Рабінзон Круза  Даніэль Дэфо

Рабінзон Круза

Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
80.03 МБ
гатова б яна была, гэтая новая лодка, толькі гады праз два-тры, а да таго часу я па-ранейшаму не меў бы магчымасці плаваць па моры.
Мне ўдалося шчасліва перавесці сваю лодку на ўсходні бок вострава, дзе для яе знайшлася вельмі зручная бухта, атуленая з усіх бакоў стромкімі скаламі. Уздоўж усходніх берагоў вострава праходзіла марское цячэнне, і я ведаў, што дзікуны нізашто не адважацца высадзіцца там.
Чытачу наўрад ці здасца дзіўным, што пад уплывам усіх гэтых жахаў і хваляванняў я зусім перастаў клапаціцца пра свой дастатак і дабрабыт. Мой розум страціў усю сваю вынаходлівасць. He да таго мне цяпер было, каб клапаціцца пра паляпшэнне харчавання, калі я толькі і думаў, як бы ўратаваць сваё жыццё. Я не адважваўся ні ўбіць цвіка, ні раскалоць палена, таму што мне ўвесь час здавалася, што дзікуны могуць пачуць гэты гук. Страляць я тым болей не асмельваўся.
Але галоўнае — мяне кожны раз ахопліваў пакутлівы страх, як толькі мне даводзілася распальваць агонь, таму што дым, які днём відаць на вялікай адлегласці, заўсёды мог мяне выдаць. 3 гэтай прычыны ўсе работы, для якіх патрабаваўся агонь (напрыклад, абпальванне гаршкоў), я перанёс у лес, у сваю новую сядзібу. А для таго, каб у сябе дома рыхтаваць ежу і пячы хлеб, я вырашыў запасціся драўляным вуголлем. Гэтае вуголле, згараючы, амаль не дае дыму. Яшчэ хлапчуком, у сябе на радзіме, я не раз бачыў, як здабываюць яго. Трэба насекчы тоўстых дроў, скласці іх У адну кучу, прыкрыць слоем дзёрну і спаліць. Калі вугаль быў гатовы, я пераносіў яго дадому і карыстаўся ім замест дроў.
I вось аднойчы, калі я, пачынаючы нарыхтоўку вугалю, ссек ля падножжа высокай гары некалькі вялікіх кустоў, я заўважыў пад імі нару. Мяне зацікавіла, куды яна можа весці. 3 вялікай цяжкасцю я праціснуўся ў яе і апынуўся ў пячоры. Пячора была вельмі прасторная і такая высокая, што я тут жа, адразу каля ўвахода здолеў стаць на ўвесь рост. Але прызнаюся, што вылез я куды хутчэй, чым залез.
Углядаючыся ў цемру, я ўбачыў, як проста на мяне глядзелі два вялізныя палаючыя вокі;
яны гарэлі, як зоркі, адбіваючы слабае дзённае святло, якое пранікала ў пячору знадворку і падала проста на іх. Я не ведаў, каму належаць гэтыя вочы—нячысціку ці чалавеку, але, перш чым паспеў што-небудзь сцяміць, кінуўся прэч з пячоры.
Праз некаторы час я, аднак, апамятаўся і тысячу разоў аблаяў сябе дурнем.
«Хто пражыў дваццаць гадоў у адзіноце на бязлюдным востраве, таму смешна баяцца чарцей,— сказаў я сам сабе.— Напраўду ж у гэтай пячоры не можа быць нікога страшнейшага за мяне».
I, набраўшыся адвагі, я ўзяў галавешку, якая гарэла, і зноў палез у пячору. He паспеў я ступіць і трох крокаў, асвятляючы дарогу сваёй паходняй, як зноў напалохаўся, яшчэ больш, чым адразу: я пачуў цяжкі ўздых. Я адхінуўся назад і скамянеў ад жаху; усё цела маё пакрылася халодным потам, а валасы сталі дыбам. Калі б у мяне на галаве быў капялюш, ён напэўна зваліўся б на зямлю. Але, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, я зноў рушыў наперад і пры святле галавешкі, якую трымаў над галавой, убачыў на зямлі страшэнную пачвару — вялізнага старога казла!
Казёл ляжаў нерухома і цяжка дыхаў у перадсмяротнай агоніі, ён паміраў, відаць, ад старасці. Я злёгку штурхнуў яго нагою, каб даведацца, ці здолее ён устаць. Ён паспрабаваў падняцца, але не змог.
«Няхай сабе ляжыць,— падумаў я.— Калі ён напалохаў мяне, то як павінен напалохацца які-небудзь дзікун, які надумаецца падацца сюды!»
