Праўда як рэлігія Гутаркі з Васілём Быкавым Юрась Залоска

Праўда як рэлігія

Гутаркі з Васілём Быкавым
Юрась Залоска
Выдавец: Медысонт
Памер: 192с.
Мінск 2010
39.46 МБ
— Мабыць, у жыцці гэта не так і лёгка — гневацца. Вам часта гэта даводзілася рабіць, Васіль Уладзіміравіч?
— Чаму ж не? У нас гэтага хапала, гэта, можа быць, для Амерыкі новая думка, а ў нас жа эмоцыі дагэтуль...
— Сёння ці маеце якое кантактаванне з замежнікамі — выдаўцамі, пісьменнікамі?
Ёсць такі нямецкі паэт і празаік Крыстоф Хойбнер, ён мала вядомы, але гэта інтэлектуал, пісьменнік, і мы з ім даўно сябруем. Ёсць ў нас і перакладчыкі, ка-
торыя перакладаюць нашы творы. Норберт Рандау, каторага нядаўна прынялі ў Беларускі ПЭН-клуб, некаторыя выдаўцы. Асабліва шмат кантактаў з балгарамі, менш з палякамі...
— А палякі якраз багата Вашых твораў пераклалі...
— Некалі я быў знаёмы з Ежы Путраментам, трохі меней з Івашкевічам. Было ў мяне знаёмства з Віктарам Варашыльскім, польскім дысідэнтам і літаратарам (пераклаў на польскую мову аповесці В.Быкава “Альпійская балада”, “Круглянскі мост”, “Праклятая вышыня”. Ю. 3.). Што важна ён быў родам з Гродна. Гісторыю яго сям’і я неяк пераказаў Адаму Міхніку, каб той напісаў пра гэта ў сваёй газеце. Варашыльскі быў з яўрэйскай сям’і. Яго бацька ў Гродне трымаў гінекалагічную клініку. Калі пачалася вайна, яны там і засталіся: бацькі ягоныя, яшчэ двое дзяцей, апроч Віктара, дзед з бабаю... I іхняя пакаёўка, гродзенская беларуская цётка, на жаль, не памятаю яе імя, усю вайну іх перахоўвала і ўсіх зберагла, ніхто не загінуў. Яна нам з Карпюком распавядала, як цягала іх з адной вуліцы на другую, па розных склепах і хлявах хавала... Пасля вызвалення яны з’ехалі ў Польшчу.
У 1966 годзе Віктар Варашыльскі прыехаў у Гродна. У Польшчы на той час ён лічыўся дысідэнтам. A я таксама ўжо трапіў у “няміласць”. Мы сустрэліся, хадзілі ў рэстаран, гаварылі. Пасля я яго праводзіў на вакзал, на мытні развіталіся, і я пайшоў дамоў, перакананы, што той паехаў у Польшчу. Але праз нейкі час Варашыльскі даслаў мне з Варшавы ліст, у каторым паведамляў, што тады ён не з’ехаў, супрацоўнікі КДБ знялі яго з цягніка, пратрымалі суткі, зрабілі вялікі вобыск, прагледзелі ўсё, распаролі вопратку, шукалі нечага. Гэта была яго апошняя паездка ў Гродна... Вось што датычыць літаратурных сувязей на той час.
Увогуле той мой гродзенскі перыяд, я цяпер так думаю, варта ўсё-такі ў форме нейкіх успамінаў ці біяграфіі апісаць, таму што час праходзіць і нешта па-
ступова забываецца. А там было шмат павучальнага. Было, было... Трэба напісаць, пакуль помніцца.
