Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

Праўда як рэлігія

Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
39.46 МБ
— Над метафізічнымі прычынамі я не думаў, можа быць, гэта складаная справа, але вось што ў галіне рэлігіі ў нас шмат няшчасцяў ад таго, што ў нас не было адной царквы, — гэта безумоўна. Бо калі мы паглядзім на іншыя, малітоўныя, як вы кажаце, народы, каторыя дамагліся шчасця больш, чым мы, дык у іх заўсёды была
толькі адна рэлігія, а не так, як у нас: Беларусь разадраная паміж дзьвюма канфесіямі, прычым канфесіямі ў пэўным сэнсе варожымі... Канечне, можна пахваліць беларусаў за рэлігійную талерантнасць, што ў нас, маўляў, мірна суіснуюць і праваслаўе, і каталіцызм, і юдаізм, і іслам... Усё гэта добра, што мірна жылі, добра, што не рэзалі адзін аднаго, але і ўдачы з гэтага мала, таму што гэта працавала не на выпрацоўку нацыянальнай самасвядомасці, а наадварот, разбурала яе. А без нацыянальнай самасвядомасці ў наш час, як мы бачым, мы апынуліся ля разбітых ночваў. У нас няма дзяржавы, няма нацыі, хутка не будзе мовы, а потым не стане і хлеба...
Ёсць жа прыклады. У нашых суседзяў, прыбалтаў, што лепшыя ўмовы, нафта б’е фантанам? Чаму яны жывуць лепш за нас і жылі лепш, і жывуць? I будуць жыць лепш, бо яны маюць адзін капітал, самы каштоўны, можа быць, у наш час нацыянальную самасвядомасць. I яны, у сваю чаргу беручы прыклад з іншых еўрапейскіх народаў, бачаць, што тыя дамагліся такога жыцця і ўзроўню цывілізацыі зноў жа на той падставе, што ў свой час паклапаціліся згуртавацца і стварыць свае незалежныя дзяржавы. Хоць гэта ім давалася вельмі цяжка, крывава, мы ж ведаем, але яны не імкнуліся назад у імперыю. Возьмем для прыкладу хоць бы Аўстра-Вугорскую Імперыю. Апошні яе гістарычны кавалак Чэхаславакія — урэшце разваліўся. А ў нас што адбываецца? А ў нас кажуць, што “без Расіі прападзём”. Дзіўна чуць у канцы XX стагоддзя такія разважанні. Калі так разважаюць простыя людзі, для каго завысокія цэны на хлеб, гэта яшчэ зразумела, але калі так кажуць інтэлектуалы, нацыянальная эліта то тут узнікае пытанне: ці гэта дурні, нягледзячы на іх прафесарскія і доктарскія тытулы, ці яны проста злыдні, заангажаваныя людзі, якія ў адносінах да свайго народа праводзяць здрадніцкую палітыку ў інтарэсах суседняй дзяржавы...
— Сёння відавочна можна канстатаваць закат найноўшага культурнага Адраджэння беларусаў. Ці ўсе шанцы не дапусціць гэтага, на Вашу думку, былі выкарыстаны?
— Я хацеў бы сказаць, што вялікая нечаканасць, вялікае расчараванне, якое выклікае цяперашні адкат назад, назіраецца ў тых людзей, каторыя былі ў вялікай эйфарыі ад таго, што адбылося ў апошнія гады, суверэннасці, увядзення дзяржаўнай сімволікі і некаторых іншых “адраджэнскіх” з’яваў. На самой справе для кожнага разумнага чалавека ўсё гэта было даволі сумнеўна, таму што вельмі лёгка ўсё гэта далося, — настолькі лёгка, што рабілася нерэальным. У выніку падпісання трыма чалавекамі Белавежскага акту раптам развалілася імперыя і мы набылі суверэннасць. Дапусцім, акт быў, але, відаць, гэтага вельмі мала для нацыі. Трэба, каб суверэннасць нацыяй была выпакутавана, каб яна — магчыма, кажу недазволеныя рэчы, але зноў жа, азіраючыся на вопыт іншых краінаў была асвечана крывёй. А ў нас жа нічога падобнага не было ў апошнім часе. Таму і вельмі ўсё гэта было сумнеўна. Так, можна канстатаваць, што і суверэннасць мы атрымалі, і нейкую дзяржаўнасць, але нацыя не была гатова яе ўзяць, узяць гатовае, тое, што Шушкевіч прывёз нам з Белавежы. У нацыі аказаліся дзіравыя рукі, яна не змагла гэта ўтрымаць...
