Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

Праўда як рэлігія

Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
39.46 МБ
3.	.. У эпіцэнтры. — «Сцюжа»
Аўтар зверхні назіральнік у аповесці «Зчак бяды», павадыр у «Аблаве», — у аповесці «Сцюжа» (1969; 1991) прадоўжыў свой шлях да высвятлення сутнасці, атрымання адказаў на тыя пытанні, што яму, аўтару, смыляць... Здавалася, усё, і так ужо сказана шмат, у «Аблаве», напрыклад, і даволі... Ды не, Павадыр, што прывёў свайго маўклівага пакутніка Хведара Роўбу ў багну, павярнуўся назад, прэч, імкліва пайшоў насуперак Аблаве часу і эпохі, пайшоў праз аблаву, як гэта ўжо неяк зрабіў ягоны герой-партызан Ляўчук з «Воўчай зграі»; як бачым, разавы вопыт героя нарэшце прыдаўся і самому аўтару, і ён, аўтар, ператварае той эпізадычны высілак героя ў мастацкі высілак цэлага твора — аповесці «Сцюжа». Высілак насуперак Аблаве.
Інакш і быць не магло.
Але цяпер павадыр ператвараецца з маўклівага павадыра-сузірал ьніка ў гняўл івага суддзю-абвінаваўцу: ён не канстатуе, ён кідае гнеўныя словы ў твар Абла-
ве; ён не баіцца яе... Ён выйшаў з гібельнай багны, каб, пакінуўшы абалонку свайго гаравога бегляка Хведара Роўбы, уцелаісціцца ў новага героя аднаго з самых актыўных удзельнікаў Аблавы, — магчыма нават Роўбавага сына, камсамольскага важака...
Так, герой «Сцюжы» камсамольскі актывіст Ягор Азевіч па ўсіх прыкметах падыходзіць на сыноўства Хведара Роўбы. Успомнім: гэта менавіта ў сыне для Хведара ўвасобілася тая нялюдская сіла расчалавечання, ад якое пакутуе герой, не ведаючы, ШТО гэта за сіла і ЧАМУ так дзеецца з ім, сынам прыроды, бязвінным рупліўцам ад узыходу да заходу... Іменна ў сыне ўвасабляецца для Хведара тая ананімная знешняя сіла — вінаваўца яго роспачнага ЗАВОШТА. Дарэчы, зусім не выпадковую сімвалічную ролю ў «Аблаве» адыгрывае колеравы фон развіцця падзей сюжэта: ён — чорны, цёмны, ён ноч, у якой (ужо ў начы, не «ў тумане») блукае чалавек «немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы» — Хведар Роўба; уначы, пад апекаваннем зіхоткае поўні, Хведар адкрывае ў сабе магічнае паяднанне з роднай зямлёй і продкамі; уначы ён дасягае найбольшага ўзроўню спасціжэння сэнсу свайго загубленага, затраўленага светам (ці антысветам?) жыцця аказваецца, унутраны, бессвядома дзейнічаючы матыў вяртання да магіл продкаў стаўся апошняй сэнсадайнай ніццю ў жыццёвай пуцявіне Хведара. Аказваецца, гэтага, толькі гэтага яму не хапала, каб, страціўшы ўсё ў гэтым ураз панішчаным жыцці, тым не менш здабыць супачын і памерці з усведамленнем хоць гэткай, магічнай быційнай апоры — сімвалічнага паяднання з продкамі. «Ужо нямала гадоў усе яго намаганні ішлі на адно толькі трываць. Ён не ўзрываўся, як некаторыя, калі здавалася, трываць было неяк, не абураўся ад кепскіх харчоў, зверскай працы ці людской несправядлівасці, толькі сціскаў зубы, калі тыя яшчэ былі ў яго,трываў. Мусіць, не было ў свеце такіх абставін, якія б ён не навучыўся трываць. Апроч
хіба аднаго няволі-журбы расстання. Тут ужо ён не мог перайначыць сябе, ягоная натура насуперак усім абставінам імкнулася дамоў — праз безліч небяспек і прыгод...». Праўда, Хведар ніяк не мог прызвычаіцца і да сцюжы, яна яго даймала на працягу апошніх старэчых гадоў... Мерзне ён і на радзіме.
