Радзіва «Прудок»
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
люты
Мяне аштрафавалі за курэнне на тэрыторыі метрапалітэна. От вам і культура. Унеслі ў сшытак «Доставленные». Цяпер я «доставленный».
Міліцыянтка заўважыла бранзалецік-вышыванку на руцэ.
- Бандэравец?
- Купалавец.
Нешта я зусім псую рэпутацыю купалаўцам. Трэба казаць, што я купалавец, толькі калі выношу дзяцей з полымя. А калі куру на тэрыторыі метрапалітэна, лепей казаць, што я дворнік з Адміністрацыі.
Вахцёр учыніў несанкцыяваную акцыю: усім даваў па цукерцы. Таму сёння тэатр пачынаўся не з вешалкі, а з усмешак і «вой, дзя-я-я-куй». Я на ўсялякі выпадак сваю цукерку прыхаваў у кішэні. Калі заўтра ўсе выйдуць на працу жывымі, тады і з’ем.
Прыехалі да мяне паляшучкі пажыць на час сесіі. Яны ўвесь час ядуць. А калі не ядуць, размаўляюць пра ежу.
Гляджу на пражэрлівасць палескіх дзевак і бачу за акном не мінскія хрушчоўкі, а запруду, зарослую кураслепам і дзядамі. А ў хаце баба Ганна ўчыніла кіслыя аладкі, насмажыла сала.
Паляшучкі прывезлі мне маё палескае дзяцінства.
Узгадаў гісторыю пра боршч.
Бацькі пасварыліся. Тата застаўся жыцьу гарадской кватэры, маці паехала ў вясковую хату. Першыя тры-чатыры тыдні яны дэманстравалі адно аднаму, што шчаслівыя самі па сабе. Калі стала халодна, маці троху засумавала, бо працы паменела, адзіноты паболела. Бацька стаў ніякавець: схуднеў і пасівеў. Было заўважна, што ім надакучыла халасцяцкае жыццё, але зрабіць першы крок да прыяднання не маглі. Тады маці ўжыла забаронены прыём: перадала бацьку слоік з баршчом. Маўляў, засталося, не свінням жа выліваць. Калі гэты наркатычны сродак трапіў у бацькаву кроў, да прыяднання засталіся хвіліны.
АААА! Мая дачка сказала першае слова па-беларуску «дзякуй».
Я ёй: «Спі, я цябе люблю». А яна такая: «Дзякуй».
Сёння напісаў тры звароты ў дзяржаўныя ўстановы наконт зменаў у законы «Аб мовах» і «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў». Мне гэты працэс спадабаўся. Таму я падумаў і напісаў яшчэ ліст з падзякай фабрыцы «Сонца» за пральны парашок «Мара».
Цяпер я дакладна не баюся старэць: я ведаю, як бавіць час на пенсіі, калі буду дзедам.
Свайго дзеда я ніколі не бачыў, ніколі не сядзеў у яго на каленях.
У 1931 годзе, у чатырнаццацігадовым узросце, ён быў «прнзнан внновным в том, что являлся участннком контрреволюцнонной повстанческой органмзацпм».
А я ў трыццаць адзін прыбіраю смецце.
От як!
САКАВІК
Хто-небудзь мо збіраецца неўзабаве ехаць у бок Палесся і потым вярнуцца ў Мінск? Патрэбна жменя роднай зямлі.
Для мяне тэлефонныя размовы з мамай гэта як чытаць «Беларусь у фантастычных апавяданнях», толькі тыя гісторыі, якія Баршчэўскі не паспеў сабраць.
Сёння пачуў гісторыю, як мая баба Ганна пасварылася са сваёй свякрухай маёй прабабкай Ёўгай. I прабабка зашаптала бабуліну карову. Карова перастала даваць малако. Мая бабуля паехала да сваёй цёткі ў Боруск, тая зрабіла процітруту: зашаптала хлеб для каровы і наказала бабулі адзін дзень нікому нічога не даваць, хто б ні прасіў.
Як толькі карова атрымала антыдот, бабу Ёўгу пачало круціць месца сабе не знаходзіла.
Прыйшла да маёй бабкі:
- Ганно, дай хлеба.
- He дам. Карову лячу, нікому нічога сёння не даю.
- Ат, што ты ўздумала! Мы ж амаль у адной хаце жывем, і сама ўзяла хлебную лусту.
Карова ноччу здохла.
КРАСАВІК
Усё, я цалкам шчаслівы, бо ў мяне ёсць паўкіло палескай зямлі. Яна пахне хвоямі. Калі я хачу дадому, я высыпаю зямлю на газетку і станаўлюся на яе басанож. Заплюшчваю вочы і чую Прыпяць.
