Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
1 К у б р ы к — памяшканне для матросаў у насавой частцы карабля.
Перш за ўсё мне патрэбна была лодка, каб перавезці на бераг тыя рэчы, якія маглі мне спатрэбіцца. Але лодку ўзяць не было дзе, а жадаць немагчымага бескарысна. Трэба было прыдумаць што-небудзь іншае. На караблі былі запасныя мачты, сценьгі і рэі. 3 гэтага матэрыялу я вырашыў пабудаваць плыт і горача ўзяўся за работу.
Выбраўшы некалькі лягчэйшых бярвенняў, я выкінуў іх за борт, папярэдне абвязаўшы кожнае бервяно канатам, каб іх не знесла. Затым я спусціўся з карабля, прыцягнуў да сябе чатыры бервяны, моцна звязаў іх з абодвух канцоў, зверху змацаваў яшчэ дзвюма ці трыма дошчачкамі, пакладзенымі накрыж, і ў мяне атрымалася нешта накшталт плыта.
Мяне гэты плыт цудоўна трымаў на сабе, але для большага грузу ён быў вельмі лёгкі і малы.
Давялося мне зноў лезці на карабель. Там я адшукаў пілу нашага карабельнага цесляра і распілаваў запасную мачту на тры бервяны, якія і прыладзіў да плыта. Плыт зрабіўся шырэйшы і больш устойлівы. Гэта работа каштавала мне вялікіх намаганняў, але жаданне зрабіць запас усяго неабходнага для жыцця падтрымлівала мяне, і я зрабіў тое, на што пры звычайных абставінах у мяне не хапіла б сілы.
Цяпер мой плыт быў шырокі і моцны, ён мог вытрымаць значны груз.
Чым жа нагрузіць гэты плыт і што зрабіць, каб яго не змыла прылівам? Доўга думаць не было калі, трэба было спяшацца.
Перш за ўсё я склаў на плыт усе дошкі, якія знайшліся на караблі; потым узяў тры куфры, якія належалі нашым матросам, зламаў замкі і выкінуў з іх усё. Потым я адабраў тыя рэчы, якія маглі спатрэбіцца мне болып за ўсё, і склаў іх у куфры. У адзін куфар я склаў харчовыя прыпасы: рыс, сухары, тры кругі галандскага сыру, пяць вялікіх кавалкаў вэнджанай казляціны, якая была ў нас на караблі за галоўную мясную ежу, і рэшткі ячменю, які мы везлі з Еўропы курам, што трымалі на судне; курэй мы даўно ўжо з’елі, а крыху збожжа засталося. Гэты ячмень быў змешаны з пшаніцай; ён бы вельмі
мне прыдаўся, але, на жаль, як потым выявілася, быў надта папсаваны пацукамі. Апрача таго, я знайшоў некалькі скрынак віна і каля шасці галонаў 1 рысавай гарэлкі, што належалі нашаму капітану.
Гэтыя скрыні я таксама паставіў на плыт поруч з куфрамі.
Між тым, пакуль я быў заняты пагрузкаю, пачаўся прыліў, і я з жалем убачыў, што мой каптан, рубашку і камізэльку, якія я пакінуў на беразе, знесла ў мора. Цяпер у мяне засталіся толькі панчохі ды штаны (палатняныя, кароткія, да каленяў), якія я не скідаў, калі плыў да карабля. Гэта прымусіла мяне падумаць пра тое, каб назапасіць не толькі яды, але і адзежы. На караблі было дастаткова і куртак і штаноў, але я ўзяў адну толькі пару, бо мяне пакуль што куды больш цікавіла многае іншае, і перш за ўсё рабочы інструмент.
Пасля доўгіх пошукаў я знайшоў скрынку нашага цесляра, і гэта была для мяне найкаштоўнейшая знаходка, якую я не прамяняў бы ў той час на цэлы карабель золата. Я паставіў гэту скрынку на плыт, нават не глянуўшы ў яе, таму што мне было добра вядома, які інструмент там захоўваўся.
Цяпер мне заставалася запасціся зброяй і зарадамі. У каюце я знайшоў дзве добрыя паляўнічыя стрэльбы і два пісталеты, якія я паклаў на плыт разам з парахаўніцай, мяшэчкам шроту і дзвюма заржавелымі шашкамі. Я ведаў, што ў нас на караблі было тры бочачкі пораху, але я не ведаў, дзе яны захоўваліся. Аднак у выніку пільных пошукаў усе тры бочачкі знайшліся. Адна, як выявілася, падмокла, а дзве былі сухія, і я перацягнуў іх на плыт разам са стрэльбамі і шашкамі. Цяпер мой плыт быў дастаткова нагружаны, і трэба было кіравацца ў дарогу. Дабрацца да берага на плыце без паруса, без руля — нялёгкая задача: дастаткова было самага слабага стрэчнага ветру, каб усё маё збудаванне перакулілася.
