Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
He даючы дзікунам апамятацца пасля першых стрэлаў, я кінуў на зямлю муіпкет, схапіў стрэльбу, узвёў курок і зноў прыцэліўся. Пятніца дакладна паўтараў кожны мой рух.
— Ты гатовы, Пятніца? — спытаў я зноў.
— Гатовы! — адказаў ён.
— Страляй,— скамандаваў я.
Два стрэлы грымнулі амаль адначасова, але таму што гэты раз мы стралялі са стрэльбаў, якія былі зараджаны шротам, то забітых ака-
залася толькі двое (ва ўсякім разе ўпалі толькі двое), затое параненых было вельмі шмат.
Абліваючыся крывёй, яны, як шалёныя, бегалі па беразе і дзіка крычалі. Трое, відаць, былі цяжка паранены, таму што хутка паваліліся. Праўда, потым выявілася, што яны засталіся жывыя.
Я ўзяў мушкет, у якім былі яшчэ зарады, і, крыкнуўшы: «Пятніца, за мною!» — выбег з лесу на адкрытае месца. Пятніца не адставаў ад мяне ні на крок. Заўважыўшы, што ворагі ўбачылі мяне, я з моцным воклічам кінуўся наперад.
— Крычы і ты! — загадаў я Пятніцу.
Ён тут жа закрычаў, куды мацней за мяне. На жаль, маё ўзбраенне было такое цяжкае, што перашкаджала мне бегчы. Але я як быццам не адчуваў яго і імчаўся наперад, колькі меў сілы, проста да няшчаснага еўрапейца, які, як ужо гаварылася, ляжаў убаку, на пясчаным беразе, паміж морам і вогнішчам дзікуноў. Каля яго не было ніводнага чалавека. Тыя двое, што хацелі зарэзаць яго, уцяклі пры першых жа стрэлах. Страшэнна напалоханыя, яны кінуліся да мора, ускочылі ў лодку і пачалі адчальваць. У тую ж лодку паспелі ўскочыць яшчэ тры дзікуны.
Я павярнуўся да Пятніцы і загадаў яму расправіцца з імі. Ён у момант зразумеў маю думку і, прабегшы крокаў сорак, наблізіўся да лодкі і стрэліў у іх.
Усе пяцёра пападалі на дно лодкі. Я думаў, што ўсе яны забітыя, але двое адразу ж падняліся. Відаць, яны ўпалі толькі са страху.
Пакуль Пятніца страляў у ворагаў, я выняў свой кішэнны нож і перарэзаў дубцы, якімі былі звязаны рукі і ногі палоннага. Я дапамог яму падняцца і спытаў у яго па-партугальску, хто ён такі. Ён адказаў:
— Эспаньола (іспанец).
Неўзабаве ён крыху апрытомнеў і пачаў з дапамогай жэстаў горача выказваць мне сваю ўдзячнасць за тое, што я выратаваў яму жыццё.
Паклікаўшы на дапамогу ўсе свае веды іспанскае мовы, я сказаў яму па-іспанску:
— Сеньёр, гаварыць мы будзем потым, a зараз мы павінны змагацца. Калі ў вас засталося крыху сілы, то вось вам шабля і пісталет.
Іспанец з удзячнасцю ўзяў тое і другое і, адчуўшы ў руках зброю, як быццам зрабіўся другім чалавекам. Адкуль у яго ўзялася сіла! Як бура, наляцеў ён на дзікуноў і ў адзін момант пасек двух на кавалкі.
Праўда, для такога подзвігу не патрабавалася вялікай сілы: няшчасныя дзікуны, аглушаныя грукатам нашай страляніны, былі да Taro перапалоханы, што не здольны былі ні ўцякаць, ні бараніцца. Многія падалі проста ад страху, як тыя два, што зваліліся на дно лодкі ад стрэлу Пятніцы, хаця кулі і не зачапілі іх.
Аддаўшы шаблю і пісталет іспанцу, я застаўся толькі з мушкетам. Ён быў зараджаны, але я пакідаў свой зарад на выпадак якойнебудзь нечаканасці і таму не страляў.
У кустах, пад тым дрэвам, адкуль мы ўпершыню распачалі агонь, засталіся нашы паляўнічыя стрэльбы. Я паклікаў Пятніцу і загадаў збегаць па іх.
Ён зараз жа выканаў мой загад. Я аддаў яму свой мушкет, а сам пачаў зараджаць астатнія стрэльбы, сказаўшы іспанцу і Пятніцу, каб яны прыходзілі да мяне, калі ім спатрэбіцца зброя. Яны выказалі поўную гатоўнасць падпарадкоўвацца майму загаду.
