Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
Дзікуноў, якія беглі берагам, і маю крэпасць падзяляла вузкая бухта, пра якую я расказваў не раз,— тая самая, куды я прычальваў са сваімі плытамі, калі перавозіў рэчы з нашага карабля.
«Што ж ён будзе рабіць, гэты бядак,— падумаў я,—калі дабяжыць да бухты? Ён павінен будзе пераплысці яе, інакш яму не ўцячы ад пагоні».
Але я дарэмна непакоіўся за яго: уцякач не думаючы кінуўся ў ваду, хутка пераплыў бухту, вылез на другі бераг і, не запавольваючы кроку, пабег далей.
3 трох людаедаў, што гналіся за ім, толькі двое кінуліся ў ваду, а трэці не адважыўся: відаць, ён не ўмеў плаваць; ён пастаяў на тым беразе, паглядзеў услед двум другім, потым павярнуўся і, не спяшаючыся, накіраваўся назад.
Я з радасцю заўважыў, што два дзікуны, якія гналіся за ўцекачом, плылі разы ў два павольней за яго.
I вось тут я зразумеў, што надышоў час дзейнічаць. Сэрца маё загарэлася.
«Цяпер або ніколі! — сказаў я сам сабе і памчаўся наперад.— Выратаваць, выратаваць гэтага няшчаснага, чаго б гэта ні каштавала!»
He трацячы часу, я збег па лесках да падножжа гары, схапіў пакінутыя там стрэльбы, затым з такой жа хуткасцю зноў узабраўся на гару, спусціўся з другога боку і пабег наўскасяк проста да мора, каб спыніць дзікуноў.
I таму, што я бег уніз па схіле пагорка самай кароткай дарогай, то хутка апынуўся паміж уцекачом і яго праследавацелямі. Ён уцякаў, не азіраючыся, і не заўважыў мяне.
Я крыкнуў яму:
— Стой!
Ён азірнуўся і ў першы момант, здаецца, спалохаўся мяне яшчэ больш, чым сваіх праследавацеляў.
Я зрабіў яму знак, каб ён наблізіўся да мяне, а сам пайшоў павольным крокам насустрач тым двум дзікунам, якія гналіся за ім. Калі пярэдні параўнаўся са мною, я нечакана кінуўся на яго і прыкладам стрэльбы збіў яго з ног. Страляць я баяўся, каб не спудзіць астатніх дзікуноў, хоць яны былі далёка і наўрад ці маглі пачуць мой стрэл, а калі б і пачулі, то ўсё роўна не здагадаліся б, што гэта такое.
Калі адзін з пагоні ўпаў, другі, відаць, спалохаўшыся, спыніўся. Я між тым спакойна набліжаўся да яго. Але калі, падышоўшы бліжэй, я ўбачыў, што ў руках у яго лук і страла і што ён цэліцца ў мяне, мне міжволі давялося стрэліць. Я прыцэліўся, спусціў курок і паклаў яго на месцы.
Няшчасны ўцякач, нягледзячы на тое, што я забіў яго абодвух ворагаў (ва ўсякім разе так яму павінна было здавацца), быў да таго напалоханы агнём і гукам стрэлу, што страціў здольнасць рухацца; ён стаяў, як прыкаваны да месца, в:е ведаючы, на што адважыцца: бегчы ці застацца пры мне, хаця, напэўна, хацеў бы ўцячы, калі б мог.
Я зноў пачаў крычаць яму і паказваць на мігах, каб ён падышоў бліжэй. Ён зразумеў: зрабіў два крокі і спыніўся, потым зрабіў яшчэ некалькі крокаў і зноў стаў як укопаны.
Тут я заўважыў, што ён увесь дрыжыць; няшчасны, відаць, баяўся, што, калі ён трапіць да мяне ў рукі, я зараз жа заб’ю яго, як і тых дзікуноў.
Я зноў зрабіў яму знак, каб ён наблізіўся да мяне, і наогул імкнуўся як-небудзь яго падбадзёрыць.
Ен падыходзіў да мяне ўсё бліжэй і бліжэй. Праз кожныя дзесяць-дванаццаць крокаў ён падаў на калені. Відаць, ён хацеў выказаць мне падзяку за тое, што я выратаваў яму жыццё.
Я ласкава ўсміхаўся яму і з самым прыветным выглядам вабіў яго да сябе рукой.
Нарэшце дзікун падышоў зусім блізка. Ён зноў упаў на калені, пацалаваў зямлю, прыціснуўся да яе лбом і, прыўзняўшы маю нагу, паставіў яе сабе на галаву. Гэта, напэўна, павінна было азначаць, што ён клянецца быць маім рабом да апошняга дня свайго жыцця.
