Рабінзон Круза
Даніэль Дэфо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 216с.
Мінск 1976
3 гэтым рашэннем я і падаўся ў дарогу. Але калі я прыйшоў на тое месца, дзе быў таямнічы след, для мяне, па-першае, стала зразумела, што, калі я выйшаў той раз з лодкі і вяртаўся дадому, я ніякім чынам не мог апынуцца на гэтым месцы, а па-другое, калі я для параўнання паставіў сваю нагу, выявілася, што мая нага была куды меншая!
Сэрца маё напоўнілася новым страхам, я дрыжаў як у ліхаманцы, віхор новых здагадак
закружыўся ў маёй галаве. Я пайшоў дадому зусім перакананы, што там, на беразе, пабыў чалавек — і, магчыма, не адзін, а пяць ці шэсць.
Я нават гатоў быў дапусціць, што гэтыя людзі зусім не прыязджалі, што яны жыхары вострава. Праўда, да гэтага часу я не заўважаў тут ніводнага чалавека, але магчыма, што яны ўжо даўно хаваюцца тут, а значыць, кожную мінуту могуць захапіць мяне знянацку.
Я доўга ламаў сабе галаву, як мне абараніць сябе ад гэтай небяспекі, і ўсё роўна не мог нічога прыдумаць.
«Калі дзікуны знойдуць маіх коз,— казаў я сам сабе,— і ўбачаць палі, на якіх каласуе мая збажына, яны будуць заўсёды вяртацца на востраў па новую здабычу, а калі яны яшчэ заўважаць і мой дом, яны абавязкова возьмуцца шукаць яго насельнікаў і ў рэшце рэшт дабяруцца і да мяне».
Таму, з гарачкі, я спачатку вырашыў зламаць загарадкі ўсіх маіх загонаў і выпусціць усю маю скаціну, затым, перакапаўшы палі, знішчыць усходы рысу і ячменю і зруйнаваць свой будан, каб вораг не мог знайсці ніякіх прыкмет чалавека.
Такое рашэнне ўзнікла ў мяне адразу ж пасля таго, як я ўбачыў гэты жахлівы адбітак нагі. Чаканне небяспекі заўсёды страшней за самую небяспеку, і чаканне бяды ў дзесяць тысяч разоў горш за самую бяду. Усю ноч я не мог заснуць. Затое пад раніцу, калі я аслабеў ад бяссонніцы, я заснуў як забіты і прачнУЎся такім бадзёрым і свежым, якім даўнэ ўжо не адчуваў сябе.
Цяпер я пачаў разважаць спакайней і вось да якога прыйшоў рашэння. Мой востраў — адна з цудоўнейшых мясцін на зямлі. Тут вельмі добры клімат, многа дзічыны, многа раскошных раслін. I паколькі ён знаходзіцца паблізу мацерыка, няма нічога дзіўнага, што дзікуны, якія там жывуць, прыплываюць да яго берагоў у сваіх пірогах. Зрэшты, магчыма, што іх прыганяе сюды цячэннем або ветрам. Вядома, карэнных жыхароў тут няма, але заезджыя дзікуны тут, безумоўна, бываюць. Аднак за тыя пятнаццаць гадоў, што я пражыў на востраве, да гэтага часу я не бачыў чалавечых слядоў, значыць, калі дзікуны і з’яўляюц-
ца тут, яны ніколі не застаюцца тут надоўга. I калі яны да гэтага часу не знаходзілі для сябе зручнасцей і выгады, каб заставацца тут на даволі працяглы час, то, трэба меркаваць, так яно будзе і далей.
Значыць, мне магла пагражаць адзіная небяспека— наткнуцца на іх у тыя часы, калі яны будуць гасцяваць на маім востраве. Але, калі яны і прыедуць, наўрад ці мы сустрэнемся з імі, таму што, па-першае, дзікунам тут няма чаго рабіць, і, прыязджаючы сюды, яны, відаць, кожны раз спяшаюцца вярнуцца дадому; па-другое, можна з упэўненасцю сказаць, што яны заўсёды прыстаюць да таго боку вострава, які найболей аддалены ад майго жылля.
А таму, што я вельмі рэдка хаджу туды, у мяне няма прычыны асабліва баяцца дзікуноў, хоць, вядома, варта ўсё-такі падумаць пра бяспечны прытулак, дзе б я здолеў схавацца, калі яны зноў пакажуцца на востраве.
