• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

    Праўда як рэлігія

    Гутаркі з Васілём Быкавым
    Юрась Залоска

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 192с.
    Мінск 2010
    39.46 МБ
    На жаль ці на шчасце, я не планую сваёй творчасці, якая ў мяне мае хутчэй імпульсіўны характар. Усё ж гісторыя не мая парафія, тут я не валодаю патрэбнымі сродкамі і таму не бяруся за справу, у якой не ўпэўнены.
    — У першым нумары часопіса «Полымя» за гэты год чытач пазнаёміўся з Вашай новай ваеннай аповесцю «Сцюжа», пад якой пазначаны даты «1969; 1991». Ці азначае гэта, што пісьменнік яшчэ мае рахунак з вайной і не да канца яго сплацгў?
    — А гэта вельмі проста. «Сцюжу» я пачаў менавіта ў 1969 годзе, дапісаў да паловы і кінуў, зразумеўшы, што надрукаваць яе будзе немагчыма. А калі і надрукуеш, дык не парадуешся. Дапісаў яе ў 1991 годзе.
    Паколькі гутарым мы ў час падрыхтоўкі святкавання ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Вы ўдзельнічаеце як сябра аргкамітэта святкавання, дык, на Вашу думку, наколькі істотна на палітпычную свядомасць беларусаў можа паўплываць гэтая дата — па сутнасці, эпізод у віры падзей 19171921 гадоў?
    — Так, гэта эпізод у нашай гісторыі, але эпізод вельмі важны. Можа, без таго эпізоду не было б і падзеі 1991 года, не ўваскрэсла б сама надзея на якую-небудзь
    дзяржаўнасць. Абвяшчэнне БНР у 1918 годзе само па сабе было актам болей сімвалічным, бо за ім не паследавала якіх-небудзь грамадскіх пераўтварэнняў. Але гэты акт увасобіў у сабе нацыянальна-дэмакратычны патэнцыял беларусаў, рэанімаваў важнейшую ідэю і заклаў падмурак. Нягледзячы на пэўныя няўдачы ў будучым, ідэя жыла, а значыць, была жывая і надзея на яе адраджэнне. Яна жыве і цяпер, даючы моцы новым пакаленням беларусаў стрываць усё і дамагчыся жаданага. Taro, што ўжо дамагліся ўсе народы Еўропы. Мы — апошнія. За намі чарга...
    ЛІТАРАТУРА НА КРАЁЧКУ ЧАСУ
    5 мая 1993 года ў Палацы культуры чыгуначнікаў у Мінску Беларускі ПЭН-цэнтр наладзіў вечар-сустрэчу з Васілём Быкавым. Фактычна, адбылася звыклая сустрэча чытачоў з пісьменнікам, на якой той адказваў на пытанні прыхільнікаў сваёй творчасці, што паступалі ў пісьмовай форме і праз мікрафоны з залы (нешта накшталт колішніх астанкінскіх сустрэч), разважаў пра жыццё ўвогуле, дзяліўся сваімі поглядамі на стан і лёс літаратуры і мастацтва ў сучасных варунках.
    «Якнасповедзь...» — значыласяўзапрашэнні ПЭНцэнтра на гэты вечар. I сапраўды, Быкаў адказваў на пытанні, гаварыў канкрэтна, сцісла, але ёмка і шчыра. Хоць, падкрэслім, пытанні на асабістую тэму «праходзілі» вельмі цяжка, пакуль зала ўрэшце не зразумела, што сваёй персонай пісьменнік апякуецца найменш. I, дарэчы, ён сам напачатку паўшчуваў вядучага вечара, прэзідэнта Беларускага ПЭН-цэнтра народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна за празмерную гіпербалізацыю «апостальскай постаці» пісьменніка...
    Пра што гаварыў Быкаў? Роскід пытанняў да пісьменніка быў самы шырокі (відаць, з-за разнастайнасці аўдыторыі вучні, студэнты, навукоўцы, пенсіянеры і г. д.): ад «Якія сны вам сняцца найчасцей?» да «Ці былі калі камуністам і ці захавалі партыйны білет?»...
    Адступаючы ад канкрэтных пытанняў, у рэмарках, пісьменнік выказаўся, між іншым, у абарону пісь-
    менніцкай свабоды і грамадзянскай годнасці С. Алексіевіч; высока ацаніў чалавечыя якасці 3. Пазьняка; рэзка негатыўна выказаўся наконт «пэўнай пазіцыі» Беларускага тэлебачання...