Аднак я ўпэўнены, што ніводзін дзікун і ніхтр іншы не адважыўся б пранікнуць у пячору. Ды і наогул толькі чалавеку, які, накшталт мяне, меў патрэбу ў бяспечным сховішчы, магло прыйсці ў галаву лезці ў гэту пячору.
На другі дзень я ўзяў з сабою шэсць вялікіх свечак уласнаручнай работы (к гэтаму часу я вывучыўся рабіць выдатныя свечкі з казінага тлушчу) і вярнуўся ў пячору.
Ля ўвахода пячора была шырокая, але паступова яна рабілася ўсё вузейшай, так што недзе ў глыбіні яе мне давялося стаць на Ka-
рачкі і каля дзесяці ярдаў паўзці наперад, што было, сказаць праўду, даволі смелым учынкам, таму што я зусім не ведаў, куды вядзе гэты ход і што мяне чакае наперадзе. Але вось я адчуў, што з кожным крокам праход робіцца ўсё шырэйшы і шырэйшы. Крыху пазней я паспрабаваў устаць на ногі, і выявілася, што я магу стаяць на ўвесь рост. Скляпенне пячоры ўзнімалася футаў на дваццаць. Я запаліў дзве свечкі і ўбачыў такую цудоўную карціну, якой у жыцці ніколі не бачыў. Я знаходзіўся ў прасторным гроце. Полымя маіх дзвюх свечак адбілася ў яго ззяючых сценах. Яны адсвечвалі сотнямі тысяч рознакаляровых агнёў. Ці то былі ўкрапаныя ў камень пячоры дыяменты ці іншыя каштоўныя камяні? Гэтага я не ведаў. Відаць, гэта было золата.
Я ніколі не спадзяваўся, што зямля можа хаваць у сваіх нетрах такія дзівосы. Гэта быў чароўны грот. Дно ў яго было сухое і роўнае, пакрытае дробным пяском. Нідзе не заўважалася ні агідных макрыц, ні чарвякоў, нідзе — ні на сценах, ні на скляпеннях — не было і знаку вільгаці. Адзіная нязручнасць — вузкі ўваход, але для мяне гэта нязручнасць была надзвычай каштоўная: я столькі часу шукаў бяспечнага сховішча, а бяспечней за гэта цяжка было знайсці.
Я так узрадаваўся сваёй знаходцы, што вырашыў адразу ж перанесці ў грот большую частку тых рэчаў, якія былі мне асабліва дарагія,— перш за ўсё порах і ўсю запасную зброю, гэта значыць дзве паляўнічыя стрэльбы і тры мушкеты.
Перацягваючы рэчы ў маю новую кладоўку, я ўпершыню адкаркаваў бочачку з падмочаным порахам. Я быў упэўнены, што ўвесь гэты порах нікуды не варты, але выявілася, што вада пранікла ў бочачку толькі на тры-чатыры дзюймы кругом; порах, які падмок, зацвярдзеў, і ўтварылася трывалая скарынка; пад гэтай скарынкай увесь астатні порах захаваўся зусім несапсаваны, як ядро арэха ў шкарлупіне. Такім чынам, зусім нечакана я зрабіўся ўладальнікам новых запасаў выдатнага пораху.
Як я ўзрадаваўся такой нечаканасці! Увесь гэты порах — а яго было не менш шасцідзесяці фунтаў—я перанёс у свой грот для больш на-
дзейнага схову, пакінуўшы ў сябе пад рукамі тры ці чатыры фунты на выпадак нападу дзікуноў. У грот я перацягнуў і ўвесь запас свінцу, з якога я рабіў кулі.
Цяпер мне ўяўлялася, што я падобны на аднаго з тых старадаўніх волатаў, якія, паводле паданняў,. жылі сярод скал і ў пячорах, куды немагчыма было пранікнуць ніводнаму чалавеку.
«Няхай сабе,— казаў я сам сабе,— няхай хоць пяцьсот дзікуноў шныраць па ўсім востраве, шукаючы мяне; яны ніколі не знойдуць майго тайніка, а калі і знойдуць, нізашто не адважацца зрабіць на яго напад!»
Стары казёл, якога я знайшоў тады ў сваёй новай пячоры, здох на другі дзень, і я закапаў яго ў зямлю на тым месцы, дзе ён ляжаў: гэта было куды лягчэй, чым выцягнуць ЯГО 3 пячоры.
