Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
3 таго часу я пачаў разводзіць коз. Мне хацелася, каб у мяне быў цэлы статак, таму што гэта быў адзіны сродак забяспечыць сябе мясам да таго часу, калі ў мяне скончыцца порах і шрот.
Гады праз паўтара ў мяне ўжо было не менш дванаццаці коз, лічачы з казлянятамі, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. 3 цягам часу я збудаваў пяць загароджаных загонаў; усе яны злучаліся пфміж сабой варотцамі, каб можна было пераганяць коз з аднаго лужка на другі.
У мяне цяпер быў невычарпальны запас казінага мяса і малака. Кажучы па шчырасці, калі я толькі браўся разводзіць коз, я нават і не думаў пра малако. Толькі пазней я пачаў іх даіць.
Я думаю, што нават самы пануры чалавек не стрымаўся б ад усмешкі, каб убачыў мяне з маім сямействам за абедзенным сталом. На галоўным месцы сядзеў я, кароль і ўладар вострава, які поўнаўладна распараджаўся жыццём усіх сваіх падданых: я мог караць і мілаваць, дараваць і адбіраць волю, і сярод маіх падданых не было ніводнага бунтаўшчыка.
Трэба было бачыць, з якой каралеўскай пышнасцю я абедаў адзін, акружаны маімі прыдворнымі. Толькі Попку, пястуну, дазвалялася
размаўляць са мной. Сабака, які даўно ўжо састарыўся, садзіўся заўсёды з правай рукі свайго ўладара, а злева сядалі каты, чакаючы падачкі з маіх уласных рук. Такая падачка лічылася знакам асаблівай каралеўскай міласці.
Гэта былі не тыя каты, якіх я прывёз з карабля. Тыя даўно памерлі, і я сам пахаваў іх непадалёк ад свайго жылля. Адна кошка ўжо на востраве акацілася; я пакінуў у сябе двое кацянят, і яны выраслі ручнымі, а астатнія збеглі ў лес і здзічэлі. Паступова на востраве распладзілася такое мноства катоў, што ад іх не было адбою: яны лазілі да мяне ў кладоўку, цягалі правізію і пакінулі мяне ў спакоі толькі тады, калі я прыстрэліў двух ці трох.
Паўтараю: я жыў сапраўдным каралём, ні ў чым не маючы патрэбы; вакол мяне заўсёды быў цэлы штат адданых мне прыдворных — не было толькі людзей. Аднак, як убачыць чытач, неўзабаве прыйшоў час, калі ў маіх уладаннях з’явілася нават вельмі многа людзей.
Я цвёрда вырашыў ніколі больш не распачынаць небяспечных марскіх падарожжаў, і ўсё роўна мне вельмі хацелася мець пад рукамі лодку — хаця б для таго, каб плаваць на ёй каля самага берага. Я часта думаў пра тое, як бы мне перавесці яе на той бок вострава, дзе была мая пячора. Але, разумеючы, што ажыццявіць гэты план цяжка, кожны раз я супакойваў сябе тым, што мне добра і без лодкі.
Аднак, сам не ведаю чаму, мяне вельмі цягнула да тае горкі, куды я ўзбіраўся ў час мае апошняе паездкі. Мне хацелася яшчэ раз паглядзець адтуль, якія абрысы берагоў і куды накіроўваецца цячэнне. У рэшце рэшт я не вытрымаў і падаўся ў дарогу — на гэты раз пехатой, уздоўж берага.
Калі б у нас у Англіі з’явіўся чалавек у такой адзежы, якая была на мне ў той час, усе прахожыя, я ўпэўнены, разбегліся б ад страху або пакаціліся б са смеху; ды і сам я не раз, гледзячы на сябе, міжвольна ўсміхаўся, уяўляючы сабе, як я шпацырую па роднаму Йоркшыру з такой світай і ў такім убранні.
На галаве ў мяне ўзвышалася спічастая няўклюдная шапка з казінага футра. Яна спаў-
зала мне на патыліцу, каб прыкрываць маю шыю ад сонца, а ў час дажджу не даваць вадзе ліцца за каўнер. У гарачым клімаце няма нічога больш шкоднага, чым дождж, які трапляе за адзежу на голае цела.
Затым на мне быў доўгі камзол з таго ж матэрыялу, амаль да каленяў. Штаны былі са скуры вельмі старога казла з такой доўгай поўсцю, што яны закрывалі мне ногі амаль да палавіны лытак. Панчох у мяне зусім не было, а замест чаравік я змайстраваў сабе — не ведаю, як і назваць,— боты не боты з доўгімі шнуркамі, якія завязваліся збоку. Абутак гэты быў вельмі дзіўны, як, зрэшты, і ўсё астатняе маё ўбранне.