    Але ўсе-такі галоўнае, на маю думку, было на сустрэчы іншае: за апошнія колькі гадоў гэта адна з ПІСЬМЕННІЦКІХ сустрэч Быкава з грамадскасцю. Ён і сам гэта адзначыў, падкрэсліўшы, што выказваецца іменна як прыватная асоба, як мастак, літаратар, а не палітычны дзеяч. Чаго-чаго, а палітыкі ў Быкава апошнім часам не бракавала... I вось як быццам нешта добра знаёмае, прыемнае, але прызабытае... — пісьменнік гаворыць не пра палітыку і «тых з гэтымі», a — пра ЖЫЦЦЁ ЎВОГУЛЕ, пра Яе Вялікасць Літаратуру, пра магчымасць мастацкага ўвасаблення нашага часу. Ды каб звярнуцца з такім словам да людства, пісьменнік зараз мусіць што нечувана ў гісторыі беларускай літаратуры! АПЛАЦІЦЬ гэткую магчымасць: дзякуй, дапамагла сродкамі ПЭН-цэнтра вядомая наша фірма «Дайнова»... Але ж ссумаваўся чытач, літаратурна-мастацкая грамадскасць па такіх сустрэчах гэта відавочна: у зале можна было бачыць скрозь работнікаў Інстытута літаратуры, выдавецтваў, рэдакцый, пісьменнікаў. Усё-такі адной палітыкай не жывы чалавек; мастацтва ў шырокім сэнсе, у тым ліку і самасвядомасць мастацтва і мастака, застаецца духоўным апірышчам і выратавальнікам любога грамадства і таталітарнага, і посттаталітарнага, і наогул... Быкаў у заключэнні і выказаў пажаданне чытачам не губляць сувязі з мастацтвам, нягледзячы ні на якія катаклізмы часу, заставацца вернымі высокай літаратуры. «Усё-такі цяперашні крызіс рана ці позна мінецца, і з новай сілаю ўзнікне патрэба высокага, духоўнага...».
    Блаславёныя словы! А мы зазначым, што пакуль у грамадства, у Беларусі ёсць такія мастакі, што дбаюць пра непарыўнасць людской духоўнасці, звязваюць
    духоўнасць учарашнюю і будучую ў адно, такое грамадства цалкам яшчэ не безнадзейнае...
    Такім чынам што гаварыў Васіль Быкаў:
    Пра логіку гісторыі, лёс культуры і долю чалавека (3 уступнага слова)
    — У любой сістэме, ці то капіталістычнай, ці то сацыялістычнай, заўсёды знойдзецца нейкі бок, які не на карысць гэтай нацыі. Культура ў гэтыя гады перабудовы, у час звароту на натуральны эканамічны і палітычны шлях, якім ідзе ўвесь свет, — наша нацыянальная культура апынулася ў становішчы страшэнна цяжкім. Тут можа суцяшаць хіба той факт, што ў цяжкім становішчы апынулася ўсё грамадства. I ў тым ёсць віна ўсяго грамадства. Цяпер ужо абсалютна відавочна, што ў тым, што адбылося, не вінаваты ні Гарбачоў, ні Віскулі, ні сучаснае кіраўніцтва, вінаваты пэўны выбар, зроблены не намі, зроблены ў 1917 годзе. У 1917 годзе наша грамадства звярнула з магістральнага шляху грамадскага развіцця некуды ўбок і праз вялікія намаганні, праз кроў і ахвяры ўрэшце ўперлася ў тупік. Цяпер выйсці з гэтага тупіка шчаслівым шляхам, відаць, не ўдасца, гэта пэўна: усім нацыям, якія маюць дачыненне да «Вялікага Кастрычніка», трэба прынесці нейкія ахвяры. Што мы і робім.
    Мы можам выказваць нрэтэнзіі да сучаснага кіраўніцтва, да тых, хто цяпер жыве, але з тых, хто цяпер жыве, не вінаваты ніхто. Важна зразумець, што шлях быў памылковы, што ішлі мы не туды, што развіццё ішло абсалютна антычалавечым чынам і трэба выбірацца... Як выбірацца гэта ўжо іншая справа. Хочацца, канешне, выбірацца, не вяртаючыся назад,
    нейкім чынам пераскочыць у іншы цягнік. Але, відаць, гэта не выйдзе.
