Рабінзон Круза  Даніэль Дэфо

Рабінзон Круза

Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
80.03 МБ
Калі ён прагнаў смагу свежай вадой і з’еў хлеба, я падышоў да яго і даў яму жменю разынак. Ён узняў галаву і паглядзеў на мяне з
невыказнай удзячнасцю, потым паспрабаваў устаць, але не здолеў — так распухлі і балелі ў яго ногі. Гледзячы на гэтага хворага чалавека, цяжка было нават уявіць сабе, як ён пры такой знямозе мог толькі што так адважна біцца з ворагам. Я параіў яму сядзець і не рухацца і даручыў Пятніцу расцерці яму ногі ромам.
Пакуль Пятніца расціраў іспанца, ён кожныя дзве хвіліны, а магчыма, і часцей паварочваўся, каб пабачыць, ці не трэба чаго-небудзь яго бацьку. Пятніца бачыў толькі галаву старога, бо той сядзеў на дне лодкі. Раптам азірнуўшыся, ён убачыў, што галава знікла; у той жа момант Пятніца ўжо быў на нагах. Ён не бег, а ляцеў: здавалася, ногі яго не дакранаюцца зямлі. Але калі, дабегшы да лодкі, ён убачыў, што бацька прылёг адпачыць і спакойна ляжыць на дне лодкі, ён зараз жа вярнуўся да нас.
Тады я сказаў іспанцу, што мой сябар дапаможа яму падняцца і давядзе да лодкі, у якой мы прывязём яго да нашага жылля.
Але Пятніца, рослы і дужы, падняў яго, як дзіця, ускінуў сабе на спіну і панёс. Дайшоўшы да лодкі, ён асцярожна пасадзіў яго спачатку на борт, а затым на дно поруч з бацькам. Потым выйшаў на бераг, сапхнуў лодку ў ваду, зноў ускочыў у яе і ўзяўся за вёслы. Я пайшоў пехатой.
Пятніца выдатна веславаў, і, нягледзячы на моцны вецер, лодка так хутка неслася ўздоўж берага, што я не паспяваў за ёю.
Пятніца без прыгод прывёў лодку ў нашу гавань і, пакінуўшы там бацьку і іспанца, пабег берагам назад.
— Куды ты бяжыш? — спытаў я, калі мы разміноўваліся.
— Трэба прывесці яшчэ адну лодку,— крыкнуў ён мне на бягу і віхрам памчаўся далей.
Ніводзін чалавек, ніводзін конь не ўгналіся б за ім — так хутка ён бегаў. Ледзь я дайшоў да бухтачкі, як ён ужо з’явіўся туды з другою лодкаю.
Выскачыўшы на бераг, ён пачаў памагаць нашым новым гасцям выйсці з лодкі, але абодва яны так знясілелі, што не маглі трымацца на нагах.
Бедны Пятніца не ведаў, што рабіць.
Я таксама задумаўся.
— Пакінь пакуль што нашых гасцей на беразе, а сам ідзі за мной,— сказаў я яму.
Мы пайшлі ў бліжэйшы гай, ссеклі два-тры дрэўцы, змайстравалі насілкі, на якіх і даставілі хворых да знадворнай сцяны нашай крэпасці.
Тут мы ўжо зусім разгубіліся, не ведаючы, што нам рабіць далей. Перацягнуць двух дарослых людзей цераз такую высокую агароджу нам, вядома, было не пад сілу. Давялося зноў памаракаваць, і я зноў прыдумаў, што рабіць. Мы з Пятніцай узяліся за работу, і гадзіны праз дзве ў нас была гатова зусім нядрэнная парусінавая палатка, на якую мы накідалі голля.
У гэтай палатцы мы змайстравалі дзве пасцелі з рысавай саломы і чатырох коўдраў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ Новыя жыхары вострава.— Прыбыццё англічан
Пасля таго як я ўладкаваў з жыллём нашых хворых гасцей, толькі што выратаваных з палону, завёў іх пад дах іх новага дома, дзе яны маглі адпачыць і аднавіць свае сілы, трэба было падрыхтаваць ім ежу. Я паслаў Пятніцу, каб ён прывёў з майго маленькага статка гадавалае казляня. Ён зарэзаў яго і пад маім наглядам згатаваў з казляціны смажаніну і зварыў добры булён.
Гэты булён мы заправілі ячменем і рысам; атрымаўся вельмі смачны суп. Гатаванне ежы адбывалася за знадворнай сцяной, таму што, як гаварылася ўжо раней, я ніколі не раскладаў вогнішча ў крэпасці.
Мы накрылі стол у новай палатцы і паабедалі на наваселлі ўчатырох.