Пасля яшчэ што важна: многае мы перажылі ўдвох з Карпюком. Трэцім у нашай кампаніі быў Барыс Клейн, дацэнт з медінстытута, яўрэй, ён пасля з’ехаў у Амерыку, канечне... Гэта было проста сяброўства. Прытым Карпюк быў па-грамадзянску ангажаваны чалавек. Калі ён бачыў, праходзячы па вуліцы, зламанае дрэва ці іншы непарадак, то ішоў у абкам і ўздымаў буру. Ён усё жыццё так рабіў, у адрозненне ад мяне, каторы заўсёды ў такіх выпадках казаў: “Куды ты ідзеш?”. Ён быў такі рамантык. Ён лічыў, што камунізм гэта правільна, што трэба змагацца і г. д. Гэта скончылася тым, што яго ўрэшце выключылі з партыі (за вайну) і ў дадатак навесілі сем артыкулаў Крымінальнага кодэксу, кожны з якіх, як казаў пракурор, цягнуў на 15 гадоў: здрада Радзіме, дэзерцірства, укараненне агентаў гестапа ў партызанскі атрад — чаго толькі ні было. Гэта было жахліва. Але ўсё тое было няпраўдай, усё інспіравана. Чаму няпраўдай? Да Карпюка з Ленінграда часам прыязджаў яго былы камандзір брыгады Вайцяхоўскі, каторы яго прызначыў камандзірам атрада. Ён пасля ў КДБ даў сведчанні, што, маўляў, такога атрада ў брыгадзе не было, і ён Карпюка не прызначаў, значыцца, той самазванец. Але, на шчасце, я быў сведкам тых размоў, пагэтаму выступіў катэгарычна супраць такіх абвінавачанняў... Нічога асабліва не было ўспрынята, аднак выключэнне з партыі Машэравым было заменена на строгую вымову. Інакш бы Карпюк загінуў... Пасля выключылі з партыі Барыса Клейна. Ён выкладаў гісторыю партыі ў медінстытуце, быў кандыдатам гістарычных навук. У таго была такая гісторыя — я часткова гэта выкарыстаў у апавяданні (“Бедныя людзі”. Ю.З.): ён абараняў дысертацыю ў Віленскім універсітэце, стуль быў яго навуковы кіраўнік, літовец. I вось Клейн дачуўся, што таго прафесара за нацыяналізм нібыта звольнілі з працы,
ашальмавалі... Клейн, ехаўшы з Ленінграда, вырашыў заехаць да яго, каб паспачуваць чалавеку. Так і зрабіў, зайшоў, яны пагаманілі, папілі гарбаты... А пасля той прафесар падумаў, што Клейна падаслалі — Клейн жа гаварыў нешта такое, што можна было ўспрыняць як правакацыю. Таму той прафесар памэнчыўсяпамэнчыўся некалькі дзён і ... напісаў “справаздачу” ў КДБ. Праз колькі часу Клейна выклікаюць на бюро гаркама і выключаюць з партыі, пазбаўляюць кандыдацкага дыплома... Ён пайшоў працаваць на гародніную базу памочнікам бухгалтара... А пасля ўзяліся за мяне, пачалі цягаць... Я зразумеў, што хутка павінны былі вынесці нейкае канчатковае рашэнне (як пасля даведаўся, ім трэба было зрабіць з мяне “беларускага Салжаніцына” і выкінуць за мяжу). 3 партыі мяне нельга было выключыць я быў беспартыйны; з работы таксама не знімеш — я нідзе не працаваў, быў літкансультантам рэдакцыі абласной газеты. Маглі, канечне, пераехаць аўтамабілем дзе-небудзь... Як потым стала вядома ад людзей, больш дасведчаных па лініі КДБ (у гэты момант размову неспадзявана перапыняе тэлефонны званок; Быкаў бярэ трубку, але на “тым” канцы яе апускаюць... — Ю. 3.), яны мне рыхтавалі высылку. Але пасля ўсё перавярнулася (зноў звоніць тэлефон, Быкаў зноў бярэ трубку, але “там” яе зноў кладуць. — “Што такое?”) — як у Маскве мне далі Дзяржаўную прэмію (1974 год. — Ю. 3.). Тады я ўбачыў, што нешта ў іх забуксавала, пачаўся ход назад. Клейну спярша вярнулі кандыдацкі дыплом. Карпюк два гады пахадзіў па партыйных “чысцілішчах” і строгую вымову з яго ўрэшце знялі, ён нібыта стаў чыстым... Тады і ў мяне справы пайшлі на лад, трэціраваць перасталі... Мне, безумоўна, дапамагла расійская дэмакратыя, дэмакратычная частка расійскай літаратурнай грамадскасці. Можа, калі напішу, дасць Бог, таму што ўсё гэта — сюжэт пэўнай драмы. ДРАМЫ ПРА МІНУЛАЕ.
— А хто Вам пра “лёс Салжаніцына” сказаў?
— Неяк, ужо ў наш час, публічна сказаў аб гэтым Барыс Сачанка а ён меў рэпутацыю чалавека дасведчанага...
Як паставіліся тады, пры канцы 1960-х у пачатку 70-х, да сітуацыі вакол Вас беларускія пісьменнікі?
