Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

Праўда як рэлігія

Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
39.46 МБ
Пятрок пайшоў на Неба, сцвердзіўшы выдатную нацыясофскую інтуіцыю Аркадзя Смоліча: «Беларус быў увесь час вельмі прыдатным да ролі грамадзяніна будучыны, тае будучыны, калі справядлівасьць запануе між народамі, але быў мала падгатаваным да змаганьня за быт, за жыцьцё, якое йшло вакола яго і яго коштам, але на яго шкоду... Ён... пасяліў сьвет вакола сябе разнароднымі духамі, благімі і добрымі, і жывець напалову ў сьвеце гэтых духаў» («Географія Беларусі»),
«...Хутчэй аддасць, чым возьме. Лягчэй саступіць, чымсьці даб’ецца. He любіў сварыцца, яму ўсё каб ціха...»; «быў аж залішне добры»; «чалавек ціхі і мяккі...
страхотны, зважлівы, трохі набожны...». Такімі была большасць аднавяскоўцаў Петрака; такія былі і яго продкі.
...Для Петрака «духі» ўрэшце ўвасобіліся ў Дух адзіны, абсалютны. Адсюль і «высозны і страшэнна цяжкі» Крыж, як сімвал інтуітыўнага паяднання чалавека з Духам адзіным, сведчанне яго, чалавечай, нясмелай надзеі на зверхнюю помач, сціплага спадзеву на палягчэнне зямной ношы.
...Крыжы, крыжы -
усцяж дарогі кожнай, Зірніце з гор у глыбіню
далін.
He думайце: іх ставіла набожнасць —
Аб лютасці забойцы напамін.
Дзе паў ахвярай краю горды сын, Там крыж узведзены рукою нечай.
I край, нібы суцэльны крыж адзін, Нясе пакуты крыж, бядой знявечан...
(Дж. Байран. «Паломіцтва Чайльд Гароліда». Пер. У. Дубоўкі.)
* * *
Зямное, рэальнае жыццё не трывацьме пустаты ў сваім развоі; яно, жыццё, неўнікнёна шукае і знаходзіць формы для запаўнення іх тою быццёвай энергіяй, што дагэтуль была адрынута ў бок ад іншых кшталтаў. Калі кшталт Петрака унутраны, філасофскі, экзістэнцыйны, то «зямны», «маральны», практычны кшталт зямнога існавання мусіла спраўджваць Сцепаніда.
Сцепаніда тып экзатэрычны, знешненакіраваны і знешневыяўлены; гэта тып змагарны і дзейны.
Сцепаніда не сузірае і не разважае: яна рашуча дзеіць і бязлітасна асуджае ворагаў: немцаў, паліцаяў і самога «недалэгу», «дурня» (з яе «практычнага» пункту гледжання) Петрака. Энергія быцця, што адстойвае справядлівасць, як бы сімвалізавана і выяўлена праз Сцепаніду. Гэта энергія — «з кулакамі»; зло Сцепанідай — немцы і іх памагатыя на хутары — асуджана адразу ж і беспаваротна. Такім чынам, у асобе Сцепаніды маніфеставана маральная дый быційная пазіцыя сіл чалавечнасці і дабра ў часе наступу на іх сіл зла, разбуральных сіл. «Яна ведала, у чым яе хопіць да скону. За сваё цяжкое жыццё яна ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой невялічкі чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане (тут паўторана амаль даслоўна сентэнцыя С. Цвэйга. — Ю. 3.). Шмат што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканала яе ў тым, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-людску (а тут амаль дакладны пераказ маральнага імператыву I. Канта. Ю. 3.). Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі кары. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца...». Гэткі галоўны сэнс Сцепанідзінай праўды, што пэўным чынам ператлумачвае талстоўскую тэзу «непротйвленяя злу наснлнем», ненасілле дабра не ёсць і не павінна быць яго бяссіллем перад злом. (Пазней, у рамане «Кар’ер», у спрэчцы Агеева і пападдзі Бараноўскай, абедзве тэзы сінтэзуюцца ў адну: у неабходнасць па меншай меры духоўна процістаяць злу. Бо «калі ў душу не пусціць бога, дык у ёй абавязкова паселіцца д’ябал».)
