Рабінзон Круза  Даніэль Дэфо

Рабінзон Круза

Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
80.03 МБ
Як і тады, дзень быў вельмі ясны.
Пятніца доўга ўглядаўся ўдалечыню і раптам крыкнуў, пачаў падскакваць і скакаць, як вар’ят, крычаць мне, каб я хутчэй карабкаўся на пагорак.
Я са здзіўленнем глядзеў на яго.
Ніколі не даводзілася мне бачыць яго такім узбуджаным. Нарэшце ён спыніў свае скокі і крыкнуў:
— Хутчэй, хутчэй сюды!
Я спытаў у яго:
— Што здарылася? Чаго ты так радуешся?
— Так, так! — паўтараў ён.— Я шчаслівы! Вунь там, глядзі... адсюль відно... там мая зямля, мой народ!
Твар яго свяціўся шчасцем, вочы ззялі; здавалася, усёй сваёй істотай ён ірвецца туды, у той край, дзе яго родныя і блізкія.
Убачыўшы, як ён радуецца і весяліцца, я быў вельмі засмучаны.
«Дарэмна я ставіўся з такім бязмежным даверам да гэтага чалавека,— сказаў я сабе.— Ён прыкідваецца маім адданым сябрам, а сам толькі і думае пра тое, як бы яму ўцячы».
I я з недаверам зірнуў на Пятніцу.
«Зараз ён лагодны і пакорны,— думаў я,— але варта яму толькі апынуцца сярод іншых дзікуноў, ён, вядома, зараз жа забудзе, што я выратаваў яму жыццё, і аддасць мяне сваім аднапляменнікам; ён прывядзе іх сюды, на мой востраў. Яны заб’юць і з’ядуць мяне, і ён будзе баляваць разам з імі гэтак жа весела і бесклапотна, як раней, калі яны прыязджалі сюды святкаваць сваю перамогу над дзікунамі варожых плямён».
Маё падазрэнне з таго часу ўсё мацнела.
Я пачаў ухіляцца свайго ўчарашняга сябра, мае адносіны да яго зрабіліся абыякавымі і халоднымі.
Так працягвалася некалькі тыдняў. На шчасце, я хутка пераканаўся, што быў страшэнна вінаваты перад гэтым шчырым юнаком.
Пакуль я падазраваў яго ў здрадлівых і каварных намерах, ён па-ранейшаму адносіўся да мяне з адданасцю; у кожным слове яго было столькі дабрыні і дзіцячага даверу, што ў рэшце рэшт мне зрабілася брыдка ад маіх падазрэнняў. Я зноў адчуў у ім вернага сябра і пастараўся ўсяляк загладзіць перад ім сваю віну. А ён нават не заўважыў мае халоднасці да яго, і гэта было для мяне самым яскравым сведчаннем яго сардэчнай шчырасці.
Аднойчы, калі мы з Пятніцай зноў падымаліся на пагорак (гэты раз над морам стаяў туман і супрацьлеглага берага не было відно), я спытаў у яго:
— А што, Пятніца, табе хацелася б вярнуцца на радзіму, да сваіх?
— Вядома,— адказаў ён,— я быў бы яшчэ як рады вярнуцца туды!
— Што б ты там рабіў? — працягваў я.— Зрабіўся б зноў крыважэрным і пачаў бы, як і раней, есці чалавечае мяса?
Mae словы, відаць, усхвалявалі яго. Ён пакруціў галавой і адказаў:
— He, не! Пятніца сказаў бы ўсім сваім: жывіце, як трэба, ешце хлеб са збожжа, малако, казінае мяса, не ешце чалавека.
— Ну, калі ты скажаш ім гэта, яны цябе заб’юць.
Ён зірнуў на мяне і сказаў:
— He, не заб’юць. Яны будуць рады вучыцца добраму.
Затым ён дадаў:
— Яны многа вучыліся ў барадатых чалавекаў, што прыехалі ў лодцы.
— Дык табе хочацца вярнуцца дадому? — паўтарыў я сваё пытанне.
Ён усміхнуўся і сказаў:
— Я не здолею плысці так далёка.
— Ну, а калі б я даў табе лодку,— спытаў я ў яго,— ты паехаў бы на радзіму, да сваіх?
— Паехаў бы’ — горача адклікнуўся ён.— Але і ты павінен паехаць са мною.
— Як жа мне ехаць? — запярэчыў я.— Яны мяне адразу ж з’ядуць.
— He, не, не з’ядуць! — прамовіў ён палка.— Я зраблю так, што не з’ядуць! Я зраблю так, што яны будуць цябе многа любіць.
Пятніца хацеў гэтым сказаць, што ён раскажа сваім землякам, як я забіў яго ворагаў і выратаваў яму жыццё. Ён быў упэўнены, што за гэта яны будуць моцна любіць мяне.