Цяпер мне давялося горка раскайвацца ў тым, што, пашыраючы сваю пячору, я вывеў з яе знадворны ход. Трэба было так ці інакш папраўляць гэту памылку. Пасля доўгіх разваг я вырашыў пабудаваць вакол свайго жылля яшчэ адну агароджу на такой адлегласці ад першай сцяны, каб выхад з пячоры застаўся ўнутры ўмацавання.
Зрэшты, мне нават не спатрэбілася будаваць новую сцяну: падвойны рад дрэў, якія я гадоў дванаццаць назад пасадзіў паўкругам уздоўж старое агароджы, быў ужо сам па сабе надзейнай абаронай — так густа былі пасаджаны гэтыя дрэвы і так моцна яны разрасліся. Заставалася толькі забіць калы ў прамежках між дрэвамі, каб ператварыць увесь гэты паўкруг у суцэльную моцную сцяну. Я так і зрабіў.
Цяпер маю крэпасць акружалі дзве сцяны. Але на гэтым мая праца не спынілася. Усю плошчу за знадворнай сцяной я засадзіў тымі ж дрэвамі, што былі падобны на вярбу. Яны так добра прымаліся і раслі з незвычайнай хуткасцю. Мне здаецца, што я пасадзіў іх не меней за дваццаць тысяч дрэўцаў. Аднак паміж гэтым гаем і сцяною я пакінуў даволі вялікую прастору, каб можна было здалёку заўважыць ворагаў, інакш яны б здолелі, прыкрытыя дрэвамі, падкрасціся да мае сцяны.
Праз два гады вакол майго дома зазелянеў малады гай, а яшчэ гадоў праз пяць-шэсць мяне абступіў з усіх бакоў дрымучы лес, зусім непралазны — з такой неверагоднай хуткасцю разрасталіся гэтыя дрэвы. Ніводзін чалавек, ці то дзікун, ці то белы, не здолеў бы цяпер здагадацца, што за гэтым лесам хаваецца дом. Каб зайсці ў сваю крэпасць ці выйсці з яе (таму што я не зрабіў прасекі ў лесе), я карыстаўся лескамі, якія прыстаўляў да гары. Калі ж лескі прымаліся, ніводзін чалавек не здолеў бы прабрацца да мяне, не зламаўшы шыі.
Вось колькі непасільнай працы ўзваліў я на свае плечы толькі таму, што мне памроілася, нібыта мне пагражае небяспека! Жывучы столькі гадоў пустэльнікам, удалечыні ад людзей, я паступова адвык ад іх, і людзі пачалі мне здавацца страшнейшымі за звяроў.
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ Рабінзон упэўніваецца, што на яго востраве бываюць людаеды
Мінула два гады з таго дня, калі я ўбачыў на пяску след чалавечай нагі, але ранейшы душэўны спакой так і не вярнуўся болей да мяне. Скончылася маё ціхамірнае жыццё. Кожны, каму даводзілася на працягу доўгіх год адчуваць пакутлівы страх, зразумее, якім сумным і змрочным зрабілася з таго часу маё жыццё.
Аднойчы ў час маіх блуканняў па востраве я дайшоў да яго заходняга краю, дзе яшчэ ніколі не быў. He даходзячы да берага, я падняўся на пагорак. I раптам мне здалося, што ўдалечыні, у адкрытым моры, бачна лодка.
«Напэўна, мяне падманвае зрок,— падумаў я.— За ўсе ж гэтыя доўгія гады, з дня ў дзень углядаючыся ў марскія прасторы, я ні разу не бачыў тут лодкі».
Шкада, што я не ўзяў з сабою падзорнай трубы. У мяне было некалькі труб; я знайшоў іх у адным з куфэркаў, якія я перавёз з нашага карабля. Але, на жаль, яны засталіся
дома. Я не мог разгледзець, сапраўды гэта была лодка ці не, хоць углядаўся ў мора так доўга, што ў мяне забалелі вочы. Спускаючыся з пагорка да берага, я ўжо нічога не бачыў; так і да гэтага часу не ведаю, што гэта было такое. Давялося адмовіцца ад усякіх далейшых назіранняў. Але з таго часу я даў сабе слова ніколі не выходзіць з дому без падзорнай трубы.
