Радзіва «Прудок»
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
У Аўцюках цётка Маруся, баба Воля і цётка Дуня знайшлі мне толькі адну гожую аўцючку. Але ёй усяго сямнаццаць. Неспадзеўкі.
He спаць, дзеўкі!
Mae сябры з дыпломамі на развітанне кажуць «пакуль». А непісьменная баба Воля з Аўцюкоў «ідзіце здаровенькі», як доктар славянскага мовазнаўства і гісторыі Ян Станкевіч прапісаў у сваім «Маленькім маскоўска-беларускім слоўнічку»: «Той, што адыходзе, кажа таму ці тым, што застаюцца: «Заставайся (заставайцеся) здароў! (здаровы!)». На гэта адзержуе адказ: «Ідзі (пайдзі, хадзі), ідзеце (пайдзеце, хадзеце) здароў! здаровы! (здаровенькі!)».
Вяртаюся ад бабы Гашы пешшу. За два дні падарожжаў ногі сцёртыя да крыві. На сонцы хоць ты гада пакладзі і той спячэцца. Праз тры кіламетры пачнецца лес будзе палёгка.
Ем сырую калгасную кукурузу. Пяю «Тры чарапахі». Каровам падабаецца. Я люблю.
Сяджу на ганку, думаю пра аўцюкоўскіх дзевак. Ідзе нейкі дзядзька.
Углядаецца ў мяне. Крычыць:
- Здароў, сваяк!
- А чый то ты?
- А таго.
- А твой бацька.
- А мой дзед.
- А што ты робіш?
- А міма праходзіў.
- А заходзь у госці.
- А я дзевак прывяду.
- А дзе тут дзеўкі?
- А я ведаю дзе.
- А бывай здаровы.
Лёша кажа, што няма такіх дзевак, якія хочуць жыць у вёсцы і даіць карову. Што ёсць толькі ахвотніцы да ладу жыцця «вёска-лайт» гэта
хіпстарская варыяцыя: какаву піць у сукенцы для какавы і пчолак на шкле вітражнымі фарбамі маляваць.
Я кажу, што ў свеце ўсякай усячыны ёсць. I што не ўсіх дурных вайна пабіла.
Ён не верыць.
Радзіва «Прудок». Навуковая перадача пра аўцючак.
Аўцюкоўскія сем’і карэннем сягаюць да глыбінных матрыярхальных асноваў. Аўцючка выбірае сабе мужа, як цыган каня: каб здаровы быў, дужы і цярплівы. Бо муж гэта тая ж худобіна. Мо крыху больш статусная за каня (а мо і менш).
Мяне дык на аўцюкоўскім кірмашы мужоў узялі б у апошнюю чаргу дый толькі таму, што ў поцемках добра не ўгледзелі б усіх хібаў. Найперш аўцючкі разабралі б лесарубаў у вышыванках.
Тое, што адрознівае аўцюкоўскі матрыярхат ад любога іншага беларускага, гэта ўменне жонкі шанаваць сваю худобіну-чалавека. Калі мужык мусіць зрабіць шмат працы, яго трэба рэгулярна карміць і прыгалубліваць. Шчаслівы конь удвая хутчэй і болей працы зробіць. Таму кожны аўцюк пры аўцючцы пачувае сябе па-мужчынску рэалізаваным.
У Прудку да мужоў ставяцца інакш: таксама як да худобіны, але нелюбімай, абрыдлай. Гэта такі гвалтоўны матрыярхат.
Была б у мяне жонка-аўцючка, я б ужо тры кнігі напісаў.
Трыццаць шэсць і шэсць. Тэмпература паветра ў норме. Быццам з усіх бакоў абдымаюць здаровыя чалавечыя целы.
Пайду папляжую на курорце.
Ёсць у маім двары месца, дзе забуяла лебяда. Высачэнная вышэй за мой рост. Вядома, можна было яе пакасіць. але, як той кажа, дурная работа. Я ў гэтым лябедніку нарабіў круглых пляцаў, злучыў іх калідорамі і назваў увесь мікрараён курортам. Калі нагляджуся ў інтэрнеце рэпартажаў з мора, бяру посцілку, кнігу і іду на курорт загараць. Угледзець мяне могуць толькі з верталёта, таму прыахвоціўся да нудысцкага пляжавання.
Вы кажаце: «Глухая вёска». А я кажу: «Курорт all inclusive». I не трэба плаціць мільёны, каб нарабіць сэлфі з нагамі: «Я ўвесь такі пляжую: мора, дзеўкі і загар».
Радзівапастаноўка з Аўцкжоў.
«Я як паглядзела, што там робіцца на гэных курортах не лечацца там, а толькі гуляюць. Прыехала дадому, кажу:
- Больш не еду.