На шчасце, мора было спакойнае. Пачынаўся прыліў, які павінен быў прыгнаць мяне да
1 Г а л о н — англійская мера вадкіх цел; роўны 3,78 літра.
берага. Апрача таго, узняўся таксама невялікі спадарожны ветрык. Таму, захапіўшы з сабою паламаныя вёслы ад карабельнай шлюпкі, я заспяшаўся назад, да берага. Хутка я заўважыў невялікую бухту, да якой і накіраваў свой плыт. 3 вялікай цяжкасцю я правёў яго насуперак цячэнню і, нарэшце, зайшоў у гэту бухту, упёршыся ў дно вяслом, таму што там было мелка; і як толькі пачаўся адліў, мой плыт з усім грузам аказаўся на сухім беразе.
Цяпер мне неабходна было разгледзецца вакол і выбраць сабе зручнае месца для жылля — такое, дзе б я здолеў скласці ўсю сваю маёмасць, не баючыся, што яна загіне. Я ўсё яшчэ не ведаў, куды я трапіў: на мацярык ці на востраў. Ці жывуць тут людзі? Ці водзяцца тут драпежныя звяры? За паўмілі ад мяне ці крыху далей відзён быў пагорак, стромкі і высокі. Я вырашыў падняцца на яго, каб агледзець наваколле.
Узяўшы стрэльбу, пісталет і парахаўніцу, я накіраваўся ў разведку.
Карабкацца на вяршыню пагорка было цяжка. Калі ж, нарэшце, я ўскарабкаўся, я ўбачыў, які горкі лёс чакаў мяне: я быў на востраве! Кругом, з усіх бакоў, было толькі мора, за якім нідзе не бачылася зямлі, калі не лічыць усяго некалькі рыфаў, якія тырчалі ўдалечыні, ды двух астраўкоў, што ляжалі міляў за дзевяць на захад.
Гэтыя астраўкі былі маленькія, куды меншыя за мой.
Я зрабіў і яшчэ адно адкрыццё: расліннасць на востраве была дзікая, нідзе не відаць было ні шматка ўробленай зямлі. Значыць, людзей тут і сапраўды не было!
Драпежныя звяры тут як быццам таксама не вадзіліся, ва ўсякім выпадку я не прыкмеціў ніводнага. Затое птушак вадзілася мноства, усё нейкай не вядомай мне пароды, так што потым, калі мне даводзілася падстрэліць птушку, я ніколі не мог вызначыць па выгляду, ці прыдатнае яе мяса для ежы.
Калі я спускаўся з пагорка, я падстрэліў адну птушку, вельмі вялікую: яна сядзела на дрэве на ўзлессі.
Мне здаецца, што гэта быў першы стрэл, які прагучаў у гэтых дзікіх мясцінах. He па-
спеў я стрэліць, як над лесам узнялася хмара птушак. Кожная крычала на свой лад, але ніводзін з гэтых крыкаў не падобны быў на крык знаёмых мне птушак.
Птушка, якую я забіў, нагадвала мне нашага еўрапейскага коршака і афарбоўкай пер’я і формаю дзюбы. Толькі кіпцюры ў яе былі карацейшыя. Мяса яе аддавала падлай, і я, вядома, не мог яго есці.
Такія былі адкрыцці, якія я зрабіў у першы дзень. Потым я вярнуўся да плыта і пачаў перацягваць рэчы на бераг. На гэта пайшла ў мяне ўся рэшта дня.
Пад вечар я зноў пачаў думаць, як і дзе мне ўладкавацца на ноч.
Легчы проста на зямлю я баяўся: а што, калі на мяне накінецца які-небудзь драпежны звер? Таму, выбраўшы на беразе зручнае месцейка для начлегу, я абгарадзіў яго з усіх бакоў куфрамі і скрынкамі, а ў сярэдзіне гэтай загарожы зладзіў сабе з дошчак нешта накшталт будана.