Сын Прыроды Хведар Роўба, не здолеўшы зразумець Свет-Аблаву — выставіўшы яму толькі роспачнае ЗАВОШТА, на супачын зямнога шляху зноў з ласкі няласкавага лёсу становіцца сынам Прыроды, і хоць бы ў гэтым — умоўная гармонія яго пагібелі. Знік, растварыўся ў багне, «быў тло і ў тло абярнуўся». Толькі вось роспачнае ЗАВОШТА, як маральны — дый духоўны таксама — рахунак Свету-Аблаве засталося, запоўніла наваколле пасля знікнення Хведара; гэтае ж крычачае ЗАВОШТА, трэба думаць, пранізліва звініць у вушах і не дае спакою самому аўтару-павадыру, што быў сумленна давёў сваю місію да канца, праспяваўшы няголасны гімн радзіме Хведара, любасна паказаўшы яе сэнсадайнае аблічча — лес, поле, сялібы... напомніўшы пра звякоўвечную працу беларускага селяніна, у якога дасюль, мабыць, і не нараджалася такіх роспачных, як у Роўбы, ЗАВОШТА... Хведар Роўба паспеў далучыцца да роднага краявіду, да роднай зямлі, зліцца з ёй целам.
Але мы казалі пра цёмны, начны фон Роўбавага блукання-знікнення як акрасу сімвалічнага значэння. Так яно і ёсць: гэта не светламу — цёмнаму СветуАблаве («цёмным сілам») кідае Хведар сваю жальбу; гэта пагрозлівы колер знешняй, наступаючай антырэчаіснасці.
...Сын Роўбы — Ягор Азевіч частка тае «цёмнае сілы». Павадыр, таймуючы светлы нораў сваёй істоты, уздыхнуўшы, мусіць што зробіш, выйсця няма, калі прагнеш здабыць адказ на Роўбава ЗАВОШТА уцелаісціцца, «рэінкарнавацца» ў гэтую персаніфікаваную ў героі сілу. Дарэчы, герой «Сцюжы» таксама, па сутнасці, монагерой, яшчэ больш за героя
«Аблавы» адчужаны ад аўтара-апавядальніка: ён кажа нават не сваёй, не геройскай мовай, ён кажа пераважна мовай змешчанага ў ім унутры аўтара-павадыра. Невыпадкова стыль маўлення героя «Сцюжы» выдае яго як быццам сённяшні (г. зн. аўтарскі) публіцыстычны розум... Разам з пэўна нялюбым яму героем (хоць і не пазбаўленым шкадобы) павадыр мужна праходзіць па ўсіх этапах яго біяграфіі.
Крытык Сяргей Дубавец назваў ранейшую «Аблаву» аповесцю-магістралам, якая як бы падагульняе ўсе папярэднія аповесці Васіля Быкава. У такім разе «Сцюжа» — магістрал ад магістрала, бо быкаўскі Павадыр, што ад аповесці «Пайсці і не вярнуцца» пайшоў шляхам рэтраспекцыі, у глыб кар’ера свайго часу, па сутнасці, робіць крок зноў наперад з 30-х гадоў бліжэй да вайны, але разам з тым і крок яшчэ болып глыбока у самы канцэнтрат даваеннай рэчаіснасці, у гушчу рэпрэсій, у эпіцэнтр д’ябальскага палявання на чалавека. Аповесць «Сцюжа» фабулай як бы з’ядноўвае вайну і перадвайну; проціборства сіл чалавечнасці з ворагам прышлым немцамі-акупантамі і ворагам унутраным — свойскім, у асобе нялюдскай ідэалогіі, ладу, «органаў»... I тое і другое часткі аднаго суцэльнага ўсяленскага ЗЛА, супраць якога ў свой час паўстала адважная Сцепаніда, якому духоўнымі сродкамі процістаяла пападдзя Бараноўская, ад якога ў адзіноце загінуў і Хведар Роўба.
Што герой «Сцюжы», у якога аўтару давялося пераўвасобіцца, пэўна яму, аўтару, не па душы, сведчаць ужо першыя радкі аповеду пра акалічнасці ляснога зноў ляснога побыту героя. Бы нехаця, быццам супраціўляючыся, рухаецца рэінкарнаваны аўтар па сцяжыне жыцця свайго героя. Гэтая нехаць неўпрыкмет перадаецца і чытачу, іпто паспявае стаміцца амаль адразу ж, ступіўшы першыя крокі за пераўвасобленым павадыром, — і гэта ўжо прывыкнуўшы да яго цяжкай, медзведзяватай хады-маўлення.
Але чытач, хоць рух за апавядальнікам даецца яму цераз сілу, усё-такі рушыць праз апавядальніцкую нехаць туды, куды і сам апавядальнік ідзе не з вялікай ахвотай. Але і чытач і сам апавядальнік урэшце добра ведаюць, што праз 5-10 старонак неўпрыкмет пераадоленая абаістая нехаць саступіць месца непераадольным сілам прыцягаення быкаўскага тэксту-сяйва, якія няўмольна памкнуць і аўтара і чытача туды, у глыб тэксту, па сутнасць, па адказ на апошняе ЗАВОШТА...
