Праўда як рэлігія
Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
Апроч таленту ёсць яшчэ і маё грамадзянскае сэрца. Калі я бачу, што ў жыцці адбываецца несправядлівасць, ці магу я абысціся толькі літаратурнымі здольнасцямі, без палітычных памкненняў?
Талент — вельмі важна для гісторыі мастацтва, але для мяне суб’ектыўна грамадзянская каштоўнасць чалавека пераўзыходзіць яго мастацкую каштоўнасць. Я гатовы дараваць пэўныя слабіны мастацка-літаратурнага сэнсу пісьменніку, калі ён праяўляецца як грамадзянін, як асоба, якая патрэбна нацыі ў грамадзянскім сэнсе. I наадварот, я не магу дараваць таленту, калі яго грамадзянская пазіцыя служыць рэакцыі і калі яна накіравана супраць грамадства і нацыі.
Пра мастацтва як выказнік часу (Пытанне: « Чаму сённяшняе мастацтва, літаратура як бы адстаюць ад жыцця?»)
— У савецкім мастацтве мастацкае слова значыла вельмі шмат, не таму, што было настолькі самацэнным для грамадства, а таму, што іншага маральнага выказніка ў нашым грамадстве не было. Літаратура і іншыя віды мастацтва былі адзіным, рэгламентаваным, няўдалым у
многіх сэнсах маральным выказнікам. Гэтаму мастацтву не ўдалося зрабіць усё так, як хацелася. Але цяпер, калі вярнуцца назад і ацаніць тое мастацтва, то мы павінны проста зняць шапку перад гэтым мастацтвам, перад яго лепшымі творамі... Цяпер часы змяніліся. Рэнамэ мастацтва апускаецца ўсё ніжэй. Я баюся, калі зірнуць на заходняе грамадства, добраўпарадкаванае, дзе мастацтву такая роля, як у нас, ніколі не належала, то ўсё-такі хацелася б, каб наша мастацтва, наша літаратура нейкім чынам прадаўжалі свае традыцыі і ў новых умовах...
Вы бачыце, што цяпер мастацтва і літаратура быццам спыніліся на нейкім раздарожжы. Гэта адносіцца не толькі да нашай беларускай літаратуры. Гэта адносіцца да ўсёй літаратуры посткамуністычнага грамадства. Чаму так адбылося — я не магу вам адказаць. Прычыны тут, відаць, вельмі складаныя, унутраныя, тым не менш, гэта так. Гэта мы бачым на прыкладзе самай актыўнай расійскай літаратуры, нават на прыкладзе прыбалтыйскіх літаратур.
Відаць, тое, што адбылося, адбылося надта нечакана... Усё-такі мастацтва ў пэўнай ступені тугадум, і яно нешта зразумее толькі праз пэўны час. А тое, што яно зразумее і асэнсуе і што з’явяцца вельмі значныя, шэкспіраўскага маштабу творы пра наш час, — гэта безумоўна, таму што такія страсці для мастацтва не могуць быць згублены, яны будуць рэалізаваныя; яны абавязкова будуць у нейкай форме субліміраваныя.
Пра беларускую літаратуру
(Пытанне: «Як бы Вы ацанілі сучасны стан беларускай літаратуры; ці не зніжае крытыка — сваёй завышанай, неадэкватнай ацэнкай — узровень беларускай літаратуры?»)
Літаратура і мастацтва наогул такая справа, дзе нейкай адэкватнасці альбо нават аб’ектыўнасці да-
сягнуць вельмі цяжка. Гэта, можа быць, немагчыма, бо ўсё-такі ацэнкай твора займаецца пэўная асоба крытык.
Калі мець на ўвазе той гістарычны перыяд, які прайшло грамадства, дык уся культура таго грамадства падлягае пераацэнцы. I гэта цяпер робіцца. Таму што, сапраўды, толькі цяпер, можа, з’явілася магчымасць да нейкага новага прачытання. Гэта не значыць, што ўсе ацэнкі ранейшых крытыкаў былі несправядлівыя. Многа было справядлівага. Але былі і нейкія аднабаковасці; я думаю, што час усё ацэніць як трэба і расставіць усе кропкі...
У беларускай літаратуры ёсць вельмі здольныя, таленавітыя аўтары, можа, толькі не ўсе ацэнены так, як належыць.
Пра дэтэктывы
(Пытанне: «Вас не хвалюе, што большасць людзей чытае дэтэктывы і фантастыку?»)
Болыпасць чытае дэтэктывы? Я вам скажу, што яшчэ больш людзей есць улетку агуркі ці п’е гарэлку...