Пакуль я зараджаў стрэльбы, іспанец з незвычайнай адвагай напаў на аднаго з дзікуноў, і паміж імі завязалася жорсткая бойка.
У руках у дзікуна быў вялізны драўляны меч. Дзікуны выдатна валодаюць гэтай смертаноснай зброяй. Такім мечам яны хацелі і прыкончыць іспанца, калі той ляжаў каля вогнішча. Цяпер гэты меч зноў быў занесены над яго галавой. Я нават не чакаў, што іспанец акажацца такім ваяўнічым: праўда, ён усё яшчэ быў слабы пасля перанесеных пакут, але біўся адважна і нанёс праціўніку шабляй два страшэнныя ўдары па галаве. Дзікун быў велізарнага росту, вельмі мускулісты і дужы. Раптам ён адкінуў свой меч, і яны схапіліся ўрукапашную. Іспанцу давялося вельмі кепска: дзікун адразу ж збіў яго з ног, наваліўся на яго і пачаў вырываць у яго шаблю. Убачыўшы гэта, я ўскочыў і кінуўся яму на дапамогу. Але іспанец не разгубіўся: ён знарок выпусціў шаблю з рук, выхапіў з-за пояса пісталет, стрэліў у дзікуна і палажыў яго на месцы.
Між тым Пятніца з гераічнай адвагай праследаваў дзікуноў, якія ўцякалі. У руцэ ў яго была толькі сякера, іншай зброі не было. Гэтай сякерай ён прыкончыў ужо трох дзікуноў, параненых першымі нашымі стрэламі, і цяпер ён быў бязлітасны да кожнага, хто трапляўся яму на дарозе.
Іспанец, адолеўшы грамілу, які пагражаў яму, ускочыў на ногі, падбег да мяне, схапіў адну з зараджаных мною паляўнічых стрэльбаў і кінуўся даганяць двух дзікуноў. Ён параніў абодвух, але, таму што доўга бегчы ў яго не хапіла сілы, абодва дзікуны паспелі схавацца ў лесе.
За імі, размахваючы сякерай, пабег Пятніца. Нягледзячы на свае раны, адзін з дзікуноў кінуўся ў мора і паплыў за лодкай: у ёй было трое дзікуноў, якія паспелі адчаліць ад берага.
Трое дзікуноў, што знаходзіліся ў лодцы, працавалі вёсламі з усяе сілы, імкнучыся хутчэй уцячы з-пад стрэлаў.
Пятніца разы два ці тры стрэліў ім наўздагон, але, здаецца, не папаў.
Ён пачаў угаворваць мяне ўзяць адну з пірог дзікуноў і рушыць за ўцекачамі, пакуль яны яшчэ не паспелі вельмі далёка адплыць ад берага.
Я і сам не хацеў, каб яны ўцяклі. Я баяўся, што калі яны раскажуць сваім землякам пра наш напад на іх, то тыя хлынуць на нас у незлічонай колькасці, і нам тады непаздаровіцца. Праўда, у нас ёсць стрэльбы, а ў іх толькі стрэлы і драўляныя мячы, але, калі да нашага берага прычаліць цэлая флатылія варожых лодак, мы, вядома, будзем знішчаны бязлітасна. Таму я пагадзіўся з настойлівасцю Пятніцы. Я накіраваўся да пірогаў, загадаўшы яму ісці за мною следам.
Але якое ж вялікае было маё здзіўленне, калі, ускочыўшы ў пірогу, я ўбачыў там чалавека! Гэта быў стары дзікун. Ён ляжаў на дне лодкі са звязанымі рукамі і нагамі. Відаць, яго таксама павінны былі з’есці ля вогнішча. He разумеючы, што адбываецца вакол (ён не мог нават зірнуць за борт пірогі — так моцна яго скруцілі), няшчасны, здаецца, думаў, што яго толькі затым і развязалі, каб зарэзаць і з’есці.
Тут падбег Пятніца.
— Скажы гэтаму чалавеку,— звярнуўся я да Пятніцы,— што яго ворагі знішчаны, што ён на волі і што мы не зробім яму ніякага зла.
Пятніца загаварыў са старым, я ж уліў палоннаму ў рот некалькі кропель рому.
Радасная вестка пра волю ажывіла няшчаснага: ён падняўся на ногі са дна лодкі і прамовіў некалькі слоў.
