Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
Да гэтага часу я не баяўся, я быў упэўнены, што і гэта бура мінуецца гэтак жа шчасліва, як і першая. Але калі сам капітан сказаў, што ўсім нам прыйшоў канец, я страшэнна спалохаўся і выбег з каюты на палубу. Ніколі ў жыцці не даводзілася бачыць мне такога жахлівага відовішча. На моры, быццам высачэзныя горы, хадзілі велізарныя хвалі, і кожныя тры-чатыры мінуты на нас абвальвалася такая гара.
Спачатку я нібы здранцвеў ад страху і не мог нават глядзець навокал. Калі ж нарэшце адважыўся зірнуць назад, я зразумеў, якое бедства нас спасцігла.
На двух цяжка гружаных суднах, якія стаялі непадалёку ад нас на якары, матросы валілі мачты, каб караблі хоць крыху вызваліліся ад цяжару.
Нехта крыкнуў у роспачы, што карабель, які стаяў наперадзе за паўмілі ад нас, у гэты самы момант знік пад вадой.
Яшчэ два судны бура сарвала з якара і панесла ў адкрытае мора.
Што чакала іх там? Усе іх мачты былі скрышаны ўраганам.
Невялікія судны трымаліся лепш, аднак некаторыя з іх таксама пацярпелі: два ці тры з іх пранесла паўз нашы барты проста ў адкрытае мора.
Вечарам штурман і боцман прыйшлі да капітана і прапанавалі яму для выратавання судна ссячы фок-мачту Ч
— Адкладваць нельга ні мінуты! — сказалі яны.— Загадайце, і мы ссячом яе.
— Пачакаем яшчэ трохі,— запярэчыў капітан.— Магчыма, бура сціхне.
Яму вельмі не хацелася секчы мачту, але боцман пачаў даводзіць, што, калі мачту пакінуць, карабель пойдзе на дно,— і капітан міжволі згадзіўся.
А калі ссеклі фок-мачту, грот-мачта2 пачала так моцна хіліцца і разгойдваць судна, што давялося ссекчы і яе.
Настала ноч, і раптам адзін з матросаў, які спускаўся ў трум, закрычаў, што судна пацякло. У трум паслалі другога матроса, і ён далажыў, што вада паднялася ўжо на чатыры футы 3.
Тады капітан загадаў:
— Выпампоўвай ваду! Усе да помпаў!
Калі я пачуў гэту каманду, у мяне ад жаху замерла сэрца: мне здалося, што я паміраю, ногі мае аслабелі, і я паваліўся ніцма на койку. Але матросы расштурхалі мяне, патрабуючы, каб я не адлыньваў ад работы.
— Даволі ты біў бібікі, час прыйшоў і папрацаваць!
Нічога не зробіш, я пайшоў да помпы і пачаў старанна выпампоўваць ваду.
У гэты час невялікія грузавыя судны, якія не маглі ўтрымацца супроць ветру, узнялі якары і выйшлі ў адкрытае мора.
Убачыўшы гэта, наш капітан загадаў стрэліць з гарматы, каб папярэдзіць іх, што нас чакае смяртэльная небяспека. Пачуўшы стрэл гарматы і не разумеючы, у чым справа, я ўявіў сабе, што наша судна разбілася і вось-вось пойдзе на дно. Мне зрабілася так страшна, што я страціў прытомнасць і паваліўся. Аднак у гэты час кожны клапаціўся перш за ўсё пра выратаванне ўласнага жыцця, і на мяне ніхто не звярнуў увагі. Ніхто нават не пацікавіўся, што са мною здарылася. Адзін з матросаў стаў
1 Ф о к-м а ч т a — пярэдняя мачта.
2 Г р о т-м а ч т a — сярэдняя мачта.
3 Ф у т — англійская мера даўжыні, каля адной трэці метра.
на маё месца да помпы, адсунуўшы мяне нагою. Усе былі ўпэўнсны, што я ўжо нежывы. Так я праляжаў вельмі доўга. Ачухаўшыся, я зноў узяўся за работу. Мы працавалі без пярэдыху, а вада ў труме падымалася ўсё вышэй і вышэй.
Было зусім ясна, што судна пойдзе на дно. Праўда, шторм пачаў патроху суцішацца, але ў нас не прадбачылася ніякай магчымасці пратрымацца на вадзе да таго часу, пакуль мы зойдзем у гавань. Таму капітан не пераставаў страляць з гарматы, спадзеючыся, што хтонебудзь выратуе нас ад пагібелі.