Дэтэктываў, фантастыкі, эратычнай і г. д. літаратуры баяцца не трэба. Няхай, калі ёсць пакупнікі, выдаўцы, калі яна дае прыбытак, — няхай. Але паралельна з гэтым будзе існаваць і высокая літаратура. Дэтэктывы і фантастыка — гэта літаратура не тое што другога, a такая, якая яна ў нас ёсць, гэта нават не літаратура... А тым не менш харошыя творы ў нас былі, ёсць, іх будуць пісаць. Чатыры сотні пісьменнікаў Беларусі абсалютна не патрэбны. He патрэбна 400 раманаў за пяцігодку. Для таго, каб нацыя адчувала сябе нармальна, каб яна нармальна развівала сваю духоўнасць, патрэбна зусім не шмат добрых кніжак у год, але гэта сапраўды павінны быць вялікія кнігі.
Пра маладых
(Пытанне: «Вашыя спадзяванні на моладзь, на яе здольнасць адрадзіць нацыю?»)
— Чалавек сталага ўзросту вельмі рызыкуе, калі выносіць нейкія ацэнкі моладзі: яны заўсёды будуць несправядлівыя. 3 антычных часоў моладзь прынята было лаяць, што яна «не такая», што яна кепская... Тым не менш чалавецтва развіваецца ў бок прагрэсу, значыць, кожнае новае пакаленне ў чымсьці, відаць, лепшае за папярэднія, хоць тут магчымы розныя зігзагі, розныя пад’ёмы і спады...
Адраджэнне увогуле справа моладзі, а не пенсіянераў. I ўдзельнічаць у ім, як і карыстацца плёнам культурнага адраджэння, найперш моладзі. Пакуль жа яна ўдзельнічае ў гэтай справе, на мой погляд, не з такім вялікім імпэтам, як хацелася б.
Калі параўнаць літаратурны ўзровень сучасных маладых літаратараў з тым, які быў, калі мы ўваходзілі ў літаратуру, то, трэба сказаць, гэта больш здольныя людзі. Іншая справа, як будзе праходзіць далей іх развіццё, але яны падаюць надзеі...
Раздзел II.
ПОПЕЛ РАСЧАРАВАННЯ, ДЫЯМЕНТ НАДЗЕІ
Дыялогі 1995 года
Чарговыя гутаркі з Васілём Быкавым адбыліся ў траўні-чэрвені 1995 года і, несумненна, найперш былі абумоўлены часам, што перажывала тады Беларусь. А час той вызначаўся многімі змрочна і нават роспачна: 14 траўня прайшоў рэспубліканскі рэферэндум, ініцыяваны прэзідэнтам, на каторы сярод іншых было вынесена і пытанне аб мове: ці мець расійскай мове роўны статус з беларускай (г. зн. дзяржаўны статус)? Большасць адсоткаў выбаршчыкаў ад тых, што ўзялі ўдзел у галасаванні, выказалася станоўча па тым пытанні... Як і наконт эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, і змене нацыянальнай (!) сімволікі на новыя, насамрэч старыя, трохі падпраўленыя сімвалы савецкай Беларусі... Так ці інакш, у грамадскім жыцці адбыўся чарговы крок назад: ад няпэўнай, няўстойлівай, вельмі абмежаванай паслясавецкай дэмакратыі (“дэмакратыі пачаткоўцаў” узгадаем быкаўскае вызначэнне ў лютым 1992 года) да сумніўных каштоўнасцяў і сэнсаў існавання — як паасобных людзей, так і нацыі ў цэлым. Сама хада гісторыі засведчыла слушнасць слоў, сказаных Васілём Уладзіміравічам у той першай гутарцы: “Будзе яшчэ шмат тупікоў і пастак... Калі нацыя мае волю да незалежнасці, яна з іх выберацца;
калі ж на пачатку дарогі карціць вярнуцца назад, тады, можа, і не варта было на гэты шлях ступаць...”.
