Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
Гэтыя словы абудзілі ў капітана рашучасць. Ён і яго таварышы схапілі стрэльбы, засунулі за пояс пісталеты і рынуліся наперад.
Адзін з матросаў павярнуўся, пачуўшы крокі, і, убачыўшы ў руках сваіх палонных зброю, узняў трывогу.
Але было позна ўжо: у той самы момант, як ён закрычаў, прагучалі два стрэлы. Тыя, што стралялі, не прамахнуліся: адзін чалавек быў забіты напавал, другі цяжка паранены. Ён, аднак, усхапіўся ка ногі і пачаў клікаць на дапамогу.
Але тут да яго наблізіўся капітан.
— Позна! — сказаў ён.— Цяпер ужо цябе ніхто не выратуе. Вось табе ўзнагарода за здраду!
3 гэтымі словамі ён ускінуў мушкет і так моцна стукнуў здрадніка прыкладам па галаве, што той змоўк назаўсёды.
Цяпер, не лічачы трох чалавек, якія, відаць, зайшлі ў другі бок лесу, у нас заставаліся толькі тры праціўнікі, з якіх адзін быў лёгка паранены. У гэты час падышлі і мы з Пятніцай. Ворагі ўбачылі, што ім не выратавацца, і пачалі прасіць літасці. Капітан адказаў, што ён гатовы памілаваць іх, калі яны на справе дакажуць, што раскайваюцца ў сваім вераломстве, і прысягнуць, што дапамогуць яму завалодаць караблём. Яны пападалі перад ім на калені і пачалі горача запэўняць яго ў сваім раскаянні.
Капітан паверыў іх клятве і заявіў, што ахвотна даруе ім жыццё. Я не пярэчыў супроць гэтага, але патрабаваў, каб палонным звязалі рукі і ногі.
' Як толькі перагаворы скончыліся, я загадаў Пятніцу і памочніку капітана збегаць да баркаса і зняць з яго парус і вёслы.
Неўзабаве вярнуліся і тыя тры матросы, якія блукалі па востраве. Яны зайшлі далёка і цяпер прыбеглі, пачуўшы нашы стрэлы.
Калі яны ўбачылі, што капітан з іх палоннага зрабіўся іх пераможцам, яны нават не спрабавалі супраціўляцца і, не пярэчачы, далі сябе звязаць.
Такім чынам перамога засталася за намі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ Бойка з піратамі
Цяпер, на волі, я мог падрабязна расказаць капітану пра ўсе свае прыгоды і няшчасці і распытаць яго пра тыя сумныя падзеі, у выніку якіх ён застаўся без карабля.
Я пачаў першы. Я расказаў яму ўсю гісторыю свайго жыцця за апошнія дваццаць сем гадоў. Ён слухаў вельмі ўважліва і не раз выказваў здзіўленне маёй мужнасцю і працавітасцю, якія пазбавілі мяне ад непазбежнай смерці.
Цяпер, калі ён падрабязна даведаўся пра маё жыццё на бязлюдным востраве, я запрасіў яго самога і яго спадарожнікаў да сябе ў крэпасць, куды мы зайшлі маім звычайным шляхам — па прыстаўных лесках. Я прапанаваў сваім гасцям добрую ^ячэру, а затым паказаў ім усю сваю хатнюю гаспадарку з усімі прыдуманымі мною за многія-многія гады мае адзіноты прыстасаваннямі.
Усё, што гэтыя людзі тут убачылі, здалося ім цудам. Усё, што я расказаў ім пра сябе, яны слухалі як чароўную казку. Але больш за ўсё іх уразілі збудаваныя мною ўмацаванні і тое, як хітра схавана было ў гушчары лесу маё жыллё. Паколькі дрэвы тут растуць куды хутчэй, чым у Англіі, мой гай за дваццаць год ператварыўся ў дрымучы лес. Дабрацца да майго дома было магчыма толькі па вузкай пакручастай сцяжынцы, якую я пакінуў, калі садзіў дрэвы.
Я растлумачыў капітану, што гэта крэпасць — галоўная мая рэзідэнцыя1, але, як і падабае каралю, у мяне ў далечыні ад сталіцы ёсць летні палац, які зрэдку я таксама наведваю.
— Я, вядома, з ахвотай пакажу яго вам,— сказаў я,— але цяпер у нас ёсць болып важная справа: трэба падумаць, як адабраць у ворагаў ваш карабель.