У «Сцюжы» мы не знаходзім ані петракоўскага агляду сялібы, ані Роўбавага сузірання роднага краявіду. Усё значна прасцей і значна складаней. Тут, у «Сцюжы», аўтару, увайшоўшаму ў скуру таго камсамольцааблаўшчыка, не да любавання-сузірання, тут не да таго. Тут на тое няма часу, бо тут сышліся ў жорсткім двубоі дзве субстанцыі: чалавечая і антычалавечая. Чалавечая у асобе аднаго-адзінага, сціплага, звычайнага вясковага хлапца Ягора Азевіча; антычалавечая — ва ўсёй мастацкай рэчаіснасці. Як быццам з ранейшых твораў Быкава сабраны ў адно злавесныя дэталі-эпізодыматывы і ўтварылі супрацьчалавечы АНТЫСВЕТ, АНТЫРЭАЛЬНАСЦЬ. Павадыр, у каторага на гэты раз няма свабоды хады, змушаны толькі канстатаваць гэты свет антырэалій. (Дарэчы, да якога жанру можна аднесці звычайную аповесць звычайнага рэалізму, дзе кажацца пра незвычайную, супернезвычайную рэчаіснасць — антырэчаіснасць; дзе мастацкія дэталі, калі ўдумацца ў іх вар’яцкі сэнс, у сэнс іх д’ябальскага ўздзеяння на рэальнага, жывога чалавека, — куды мацней па антырэальнасці, чым аруэлаўскі выдуманы антысвет «1984-га»? Настолькі рэальных антырэалій, як у быкаўскай «Сцюжы» 1991, не ўдалося, бадай, прыдумаць ніводнаму пісьменшку-«антыўтапісту». Уся справа ў тым толькі, што Быкаў сваёй антырэальнасці не прыдумваў. Дык што гэта: рэалізм, абвяргаючы сам сябе, абсурдны? Ці звышутапічная не-ўтопія?)
Знакі бяды ў «Сцюжы» паўсюль у чыстым вы-
глядзе, маніфеставаныя наўпрост, без «мастакоўскага» падыходу. Умоўна месца дзеяння зноў вынесена кудысь на поўнач Віцебшчыны, туды, у старазапаветны непралазны беларускі кут, дасюль не адкрыты ні краязнаўцамі, ні аматарамі геаграфічных падарожжаў па Бацькаўшчыне; тыя памежныя раёны з Латвіяй, Расіяй і дасюль захоўваюць сакральную некранутасць і маўклівасць, беларускую, калі можна так сказаць, цноту. Вось тут і зводзіць аўтар твар у твар свет чалавечага, дабрыні і святла, і — свет антычалавечага, зла і цемры. Бацькі Азевіча, простыя сяляне, нават радыя, што сын пайшоў у горад на савецкую службу на лягчэйшы і больш надзейны, чымсьці ў вёсцы, хлеб. Ды няведама ім, што хлеб той лягчэйшы — непапраўна атручаны... Млявасць, апатычнасць, бязвольнасць сялян; нішчымніца ў вёсцы... «Перасталі і баяцца...» — бядуе заўзяты калектывізатар-агітатар Азевіч, бачачы абыякавасць сялян да свайго падсавецкага калгаснага лёсу. «Перасталі і баяцца...» апафеоз заняпаду, рыса быцця, за якой альбо смерць (Хведар Роўба таксама ж не баіцца смерці), альбо... Вайна. Яна, іменна яна вайна, неспадзеўна парушыўшая далейшае паміранне Азевічавага краю пад саветамі, — і выратуе ад галоднай смерці тую цётку, што агрэе ў сваёй пуні хворага, няўдалага воіна Азевіча. Прытуліць вінаваўцу перадваенных бедаў вёскі, ідэалагічнага цівуна... Свайго, зрэшты, вясковага сына. А можа, гэта і не зусім незнаёмая цётка; можа, гэта пераўвасобленая ў безыменную цётку пападдзя Бараноўская з рамана «Кар’ер», што дала прытулак параненаму чырвонаму камандзіру Агееву? Кіруючыся адно толькі сумленнем, каторае адно і можа дапамагчы людзям правільна пакіравацца ў бясчассі... «Калі нічога немагчыма зрабіць, трэба сабраць сілы, каб застацца сабой»,— вуснамі пападдзі Бараноўскай тлумачыць сваю мараль павадыр. «Усё ж людзі, з’яднаныя братняю справай (змаганнем з фашыстамі. Ю. 3.), павінны пазбыцца варажнечы і