Зямлю мне перадала маці. Каб патлумачыць, навошта яна мне, прыдумаў гісторыю пра тое, што маім сябрам-біёлагам трэба зрабіць аналіз палескай глебы.
3 маёй чароўнай палескай зямлі ва ўсе бакі лезуць палескія казяўкі. He паспяваю кідаць іх на клумбу. Цяпер не толькі я тут палеская навалач.
ТРАВЕНЬ
Адных толькі заробкаў дворніка мне не хапае. Сёння быў мой першы працоўны дзень у жаночым манастыры.
Вельмі складана расказваць пра сваю новую працу, бо амаль немагчыма размежаваць, дзе шчырыя пачуцці, а з чаго можна кпіць.
От сёння ў суседнім кабінеце працяглы час адбываўся канфлікт, а мае каляжанкі запалілі свечкі і ціхенька маліліся, каб канфлікт хутка скончыўся. Я не разумею, як да гэтага ставіцца. Жыццё, дзе ёсць смецце і аканомка Іосіфаўна, нашмат прасцейшае. Заўтра а сёмай раніцы я буду сядзець у сваёй тэатральнай каморы на падлозе, піць кефір і думаць, як ставіцца да таго, што манашкі ў фоташопе апрацоўваюць выявы Хрыста. I ці правільна падчас працы слухаць беларускія аўдыякнігі, пакуль знаходзішся ў эпіцэнтры расійскай культуры.
У манастыры падчас малебну я разглядаў ногі каляжанкі Евы. Цудоўна, што ў манастыр дзяўчынам забараняецца надзяваць порткі. Прасці, Госпадзі.
Дзе ў Мінску набыць жывую лаванду? Ева любіць лаванду.
У галаве адна Ева. Сёння не захацеў ісці на працу.
Я кажу:
- Іосіфаўна, у мяне тэмпература трыццаць восем, як у Турцыі.
А яна мне:
- Ну і мужыкі пайшлі! 3 тэмпературай трыццаць восем не могуць выйсці на працу!
Бляха, ну і аканомкі пайшлі! Усё, мне не сорамна за гэты падман пра тэмпературу. I гэта не завод гэта тэатр, дзе тонкая душэўная арганізацыя ёсць нават у швабры.
Манастырская дырэктарка на просьбу не выходзіць сёння адказала:
- Задзёўб ужо, Андрушка.
Усіх я задзёўб.
Ева расчулілася ад лаванды. Цікава, як яна адрэагуе на тое, што з раніцы я дворнік і корпаюся ў смецці? Дзяўчаты, як вы рэагуеце на тое, што вашыя хлопцы корпаюцца ў смецці?
ЧЭРВЕНЬ
Мне падабаецца штодня мыць галаву не дома, а ў Купалаўскім тэатры. Я нашу ў заплечніку шампунь і пасля прыбірання тэрыторыі мыю валасы ў сваім цесным пакойчыку над рукамыйнікам. Гэтая дробязь надае ўсяму майму жыццю пах бясконцых вандровак. Потым хаваю мокрыя валасы пад капялюш, і, пакуль даязджаю да манастыра, яны высыхаюць. А ў манастыры слухаю Лявона Вольскага і назіраю, як манашка ў навушніках робіць мантаж фільма пра бацюшку. Простыя словы. Простыя з’явы.
Сказаў Еве, што я дворнік. Яна зноў расчулілася.
He, адназначна, у мяне ў галаве каша. Тэатр, манастыр, Ева...
На днях паеду ў Каленкавічы, потым у Польшчу. Буду глядзець у акно цягніка і думаць сваю кашу.
Каленкавічы гэта вялікая вёска. Пад ліхтаром у цемры сумуюць без працы дзве прастытуткі сапраўдныя, у парыках і з вялікімі грудзямі. Як у фільмах Альмадовара. Побач двое міліцыянтаў шукаюць мінакоў без флікераў. Знайшлі мяне, узрадаваліся.
Знайшлі б лепей прастытутак усім было б добра. Там ужо і флікер няма куды чапляць.
Як жа я блізенька да таго месца, дзе прывязаны да гэтай планеты!
Сэрца енчыць: «Едзь у Прудок! Едзь у дзедаву хату!».
У 1931 годзе майго прадзеда Андрэя з сям'ёй саслалі на руднікі. Праз два гады ён збег і вярнуўся назад. Яго хату ўжо прыстасавалі пад сельскую школу, таму ён тры гады бадзяўся па суседзях. Бадзяўся-бадзяўся, яго ізноў саслалі. Болей ён не вярнуўся. Памёр няведама дзе і калі. Аднак у Прудок вярнуўся мой дзед і пабудаваў там хату. Сёння яна паціху разбураецца. А што, калі...
- Алё, прывет. Мама, дай што скажу.