Я падняў яго і з той жа ласкавай прыязнай усмешкай стараўся паказаць яму, што яму не трэба мяне баяцца.
Але трэба было дзейнічаць далей. Раптам я заўважыў, што той дзікун, якога я стукнуў прыкладам, не забіты, а толькі аглушаны. Ён заварушыўся і апрытомнеў.
Я паказаў на яго ўцекачу:
— Вораг твой яшчэ жывы, бачыш!
У адказ ён прамовіў некалькі слоў, і хоць я нічога не зразумеў, але нават гукі яго голасу здаліся мне прыемнымі і мілагучнымі: бо за ўсе дваццаць пяць гадоў свайго жыцця на востраве я ўпершыню пачуў чалавёчы голас!
Аднак у мяне не было часу доўга думаць пра гэта: людаед, якога я аглушыў, настолькі апрытомнеў, што падняўся і ўжо сядзеў на зямлі, і я заўважыў, што мой дзікун зноў пачынае баяцца яго. Трэба было супакоіць няшчаснага. Я ўжо быў прыцэліўся ў яго ворага, але тут мой дзікун пачаў паказваць мне знакамі, каб я даў яму шаблю, якая вісела ў мяне за плячыма. Я падаў яму шаблю. Ён імгненна схапіў яе, кінуўся на свайго ворага і адным узмахам адсек яму галаву.
Такое майстэрства вельмі здзівіла мяне: ніколі ж у жыцці гэты дзікун не бачыў іншае зброі, апрача драўлянага мяча. Пазней я даведаўся, што тутэйшыя дзікуны выбіраюць для сваіх мячоў настолькі моцнае дрэва і востраць яго так выдатна, што такім мячом можна адсекчы галаву не горш, чым стальным.
Пасля гэтай крывавай расправы са сваім праследавацелем мой дзікун (з гэтага часу буду называць яго толькі сваім дзікуном) з вясёлым смехам вярнуўся да мяне, трымаючы ў адной руцэ маю шаблю, а ў другой—галаву забітага. Зрабіўшы перада мною шэраг нейкіх незразумелых для мяне рухаў, ён урачыста паклаў галаву і зброю на зямлю каля маіх ног.
Ён бачыў, як я застрэліў аднаго з яго ворагаў, і гэта ўразіла яго: ён не мог зразумець,
як гэта можна забіць чалавека на такой вялікай адлегласці.
Ён паказаў на забітага мною і на мігах папрасіў у мяне дазволу збегаць зірнуць на яго. Я таксама, гэтак жа на мігах, пастараўся даць яму зразумець, што не забараняю яму выканаць гэта жаданне, і ён адразу ж пабег туды.
Наблізіўшыся да трупа, ён знямеў і доўга ў здзіўленні глядзеў на яго. Потым нахіліўся над ім і пачаў паварочваць яго то на адзін, то на другі бок. Убачыўшы ранку, ён пачаў уважліва разглядаць яе. Куля трапіла дзікуну якраз у сэрца, і крыві выйшла мала. Адбылося ўнутранае кровазліццё, смерць надышла імгненна.
Зняўшы з мерцвяка яго лук і калчан са стрэламі, мой дзікун зноў падбег да мяне.
Я адразу ж павярнуўся і пайшоў адсюль, запрашаючы яго ісці за мною. Я паспрабаваў растлумачыць яму на мігах, што заставацца тут немагчыма, таму што дзікуны, якія знаходзяцца на тым беразе, могуць кожную хвіліну кінуцца за ім у пагоню.
Ён адказаў мне таксама знакамі, што варта было б спачатку закапаць мерцвякоў у пясок, каб ворагі не ўбачылі іх, калі прыбягуць на гэта месца. Я даў сваю згоду (таксама з дапамогай знакаў), і ён адразу ж узяўся за работу. Са здзіўляючай хуткасцю ён выкапаў рукамі ў пяску такую глыбокую яму, што ў ёй лёгка мог змясціцца чалавек. Затым ён зацягнуў у гэту яму аднаго забітага і засыпаў яго пяском; з другім ён зрабіў тое ж самае,— карацей кажучы, за якую-небудзь чвэрць гадзіны ён пахаваў іх абодвух.
Пасля гэтага я загадаў яму ісці за мною, і мы рушылі ў дарогу. Ішлі мы доўга, таму што я павёў яго не ў крэпасць, а зусім у другі бок — у самую далёкую частку вострава, дзе быў мой новы грот.