Нарэшце адно невялікае судна, што было бліжэй да нас, рызыкнула спусціць шлюпку, каб прыйсці нам на дапамогу. Шлюпка кожную хвіліну магла перакуліцца, але яна ўпарта набліжалася да нас. I ўсё роўна мы не маглі перабрацца ў шлюпку, таму што не было ніякай магчымасці прычаліць яе да нашага карабля, хоць людзі веславалі з усяе сілы, рызыкуючы ўласным жыццём для выратавання нашага. Мы кінулі ім канат. Яны доўга не маглі злавіць яго, таму што бура адносіла яго ўбок. Але, на шчасце, адзін смяльчак пасля неаднаразовых няўдалых спроб нарэшце злаўчыўся і схапіў канат за самы канец. Тады мы падцягнулі шлюпку да нашай кармы і ўсе да аднаго перабраліся на яе. Мы меркавалі даплыць да іх карабля, але не змаглі адолець хваль, якія неслі нас да берага. Выявілася, што толькі ў гэтым напрамку і можна было веславаць.
He прайшло і чвэрці гадзіны, як наш карабель пачаў апускацца ў ваду.
Хвалі так кідалі шлюпку, што нам не відно было нават берага. Толькі на нейкае імгненне, калі ўскідвала на грэбень хвалі, мы маглі бачыць, што на беразе сабраўся натоўп людзей. Людзі бегалі туды і сюды, гатовыя кінуцца нам на дапамогу, як толькі мы падыдзем бліжэй. Але мы рухаліся да берага вельмі павольна.
Толькі пад вечар здолелі мы выбрацца на сушу, ды і то з найвялікшымі цяжкасцямі.
У Ярмут ісці нам давялося пешкі. Там нас чакала сардэчная сустрэча: жыхары горада, якія ўжо даведаліся пра наша няшчасце, адвялі нам добрае жыллё, пачаставалі выдатным
абедам і далі нам грошай, каб мы здолелі дабрацца, куды пажадаем — да Лондана ці да Гуля.
Непадалёку ад Гуля быў Йорк, дзе жылі мае бацькі, і, вядома ж, мне трэба было вярнуцца да іх. Яны даравалі б мне мае самавольныя ўцёкі, і ўсе мы былі б такія шчаслівыя!
Але безразважная мара пра марскія прыгоды не пакідала мяне і зараз. Хоць цвярозы голас розуму казаў мне, што на моры мяне чакаюць новая небяспека і нягоды, я зноў пачаў думаць пра тое, як бы мне трапіць на карабель і аб’ехаць па морах і акіянах увесь свет.
Мой прыяцель (той самы, бацьку якога належала загінуўшае судна) быў цяпер пануры і самотны. Бяда гняла яго.
Ён пазнаёміў мяне са сваім бацькам,— той таксама не пакідаў бедаваць па затайулым караблі. Даведаўшыся ад сына пра маю цягу да марскіх падарожжаў, стары сурова зірнуў на мяне і сказаў:
— Малады чалавек, вам ніколі болей не трэба выходзіць у мора. Я чуў, што вы баязлівец, што вы распешчаны і губляеце галаву нават пры самай нязначнай небяспецы. Такія людзі не варты ў маракі. Хутчэй вяртайцеся дадому і памірыцеся з раднёю. Вы ўжо самі на сабе зазналі, як небяспечна падарожнічаць морам.
Я адчуваў, што ён кажа праўду, і не мог пярэчыць. Але ўсё роўна я не вярнуўся дадому, таму што мне было брыдка паказацца на вочы маім блізкім. Мне здавалася, што ўсе нашы суседзі будуць нада мною кпіць; я быў упэўнены, што мае няўдачы зробяць мяне пасмешышчам для ўсіх сяброў і знаёмых.