Я на гэтым абедзе выконваў абавязкі старшыні і займаў нашых гасцей гутаркай. Пятніца быў пры мне за перакладчыка не толькі тады, калі я размаўляў з яго бацькам, а таксама і з іспанцам, таму што іспанец даволі прыстойна размаўляў на мове дзікуноў.
Калі мы паабедалі, ці, дакладней, павячэралі, я папрасіў Пятніцу ўзяць адну пірогу і з’ездзіць па нашы стрэльбы, якія мы за недахопам часу пакінулі на месцы бойкі; на другі дзень я паслаў яго закапаць трупы забітых, a таксама жахлівыя рэшткі крывавага балю.
Пятніца дакладна выканаў маё даручэнне. Ён так старанна знішчыў сляды ўсіх дзікуноў, што, калі я зноў пабыў на тым месцы, я не адразу здолеў пазнаць яго. Толькі па дрэвах на ўскрайку ўзбярэжнага лесу я здагадаўся, што людаеды балявалі якраз тут.
Праз некалькі дзён, калі мае новыя сябры адпачылі і прыкметна акрыялі пасля ўсіх перажытых імі выпрабаванняў, я пачаў з дапамогай Пятніцы весці з імі гутарку.
Перш за ўсё я спытаў у бацькі Пятніцы, ці не баіцца ён, што тыя людаеды, якія ўцяклі, могуць вярнуцца на востраў з цэлым полчышчам другіх дзікуноў, якія жорстка расправяцца з намі.
Стары адказаў, што, на яго думку, дзікуны, якія збеглі, ніяк не здолелі дабрацца да родных берагоў у такую моцную буру, якая бушавала ў тую ноч, што, напэўна, іх лодку перавярнула і ўсе яны патанулі.
— А калі яны засталіся жывыя,— сказаў ён,— іх аднесла ўбок і прыбіла да зямлі варожага племя, дзе іх абавязкова з'ядуць.
Памаўчаўшы крыху, стары працягваў:
— Але нават калі яны і шчасліва даплылі дадому, то і тады яны не рызыкнуць вярнуцца. Яны былі так страшэнна напалоханы вашым нечаканым нападам, грукатам і агнём стрэлаў, што, відаць, раскажуць сваім аднапляменнікам, нібыта таварышы іх загінулі ад грому і маланкі. Вас жа двух — цябе і Пятніцу — яны палічылі за ўгневаных д’яблаў, якія спусціліся на зямлю, каб іх знішчыць. Я сам чуў, як яны гаварылі пра гэта адзін аднаму. Яны не могуць уявіць сабе, каб звычайны чалавек мог вывяргаць полымя, гаварыць, як гром, і забіваць на далёкай адлегласці, нават не падымаючы рукі.
Стары казаў праўду. Пазней я даведаўся, што нават праз многа гадоў пасля таго ніводзін дзікун не адважваўся паказацца на маім востраве. Відаць, тыя ўцекачы, якіх мы лічылі загінуўшымі, усё ж вярнуліся на радзіму і сваі-
мі страшэннымі расказамі напалохалі іншых дзікуноў. Магчыма нават, што іх племя склала павер’е, нібыта кожнага, хто ступіць на бераг гэтага зачараванага вострава, багі знішчаць агнём.
He прадбачачы гэтага, я доўгі час быў у нязменнай трывозе, чакаючы помсты дзікуноў. Праўда, і я і мая маленькая армія заўсёды былі гатовы да бойкі: цяпер жа нас было чацвёра, і, няхай бы да нас з’явілася хоць сотня ворагаў, мы не пабаяліся б у любы час распачаць з імі бойку.
Але ж іх магло быць і дзвесце і трыста, і тады яны перамаглі б нас.
Аднак міналі дні, а лодкі дзікуноў не з’яўляліся. Разам з тым я ўсё часцей і часцей вяртаўся да свае даўнішняй думкі пра падарожжа на мацярык. Бацька Пятніцы не раз запэўняў мяне, што я магу смела разлічваць на гасцінную сустрэчу ў яго землякоў, таму што я выратаваў і яго сына і самога яго ад смерці.
Але пасля адной сур’ёзнай гаворкі з іспанцам я пачаў сумнявацца, ні варта мне прыводзіць у выкананне мой план.
Іспанец сказаў мне, што хоць дзікуны і сапРаЎДьі далі прытулак у сябе семнаццаці іспанцам і партугальцам, якія пацярпелі крушэнне каля іх берагоў, але ўсе гэтыя еўрапейцы жывуць зараз у страшэннай нястачы і часта нават галадаюць. Дзікуны не прыгнятаюць іх і даюць ім поўную волю, але самі яны жывуць у такой галечы, што не заўсёды здольны пракарміць прышэльцаў.