— Ведаеце, ад С. Шушкевіча таксама шмат што залежала і пазней, у сэнсе далейшага ўмацавання тае суверэннасці. Ён, аднак жа, па сутнасці не выпрацаваў сваёй палітыкі, ані не сабраў вакол сябе дэмакратычнай “каманды”, таму і сыйшоў з палітычнага алімпу без аніякай сур’ёзнай барацьбы. Гэта ганебны сыход для палітыка ягонага ўзроўню.
— Сапраўды, Шушкевіча сёння могуць яшчэ і злыднем зрабіць, здраднікам, як гэта робяць яго ворагі. А на самой справе ўжо адно тое, што было зроблена ягонымі рукамі ў снежні 1991 года, робіць яго нацыянальным
героем. Гістарычным героем. Хто б на яго месцы змог бы на тое пайсці? Ды ніхто не змог бы. А ён адважыўся, хоць, канечне, гэта была вялікая рызыка... Іншая рэч, што далей не змог таго забяспечыць.
— Адным з істотных ягоных пралікаў называюць, між іншым, тое, што ён дарма не правёў рэферэндуму за незалежнасць, накшталт украінскага.
— Правільна, што робяць такія закіды. Ды зноў жа: ён быў спікер, ён не быў дыктатар, як цяперашні прэзідэнт. Ён мог толькі ставіць пытанне на галасаванне, а пры тагачасным Вярхоўным Савеце хто б прагаласаваў за ягоныя прапановы, калі бальшыня там 80% належала камуністам? Яны сапраўды некалі, спалохаўшыся маскоўскага путчу, напужаўшыся, што могуць апынуцца за кратамі, прагаласавалі за незалежнасць і нават за ліквідацыю кампартыі. 3 мэтай асабістага ўратавання. Але калі ўбачылі, што нікога не саджаюць, нікога не судзяць, страх іх вельмі хутка мінуў, і яны зноў пачалі працаваць на рэанімацыю мінулага. У гэтых умовах Шушкевіч нічога не здолеў зрабіць. Калі ён толькі дзе-нідзе заікнуўся, яго тут жа прыбралі зрабіць гэта было вельмі проста, рукамі таго ж Лукашэнкі. Ён, Шушкевіч, сам гэта разумеў, але ён, магчыма, хацеў даўжэй пабыць, ды першая ж ягоная прапанова была для яго апошняй...
— Тут як сказаць. Калі б ён пачаў дзейнічаць ад пачатку вельмі рашуча і мэтанакіравана, невядома яшчэ, што было б. Яго ж і крытыкуюць за аморфнасць, “згодніцтва”, з якім ён мерыўся паяднаць прынцыпова непрымірымыя лагеры: колішніх савецкіх камуністаў і дэмакратаў, іх апазіцыю...
— Так. Але рэч у тым, што ён не быў прэзідэнтам. Ды і нават калі б ён быў ім, то ён жа дэмакрат, ён бы не павёў сябе дыктатарам, як гэты прэзідэнт. Ён зноў арыентаваўся б на тых і на другіх, дамагаўся нейкай “згоды” — і ўрэшце нічога не атрымалася б. Менавіта з прычыны ягонага дэмакратызму.
На маю думку, не варта шмат патрабаваць ад аднаго, хоць бы і надта слыннага і вартага чалавекапалітыка. Гэта ў ранейшыя часы адзін палітык (кароль, імператар, прэзідэнт) мог вызначаць сабой цэлую эпоху ў гісторыі (каралева Вікторыя, імператар ФранцІосіф I, генсек Сталін). Напрыканцы XX стагоддзя мы маем справу з надзвычайнай інтэнсіфікацыяй палітыкі, нестабільнасцю палітычнага жыцця. У гэтым сэнсе цяжка чакаць шмат чаго ад аднаго чалавека, тым болей не караля і не прэзідэнта, а толькі старшыні пракамуністычнага Вярхоўнага Савета. Станіслаў Шушкевіч здзейсніў гістарычны подзвіг ініцыяваў развал апошняй камуністычнай імперыі — і тым назаўжды ўпісаў сваё імя не толькі ў гісторыю Беларусі. Іншае, мабыць, трэба было ўзяць на сябе іншым. Але з тых, іншых, адны не змаглі, а другія не схацелі, і ўсё абярнулася бязрадасным чынам.
— Якая, на Вашу думку, палітычная перспектыва дэмакратычных сілаў: ці ёсць альтэрнатыва іхняму аб’яднанню ў адзіную хрысціянска-дэмакратычную кааліцыю (Бог і дэмакратыя — адзіныя, бадай, канстанты, што аб’ядноўваюць Фронт, Грамаду, АДПБ і іншыя партыі)?