3 цягам часу я не аднойчы заўважаў, што людзі, асабліва ў маладосці, лічаць непрыстойнымі не тыя свае бессаромныя ўчынкі, за якія завуць іх дурнямі, а тыя добрыя і высакародныя справы, якія робяцца імі ў хвіліны раскаяння, хоць толькі за гэтыя справы і можна зваць іх разумнымі. Такі і я быў у той час. Успаміны пра пакуты, якія я выцерпеў у час караблекрушэння, паступова сцерліся, і я, пражыўшы ў Ярмуце два-тры тыдні, паехаў не ў Гуль, а ў Лондан.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Рабінзон трапляе ў палон.— Уцёкі
Вялікім маім няшчасцем было тое, што я ў час маіх прыгод не застаўся на караблі матросам. Праўда, мне давялося б болей працаваць, але затое вывучыўся б, нарэшце, мараходнай справе і з цягам часу мог бы стаць штурманам, а магчыма, і капітанам. Але ў той час я быў такі дурны, што з усіх шляхоў выбіраў заўсёды самы горшы. 3 той прычыны, што я мог тады заўсёды фарсіць сваім адзеннем і ў кішэнях у мяне не зводзіліся грошы, я заўсёды з’яўляўся на карабель бесклапотным шалапутам: нічога там не рабіў і нічому не вучыўся.
Маладыя свавольнікі і гультаі звычайна трапляюць у дрэнную кампанію і вельмі хўтка канчаткова збіваюцца з тропу. Такі ж лёс чакаў і мяне, але ў Лондане мне пашчасціла пазнаёміцца з паважным пажылым капітанам, які шчыра мною зацікавіўся. Незадоўга перад гэтым ён хадзіў на сваім караблі да* берагоў Афрыкі і Гвінеі. Гэта падарожжа прынесла яму немалы прыбытак, і цяпер ён зноў збіраўся накіравацца ў тыя ж краі.
Я спадабаўся яму. Я быў тады цікавым субяседнікам.
Ён часта бавіў са мною свой вольны час і, даведаўшыся, што я мару пабачыць заморскія краіны, прапанаваў мне пайсці ў плаванне на яго караблі.
— Вам гэта не будзе каштаваць грошай,— сказаў ён,— я не вазьму з вас нічога ні за праезд, ні за яду. Вы будзеце на караблі маім госцем. А калі яшчэ прыхопіце з сабою сякіятакія рэчы, якія вам удасца выгадна збыць на Гвінеі, то вы будзеце мець яшчэ і барыш. Паспрабуйце, можа, якраз вам і пашэнціць.
Гэты капітан карыстаўся агульным даверам, і я з ахвотай згадзіўся на яго запрашэнне.
Накіроўваючыся ў Гвінею, я прыхапіў з сабою сёе-тое з тавару: закупіў на сорак фунтаў стэрлінгаў1 розных бразготак і шкляных вырабаў, якія мелі выдатны збыт у дзікуноў.
1 Фунт стэрлінгаў — грашовая адзінка ў Англіі.
Набыць гэтыя сорак фунтаў мне пасадзейнічалі блізкія сваякі, з якімі я меў перапіску: я паведаміў ім, што збіраюся заняцца гандлем, і яны ўгаварылі маю маці, а магчыма, і бацьку памагчы мне хоць нязначнай сумай.
Гэта паездка ў Афрыку была, бадай, маім адзіным шчаслівым падарожжам. Вядома ж, за свой поспех я павінен быў быць удзячны толькі бескарыслівай дабраце капітана.
У час падарожжа ён займаўся са мной матэматыкай і вучыў мяне карабельнай справе. Ён меў задавальненне ад таго, што перадаваў мне свой вопыт, а я — ад таго, што слухаў і вучыўся ў яго.
Падарожжа зрабіла мяне і мараком і купцом: я вымяняў на свае бразготкі пяць фунтаў і дзесяць унцый залатога пяску, за які, вярнуўшыся ў Лондан, атрымаў немалую суму.
Такім чынам, я мог лічыць сябе багатым прамыслоўцам, які паспяхова вядзе гандаль з Гвінеяй.
Але, на маё няшчасце, мой сябра капітан хутка пасля вяртання ў Англію памёр, і мне давялося зрабіць другое падарожжа на свой страх, ужо без сяброўскай парады і дапамогі.
Я адплыў з Англіі на тым жа караблі. I гэта было самае нешчаслівае падарожжа, якое калі-небудзь рабіў чалавек.
Аднойчы на світанні, калі мы пасля доўгага плавання ішлі паміж Канарскімі астравамі і Афрыкай, на нас напалі піраты — марскія разбойнікі. Гэта былі туркі з Салеха. Яны здаля заўважылі нас і поўным ходам прыпусцілі наўздагон.
Спачатку мы спадзяваліся, што здолеем выратавацца ад іх уцёкамі, і таксама паднялі парусы. Аднак хутка стала відавочна, што гадзін праз пяць-шэсць яны нас абавязкова дагоняць. Мы зразумелі, што неабходна рыхтавацца да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага — васемнаццаць.