- Грошы скончыліся?
- He. А хто жыве ў дзедавай хаце?
- У якой хаце? У Прудку?
- Ага.
- Нашто табе?
- Ай, проста скажы.
- Табе ўжо тая хата трэба!
- Ну, проста скажы, жыве хто ці не.
- Што ты ўжо прыдумаў, а? Сядзі ў Мінску і не дуры галаву.
- А хата тая яшчэ хоць стаіць?
Даслаў эсэмэску Еве: «Я ў Прудку. Тут лес маўчыць. Сяджу пад ігрушай, гляджу на расу ў павуцінні».
Ева зноў расчулілася.
Гэта ўжо не той двор, якім я яго запомніў. Ён зарос смеццем, акацыяй і дзікімі слівамі. Студня ўвалілася, і вада схавалася пад тоўстым слоем гнілых дошак. Зніклі прыбудовы. Няма лазні, куратніка, няма хлява і дрывотні.
Болей няма дзедавай майстэрні. А я яшчэ помню вялікі варштат пад маленькім акенцам. Я ніколі не бачыў дзеда. Але ўвесь час думаў, што ён жыве ў майстэрні. Калі я лазіў па дзедавых шуфлядах з інструментамі, мама казала:
- Асцярожна, нічога не паламай, бо дзед рассердзіцца.
Болей няма ні тых шуфлядаў, ні сталоў, ні майстэрні, ні дзеда.
Вокны ў хаце забіты дошкамі. А колісь, помню, паміж шыбамі ляжала сіняя вата. I віселі такія белыя фіранкі з узорам, які ўтваралі дзіркі, абшытыя ніткамі. Як жа яны называліся? Ат, ужо не помню.
У меншым пакоі, дзе стаіць груба, ляжак з трубой упаў на столь, і бэлька храснула пасярэдзіне і абрынулася на падлогу разам з столлю, цаглінкамі і пяском.
Хата, якую збудаваў дзед, разбураецца. Я хаджу па ёй у даражэнных беластоцкіх ботах.
Вясной па Птушыным Шляху разам з журавамі я вярнуся на Палессе і буду тут жыць.
He ўсё ж жыццё быць дворнікам!
А Іосіфаўна скажа:
- Што за мужыкі пайшлі за трыста кіламетраў не могуць ездзіць на працу.
Пазычыў у доні прылады для малявання і раблю ўяўны рамонт у хаце. У сталовай-кухні не будзе столі, а па рыпучай драўлянай лесвіцы адтуль можна будзе трапіць на другі паверх у адзін пакой.
ЛІПЕНЬ
Я от што падумаў. Чаму б мне не стаць сталяром, як дзед? Падумаў і пайшоў у манастырскую сталярню запісвацца чаляднікам.
А яны мне такія:
- Калі ласка.
Мой нос учуяў пах пілавіння і шэпча мне: галоўнае ў жыцці навучыцца рабіць табурэтку. Галоўнае ў жыцці навучыцца рабіць стол. Галоўнае ў жыцці навучыцца рабіць простыя рэчы.
А я сваёй арт-дырэктарцы такі:
- He хачу быць дызайнерам, хачу быць сталяром.
Мая арт-дырэктарка мне такая:
- Заўдзёўб ты мяне, Андрушка.
Я ёй такі:
- Я ж рознабаковая асоба.
Яна мне такая:
- Пагаворым у аўторак.
Я ёй такі:
- Пагаворым у аўторак.
Уяўны рамонт працягваецца. У кухні ўжо квяцістае сонечнае святло падае на табурэтку, зробленую сваімі рукамі.
Сёння трапіў у закрыты музей старажытнабеларускай культуры ў Акадэміі навук.
Па-сапраўднаму маё сэрца ёкнула ля інструментаў і прыладаў. Нацягіч, зачэртач, скобля, шаршэрка, шпунтоўнік, струг... Як бы я хацеў пачуць гэтыя словы ў сапраўдным жыцці:
- Жонка, ты не бачыла маю шаршэрку? Яна ляжала ля шпунтоўніка, а цяпер тут нацягіч.
Як бы я хацеў, каб у музей трапілі зусім іншыя словы.
ЖНІВЕНЬ
Прыехаў я да дваюраднага дзеда Косціка і бабы Гашы ў вёску Боруск. Гэта паблізу Прудка. Мы з бацькамі часта ездзілі да іх, калі я быў малы. На вяселлі іхніх дзяцей, на іншыя святы. Гэта была не такая краіна, як у нашым савецкім Петрыкаве, дзе я хадзіў у школу. У Боруску вышывалі, ткалі, спявалі народныя песні, працавалі, кахалі, жартавалі, гатавалі вясковыя стравы, замаўлялі ад урокаў, даглядалі адно аднаго.