Дабраўшыся да берага — а на гэтым беразе, як ужо гаварылася, я ніколі не быў, я ўпэўніўся, што сляды чалавечых ног зусім не такая ўжо рэдкасць на маім востраве, як здавалася мне ўсе гэтыя гады. Так, я ўпэўніўся, што, калі б я жыў не на ўсходнім узбярэжжы, куды не прыставалі пірогі дзікуноў, я б даўно ўжо ведаў, што на маім востраве яны бываюць нярэдка і што заходні яго бераг служыць ім не толькі пастаяннай гаванню, але і тым месцам, дзе ў час сваіх жорсткіх разгулаў яны забіваюць і ядуць людзей!
Тое, што я ўбачыў, калі спусціўся з прыгорка і выйшаў на бераг, скаланула мяне і ашаламіла. Увесь бераг быў усеяны чалавечымі шкілетамі, чарапамі, касцямі рук і ног.
He магу выказаць, які жах мяне ахапіў!
Я ведаў, што дзікія плямёны заўсёды ваююць паміж сабою. У іх часта бываюць марскія бітвы: адна лодка нападае на другую.
«Напэўна,— думаў я,— пасля кожнага бою пераможцы прывозяць сваіх ваеннапалонных і тут, па свайму бесчалавечнаму звычаю, забіваюць і з’ядаюць іх, таму што ўсе яны людаеды».
Тут жа непадалёку я заўважыў круглую пляцоўку, пасярод якой відны былі рэшткі вогнішча: тут, відаць, і сядзелі гэтыя дзікія людзі, калі паядалі целы сваіх палонных.
Жахлівае відовішча да таго ўразіла мяне, што ў першы момант я забыў пра небяспеку, якая пагражала мне на гэтым беразе. Абурэнне зверствам выціснула з мае душы ўсякі страх.
Я часта чуў пра тое, што ёсць плямёны дзікуноў-людаедаў, але ніколі да таго часу мне не здаралася самому бачыць іх. 3 агідай адвярнуўся я ад рэштак гэтага жудаснага балявання. Мяне званітавала. Я ледзь не страціў прытомнасць. Мне здалося, што я ўпаду.
А калі апамятаўся, то адчуў, што ні адной мінуты я не здолею тут застацца. Я ўзбег на пагорак і памчаўся назад да свайго жылля.
Заходні бераг застаўся далёка ззаду, а я ўсё яшчэ не мог канчаткова прыйсці да памяці. Нарэшце я спыніўся і пачаў збірацца з думкамі. Дзікуны, як я ўпэўніўся, ніколі не прыязджалі на востраў па здабычу. Напэўна, яны ні ў чым не мелі патрэбы, а магчыма, былі ўпэўнены, што нічога каштоўнага тут немагчыма адшукаць.
He магло быць ніякага сумнення ў тым, што яны не адзін раз пабылі ў лясной частцы майго вострава, але, відаць, не знайшлі там нічога такога, што магло б ім спатрэбіцца.
Значыць, трэба быць толькі вельмі асцярожным. Калі, пражыўшы на востраве амаль васемнаццаць год, я да самага апошняга часу ні разу не знайшоў чалавечых слядоў, то, магчыма, я пражыву тут яшчэ васемнаццаць гадоў і не траплю на вочы дзікунам, хіба толькі наткнуся на іх выпадкова. Але такой выпадковасці няма чаго баяцца, таму што з гэтага дня маім адзіным клопатам будзе клопат пра тое, як найлепш схаваць прыкметы майго існавання на востраве.
Я мог бы ўбачыць дзікуноў адкуль-небудзь з засады, але я не хацеў і глядзець на іх — такія агідныя былі мне гэтыя крыважэрныя драпежнікі, якія паядалі адзін аднаго, як звяры. Адна думка пра тое, што людзі могуць быць такія бесчалавечныя, гняла мяне і наводзіла на мяне страшэнны сум.
Каля двух гадоў пражыў я бязвыхадна ў той частцы вострава, дзе знаходзіліся ўсе мае ўладанні — крэпасць пад гарой, будан у лесе і тая лясная палянка, дзе я збудаваў загарадзь для коз. За гэтыя два гады я ні разу не схадзіў зірнуць на сваю лодку.
«Лепей я,— думалася мне,— пабудую сабе новае судна, а ранейшая лодка няхай застаецца там, дзе зараз. Выехаць на ёй у моры было б небяспечна. Там на мяне могуць напасці дзікуны-людаеды, і няма сумнення, што мяне яны разарвуць, як і іншых сваіх палонных».
Але мінула яшчэ з год, і я, нарэшце, усё ж адважыўся вывесці адтуль сваю лодку: вельмі ж ужо цяжка было рабіць новую! Ды і