Камзол я падпяразваў шырокай папругай з казінай скуры; спронжку мне замянілі два шкурацікі, а з бакоў я прышыў па пятлі — не шпагу і кінжал насіць, а для пілы і сякеры.
Апрача таго, я надзяваў скураную перавязь цераз плячо з такімі ж засцежкамі, як і на папрузе, толькі крыху вузейшымі. Да гэтай перавязі я прымацоўваў дзве сумкі так, каб яны знаходзіліся пад левай рукой: у адной быў порах, у другой шрот. За спіною ў мяне вісела карзіна, за плячыма стрэльба, а над галавою — вялізны футравы парасон. Парасон быў брыдкі, але ён быў, бадай, самай неабходнай прыналежнасцю пры маіх дарожных зборах. Болып патрэбная за парасон — была хіба толькі стрэльба.
Колерам твару я найменш, чым можна было чакаць, нагадваў негра, улічваючы тое, што я жыў непадалёк ад экватара і ніколькі не баяўся загару.
Спачатку я адпусціў сабе бараду. Барада вырасла непамернай даўжыні. Потым я пагаліў яе, пакінуўшы толькі вусы; але затое вусы выгадаваў незвычайныя, сапраўдныя турэцкія. Яны былі такой страшэннай даўжыні, што ў Англіі палохалі б прахожых.
Але пра ўсё гэта я зазначаю мімаходам: не надта многа было на востраве гледачоў, якія маглі б захапляцца маім тварам і паставай,— дык ці не ўсё роўна, якая была ў мяне знешнасць! Я загаварыў пра яе проста таму, што прыйшлося да слова, і больш ужо не буду весці гаворкі на гэту тэму.
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
Нечаканая трывога.— Рабінзон умацоўвае сваё жыллё
Неўзабаве адбылася падзея, якая рашуча парушыла спакойнае цячэнне майго жыцця.
Было пад поўдзень. Я ішоў берагам мора, накіроўваючыся да свае лодкі, і раптам, на вялікае здзіўленне і жах, убачыў на пяску выразны след босай чалавечай нагі!
Я спыніўся і не мог крануцца з месца, як быццам мяне ўдарыла громам, як быццам я ўбачыў здань.
Я пачаў прыслухоўвацца, я азіраўся навокал, але не чуў і не бачыў нічога падазронага.
Я ўзбег наверх па ўзбярэжнаму схілу, каб лепш агледзець увесь краявід; зноў спусціўся да мора, прайшоў уздоўж берага — і нідзе не знайшоў нічога: ніякіх прыкмет прысутнасці людзей, апрача гэтага адзінага адбітка нагі.
Я вярнуўся яшчэ раз на тое ж месца. Мне хацелася даведацца, ці няма там яшчэ адбіткаў. Але другіх адбіткаў не было. Магчыма, мне здалося? Магчыма, гэты след не належаў чалавеку? He, я не памыліўся! Гэты быў несумненна след нагі чалавека: я выразна адрозніў пяту, пальцы, падэшву. Адкуль тут узяўся чалавек? Як ён сюды трапіў? Я губляўся ў здагадках і не мог спыніцца ні на чым пэўным.
Страшэнна растрывожаны, не чуючы зямлі пад нагамі, заспяшаўся я дадому, у сваю крэпасць. Думкі блыталіся ў маёй галаве.
Праз кожныя два-тры крокі я азіраўся. Я баяўся кожнага куста, кожнага дрэва. Кожны пень здалёку я прымаў за чалавека.
Немагчыма апісаць, якую нечаканую і палахлівую форму набывалі раптам усе рэчы ў маім узбуджаным уяўленні, якія дзікія фантастычныя думкі хвалявалі мяне ў той момант і якія бязглуздыя намеры прыходзілі мне ў галаву па дарозе.
Дабраўшыся да свае крэпасці (так я пачаў з таго дня называць сваё жыллё), я імгненна апынуўся за агароджай, нібыта за мною гналася пагоня.
Я нават не мог успомніць, пералез я цераз агароджу прыстаўнымі лескамі, як заўсёды,
ці зайшоў праз дзверы, гэта значыць знадворным праходам, які я выкапаў у гары. Я і на другі дзень не здолеў прыпомніць гэтага.