— Гэта занадта эфемерна — аб’яднанне. Калі зыходзіць з рэальных пазіцыяў, дык, мабыць, варта звыкнуцца з думкай, што аб’яднанне дэмакратаў не адбудзецца ніколі. Мабыць, трэба вучыцца працаваць на агульную справу і ў раз’яднаным стане. Калі гэтая справа сапраўды агульная. Калі ж то не справа, а толькі прапагандовы манеўр, тады, зразумела, нічога не атрымаецца. Тады перамогуць іншыя сілы, найперш тыя, што ініцыявалі стварэнне псеўдадэмакратычных партый дзеля перамогі сілаў процілеглага напрамку.
Вернемся зноў да здолыіасьці БНФ згуртаваць вакол сябе дэмакратычную кааліцыю. (Стаўлю гэтае пытаньне таму, што рэальна толькі БНФ мог бы выканаць такую задачу.) Я ўсё-такі настойваю на тым,
што патэнцыйныя магчымасці кансалідацыі здаровых сілаў грамадства за гэты час былі, хоць бы таму, што эліта БНФ толькі частка тых сілаў. Аднак жа “рускамоўныя” дэмакраты, актывісты яўрэйскай, польскай меншасцяў і інш. — па нейкіх прычынах дыстанцыяваліся ад Фронту, не далучыліся да яго. Г. зн., што прычыны раз’яднанасці дэмакратаў ляжаць найперш не ў метафізічных глыбінях, а знаходзяцца на паверхнг: у элементарным браку палітычнай культуры і чуцця палітычнага рэалізму. У першую чаргу — лідэрамі БНФ, каторыя, прэтэндуючы на цэнтральнае месца ў дэмакратычным руху, тым часам сварацца з усімі, хто дбае пра тую ж незалежнасць, але трохі інакш... I тое не магло не адбіцца на поспеху Беларускага Народнага Фронту.
Што датычыць Пазьняка і ягонай палітыкі, дык я бачыў, што робіцца ўсё вельмі разумна і даволі памяркоўна. Пазьняк чуў з усіх бакоў папрокі ў радыкалізме, і ён мякчэў, ён увесь час, наколькі гэта было магчыма, стараўся змякчыць сваю палітыку, але — не пераступаючы пэўных маральных крытэрыяў, за якімі палітыка ўжо сапраўды становіцца бруднай справай. I ў гэтым сэнсе, канечне, яму нельга нічога закінуць. Што ён мог у тых умовах?
Пазьняк зрабіў усё, што мог. Ніхто больш за яго ў дадзеных умовах, з ягонай пазіцыяй нацыянальнага дэмакратызму зрабіць не змог бы. Ён зрабіў больш, чым можа зрабіць звычайны, нармальны палітык, хай і нацыянальны патрыёт. А ён зрабіў болып. Ён, можна сказаць, ахвяраваў сваё жыццё на гэта, і прычына ягонай няўдачы ў тым, што ён надта вырваўся наперад свайго часу. Гэта будзе ацэнена ў будучыні. Памятаеце, як ён некалі па тэлебачанні заявіў у прамым эфіры, што кампартыя — самая крывавая партыя ў свеце, калі яшчэ сядзеў Сакалоў? Гэта было жахліва па тым часе. Я нават, гледзячы тое па тэлевізары, знямеў, таму што мне здавалася, што заўтра ён будзе раскрыжаваны
на плошчы. Аднак ён перамог. Ён перамог і сказаўшы праўду пра Курапаты; перамог, калі надрукаваў артыкул пра расійскі імперыялізм, які зрабіў яму многа ворагаў тут і за межамі, аднак час паказаў, што ацэнкі тыя былі абсалютна справядлівыя, у тым ліку і ягоныя закіды супраць расійскай дэмакратыі, якая цяпер вырадзілася... Усё абсалютна дакладна было ім прадказана. I ягоная пазіцыя ў гэтым сэнсе проста выдатная, крыштальная пазіцыя. Толькі ўся яе праблематычнасць, так бы мовіць, заключаецца ў тым, што тое было сказана як яно і належыць для палітыка занадта рана, калі грамадства яшчэ было не ў стане ўспрыняць яго. Такой апераджальнай якасцю валодаў Алесь Адамовіч, які казаў аб ядзернай пагрозе і празмернай мілітарызацыі. Тое заўсёды выклікала пярэчанні, а потым прымалася. Зайздросная роля такіх правідцаў, але незайздросны іх лёс, таму што іх не прымаюць у сваім часе. Іх прымуць пасля. Добра, калі яшчэ пры жыцці.