— Супраць першых выпадаў у мой адрас выступілі 62 беларускія пісьменнікі, найперш мае сябры: Вярцінскі, Бураўкін... Яны напісалі ліст у маю абарону ў ЦК КПСС. Ён, натуральна, не друкаваўся, але яны здолелі сабраць 62 подпісы. Пасля, вядома, ім дасталося, быў адпаведны працяг, але такая акцыя была... Тады, калі я жыў на Гродзеншчыне, якое б ні праводзілася “мерапрыемства” гаспартактывы, пленумы абкама, гаркама, райкамаў і г.д., — усе яны зварочваліся на Быкава. Пакідаліся ўбаку жывёлагадоўля і выкананне планаў... Праводзілі паралелі, я быў “ідэалагічным дыверсантам”. I гэта ж прадаўжалася не адзін год, гэта цягнулася недзе з 1966-га па 1974 год. Выратоўчым плыцікам, як я ўжо казаў, быў “Новый мнр”. Твардоўскі пасля першай публікацыі сказаў мне, што ён будзе друкаваць усё, што я ні напішу, у любым жанры. У той час гэта было неверагодна, бо калі нейкі твор тады падпадаў пад партыйную крытыку, то перад аўтарам закрывалася дарога да чытача найперш у тым выданні, каторае яго надрукавала. Твардоўскі ж і рэдкалегія “Нового мнра”, наадварот, мяне падтрымалі. Памятаю, мяне моцна пабілі ў “Правде” за “Мёртвым не баліць”... Напісаў наступны твор там жа надрукаваў, пабілі яшчэ мацней... Напісаў “Круглянскі мост” яшчэ мацней узяліся... Уключаліся ўсе выданні — і ў Маскве, і ў рэспубліках, абласцях, раёнах, — пісалі партызаны, героі і г.д., даваліся цэлыя развароты. Тры рэчы былі аддадзены самаму жахліваму астракізму: “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост” і “Праклятая вышыня”. 3 “Сотнікавым” намеціўся нейкі паварот (к таму часу яны ўбралі з “Нового мнра” Твардоўскага і расшарсцілі ўсю рэдкалегію). Твардоўскі яшчэ яго
падрыхтаваў, прачытаў, але нумар падпісаў ужо новы рэдактар...
Ці ўзнікалі ў Вас у той час думкі пра эміграцыю?
Ды не. Па-першае, я быў да таго не гатовы, і не думаў пра тое. Мне, прынамсі, пра гэта ніхто не намякаў. Намякалі, наадварот, на фізічную расправу. I такое было, калі нападалі на вуліцах, крымінальнікі...
Хто?
— Неяк вечарам мы з Клейнам ішлі па вуліцы, я яго праводзіў. Ля пад’езда яго дома у цэнтры горада трохі затрымаліся, заканчваючы размову. I тут на нас наляцелі трое здаровых дзецюкоў. Пачалі біць. Разбілі акуляры і г.д... Прычым моўчкі. Мы крычым: “У чым справа, за што!?” А тыя маўчаць. Потым раптам усе адсыпаліся, адзін паварочваецца і кажа: “Простнте, ребята”. Усё адразу стала зразумела... У міліцыю, параіўшыся, мы не пайшлі, бо адно толькі згубілі б ноч, пішучы тлумачэнні...
— Якія адносіны з расійскай дэмакратычнай грамадскасцю ў Вас захоўваюцца цяпер; увогуле, што Вы думаеце наконт сучасных падзей у Расіі?
— Тут я скажу вот што. Некалі, на пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў у Расіі, у Маскве, я дужа спадзяваўся на расійскіх дэмакратаў. I мне здаваліся празмернымі закіды Пазьняка ў бок расійскай дэмакратыі. Многіх тых дэмакратаў я ведаў асабіста, і ў мяне была спадзяванка на іх, я разлічваў, што яны, як дэмакраты, зразумеюць і дэмакратыю нацыянальную, напрыклад, у Беларусі, і падтрымаюць яе... Але апынулася, што Пазьняк меў рацыю. Мы пабачылі, як перарадзілася ў сваёй масе расійская дэмакратыя. Нават лепшыя з іх сталі дзяржаўнікамі, апраўдалі разгром Чачні. Намінальна дэмакратычны ўрад Ельцына, што мяне моцна здзівіла, паяднаўся з тымі ж таджыцкімі камуністамі, каторыя пры ўладзе, пачаў іх падтрымліваць супраць дэмакратычных нацыяналаў, каторых выгналі ў эміграцыю. Цяпер у адносінах да
Украіны гэтыя “дэмакраты” павялі сябе не лепшым чынам. I адносна Беларусі, хоць пра Беларусь пакуль што асабліва не выказваліся... Я скажу, што гэта дзівосная, гібрыдная рэч расійская дэмакратыя; гэта не тая дэмакратыя, за каторую мы яе прымалі і на каторую хацелі спадзявацца. Гэта вельмі і вельмі сумна, таму што лёс Беларусі, што б там ні казалі, моцна звязаны з лёсам Расіі. Як мацнейшая суседка, яна вызначае шмат што з нашага ўнутранага жыцця. Тое, што ў нас робіцца, толькі адбітак тых працэсаў, якія адбываюцца ў Расіі. Благіх ці добрых. Дык вось гэта вельмі прыкра, што адбылося з расійскай дэмакратыяй. Зрэшты, там ёсць і людзі, каторыя не да канца ў гэтым сэнсе збанкрутавалі, дэмакраты, каторым я веру, і каторыя, спадзяюся, такімі застануцца і надалей...