Уласна сваім дзейным чынам Сцепаніда якраз і дэ-
манструе гэтую апошнюю тэзу быкаўскай маралі: «Да апошняй сваёй хвіліны яна не скорыцца ім, бо яна чалавек, а яны звяры». He скорыцца адзіны непаддайны на хутары і ў ваколіцы злу чалавек беларуская жанчына Сцепаніда. Заліслівіў перад фашыстамі прывід-цень Петрака; прадаліся і шчыра служаць немцам гужы і іншыя тутэйшыя душапрадаўцы; маўчыць прыпалоханы сілай чужой зброі народ... На здратаваным каванымі ботамі хутары б’ецца адзінае няскоранае сэрца Сцепанідзіна. Ад пачатку і да канца яе чын — бадай бессвядомы, імпульсіўны: і «недадоенае» малако, каб пазбавіць германцаў нат малой насалоды; і скрадзеная вінтоўка, кінутая ў калодзеж; і нязменнае «скулля ім!» — у адрас паліцаяў, што панадзіліся на хутар пасля немцаў; і асуджэнне бязвольнасці, нерашучасці «недалэгі» Петрака... Рэальны ўрон ворагу ў гэтым адзінокім змаганні ледзь не чыста сімвалічны. Ды гэта ў рэальнасці. А ў надрэальнасці, у плане духоўнага супраціву ворагу фронт выглядае зусім інакш, ён напружаны і бязлітасны, больш таго бок Сцепаніды ў духоўным проціборстве перамагае. Бо не можа не перамагчы чалавечнасць, што адстойвае сваё чыстае імя і непарушную існасць; бо не могуць не быць пераможаны сілы зла, увасобленыя ў чужынцах, што прыйшлі на гэтую зямлю з вайною і разбурэннем (дый свае «чужынцы» таксама, хоць з апошнімі найбольшая няпэўнасць у аўтара...). Сцепанідзе нават агідна ўваходзіць у хату пасля таго, як у ёй пабывалі чужынцы...
За сваё роднае, крэўнае яна і ваюе; сваю духоўную цноту яна і адстойвае. У адрозненне ад Петрака, дом якога ўжо не на зямлі вышэй, за плячыма ў Сцепаніды неяк усталяванае за доўгія цяжкія гады сваё дамашняе, зямное цяпельца, быт, а перад вачыма цынічны вораг, што прыйшоў гэтае цяпельца парушыць, адабраць. Ды таму не бываць.
Калі для Петрака ў духоўных адносінах конавым выпрабаваннем было змаганне з Галгофай, то для
Сцепаніды час выпрабавання прабіў цяпер, у час варожага нашэсця на яе зямлю. Невыпадкова трохі раней аўтар зверхні назіральнік заўважыў, што для Сцепаніды папярэдняе яе жыццё было «нібы подступам, падрыхтоўкай, зборам...». «Здаецца, яна пражыла ўсё, перажыла свой лёс. Як і не жыла... Усё збіралася, доўгія гады чакала, адкладвала на пасля...». I во склалася, прыйшоў час жыць па-сапраўднаму, жыццёмазарэннем, праз якое толькі даецца дарога ў вечнасць... Сцепаніда гэтае «апошняе жыццё» пражыла годна і велічна.