— Розуму не прыкладу, што нам рабіць,— сказаў капітан.— На караблі яшчэ засталося дваццаць шэсць чалавек. Усе яны ўдзельнікі бунту, гэта значыць такога злачынства, за якое, паводле нашых законаў, адна кара — смерць. Піратам добра вядома, што, калі яны здадуцца нам, іх адразу ж, як толькі мы вернемся ў Англію, сустрэне шыбеніца. I таму што губляць ім няма чаго, бараніцца яны будуць адчайна. А пры такіх умовах нам, з нашымі слабымі сіламі, немагчыма пачынаць з імі бойку.
Я задумаўся. Словы капітана здаліся мне пераканаўчымі. Трэба было як мага хутчэй прыдумаць які-небудзь рашучы план. Цягнуць і марудзіць не было калі: з карабля магла з’явіцца новая шайка піратаў і перарэзаць усіх нас. Лепей за ўсё было б завабіць іх у пастку хітрасцю і напасці на іх знянацку. Але як гэта зрабіць? 3 мінуты на мінуту яны маглі з’явіцца тут.
— Напэўна,— сказаў я капітану,— там на караблі пачалі ўжо непакоіцца, чаму так доўга не вяртаецца лодка. Хутка яны захочуць даведацца, што здарылася з матросамі, якія паехалі на бераг, і пашлюць да нас другую лодку. На гэты раз у лодцы прыедуць узброеныя людзі, і тады мы не справімся з імі.
Капітан згадзіўся са мною.
— Перш за ўсё,— гаварыў я далей,— мы павінны паклапаціцца пра тое, каб бандыты не здолелі адвезці свой баркас назад, а таму трэба зрабіць яго непрыгодным для плавання, гэта значыць прадзіравіць яго дно.
Мы зараз жа заспяшаліся да баркаса. Гэт< была вялізная лодка з крутымі бартамі. У баркасе аказалася многа рознага дабра. Мы знай-
1 Р э з і д э н цы я — местазнаходжанне кіраўніка дзяржавы. Тут гэта слова ўжыта жартам.
шлі там сякую-такую зброю, парахаўніцу, дзве бутэлькі — адну з гарэлкай, другую з ромам, некалькі сухароў, вялікі дроб цукру (фунтаў пяць ці шэсць), загорнуты ў парусіну. Усё гэта было мне вельмі дарэчы,— асабліва гарэлка і цукар: ні таго, ні другога я не спытваў ужо шмат гадоў.
Склаўшы ўвесь гэты груз на беразе і прыхапіўшы з сабою вёслы, мачту, парус і руль, мы прабілі ў дне баркаса вялікую дзірку. Такім чынам, калі б ворагі аказаліся мацнейшымі за нас і нам не ўдалося б з імі справіцца, іх баркас усё роўна застаўся б у нашых руках, і, шчыра кажучы, на гэта я разлічваў болып за ўсё.
Прызнаюся, я не вельмі верыў, што нам пашанцуе адабраць у піратаў карабель. «Але няхай яны пакінуць нам баркас,— думаў я сам сабе.— Адрамантаваць яго няцяжка, а на такім судне я лёгка дабяруся да Падветраных астравоў1. Па дарозе магу нават наведаць майго іспанца і яго суайчыннікаў, якія пакутуюць у дзікуноў».
Пасля таго як агульнымі намаганнямі мы ўсцягнулі баркас на такое высокае месца, куды не дасягае прыліў, мы прыселі адпачыць і параіцца, што ж нам рабіць далей.
Раптам з карабля мы пачулі гарматны стрэл. На караблі замахалі сцягам. Гэта, відаць, быў сігнал баркасу.
Крыху пазней грымнула яшчэ некалькі стрэлаў, сцягам махалі, не перастаючы, але ўсё гэтыя сігналы заставаліся без адказу: баркас не рухаўся з месца. Нарэшце з карабля спусцілі шлюпку (усё гэта нам было добра відаць у падзорную трубу). Шлюпка накіравалася да берага, і, калі яна падышла бліжэй, мы ўбачылі, што ў ёй не менш дзесяці чалавек, узброеных стрэльбамі.
Ад карабля даберага было каля шасці міляў, так што мы маглі разгледзець людзей, якія сядзелі ў шлюпцы. Нам відны былі нават іх твары: цячэннем шлюпку аднесла крыху на ўсход ад таго месца, куды прычаліў баркас, а веслярам, відаць, хацелася прычаліць абавязкова да
1 Падветраныя астравы — астравы ў Вест-Індыі, на паўночным усходзе Карыбскага мора.