Непакоіла мяне таксама пытанне, як буду я здабываць сабе ежу тады, калі скончацца мае прыпасы: апрача птушак ды двух нейкіх звяркоў, накшталт нашага зайца, што выскачылі з лесу, пачуўшы мой стрэл, ніякіх іншых жывых істот я тут не бачыў.
Зрэшты, у гэты момант мяне куды больш цікавіла і непакоіла іншае. Я перавёз з карабля вельмі мала з таго, што можна было забраць, і там засталося многа рэчаў, якія маглі мне спатрэбіцца, і перш за ўсё парусы і канаты. Таму я вырашыў, калі мне нішто не перашкодзіць, зноў пабыць на караблі. Я быў упэўнены, што першая ж бура разаб’е яго на трэскі. Трэба было адкласці ўсе іншыя справы і тэрмінова ўзяцца за разгрузку судна. Нельга супакойвацца, пакуль я не перавязу на бераг усе рэчы, да апошняга цвічка.
Прьіняўшы такое рашэнне, я пачаў думаць, як мне лепей зрабіць: ехаць на плыту ці плысці самому, як першы раз. Я вырашыў, што зручней будзе плысці. Толькі на гэты раз я ўжо распрануўся ў шалашы, застаўшыся ў адной сподняй у клеткі сарочцы, у палатняных штанах і скураных пантофлях на босыя ногі. Як і першы раз, я ўзлез на карабель па канату,
затым збіў новы плыт і перавёз на ім многа карысных рэчаў. Па-першае, я забраў усё, што адшукаў у кладоўцы нашага цесляра, менавіта: два ці тры мяхі цвікоў (вялікіх і дробных), адвёртку, тузіны два сякер, а галоўнае — такую карысную рэч, як тачыла.
Потым я прыхапіў некалькі рэчаў, якія я знайшоў у нашага кананіра1: тры жалезныя ламы, дзве бочкі з ружэйнымі кулямі і крыху пораху. Потым я адшукаў на караблі яшчэ КУЧУ ўсякага адзення ды яшчэ прыхапіў запасны парус, гамак, некалькі матрацаў і падушак. Усё гэта я склаў на плыце і, на вялікае маё здавальненне, даставіў на бераг як мае быць.
Адпраўляючыся на карабель, я баяўся, каб за маю адсутнасць на мае харчы не напалі якія-небудзь драпежнікі. На шчасце, гэтага не здарылася.
Толькі нейкі звярок прыбег з лесу і рассеўся на адным з маіх куфраў. Убачыўшы мяне, ён адбег крыху ўбок, але зараз жа спыніўся, стаў на заднія лапы і з непарушным спакоем, без ніякага страху, глядзеў мне проста ў вочы, нібыта жадаў пазнаёміцца са мною.
Звярок быў прыгожы, падобны на дзікага ката. Я прыцэліўся на яго са стрэльбы, але ён не здагадваўся, якая небяспека яму пагражае, і нават не крануўся з месца. Тады я кінуў яму кавалак сухара, хоць з майго боку гэта было і неразумна, таму што сухароў у мяне было мала і мне трэба было быць ашчадным. Аднак звярок мне так спадабаўся, што я не пашкадаваў яму гэты кавалак сухара. Ён падбег, абнюхаў сухар, з’еў яго са смакам і аблізнуўся.
Відаць было, што ён чакае яшчэ. Але я не даў яму больш нічога. I ён пасядзеў трошкі і пайшоў.
Пасля гэтага я ўзяўся будаваць сабе палатку. Я зрабіў яе з парусаў і жэрдак, якія нарэзаў у лесе. У палатку я перанёс усё, што магло сапсавацца ад дажджу і на сонцы, а вакол нагрувасціў пустых куфраў і скрынак на выпадак раптоўнага нападу людзей ці дзікіх звяроў.
1 К а н а н і р — той, хто страляе з гарматы, артылерыст.
Знадворку ўваход у палатку я загарадзіў вялізнай скрыняй, паставіўшы яе бокам, а з сярэдзіны загарадзіўся дошкамі. Затым я паслаў на зямлі пасцель, паклаў ля ўзгалоўя два пісталеты, а з боку ад пасцелі — стрэльбу і лёг.
Пасля караблекрушэння гэта была першая ноч, калі я спаў у пасцелі. Я без просыпу праспаў да раніцы, таму што ў папярэднюю ноч спаў вельмі мала, а ўвесь дзень працаваў не прысядаючы: спачатку грузіў рэчы з карабля на плыт, а потым перапраўляў іх на бераг.