Я спытаў у іспанца пра падрабязнасці іх апошняга плавання, і ён паведаміў мне, што іх карабель ішоў з Рыо-дэ-ла-Платы ў Гавану, кУДы павінен быў прывезці срэбра і пушніну і нагрузіцца еўрапейскімі таварамі, якіх там было дастаткова.
У час буры пяць чалавек з іх карабельнай каманды патанула, а астатнія пасля шматдзённых пакут і жахаў, зняможаныя смагай і голадам, нарэшце прычалілі да краіны людаедаў. Высадзіўшыся ў гэтай краіне, яны адчувалі сябе страшэнна жахліва, з мінуты на мінуту чакаючы, што іх з’ядуць дзікуны. У іх была з сабой агнястрэльная зброя, але не было ні пораху, ні куль: той порах, які яны ўзялі з сабою
ў лодку, за дарогу амаль увесь падмок, а што засталося, яны даўно выдаткавалі, таму што на першым часе здабывалі сабе ежу толькі паляваннем.
Я спытаў у яго, які, на яго думку, лёс чакае яго таварышаў у краіне дзікуноў і ці спрабавалі яны калі-небудзь выбрацца адтуль на волю. Ён сказаў, што ў іх было многа нарад з гэтага выпадку, але ўсё канчалася слязьмі і скаргамі.
— У нас жа не было,— растлумачыў ён,— ні судна, на якім можна было б плыць у адкрытае мора, ні інструмента для збудавання такога судна, ні харчовых запасаў.
Тады я сказаў яму:
— Я з вамі буду гаварыць шчыра. Як вы мяркуеце, згодзяцца ці не вашы таварышы пераехаць на мой востраў? Я ахвотна запрасіў бы іх сюды. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлі б нейкі спосаб дабрацца да якой-небудзь узбярэжнай краіны, а адтуль — на радзіму. Адно толькі мяне палохае: запрашаючы іх сюды, я аддаюся ім у рукі. Што, калі яны акажуцца каварнымі злымі людзьмі? Што, калі яны за маю гасціннасць адплацяць мне здрадай? Пачуццё ўдзячнасці, увогуле кажучы, некаторым людзям зусім не ўласціва. Сярод іх могуць аказацца здраднікі. А гэта было б, згадзіцеся, вельмі крыўдна: выратаваць людзей з бяды для таго толькі, каб трапіць у палон да іх у іх Новай Іспаніі1. Ужо няхай лепей з’ядуць дзікуны, чым трапіць у бязлітасныя кіпцюры папоў ці быць спаленым інквізітарамі2. Калі б вашы таварышы,— гаварыў я далей,— прыехалі сюды, я ўпэўнены, што пры такой колькасці работнікаў мы лёгка б збудавалі вялікае судна, на якім бы здолелі паплысці на поўдзень і дайсці да Бразіліі ці накіравацца на поўнач — да іспанскіх уладанняў. Але, вядома, калі я аддам у рукі ім зброю, а яны ў падзяку за маю дабрату павернуць гэту зброю супроць мяне ж, калі, карыстаючыся тым, што яны мацней за мяне, яны адбяруць у мяне маю волю,—
1 Новай Іспаніяй тады называлі Мексіку, заваяваную іспанцамі ў XVI стагоддзі.
2 Інквізітары — іспанскія манахі, якія жорстка распраўляліся з кожным, хто не належаў да каталіцкай царквы. Такіх «ерэтыкаў» яны спальвалі на агні.
тады яны прымусяць мяне пашкадаваць, што я зрабіў ім столькі дабра.
Іспанец адказаў вельмі шчыра:
Таварышы мае церпяць такія цяжкія нягоды і так добра разумеюць усю безнадзейнасць свайго становішча, што я нават у думках не трымаю, каб яны здолелі кепска аднесціся да чалавека, які дапаможа ім выратавацца з няволі. Калі хочаце,— працягваў ён,— я разам з гэтым старым з’езджу да іх, перадам ім вашу прапанову і прывязу вам іх адказ. Калі яны згодзяцца на вашы ўмовы, я вазьму з іх урачыстую прысягу, што яны пойдуць за вамі на тую зямлю, якую вы ім прапануеце, і да звароту дадому будуць безадказна падпарадкоўвацца вам як свайму начальніку. Вы будзеце загадваць, а мы — падпарадкоўвацца. Калі хочаце, мы складзём пісьмовую ўмову, кожны з нас падпіша яе, і я прывязу яе вам.