- Анігадкі! А чаго?
- Так...
Мой мужык таксама ездзіў з жалудкам. Прыехаў і кажа:
- Я больш на курорты не паеду.
- Анігадкі! А чаго?
- Так.
Дык і я прыехала і кажу:
- Так.
- Дык чаго так?
- Так. Ты не едзеш, і я болыіі не паеду. Таму шта так.
Дык ён:
- Дык чаго так?
- Так!»
Калі ў мяне выйдзе свая кніга, я назаву яе «Анігадкі», пра што б яна ні была. Для мяне гэта самае загадкавае слова. Я чуў яго з дзяцінства, але дагэтуль не магу дакладна патлумачыць. Калі ласка, адгукніцеся, хто яшчэ дзе чуў «анігадкі». I што яно азначае ў вас?
Эй вы там, у Мінску, сядайце за стол і перапісвайце слоўнікі!
Мы тут учора правялі інтэрактыўную нараду па слове «анігадкі» і гуртам уразумелі, што слоўнікавае тлумачэнне анігадкі, прысл., разм. Хоць бы што нават прудкаўскія куры засмяюць. Высветлілася наступнае. Па звестках з Рэчыцкага Палесся, Любаншчыны, Магілёўшчыны, слова «анігадкі» відавочна паходзіць ад выразу «не думаў, не гадаў», але з большай
экспрэсіўнай афарбоўкай. Гэта такое «сюрпрайз!» («Вось буракі параслі, два ўкінеш і кош поўны, анігадкі!»).
У большасці выпадкаў, як заўважыла першая хваля аўцюкоўскіх перасяленцаў, «анігадкі» лёгка замяняецца на «гэта ж трэба!» («Гэта ж трэба, якія знянацку здаравенныя буракі параслі аёечкі, божа ж ты мой! Анігадкі буракі параслі!»). На Любаншчыне фіксуецца скарочаная форма «анігадк».
На Мазыршчыне «нягадкі». I тут слова набывае зусім іншае значэнне. («Нясеш талерку з баршчом, а тут захацелася чхнуць. Чхнуў увесь боршч разліўся нахран па ўсім пакоі. Наеўся, нягадкі!»).
Як бачна, «нягадкі» гэта беларускае «как бы не так!», але з болыл эмацыйнай афарбоўкай.
I, нарэшце, трэцяе значэнне слова тое самае слоўнікавае «хоць бы што» («Білі яго, калацілі, а яму ўсё анігадкі»), Хаця сувязь з першасным значэннем пакуль што не ўглядаецца.
Я зразумеў!
Любую расійскую ідыёму можна замяніць словам «анігадкі»!
Радзіва «Прудок». Перадача «Анігадкі!».
Прудкаўскі кнігазбор сёння ўзбагаціўся кавалкам Кракава.
Паштарка прывезла на лісапедзе апавяданні Ежы Пільха.
- Здраствуйця, гэта я!
- Мо вам кабачкі трэба?
Вой, у самой багата. Аддайця каму-небудзь.
- Дык ніхто не бярэ.
- Карову трэба завесці. Ці жонку.
Урывак з кнігі «Беззваротна згубленая леварукасць», Ежы Пільх:
«Чалавек, які піша, у пошуках жанчыны свайго жыцця неаднаразова завязваў знаёмствы з патэнцыйнымі кандыдаткамі на гэтую ролю, але, на яго бяду, кожны раз выходзіла, што патэнцыйныя кандыдаткі таксама пішуць».
Што робіш, сынок?
Тварог.
Ай, кідай! Ідзі чайнік стаў. Пабач, якія рукі! Бачыў такія? To я так хвасолю ўбірала. Натамілася. От прыйшла цябе паслухаць. Напісаў штоліся?
Ага.
Як назваў?
«Ябвдул».
Пра што то?
Пра дзевак.
Ну маладзец! Хоць раз нармальнае напісаў. Чытай.
У нашым грамадстве існуе культ «ябвдул». Мяне да яго прывёў старэйшы брат, які сваімі штодзённымі гулянкамі прачытаў родавы спецкурс «Як стаць "ябвдулам” і ганарыцца сабой».
От і мой меншы, Антон, такі самы. Таўчэ і таўчэ тых дзевак. I скуль, бра, толькі сілу бярэ?
Але ўзорным «ябвдулам» я не стаў. Бывалі выпадкі, калі заставаўся з падпітай дзеўкай сам-насам, і яна пачынала ціснуцца да мяне, а я не хацеў.
Дзеўкі цяпер такія самі лезуць. Колісь такога не было, сынок. Колісь дзеўкі былі як дзеўкі.
У такія моманты я вельмі перажываў, што дзяўчына можа падумаць, што я не «ябвдул».
