Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
Я растлумачыў яму, што гэта будзе новае поле для хлебных каласоў, таму што нас цяпер двое і патрэбна будзе зрабіць запас хлеба не толькі на мяне, а і на яго таксама. Яго вельмі расчуліла, што я так клапаціўся пра яго: ён усяляк стараўся растлумачыць мне пры дапамозе знакаў, што ён разумее, як многа мне дадалося зараз спраў, і просіць, каб я хутчэй навучыў яго рабіць розную карысную работу, a ўжо ён будзе старацца з усяе сілы.
To быў самы шчаслівы год майго жыцця на востраве.
Пятніца вывучыўся даволі прыстойна гаварыць па-англійску: ён ведаў назвы амаль усіх рэчаў, якія яго акружалі, і тых мясцін, куды я мог яго пасылаць, дзякуючы чаму даволі талкова выконваў усе мае даручэнні.
Ён меў таварыскі і гаваркі нораў, любіў паразмаўляць, і я цяпер мог у дастатковай ступені ўзнагародзіць сябе за доўгія гады вымушанага маўчання.
Але Пятніца падабаўся мне не толькі таму, што ў мяне была магчымасць размаўляць з ім. 3 кожным днём я ўсё болей захапляўся яго сумленнасцю, яго сардэчнай прастатой і шчырасцю.
Паступова я адчуў прыхільнасць да яго, ды і ён таксама так палюбіў мяне, як, напэўна, не любіў дагэтуль нікога.
Аднойчы мне захацелася распытаць пра яго мінулае жыццё; я хацеў даведацца, ці не сумуе ён па радзіме і ці не хоча вярнуцца дадому. У той час я ўжо так добра навучыў яго гаварыць па-англійску, што ён мог адказваць амаль што на кожнае маё пытанне.
I вось я спытаў пра яго роднае племя:
— А што, Пятніца, гэта племя адважнае? Ці здаралася так, што яно перамагала ворагаў?
Ён усміхнуўся і адказаў:
— О, вядома! Мы вельмі адважныя, мы заўсёды перамагаем у бойцы.
— Ты кажаш, што вы заўсёды перамагаеце ў бойцы? А як жа так атрымалася, што цябе ўзялі ў палон?
— А нашы ўсё роўна пабілі тых, шмат пабілі.
— А чаму ж ты тады казаў, што тыя пабілі вас? Яны ж узялі цябе і іншых у палон?
— У тым месцы, дзе я біўся, ворага было куды болей. Яны схапілі нас — адзін, два, тры і мяне. А нашы пабілі іх у другім месцы, дзе мяне не было. У тым месцы нашы схапілі іх — адзін, два, тры, шмат, вялізную тысячу.
— А чаму ж вашы не прыйшлі вам на дапамогу?
— Ворагі схапілі адзін, два, тры і мяне і звезлі нас у лодцы, а ў нашых на той час лодкі не было.
— А скажы ты мне, Пятніца, што робяць Bambi з тымі, хто трапляе да іх у палон? Таксама звозяць іх куды-небудзь далей і там іх ядуць, як тыя людаеды, якіх я бачыў?
— Вядома, нашы таксама ядуць чалавека... усе ядуць.
— А куды яны іх вязуць, калі збіраюцца іх з’есці?
— Розныя месцы, куды надумаюцца.
— А сюды яны прыязджаюць?
— Вядома, прыязджаюць і сюды. I ў іншыя
розныя месцы.
— А ты тут быў калі з імі?
— Так. Быў. Вунь там быў...
I ён паказаў на паўночна-заходнюю ўскраіну вострава, дзе, відаць, заўсёды збіраліся яго аднапляменнікі.
Такім чынам выявілася, што мой сябра і прыяцель Пятніца быў у ліку тых дзікуноў, якія наведвалі аддаленыя берагі вострава, і не раз ужо еў людзей у тых мясцінах, дзе потым хацелі з’есці яго самога.
Калі я праз некаторы час, набраўшыся смеласці, павёў яго на бераг (туды, дзе я ўпершыню ўбачыў груды чалавечых касцей), Пятніца адразу ж пазнаў гэтыя мясціны. Ён расказаў мне, што аднойчы, калі ён прыязджаў на мой востраў са сваімі аднапляменнікамі, яны забілі і з’елі тут дваццаць мужчын, дзвюх жанчын і адно дзіця. Ён не ведаў, як сказаць па-англійску «дваццаць», і каб растлумачыць мне, колькі чалавек яны з’елі, паклаў дваццаць каменьчыкаў адзін пры адным.