Ішоў ужо дваццаць трэці год майго жыцця на востраве. Я паспеў да таго звыкнуцца і прызвычаіцца да яго прыроды і клімату, што, калі б не баяўся дзікуноў, якія маглі кожную мінуту тут з’явіцца, я ахвотна згадзіўся б дажыць тут, у гэтым зняволенні, усю рэшту сваіх дзён да апошняй гадзіны, калі я лягу і памру, як гэты стары казёл.
У апошнія гады, пакуль я яшчэ не ведаў, што мне пагражае напад дзікуноў, я прыдумаў сабе сякія-такія Забаўкі, якія пры маёй адзіноце вельмі ўсцешвалі мяне. Дзякуючы ім я праводзіў свой час куды весялей, чым раней.
Па-першае, як ужо гаварылася, я навучыў свайго Попку размаўляць, і ён так прыязна балбатаў са мною, вымаўляючы словы так падзельна і выразна, што я слухаў яго з вялікім задавальненнем.
Сумняваюся, каб яшчэ які-небудзь іншы папугай умеў гаварыць лепш за яго. Ён пражыў у мяне не меней за дваццаць шэсць год. Ці доўга яшчэ яму заставалася жыць, я не ведаю; жыхары Бразіліі запэўняюць, што папугаі жывуць да ста гадоў.
Было у мяне яіігчэ два папугаі, яны таксама ўмелі гаварыць і абодва выкрыквалі «Робін Круза!», але далёка не так добра, як Попка. Праўда, яго я вучыў і патраціў часу і намаганняў куды больш.
Мой сабака быў маім шчырым таварышам і добрым спадарожнікам на працягу шаснаццаці год. Потым ён спакойна сканаў ад старасці, але я ніколі не забуду, як аддана любіў ён мяне.
Тыя каты, якіх я пакінуў у сваім доме, таксама даўно ўжо зрабіліся паўнапраўнымі членамі мае немалой сям’і.
Апрача таго, я заўсёды трымаў пры сабе двух ці трох казлянят, якіх прывучаў есці з маіх рук. I заўсёды ў мяне вадзілася вялікая колькасць птушак; я лавіў іх на беразе, падразаў ім крылле, каб яны не маглі паляцець, і хутка яны рабіліся ручнымі і з вясёлым крыкам збягаліся да мяне, як толькі я паказваўся на парозе.
Маладыя дрэўцы, якія я пасадзіў вакол крэпасці, даўно разрасліся ў густы гай, і ў гэтым гаі таксама пасялілася мноства птушак. Яны рабілі свае гнёзды на невысокіх дрэвах і выводзілі птушанят, і ўсё гэта жыццё, што кіпела вакол мяне, суцяшала і радавала мяне ў маёй адзіноце.
Такім чынам, паўтараю, мне жылося б вельмі добра і ўтульна і я быў бы зусім задаволены сваім лёсам, калі б не баяўся, што на мяне ў любы момант могуць напасці дзікуны.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Дзікуны зноў наведваюць востраў Рабінзона.— Крушэнне карабля
Надышоў снежань, і час было збіраць ураджай. Я працаваў у полі з ранку да вечара. I вось аднойчы, выйшаўшы з дому, калі яшчэ не зусім развіднела, я, на вялікі свой жах, убачыў на беразе, мілі за дзве ад мае пячоры, полымя вялікага вогнішча.
Я спыніўся як укопаны. Значыць, на маім востраве зноў з’явіліся дзікуны!
I з’явіліся яны не ў тым баку, дзе я амаль ніколі не бываў, а тут, непадалёку ад мяне.
Я стаіўся ў гаі, што акружаў мой дом, не адважваючыся ступіць кроку, каб не наткнуцца на дзікуноў.
Аднак і застаючыся ў гаі, я ўсё роўна быў вельмі занепакоены: я баяўся, што, калі дзікуны пачнуць шнырыць па востраве і ўбачаць мае ўробленыя палеткі, мой статак, маё жыллё, яны адразу ж здагадаюцца, што на востраве жывуць людзі, і не супакояцца, пакуль не адшукаюць мяне. Марудзіць было немагчыма. Я хутка вярнуўся да сябе за агароджу, падняў за сабою лескі, каб не пакідаць слядоў, і пачаў рыхтавацца да абароны.
Я падрыхтаваў усю сваю артылерыю (так я зваў мушкеты, якія стаялі на лафетах уздоўж знадворнай сцяны), агледзеў і зарадзіў абодва пісталеты і вырашыў абараняцца да канца.
Я праседзеў у сваёй крэпасці каля дзвюх гадзін, ламаючы галаву, што б мне яшчэ такое прыдумаць для абароны майго ўмацавання.