    Мы бачым разбурэнне культуры, духоўнасці, не кажучы ўжо пра эканоміку, якая не можа існаваць і не будзе існаваць і наўрад ці яе можна паправіць нейкімі папраўкамі, кампрэсамі, доларавымі ін’екцыямі. Відаць, нічога не выйдзе. Тая эканоміка, што паказала сваю непаўнавартаснасць, павінна разбурыцца, і яна бурыцца, нягледзячы ні на якія захады. I толькі пасля яе разбурэння пачне прарастаць новая... Тая эканоміка, што існуе на Захадзе, можа даць чалавеку шмат што, калі не ўсё. Ну, усё, відаць, ні адно грамадства і ні адзін лад ніколі чалавеку не дадуць. Так ужо заведзена: чалавек застаецца нейкім чынам адзін на адзін з жыццём і — будзе цярпець...
    А што культура? Мы стаім на тым, што культура павінна мець нацыянальную форму. Але ў сучасных варунках нацыянальная самабытнасць культуры з’яўляецца і яе моцным, і слабым месцам. Моцным у тым сэнсе, што гэта спрадвечнае; нацыянальнае, між іншым, гэта не тое, што дазволена або ўведзена дэкрэтам. Гэта, па-першае, біялагічнае, унаследаванае ад прыроды, дадзенае Богам... Тут не трэба, як гэта часам бывае, папракаць, што ў адных яно ў большай меры праяўляецца, у іншых у меншай. Гэта ўжо як каму дадзена. Але гэта натуральнае пачуццё, такое самае, як пачуццё мацярынства, іншыя сакраментальныя пачуцці, закладзеныя ў чалавеку генетычным шляхам.
    Адзіны спадзяванак цяпер на тое, што нацыянальная культура неяк вытрымае, дзякуючы перш за ўсё свайму нацыянальнаму менталітэту. У беларусаў ёсць вопыт. Усё-такі, не маючы сваёй дзяржаўнасці на працягу стагоддзяў, намаганнямі мноства пакаленняў, і перш за ўсё апосталаў сваіх, беларусы захавалі сваю нацыянальную культуру. Былі перыяды, калі яна амаль зусім знікала. I тым не менш яна засталася. I таму, нават у сучасных умовах, у канцы XX стагоддзя, мы ўсё-
    такі думаем, што яна яшчэ затрымаецца на ненкім краёчку і адновіць свой натуральны працэс адраджэння і росквіту...
    Пра літаратуру і палітыку
    (Пыпіанне: «О чём болйт душа?»)
    Душа ў пісьменніка баліць тым, чым і ў кожнага чалавека. Іншая справа, як літаратуры адносіцца да прыроды грамадства.
    Цяпер, пасля празмернай ідэалагізацыі мастацтва і наогул культуры, што адбывалася на працягу многіх гадоў, наступіла іншая пара дэідэалагізацыі. Мы слухаем па радыё і тэлебачанні, чытаем у газетах выступленні даволі разумных людзей, якія ўгаворваюць пісьменнікаў адысці ад палітыкі, перайсці на вечныя тэмы, на хараство прыроды, якая яшчэ захавалася, — на ўсё тое, што не звязана з палітыкай, з жыццём грамадства. Чытаць такія рэчы мне заўсёды сумна. Сумна, бо гэта не для нашай літаратуры. Можа быць, на Захадзе, дзе сацыяльныя канфлікты невялікія, дзе чалавек дасягнуў многага ну, калі не цалкам шчаслівага, дык хоць бы забяспечанага жыцця, там палітызаваная літаратура патрэбна, можа быць, у меншай меры. Там літаратура можа дазволіць сабе захапляцца нейкімі драбніцамі жыцця, але каб у нас... Літаратура народа, які на працягу стагоддзяў вымушаны весці вось такое трагічнае жыццё, як можа наша літаратура, мастацтва, культура абстрагавацца ад гэтага пакутнага, трагічнага жыцця? Нават каб яна таго хацела, каб ставіла перад сабой такія мэты, — яны былі б немагчымымі для ажыццяўлення. ЖЫЦЦЁ БУДЗЕ ЎМЕШВАЦЦА, будзе ўладарна патрабаваць удзелу пісьменніка, мастака наогул у грамадскім жыцці. Вядомыя радкі Някрасава з’яўляюцца ў гэтым сэнсе запаветам для пісьменніка. А ў выяўленчым мастацтве як
    бы ні квітнела яно, выбраўшыся на свабоду,усё-такі рэалістычнае мастацтва, перасоўнікі, для свайго часу і для гісторыі значаць куды як многа. I нашаму мастацтву самавыражэння, я думаю, далёка да гэтага...
    А болі ўсё тыя ж, тыя самыя. I калі ўсё адбаліць цяжка сказаць.
    Пра талент і грамадзянскую пазіцыю (Пытанне: «Як суаднесці талент з грамадзянскай дзейнасцю пісьменніка?»)