Пасля гэтага ён расказаў мне, з якой дабрынёй яны аднесліся да семнаццаці белых барадатых людзей, якіх прыбіла бураю да берагоў яго радзімы. 3 таго моманту ў мяне з’явілася страснае жаданне паспрабаваць, чаго б гэта ні каштавала, пераправіцца ў краіну дзікўноў і адшукаць там тых белых «барадатых чалавекаў», пра якіх казаў Пятніца.
• He магло быць ніякага сумнення, што гэта іспанцы ці партугальцы, і я быў упэўнены, што, калі толькі я здолею пабачыцца і пагутарыць з імі, разам мы прыдумаем спосаб вырвацца адсюль на волю. «Ва ўсякім выпадку,— думаў я,— на гэта будзе болей надзеі, калі нас будзе васемнаццаць чалавек і калі мы пачнём дружна дзейнічаць дзеля агульнай справы. А што здолею зрабіць я, адзін, без памагатых, на маім астраўку, за сорак міляў ад іх берага!»
Гэты план моцна засеў у мяне ў галаве, і праз некалькі дзён я зноў загаварыў пра яго.
Я сказаў Пятніцу, што дам яму лодку, каб ён здолеў вярнуцца на радзіму, і ў той жа дзень павёў яго да той бухтачкі, дзе была мая лодка.
Вычарпаўшы з яе ваду, я падвёў яе да берага і паказаў Пятніцу. Мы абодва селі ў лодку, каб выпрабаваць яе ход. Пятніца, як выявілася, быў цудоўны вясляр і працаваў вёсламі не горш за мяне. Лодка хутка імчалася па вадзе. Калі мы адышлі ад берага, я сказаў яму:
— Ну што ж, Пятніца, паедзем да тваіх землякоў?
Ён паглядзеў на мяне неяк сумна і паныла: відаць, на яго думку, лодка была занадта малая для такога плавання. Тады я сказаў, што ў мяне ёсць другая, большая. I на другі дзень мы з ім накіраваліся ў лес, на тое месца, дзе я пакінуў сваю першую лодку, якую не здолеў спусціць на ваду. Пятніцу гэта лодка спадабалася.
— Такая згодзіцца, згодзіцца,— паўтараў ён.— Тут можна многа класці хлеба, вады і ўсяго.
Але з дня пабудовы гэтай лодкі мінула дваццаць тры гады. Увесь гэты час яна правалялася без усякага догляду пад адкрытым небам, яе пякло сонца і мачылі дажджы, уся яна рассохлася і згніла. Аднак гэта не пахіснула майго намеру ажыццявіць паездку на мацярык.
— Нічога, не бядуй,— сказаў я Пятніцу.— Мы пабудуем гэткую ж лодку, і ты паедзеш дадому.
Ён не адказаў ні слова, але вельмі засмуціўся і зрабіўся маўклівы. Калі я спытаў у яго, што з ім, Пятніца прамовіў:
— За што Рабінзон Круза сярдуе на Пятніцу? Што я кепскае зрабіў?
— Чаму ты надумаў, што я сярдую на цябе? Я ніколькі не сярдую,— адказаў я.
— «Не сярдую. He сярдую!» — паўтарыў ён разоў шэсць ці сем запар.— А навошта пасылаеш Пятніцу дадому, да яго землякоў і родных?
— Дык ты ж сам казаў, што табе хочацца дадому,— заўважыў я.
— Так, хочацца,— адказаў ён,— але толькі з табою. Каб ты і я. Робін не паедзе — Пятніца не паедзе! Пятніца не хоча без Робіна!
Ён і слухаць не хацеў пра тое, каб пакінуць мяне.
— Але, памяркуй сам,— сказаў я,— навошта я паеду туды? Што я там буду рабіць?
Ён горача запярэчыў мне:
— Што ты будзеш там рабіць? Многа рабіць, добра рабіць: вучыць дзікіх чалавекаў быць добрымі, разумнымі.
— Мілы Пятніца,— сказаў я і ўздыхнуў,— ты сам не ведаеш, пра што кажаш. Куды ўжо такому няшчаснаму невуку, як я, яшчэ вучыць некага!
— Няпраўда! — горача запярэчыў ён.— Мяне вучыў — будзеш вучыць і іншых чалавекаў.
— He, Пятніца,— сказаў я,— едзь без мяне, а я застануся тут адзін, без людзей. Жыў жа я неяк адзін да гэтага часу!
Гэтыя словы, відаць, здаліся яму вельмі крыўднымі. Ён імкліва кінуўся да сякеры, што ляжала непадалёку, схапіў яе, прынёс і падаў мне.