гэтага месца, і таму некаторы час ім давялося ісці ўздоўж берага, непадалёку ад нас. Тады вось мы і змаглі добра разгледзець іх. Капітан пазнаваў кожнага і паведамляў мне пра кожнага сваю думку.
Па яго словах, між імі знаходзілася тры вельмі сумленныя матросы; ён быў упэўнены, што іх падбухторылі супроць іх волі, пад пагрозай расправы, але затое боцман і ўсе астатнія — закончаныя бандыты і нягоднікі.
— Баюся, што з імі мы не справімся,— дадаў капітан.— Усё гэта адчайны народ, а цяпер, калі яны яшчэ даведаюцца, што мы і супраціўляемся, яны нас не памілуюць. Страшна падумаць, што яны з намі зробяць!
Я ўсміхнуўся і адказаў яму:
— Чаму вы гаворыце з такім страхам? Xi63 мы маем права на страх? Што б ні чакала нас потым, усё будзе лепей нашага цяперашняга жыцця, і, такім чынам, любы выхад з гэтага становішча — нават смерць — мы павінны лічыць выратаваннем. Успомніце толькі пра тое, што я перажыў тут у адзіноце. Вы думаеце, лёгка дваццаць сем год пражыць, адрэзаным ад свету? Няўжо вы не лічыце, што варта рызыкнуць жыццём дзеля свабоды? He,— гаварыў я,— небяспека не спыніць мяне. Мяне турбуе іншае.
— Што? — спытаў ён.
— Ды тое, што, як вы кажаце, сярод гэтых людзей ёсць тры ці чатыры сумленныя матросы, якіх мы павінны выратаваць. Калі б яны ўсе былі бандытамі, я ні хвіліны не сумняваўся б, што маю права знішчыць іх усіх. А ў тым, што мы з імі расправімся, я зусім упэўнены, таму ігто кожны, хто ступіць на гэты востраў, трапіць да нас і ад нас будзе залежаць, забіць яго ці дараваць яму жыццё.
Я гаварыў гучна, і твар у мяне быў вясёлы. Мая ўпэўненасць у перамогу перадалася і капітану, і мы горача ўзяліся за справу.
Яшчэ раней, калі з карабля пачалі спускаць шлюпку, мы паклапаціліся пра тое, каб схаваць нашых палонных як мага далей. Двух, якія капітану здаваліся найбольш небяспечнымі, я адправіў пад канвоем Пятніцы і памочніка капітана ў пячору. 3 гэтае турмы ўцячы было нялёгка; нават калі б ім і ўдалося нейкім цудам
пералезці цераз абедзве агароджы, яны заблудзіліся б у дрымучым лесе, які акружаў крэпасць. Сюды не маглі даляцець галасы іх хаўруснікаў, і адсюль немагчыма было ўгледзець, што адбываецца на востраве. Тут іх зноў звязалі, але Пятніца ўсё ж іх добра накарміў і запаліў ім у пячоры некалькі нашых самаробных свечак, а памочнік капітана аб’явіў ім, што, калі яны будуць паводзіць сябе ціха, праз дзень ці праз два ім вернуць волю.
— Але,— дадаў ён,— калі вы паспрабуеце ўцякаць, вас пры першай жа спробе прыстрэляць без усякай літасці.
Яны абяцалі цярпліва пераносіць сваё зняволенне і горача дзякавалі за тое, што іх не пакінулі без яды і святла.
3 астатнімі чатырма палоннымі абышліся не так строга. Праўда, двух мы да часу пакінулі звязанымі, таму што капітан не мог паручым,ца за іх, а двух я нават узяў на службу па асобай рэкамендацыі капітана. Абодва яны прысягнулі, што будуць служыць мне шчыра і аддана.
Такім чынам, калі лічыць гэтых двух матросаў і капітана з яго двума таварышамі, нас было зараз сямёра добра ўзброеных людзей, і я не сумняваўся, што мы без цяжкасці справімся з тымі дзесяццю малайцамі, якія павінны былі зараз прыехаць. Тым больш што сярод іх, паводле слоў капітана, былі сумленныя людзі, якіх, як ён сцвярджаў, нам будзе няцяжка перацягнуць на свой бок.