак сумленнасці і ўзаемапавагі, Фронт Любові. Значыцца, вакольны распад і роспач не могуць быць фатальнымі; значыцца, і ў раз’яднанае людства Фронт Любові, на чале якога стаяць ахвярны рамантык і суровы мастак, мае прыўнесці флюіды сэнсу і любові. Так, нам няведама, што пагражае свету, сусвету, але ж мы пэўна ведаем, што пагражае нам, пэўнай частцы людства. I каб выстаяць надалей у Фронце, прыкладам дзеля нас, маладых найперш, — лёс і творчасць Васіля Уладзіміравіча Быкава.