Натуральна ж, для тых рупліўцаў, хто апошнія гады жыў высакароднай ідэяй беларускага Адраджэння, марыў аб дэмакратычнай прышласці Беларусі, надышлі далёка не светлыя часы, таму што якраз гэтымі людзьмі найбольш выразна адчулася пагроза таго, што вуснамі Быкава ў траўні 1995 года было выказана так: “...Наш гістарычны час стане змарнаваны. I мы зноў апынемся ззаду за ўсімі. I бяднейшыя за ўсіх...”. Што да палітычнага сэнсу падзей, то ён падрабязна выкладзены ў гэтых гутарках. Адзначу толькі, што ўлетку 1995 года грамадства Беларусі зноў як увосень 1991-га, — апынулася ў стане крызісу, толькі тады, пасля жнівеньскага путчу ў Маскве, той крызіс меў абнадзейныя наступствы прававую забарону дзейнасці КПСС-КПБ; прыняцце ў якасці дзяржаўных сімвалаў бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”; увогуле спадзеў на дэмакратычныя пераўтварэнні; улетку ж 1995-га усё адбылося з дакладнасцю наадварот: скасаванне нацыянальнай сімволікі, поспех адноўленай партыі камуністаў на парламенцкіх выбарах, грубы наступ мадэрнізаванай таталітарнай дзяржавы на парасткі дэмакратызацыі свабоду слова найперш. Такім чынам, гістарычнае кола ў Беларусі як бы замкнула свой круг, ураўнаважыўшы веру і паняверку, спадзяванні і расчараванні, апантанасць і скепсіс... Экзістэнцыяльны крызіс — інакш і не вызначыш тую пару 1995-га. I як заўжды на зломе экзістэнцыяльнага часу, зноў актуальным стаўся дыялог, словы, што нараджаюцца на сутычы дзьвюх свядомасцей журналісцкай і пісьменніцкай. У рабочым кабінеце Васіля Быкава мы правялі значна болей часу, чым узімку 1992-га.
Чэрвень 1995.
Ю. 3.
Лёс краін Усходняй Еўропы: «Нацыяналізм як неабходная перадумова дэмакратыі»
Падзеі, што адбываюцца цяпер у Беларусі, прадказваліся даўно, яшчэ да адстпаўкі С. Шушкевіча. Гучала нямала папярэджанняў у бок дэмакратычных сілаў аб рэальнай магчымасці наступу сіл камуністычнага рэваншу. Ды, аднак жа, сцвердзіўся самы кепскі з усіх магчымых варыянтаў — горшага і нельга было чакаць. Сёння шмат закідаў на адрас “хворага грамадства”, “цынічнага прэзідэнта”, “расійскіх спецслужбаў” і да т. п. — з боку БНФ, патрыётаў і ўсіх пераможаных. Аднак жа, калі ўзважыць інтэлектуальны патэнцыял таго ж БНФ, сябрам Сойму каторага Вы з’яўляецеся, Грамады і іншых дэмакратычных груповак, дык міжволі задаеш сабе пытанне: як жа гэтыя разумныя людзі далі сябе абдурыць палітыканам ад палітыкі? Вашыя прэтэнзіі да дэмакратычнага руху ў сувязі з паразай нацыянальных сілаў (прынамсі, на сённяшні дзень)?
— Прэтэнзіі, так бы мовіць, класічныя — тыя, што, бадай, спрадвеку прынята адрасаваць дэмакратам: чаму не аб’ядналіся? Але, мабыць, таксама спрадвеку дэмакратыя слухае такія папрокі, але не толькі не аб’ядноўваецца, а няспынна раз’ядноўваецца. Заўджы і ўсюды. Мабыць, такая ўжо прырода, метафізіка гэтае плыні. У процівагу яе антыподам, якія таксама заўсёды і ўсюды — але аб’ядноўваюцца, зрастаюцца, ператвараюцца ў адно. Як цяпер чырвоныя з карычневымі. Пяцьдзесят гадоў таму яны з крывёю біліся на палёх Еўропы, а цяпер скрозь хаўрусуюцца, утвараючы новы, дзівосны палітычны арганізм, яшчэ больш цынічны, чым камуністы і фашысты паасобку.
Нашыя палітыканы ад тутэйшай палітыкі нікога не абдурылі, як Вы кажаце. Іхнія “дурыкі” былі відаць з самага пачатку. Яны проста вырвалі ўладу ў гэткіх
жа палітыкаў, якія гэтай уладай традыцыйна валодалі. Але новыя больш цынічныя, нахрапістыя, яны рашуча выкарысталі сілу, у тым ліку і тую, што ходзіць у бронекамізэльках і чорных масках. Абдурылі яны хіба народ, які па сваёй спрадвечнай наіўнасці падумаў, што гэтыя не такія, не ранейшыя, што яны хоць штонебудзь зробяць для паратунку Беларусі. А яны і не думалі нічога рабіць, апроч бязмежнага ўмацавання бязмежнай улады. I тое зразумела: хто мае ўладу, той мае сілу, а хто мае сілу, таму непатрэбна ніякая праўда.