Ніводзін заяц, ніводзін ліс, ратуючыся ад зграі сабак, не ўцякалі так у сваю нару, як я.
Усю ноч я не мог заснуць і тысячу разоў задаваў сабе адно і тое ж пытанне: якім чынам здолеў трапіць сюды чалавек?
Магчыма, гэта адбітак нагі якога-небудзь дзікуна, які трапіў на востраў выпадкова. А можа, дзікуноў было многа? Магчыма, яны выйшлі ў мора на сваёй пірозе і іх прыгнала сюды цячэннем ці ветрам? Зусім магчыма, што яны пабылі на беразе, а потым зноў выйшлі ў мора, таму што ў іх, відаць, было гэтак жа мала жадання заставацца ў гэтай пустыні, як у Mane — жыць па суседству з імі.
Вядома, яны не заўважылі мае лодкі, інакш здагадаліся б, што на востраве жывуць людзі, пачалі б шукаць іх і напэўна знайшлі б мяне.
Але тут мяне апякла страшэнная думка: «А што, калі яны бачылі маю лодку?» Ад гэтай думкі я пакутаваў.
«Праўда,— казаў я сабе,— яны зноў пайшлі ў мора, але гэта яшчэ нічога не даказвае; яны вернуцца, яны абавязкова вернуцца з цэлым натоўпам другіх дзікуноў і тады знойдуць мяне і з’ядуць. А калі ім і не ўдасца знайсці мяне, усё роўна яны ўбачаць мае палі, мае загарадкі, яны знішчаць увесь мой хлеб, згоняць мой статак, і мне давядзецца загінуць з голаду».
Першыя трое сутак пасля майго жахлівага адкрыцця я ні на мінуту не пакідаў свае крэпасці, так што пачаў нават галадаць. Я не трымаў дома вялікіх запасаў харчавання, і на трэція суткі ў мяне заставаліся толькі ячменныя праснакі і вада.
Мяне мучыла таксама і тое, што мае козы, якіх я звычайна даіў кожны вечар (гэта бала штодзённая забава), цяпер заставаліся нядоеныя. Я ведаў, што бедныя жывёліны праз гэта павінны былі вельмі пакутаваць; апрача таго, я баяўся, што ў іх можа загінуць малако. I мой страх спраўдзіўся: большасць коз захварэла і амаль перастала даваць малако.
На чацвёртыя суткі я набраўся адвагі і выйшаў. А тут яшчэ ў мяне з’явілася адна думка, якая канчаткова вярнула мне маю pa-
нейшую бадзёрасць. Якраз тады, калі мой страх, здавалася, дасягнуў вяршыні, калі ад адной здагадкі я кідаўся да другой і ні на чым не мог спыніцца, мне раптам прыйшло ў галаву, а ці не выдумаў я ўсю гэту гісторыю са следам чалавечай нагі і ці не мой гэта ўласны след. Ён жа мог застацца на пяску, калі я перадапошні раз хадзіў глядзець сваю лодку. Праўда, вяртаўся я звычайна другой дарогай, але гэта было даўно, і хіба мог я з ўпэўненасцю сцвярджаць, што ішоў тады менавіта той, а не гэтай дарогай?
Я пастараўся запэўніць сябе, што так яно і было, што гэта мой уласны след і што я быў падобны на таго дурня, які выдумаў байку пра нябожчыка, што ўстаў з труны і сам жа палохаўся свае байкі.
Вядома, гэта быў мой уласны след!
Упэўніўшы сябе такім чынам, я пачаў выходзіць з дому па розных гаспадарчых справах. Я пачаў кожны дзень бываць у сябе на дачы. Там я даіў коз, збіраў вінаград. Але калі б вы пабачылі, як я баязліва ішоў туды, як часта азіраўся па баках, гатовы ў любы момант кінуць сваю карзіну і сам кінуцца ўцякаць, вы, напэўна, падумалі б, што я нейкі страшэнны злачынца, якога прыгнятаюць пакуты сумлення.
Аднак прайшло яшчэ два дні, і я зрабіўся куды смялейшы. Я канчаткова ўпэўніў сябе, што ўвесь мой страх — не інакш як вынік недарэчнай памылкі, але, каб ужо не заставалася ніякіх сумненняў, я вырашыў яшчэ раз схадзіць на той бераг і параўнаць таямнічы след з адбіткам мае ўласнае нагі. Калі і той і мой след будуць аднолькавых памераў, то я магу быць упэўнены, што след, які мяне напалохаў, быў мой уласны і што я спалохаўся сябе самога.