У такія моманты яна падумае, што ты еўнух, сынок. Нікому хоць не расказвай, што дзеўка цябе абдымала, а ты не хацеў. Сорам! Мужчына заўсёды дзеўку прылашчыць, на тое ён і мужчына.
Я вырас у грамадстве, дзе мужчына хоча і можа заўсёды, усіх і ўсюды. Ён (я), можна сказаць, спецыяльна нарадзіўся для сексу.
Ну правільна. Усе мужыкі такія. Што б харошае, а ў вас толькі адно ў галаве. От і мой Антон кажа: «Мамо, пайду да дзевак». Ідзі, кажу, сынок. Ты, Антон, кажу, етае во. На то ты і мужчынка, кажу, каб хадзіць.
Узгадваю выпадак, як вельмі даўно святкаваў свой дзень народзінаў. Сярод іншых гасцей была Валя. Я зашмат выпіў і нясцерпна захацеў пацалаваць тую Валю.
Пацалаваў?
Ну. Я выйшаў за ёй у ванную. Валя не супраціўлялася, і наш пацалунак адбыўся палюбоўна. Валя хіхікала і жартавала, а потым пабегла на свіданку да свайго хлопца.
- Ат, цалавацца не ўмееш, што дзеўка да хлопца пабегла.
- Я паставіў мэту і праявіў ініцыятыву, як грамадства патрабуе ад мужчыны.
- Маладзец. Давай чытай далей пра Валю. А з хлопцам тым у яе што? Мо замуж узяў?
- He ведаю, цётка. Я ж не пра тое напісаў.
- I дзеўку пацалаваць не ўмееш, і расказваць не ўмееш. Ат! Ідзі, мой харошы, і рабі тварог. От.
Калі сказаць расійскай мовай «За мной побежала Валя», то не зразумела, ці то я ад яе ўцякаю, ці то Валя бяжыць з добрымі намерамі. У беларускай мове ўсё чотка: «За мной пабегла Валя» трэба ўцякаць. «Па мяне пабегла Валя» трэба бегчы насустрач, мо дасць што.
Страшныя справы дзеяцца. Я ж упэўнены, што фэйсбук гэта адзін свет, а рэальнасць зусім іншы. I што гэтыя светы перасякаюцца толькі па маім хаценні. Як той кажа, нягадкі! Прыехала нейкая цётка, перадала мёд ад сваякоў. Папрасіла:
- Толькі ж не пішы ў фэйсбуку, што прыехала нейкая цётка, перадала мёд ад сваякоў.
Добра, не буду. Я ўжо і да хвоі баюся ісці: увесь Каленкавіцкі раён будзе ведаць.
Доня выселіла мяне з каморы. А ў мяне нармальны інтэрнет толькі там е. У сенцах інтэрнет высока пад столлю. Таму выходжу ў сеціва паконску стоячы. Калі да зімы мне не правядуць тэлефонны провад, мне спатрэбяцца валёнкі, фуфайка і вядро гарбаты, каб зрабіць такі допіс.
Над Варварыным ложкам вісіць пучок палыну. Але я ж не магу сказаць, што гэта проста сохне Artemisia absinthium L. Я ж магу толькі бязглуздзіцу прыдумаць. Пра чароўныя зёлкі, якія наўмысна павесіў тут, каб
доні не сніліся пачвары. Калі-небудзь Варвара стане старэнькай бабулькай. Да яе прыедуць унукі цяперашніх СЭТаўцаў збіраць фальклор. Баба Варка раскажа пра чароўныя зёлкі, якія бацька колісь вешаў над ейным ложкам. I я са сваёй травой ад запораў траплю ў кнігу.
Камбінезон не самае простае слова для вымаўлення. Мы з Варварай дамовіліся камбінезон называць кабзонам.
- А калі я кабзона абсікаю?
- Нічога, нічога.
Як той кажа, Кабзона можна і абкакаць.
Радзіва «Прудок». Лірычная вітамінка.
Знічкі па начах падаюць у вядро ля студні.
Яшчэ яны перакідаюцца ў ваўкоў і сыходзяць у лес. Але знічкі, што згаслі цалкам у калодзежнай вадзе, назаўжды застаюцца пажоўклым лісцем.
Заязджаў дзядзька Андрэй бацькаў сябар. Стаім, гамонім. Ля калгаснай канторы пачалі гучна сварыцца мужыкі.
- Во, аўцюкі б’юцца за работу. Я пабёг, бо ўсю работу разбяруць і мне не хопіць, дзядзька скочыў у трактар і памчаў у калгас.
Камбайнеры камбайнуюць. Трактарысты трактаруюць. Малакавозы малакавозяць.
А я нейкую лухту пра знічкі выдумляю. Гуманітарый у вёсцы гэта як ружовы бант на свінні.