У процістаўленых характарах — Петраку і Сцепанідзе можна разгледзець адмыслова беларускую псіхалагічную амбівалентнасць мужчынскага і жаночага ў народным характары. Калі «мужчынскія» праявы нацыянальнага характару выяўляюцца пераважна ў жанчыне, а «жаночыя» у мужчыне. Зрэшты, амбівалентнасць мужчынскага і жаночага ў гэтых мастацкіх пераўвасабленнях у «Знаку бяды» чыста ўмоўная, нават штучная, але, без нацяжкі, ад гэтай скамбінаванай літаратурнай гульнёй быццёвай сітуацыі можна развіць нітку асацыяцый і да выгокаў міфалогіі паходжання процілеглых палоў з аднае першапачатковае цэласнасці... Сцепаніда сутнасна дасягае духоўнага стану Петрака ў процілегласць яго шляху не сузіраннем, a змаганнем, рэальным высілкам, адольваючы ціск вонкавых акалічнасцяў і сіл. Гэта ўстаноўка — на безумоўны супраціў, змаганне — сыходзіць з глыбіні яе душы, магчыма нават, як няспраўджаная продкамі (Рагнедай, напрыклад) прага помсты злу, перамогі над знешнім ворагам-крыўдзіцелем. Тут зноў дарэчы працытуем Аркадзя Смоліча: «Ёсьць у характары беларуса адна важная рыса, якую згодна прызнаюць усе лепшыя этнографы... Пачуцьцё помсты ў ім неразьвіта, што адрозьнюе яго навет ад украінца... Гэтая рыса беларускага характару мела, мусіць, немалое значэньне ў беларускай гісторыі. Агульна ведама, што
беларус у мінуўшчыне асабліва ваяўнічым настроем ніколі не вызначаўся і часткаю праз гэта, мусіць, у тыя часы, калі адны народы будавалі сваю дзяржаўнасьць і незалежнасьць на няволі і прыгнечаньні другіх, трапіў ён ня ў лік першых прыгнятаючых, а ў лік другіх прыгнечаных... Недахват ваяўнічасьці... трэба тлумачыць толькі гэтай лагоднасьцяю, рахманасьцяю беларускага народнага характару; беларус рад каму хаця саступіць, абы была згода. Зразумела, што пры гэтай лішняй, можа, міралюбівасьці гісторыя беларускага народу і не магла ўлажыцца іншым спосабам, як яна ўлажылася...» (Стуль жа).
Магчыма, магічнае пераўвасабленне беларускай рашучасці і адвагі ў жаночую палову нацыі адбылося таму, што жанчыны не так дарэшты вынішчаліся ворагам, як мужчыны (ёсць жа ў беларускім фальклоры «волатавыя» матывы, значыць, былі і мужчыны-волаты сярод нашых продкаў...).
3 моманту зразумення неабходнасці супраціву ворагу ва ўсім, нават у самым малым, рэальны плён змагання для Сцепаніды траціць сутнасны сэнс: яна таксама, услед за ціхамірным «недалэгаю» Петраком, дасягае свае духоўнае свабоды; пачынаецца змаганне дзеля самога змагання.
«Бомба на ўзроўку» -вось сімвал неадольнай духоўнай сілы Сцепаніды і Сцепанідзінага народа, падпалага пад варожае нашэсце, ды не скоранага, баронячага сваю «ўнутраную свабоду». «У думках» гэты народ вольны, а думкі непазбежна выспеюць у дзеі.
...Хай сонмы
пераможаных маўчаць — Няма пакоры ў грозным
іх маўчанні.
Стаіла страсць у логвішчы дыханне.
Ды прыйдзе час —
паўстане гневу раць,
I права помсты, кары й даравання
I сёння не прымусіць нас чакаць, Але празмерна нельга помсціць і караць.
(Дж. Байран. «Паломніцтва Чайльд Гарольда». Пер. У. Караткевіча)
У расійскай літаратуры была нацыянальная метафара: «Дубнна народной войны». У беларускай літаратуры ёсць сімвал-знак «Бомба на ўзроўку».
«Бомба на ўзроўку чакала свае пары».
Бомба на ўзроўку чакае свае пары.
Але... «празмерна нельга помсціць і караць».
2.	.. На шляху пакут. — «Аблава»
Сузіраючы ў «Знаку бяды» крыжы роднай зямлі і Крыж свайго маўклівага народа, сімвалізуючы яго крыжовую гісторыю мастацкімі сродкамі, аўтар-назіральнік усё-ткі не мог абмежавацца толькі духоўным паяднаннем з лёсам свайго народа, сімвалічным спасціжэннем яго высілку. Гэты аўтар належыць да іншай кагорты аўтараў: ён і сам — баец, ваяр, яму не прывыкаць да непасрэднага ўдзелу ў высілку, які вызначае не тое што лёсы літаратурных герояў, лёсы рэальных людзей, народа, краіны... I таму аўтар не мог не спусціцца з неба над Яхімоўшчынскім хутарам, каб паспрабаваць прайсці рэальным чалавечым шляхам спаміж імшарын і лугавін, між лесам і балотамі роднай зямлі. Ён вырашыў прайсці гэты шлях адзін, упаасобку, без пабочных сведкаў і памочнікаў,сам-насам са сваім болем і нязгаслай памяццю...