Немагчыма ўявіць, што зрабілася з Пятніцай! Самы чэрствы чалавек і той быў бы да слёз крануты, калі б убачыў яго ў гэту мінуту. Ледзь толькі ён пачуў голас старога дзікуна і ўбачыў яго твар, як кінуўся абдымаць яго і цалаваць, заплакаў, засмяяўся, прыціснуў яго да грудзей, закрычаў, потым пачаў скакаць вакол яго, заспяваў, зноў заскакаў, потым зноў заплакаў і пачаў біць сябе па галаве і па твары — адным словам, паводзіў сябе, як вар’ят.
Я спытаў у яго, што здарылася, але доўга не мог дабіцца ад яго ніякага тлумачэння. Нарэшце, крыху апамятаўшыся, ён сказаў мне, што гэты чалавек — яго бацька.
He магу выказаць, да чаго расчуліла мяне такое непадробнае пачуццё сына да бацькі! Ніколі я не думаў, што грубага дзікуна можа так уразіць і ўзрадаваць сустрэча з бацькам.
I ў той жа час нельга было не смяяцца з тых вар’яцкіх падскокаў і жэстаў, якімі ён выказваў свае пачуцці да бацькі. Разоў дзесяць ён выскакваў з лодкі, а потым зноў ускакваў у яе; то расхіне куртку і прыцісне бацькаву галаву да сваіх голых грудзей, то пачне расціраць яго здранцвелыя рукі і ногі.
Убачыўшы, што стары ўвесь аж скалеў, я параіў расцерці яго ромам, і Пятніца тут жа ўзяўся расціраць яго.
Пра пагоню за ўцекачамі мы, вядома, забылі і думаць; іх лодка за гэты час зайшла так далёка, што амаль знікла з вачэй.
Мы нават не спрабавалі плыць за імі ў пагоню і, як потым выявілася, вельмі добра зрабілі, таму што гадзіны праз дзве ўзняўся страшэнны вецер, які несумненна перавярнуў бы нашу лодку. Ён дзьмуў з паўночнага захаду якраз насустрач уцекачам. Наўрад ці змаглі яны адолець гэту буру; я быў упэўнены, што яны загінулі сярод хваль, не пабачыўшы родных берагоў.
Неспадзяваная радасць так моцна ўсхвалявала Пятніцу, што ў мяне не хапіла смеласці адарваць яго ад бацькі. «Трэба даць яму супакоіцца»,— падумаў я, стоячы непадалёку і чакаючы, калі астыне яго радаснае ўзбуджэнне.
Гэта здарылася не хутка. Нарэшце я паклікаў Пятніцу. Ён накіраваўся да мяне подбегам, з вясёлым смехам, шчаслівы і задаволены. Я спытаў у яго, ці даваў ён бацьку хлеба. Ён засмучана пакруціў галавой:
— Няма хлеба: дурны сабака нічога не пакінУЎ, усё з’еў сам! — і паказаў на сябе.
Тады я выняў са свае торбы ўсю, якая ў мяне была, правізію — невялічкую ляпёшку і дзве ці тры галінкі разынак — і аддаў Пятніцу. I ён усё гэтак жа клапатліва і пяшчотна пачаў карміць бацьку, як малое дзіця. Бачачы, што ён дрыжыць ад хвалявання, я параіў самому яму падмацаваць свае сілы рэшткамі рому, але і ром ён аддаў старому.
Праз мінуту Пятніца ўжо некуды імчаўся як шалёны. Бегаў ён увогуле вельмі хутка. Дарэмна я крычаў яму ўслед, каб ён спыніўся і сказаў мне, куды ён бяжыць,— ён ужо знік.
Праўда, праз чвэртку гадзіны ён вярнуўся, і крокі яго зрабіліся куды павольнейшыя. Калі ён падышоў бліжэй, я ўбачыў, што ён штосьці нясе. Гэта быў гліняны збан з прэснай вадой, якую ён прынёс бацьку. Для гэтага ён збегаў дадому, у нашу крэпасць, а заадно прыхапіў яшчэ і дзве буханкі хлеба. Хлеб ён аддаў мне, а ваду панёс старому, дазволіўшы, між іншым, і мне напіцца, таму што і мне вельмі хацелася піць. Вада ажывіла старога лепш за ўсякі спірт: ён, здавалася, паміраў ад смагі.
Калі стары напіўся, я паклікаў Пятніцу і спытаў, ці не засталося ў збане вады. Ён адказаў, што засталося, і я загадаў яму даць напіцца беднаму іспанцу, які пакутаваў ад смагі не меней, чым стары дзікун. Я паслаў іспанцу таксама буханку хлеба.
Іспанец усё яшчэ быў вельмі слабы. Ён сядзеў на палянцы пад дрэвам у поўнай знямозе. Дзікуны так моцна звязалі яго, што цяпер у * яго параспухалі рукі і ногі.