Працягваючы гутарку з Пятніцай, я спытаў у яго, ці далёка ад майго вострава да той зямлі, дзе жывуць дзікуны, і ці часта гінуць іх лодкі, пераплываючы гэту адлегласць. Выявілася, што плаваць тут зусім бяспечна: ён, Пятніца, не ве-
дае ніводнага выпадку, каб хто-небудзь тут патануў, бо непадалёк ад нашага вострава праходзіць марское цячэнне: раніцой яно накіроўваецца ў адзін бок і заўсёды пры спадарожным ветры, а пад вечар і вецер і цячэнне паварочваюць у процілеглы бок.
Спачатку мне падумалася, што гэтае цячэнне залежыць ад прыліву і адліву, і толькі значна пазней я выявіў, што яно складае працяг магутнай ракі Арынока, якая ўпадае ў мора непадалёку ад майго вострава, і ён, такім чынам, знахедзіцца якраз насупраць дэльты гэтай рэчкі. Палоса ж зямлі на захадзе і паўночным захадзе, якую я лічыў за мацярык, аказалася вялікім востравам Трынідадам, што ляжыць супроць паўночнай часткі вусця той жа рэчкі.
Я задаваў Пятніцы тысячу самых разнастайных пытанняў пра гэту зямлю і яе насельнікаў: пытаўся, ці небяспечныя тутэйшыя берагі, ці бурнае там мора, ці жорсткія там людзі і якія народы жывуць па суседству. Ён з ахвотай адказваў на ўсе мае пытанні і без усякага ўтойвання расказваў усё, што яму было вядома.
Пытаўся я таксама, як завуцца розныя плямёны дзікуноў, якія жывуць у тых мясцінах, але ён паўтараў толькі адно: «Карыбэ, карыбэ». Вядома, мне няцяжка было здагадацца, што ён кажа пра караібаў, якія, мяркуючы па нашых геаграфічных картах, жывуць менавіта ў гэтай частцы Амерыкі, займаючы ўсю берагавую палосу ад вусця ракі Арынока да Гвіяны і да горада Санта-Марта1.
Апрача таго, ён расказаў мне, што далёка «за месяцам», гэта значыць у тым баку, дзе заходзіць месяц, ці, інакш кажучы, на захад ад яго радзімы, жывуць такія ж, як я, белыя барадатыя людзі (тут ён паказаў на мае доўгія вусы). Паводле яго слоў, гэтыя людзі «забілі многа, многа чалавекаў».
Я зразумеў, што ён кажа пра іспанскіх заваёўнікаў, якія праславіліся ў Амерыцы сваёй жорсткасцю2.
Я спытаў у яго: ёсць ці не ў мяне якая-небудзь магчымасць пераплысці цераз мора да бепых людзей.
1 С а н т а-М а р т a—горад у Калумбіі, на беразе Карыбскага мора.
2 Іспанцы, якія заваявалі Паўднёвую Амерыку ў XVI стагоддзі, страшэнна жорстка адносіліся да заваяваных народаў.
Ён адказаў:
— Вядома, можна: толькі трэба плысці на дзвюх лодках.
Я доўга не мог уцяміць, што ён хоча сказаць, але нарэшце з вялікай цяжкасцю здагадаўся, што на яго мове гэта азначае вялікую шлюпку, мабыць, у два разы большую за звычайную пірогу.
Словы Пятніцы мяне вельмі ўзрадавалі: з гэтага дня ў мяне з’явілася надзея, што рана ці позна, а я ўсё роўна вырвуся адсюль і што за сваю волю буду ўдзячны майму дзікуну.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Рабінзон і Пятніца будуюць лодку
Мінула яшчэ некалькі месяцаў.
За гэты час Пятніца навучыўся разумець амаль усё, што я яму казаў. Сам ён гаварыў паанглійску ўжо амаль усё, хоць і вельмі няправільна. Паступова я расказаў яму ўсё пра сваё жыццё: як я трапіў на свой востраў, колькі гадоў прабыў тут і як я пражыў гэтыя гады.
Яшчэ раней я адкрыў Пятніцу таямніцу стральбы (таму што для яго гэта была сапраўды таямніца): я паказаў яму кулі, растлумачыў дзеянне пораху і навучыў яго страляць. Я аддаў яму на пастаяннае карыстанне адну сваю стрэльбу. Я падарыў яму нож, і гэты падарунак зрабіў яго шчаслівым чалавекам. Я змайстраваў яму партупею, накшталт тых, на якіх у нас, у Англіі, носяць корцікі; толькі замест корціка я даў яму сякеру, якая была, па сутнасці, такой жа добрай зброяй і, апрача таго, магла быць прыдатнай для розных гаспадарчых патрэб.