— Навошта ты даеш мне сякеру? — спытаў я.
Ён адказаў:
— Забі Пятніцу!
— Навошта мне цябе забіваць? Ты ж нічога кепскага мне не зрабіў.
— А навошта праганяеш Пятніцу адсюль? — горача ўсклікнуў ён.— Забі Пятніцу, не праганяй яго адсюль!
Ён быў страшэнна ўсхваляваны. Я заўважыў на вачах у яго слёзы. Словам, адданасць яго была такая моцная, што, калі б я нават хацеў, я не здолеў бы прагнаць яго. Я тут жа сказаў яму і часта паўтараў потым, што ніколі больш не буду гаварыць пра яго ад’езд на радзіму, пакуль ён хоча заставацца са мною.
Такім чынам я канчаткова ўпэўніўся, што Пятніца назаўсёды адданы мне.
Калі ён нават і хацеў вярнуцца на радзіму, то толькі таму, што ўсім сэрцам любіў сваіх аднапляменнікаў: ён спадзяваўся, што я паеду да іх і навучу іх дабру.
Але я добра разумеў, што мне гэта, вядома, не пад сілу.
I ўсё роўна я страсна жадаў як мага хутчэй адправіцца на радзіму да Пятніцы, каб убачыць «барадатых» людзей, якія жывуць у той краіне. Нарэшце я вырашыў, не адкладваючы далей, распачаць пабудову вялікай лодкі, на якой можна было б рушыць у адкрытае мора.
Перш за ўсё трэба было выбраць прыдатнае дрэва з дастаткова тоўстым ствалом.
Тут думаць не трэба было: на востраве расло столькі велізарных дрэў, што з іх можна было збудаваць не толькі лодку, а, бадай, цэлы флот. Але я добра памятаў, якую зрабіў памылку, калі будаваў сваю вялізную пірогу у лесе, далёка ад мора, а потым не здолеў прыцягнуць яе да берага. Каб гэта памылка не паўтарылася, я вырашыў знайсці такое дрэва, якое расце бліжэй да мора, каб можна было без асаблівай цяжкасці спусціць лодку на ваду.
Але ля самага берага раслі пераважна дробныя і чэзлыя дрэвы.
Я абышоў амаль усё ўзбярэжжа і не знайшоў нічога прыдатнага. Выручыў мяне Пятніца: выявілася, што ў гэтай справе ён разумеў болын за мяне. Я і сёння не ведаю, якой пароды было тое дрэва, з якога мы тады пабудавалі лодку.
Пятніца стаяў на тым, каб мы агнём выпалілі ўнутранасць дрэва, як робяць пры пабудове сваіх пірогаў дзікуны. Але я сказаў яму, што лепей выдаўбаць яе долатам і іншым цяслярскім інструментам, і, калі я паказаў яму, як гэта робіцца, ён ахвотна згадзіўся, што мой спосаб лепшы і больш надзейны.
Пятніца хутка вывучыўся рабіць і гэту работу.
Мы з захапленнем узяліся за работу, і праз месяц лодка была гатова. Мы патрацілі на яе многа сілы, абчасалі яе сякерамі, і ў нас атрымалася сапраўдная марская лодка з высокім кілем і моцнымі бартамі; яна была цалкам прыгодная для нашай мэты, таму што пэўна магла падняць дваццаць чалавек.
Пасля таго спатрэбілася яшчэ каля двух тыдняў, каб спусціць наша судна на ваду. Для гэтай мэты мы прыстасавалі драўляныя каткі, але лодка была такая цяжкая, а рабочых рук так мала, што і на катках яна рухалася наперад страшэнна павольна, дзюйм за дзюймам.
Калі лодка была спушчана на ваду, я са здзіўленнем убачыў, як спрытна спраўляецца з ёю Пятніца, як хутка ўмее ён паварочваць яе ўправа і ўлева і як добра вяслуе.
Я спытаў у яго, ці няма небяспекі, на яго думку, выпраўляцца ў мора на такой лодцы.
— О не,— сказаў ён,— такая лодка не страшна плыць, няхай дзьме моцны вецер!
Але перш чым рушыць у мора, я намерыўся зрабіць яшчэ адну справу, пра якую Пятніца пакуль што не ведаў, а іменна: паставіць у лодцы мачту з парусам, а таксама змайстраваць якар і карабельны канат. Зрабіць мачту было няцяжка: на востраве расло многа на дзіва стройных высокіх кедраў. Я выбраў адно маладзенькае дрэўца — яно расло непадалёку ад бухты, дзе стаяла наша новая лодка,— і загадаў Пятніцу ссекчы яго. Затым ён пад маім кіраўніцтвам ацерабіў ствол ад галін і старанна абчасаў яго. Мачта была гатова.