У гроце я даў яму хлеба, галінку разынак і крыху вады. Вадзе ён асабліва ўзрадаваўся, таму што пасля хуткага бегу адчуваў моцную смагу.
Калі ён падмацаваўся, я паказаў яму куток пячоры, дзе ў мяне ляжаў ахапак рысавай саломы, прыкрыты коўдраю, і знакамі рас-
тлумачыў яму, што ён можа легчы тут і начаваць.
Бедалага лёг і імгненна заснуў.
Карыстаючыся момантам, я пастараўся лепш разгледзець, як ён выглядае.
Гэта быў прывабны малады чалавек, высокага росту, цудоўнага складу, рукі і ногі меў мускулістыя, моцныя і ў той жа час надзвычай зграбныя; на выгляд яму было гадоў дваццаць шэсць. У твары яго я не заўважыў нічога панурага ці жорсткага; гэта быў мужны і ў той жа час пяшчотны і прыемны твар, і на ім нярэдка з’яўляўся выраз лагоднасці, асабліва калі ён усміхаўся. Валасы ў яго былі доўгія і чорныя; яны падалі на твар гладкімі пасмамі. Лоб высокі, адкрыты; колер скуры цёмна-карычневы, вельмі прыемны для вока. Твар кругльх, шчокі поўныя, нос невялікі. Рот прыгожы, губы тонкія, зубы роўныя, белыя, як слановая косць. Спаў ён не болып паўгадзіны, нават не спаў, а драмаў, потым усхапіўся на ногі і выйшаў з пячоры да мяне.
Я тут жа ў загоне даіў сваіх коз. Як толькі ён убачыў мяне, ён тут жа падбег і зноў упаў перада мною на зямлю, усяляк выказваючы самую пакорную падзяку і адданасць. Прыпаўшы тварам да зямлі, ён зноў паставіў сабе на галаву маю нагу і ўвогуле, як толькі ўмеў, усімі даступнымі яму сродкамі імкнуўся даказаць мне сваю бязмежную пакору, намагаўся растлумачыць, што з гэтага дня ён будзе служыць мне ўсё жыццё.
Я шмат зразумеў з таго, што ён імкнуўся мне сказаць, і пастараўся запэўніць яго, што я ім вельмі задаволены.
3 таго дня я пачаў вучыць яго самым неабходным словам. Перш за ўсё я сказаў яму, што буду называць яго Пятніца (я выбраў яму гэта імя ў напамінак таго дня, калі я выратаваў яму жыццё). Затым я навучыў яго вымаўляць маё імя, навучыў таксама вымаўляць «так» і «не» і растлумачыў яму значэнне гэтых слоў.
Я прынёс яму малака ў гліняным збану і паказаў, як трэба мачаць хлеб у малако. Ён адразу навучыўся ўсяму гэтаму і пачаў на мігі паказваць, што мая пачостка яму спадабалася.
Мы пераначавалі ў гроце, але адразу, як толькі надышла раніца, я загадаў Пятніцы ісці за мною і павёў яго ў сваю крэпасць. Я растлумачыў, што хачу падарыць яму сякое-такое адзенне. Ён, відаць, вельмі ўзрадаваўся, таму што быў зусім голы.
Калі мы ішлі паўз тое месца, дзе былі пахаваны забітыя ўчора два дзікуны, ён паказаў мне на іх магілы і ўсяляк імкнуўся мне растлумачыць, што нам варта адкапаць абодва трупы, каб зараз жа з’есці іх.
Тут я зрабіў выгляд, што страшэнна ўзлаваўся, што мне агідна нават слухаць пра такія рэчы, што мяне пачынае ванітаваць ад аднае думкі пра гэта, што я ўзнелюблю і ўзненавіджу, яго, калі ён толькі дакранецца да забітых. Нарэшце я зрабіў рашучы рух рукою, загадваючы яму адысці ад магіл; і ён адразу ж вельмі пакорна адышоў.
Пасля гэтага мы з ім падняліся на пагорак: мне хацелася паглядзець, ці тут яшчэ дзікуны.
Я дастаў падзорную трубу і навёў яе на тое месца, дзе бачыў іх учора. Але іх і след прастыў: на беразе не было ніводнай лодкі. Я не сумняваўся, што дзікуны паехалі, нават не паспрабаваўшы шукаць двух сваіх таварышаў, якія засталіся на востраве.
Я, вядома, узрадаваўся гэтаму, але мне хацелася мець болып дакладныя звесткі пра маіх нязваных гасцей. Бо цяпер я ўжо быў не адзін, са мною быў Пятніца, і таму я зрабіўся куды смялейшы, а разам са смеласцю ў мяне абудзілася і цікаўнасць.