Я многа расказваў Пятніцу пра еўрапейскія дзяржавы, асабліва пра маю радзіму. Я апісваў яму наша жыццё, нашы норавы і звычкі, расказваў яму, як мы вандруем па ўсіх частках свету і плаваем на вялікіх караблях. Я растлумачыў яму, як збудавана вялікае паруснае судна, і расказаў яму пра тое, як я ездзіў на карабель, які пацярпеў крушэнне, і здаля паказаў
яму месца, дзе карабель наскочыў на падводныя камяні. Вядома, я мог паказаць яго вельмі прыблізна, таму што карабель даўно разбіла на трэскі і ўсе абломкі знесла ў мора. Паказаў я таксама яму тую амаль ужо сатлелую лодку, на якой мы хацелі выратавацца, калі бура прыгнала нас да гэтага берага.
Убачыўшы гэту лодку, Пятніца задумаўся і доўга маўчаў. Я спытаў у яго, пра што ён думае, і ён праз некаторы час адказаў:
— Я бачыў адна такая лодка, як гэта. Яна плавала тое месца, дзе жыве мой народ.
Я доўга не разумеў, што ён хоча сказаць: ці тое, што ў іх мясцовасці дзікуны плаваюць на такіх лодках, ці што такая лодка плыла паўз іх берагі.
Нарэшце, пасля доўгіх роспытаў, мне ўдалося высветліць, што дакладна такую ж лодку прыбіла да тых берагоў, дзе жыло яго племя.
— Яе прыгнала да нас ліхое надвор’е,— растлумачыў Пятніца і зноў надоўга змоўк.
«Напэўна,— падумаў я,— які-небудзь еўрапейскі карабель пацярпеў крушэнне ля тых берагоў. Шалёныя хвалі маглі змыць з яго лодку і прыгнаць яе туды, дзе жывуць дзікуны». Але, па маёй нездагадлівасці, мне і ў галаву не прыйшло, што на той лодцы маглі быць людзі, і, працягваючы распытваць Пятніцу, я думаў толькі пра лодку.
— Раскажы мне, якая яна з выгляду.
Пятніца абмаляваў яе мне вельмі падрабязна і раптам зусім нечакана горача дадаў:
— Белыя чалавекі не патанулі, мы іх выратавалі!
— А хіба ў лодцы былі белыя людзі? — паспешліва спытаў я.
— Так,— адказаў ён,— поўная лодка белых людзей!
— Колькі іх было?
Ён паказаў мне спачатку дзесяць пальцаў, a потым яшчэ сем.
— Дзе ж яны? Што з імі здарылася?
Ён адказаў:
— Яны жывуць. Яны жывуць у нашых.
Тут мне раптам прыйшла ў галаву думка: ці не з таго самага карабля, які разбіўся ў тую навальнічную ноч непадалёку ад майго вострава, былі гэтыя семнаццаць чалавек белых?
Магчыма, калі карабель наскочыў на скалу і яны ўбачылі, што яго нельга выратаваць, яны пераселі ў шлюпку, а потым іх прыбіла да зямлі дзікуноў, сярод якіх ім і давялося пасяліцца.
Я спахмурнеў і пачаў строгім голасам дапытваць Пятніцу, дзе ж тыя людзі цяпер. Ён зноў гэтак жа горача адказаў:
— Яны жывыя! Ім добра!
I дадаў, што хутка ўжо чатыры гады, як гэтыя людзі жывуць у яго землякоў, і тыя не крыўдзяць іх, не чапаюць, а даюць ім усякую ежу, і яны маюць поўную волю.
Я спытаў у яго:
— Як магло здарыцца, што дзікуны не забілі і не з’елі белых людзей?
Ён адказаў:
— Белыя чалавекі сталі нам браты. Нашы ядуць толькі тых, каго перамагаюць у бойцы.
Мінула яшчэ некалькі месяцаў. Аднойчы, гуляючы па востраве, забрылі мы з Пятніцай на ўсходнюю частку вострава і ўзняліся на вяршыню пагорка. Адтуль, як я ўжо казаў, многа год назад я ўбачыў палосу зямлі, якую палічыў за мацярык Паўднёвай Амерыкі.
Зрэшты, першы ўзышоў на вяршыню Пятніца, а я крыху адстаў, бо пагорак быў высокі і даволі круты.