Радзіва «Прудок»  Андрусь Горват

Радзіва «Прудок»

Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
48.88 МБ
Надзеў на сланечнікі рознакаляровыя Варварыны калготкі і паўдня рагачу.
Радзіва «Прудок». Перадача «Ішчу цібя».
Mae шаноўныя сваякі з Каленкавічаў, дзеці і ўнукі маёй дваюраднай бабы Наташы, прыём! Я ўчора спрабаваў знайсці вас, але згубіў паперку з вашымі нумарамі тэлефонаў і імёнамі, якую мне перадалі малакавозам. Я знайшоў усіх каленкавіцкіх Пільчанкаў, з некаторымі мы нават амаль высветлілі сваяцтва. А вас не знайшоў. Я ведаю, вы чытаеце мой фэйсбук. Накіруйце, калі ласка, дадатковы малакавоз з цыдулкай.
Адскроб я сёння з Варвары пясок, а з ноўтбука мушыныя какашкі. Наадэкалоніўся. I пайшлі мы ў госці да чатырохюраднай сястры, якая прыехала з Балгарыі.
Сонца ўжо ўпала за страху кароўніка. Каровы ўсміхаліся. Сухі палын пах на руках. Варвара скакала ў хмызняку, ноўтбук біў па плячах. Змучаныя калгаснікі сёрбалі пад покуцямі крышані. У дамах закіпала вада на чай. Усё было добра. Адным словам па-вясковаму вечарэла.
А балгарская сястра-псіхатэрапеўтка і кажа:
-	Твой переезд в Прудок связан с какой-то пснхологмческой травмой?
Іду па Мінску. Усе людзі чужыя. Няма каму «здрасця» сказаць.
От што я вам скажу, даражэнькія. Мінск цэ Еўропа. Лухта, што мінчукі не ўсміхаюцца ў метро. Парыж амаль такі еўрапейскі, як вуліца Карла Маркса. У Амстэрдаме амаль столькі ж раварыстаў, як на праспекце Незалежнасці. Негры ёсць. Кітайцы ёсць. Арабы ёсць. Прыгожыя жанчыны ёсць. Хіпстары ёсць. Лесарубы ёсць. I ўсе гарманічна суіснуюць. Дзіўна толькі, што бязвізавы рэжым з Прудком.
У цягніку я заўсёды трапляю ў эпіцэнтр храпучых мужыкоў. Яны сапуць і пярдзяць, а ў мяне тонкая душэўная арганізацыя.
Радзіва «Прудок». Урок беларускай мовы.
Сёння вывучаем сітуацыйныя дыялогі.
Дыялог №1.
-	Як здароўе?
-	Ааа... хярова. У цябе е што?
-	Няма.
Дыялог № 2.
-	Як маешся?
-	Гарую.
-	Ну, гаруй, гаруй не буду перашкаджаць.
Яшчэ некалькі месяцаў мыцця ў вядры і я пайду працаваць у прудкаўскі цырк шапіто галоўным акрабатам. Добра, што ў тыдні адзін чысты чацвер.
Не-не-не! Нетрэба +20!
Вярніце спякоту!
Кавуны дагадаваць трэба.
Дыні, кавуны, багамолы.
Гэта Беларусь, дзетка.
Радзіва «Прудок». Ізноў перадача пра гараванне.
Палескі жаночы ген перадаецца праз слова «гараваць».
Палескі мужчынскі ген перадаецца праз слова «змагацца».
Калі я жыў у Мінску, да мяне часта прыязджаў брат, прывозіў бульбуварэнне ад маці. На развітанне казаў:
-	Ну, давай, змагайся.
Маўляў, я табе дапамог, чым мог, далей цягніся да сонца сам.
Потым званіла маці:
-	Трэба гараваць. А як ты думаў што ўсё лёгка будзе?
Учора мяняў шыбу ў акне. Зайшоў у двор Коля, які год таму пазычыў трыццаць тысяч і дагэтуль не вярнуў:
Ну што, змагаешся?
-	Змагаюся.
-	Змагайся.
Потым цётка:
-	А ты ўсё гаруеш?
-	Гарую.
-	Гаруй.
Пакуль замяніў адну тую няшчасную шыбу, я пазмагаўся і пагараваў.
Гэтыя два словы не перакладаюцца на расійскую мову. Яны складаюць структуру інь-ян, у якой гараванне стрымлівае змаганне. Параўнайце з расійскім змаганнем: яно нястрыманае, бязвектарнае. Нашае ж заціснутае ў гараванне. To бок мужчынская энергія стрымліваецца жаночай. Стрымліваецца не для знішчэння, а для захавання. Каб энергіі змагання хапіла і нам, і нашым маленькім змагарам.
Палеская філасофія сцвярджае: ты можаш дасягнуць любой вышыні, але суразмерна заплаці за яе. Колькі пагаруеш, столькі назмагаеш. Гэта і ёсць беларуская мова, а не як называць посуд для кіпячэння вады імбрыкам ці чайнікам.
Маці расказала пра свайго бацьку.
У пачатку лета 1961 года ў вёсцы Бярозаўка ва ўзросце 37 гадоў паміраў мой дзед Іван, матчын бацька. Перад смерцю ён нясцерпна захацеў ігрушавага расолу. I мая дзевяцігадовая маці пайшла да свайго дваюраднага дзеда Сафрона адзінага ў вёсцы, хто квасіў дзічкі. Дзед Іван здаволіўся тым расолам і памёр.
Маці дагэтуль штогод квасіць дзічкі па тым рэцэпце з жытнёвай саломай, соллю і лістом смародзіны.
Дзеўкі, наце вам кастрыцы, казаў дзед Сафрон бярозаўскім дзеўкам і раздаваў квашаныя грушы.
Спіце спакойна, дваюрадны прадзед Сафрон і дзед Іван. Потым, калі я стану дзедам Андрусём, буду квасіць дзічкі і чапляцца да прудкаўскіх дзевак:
Дзеўкі, наце вам кастрыцы.
Прудкаўская пошта пачынае злавацца на імя Андрусь у афіцыйных дакументах.
Ёсць жа, кажу, Кастусі. Чым вам Андрусі не падабаюцца?
Няма такога імя, кажуць. Кастусь ёсць. Андруся няма.
Вось ажанюся, кажу, стану Андрэем.
-	Ну то хутчэй жаніся.
Я падумаў: калі мяне не бяруць у касманаўты, то трэба стварыць новую школу і працаўладкаваць сябе ў яе. I стварыў Беларускую віртуальную школу УКантакце. Сказаў, што я яе дырэктар, і даслаў каля дваццаці запрашэнняў у розныя куткі Каленкавіцкага раёна. Паведамленні былі аднолькавыя, але вельмі натхнёныя.
Першы адказ прыйшоў хутка ад патэнцыйнай кліенткі з лаканічным імем Люда:
-	1/1 зачем оно мне?
Я хуценька расказаў Людзе пра ўсе перавагі адукацыі, пра гарызонты, якія адкрываюцца перад ёй на шляху да самаўдасканалення, пра перспектывы, пра магчымасць сфарміравацца дасканалай паспяховай асобай і змяніць увесь свет. Адказ ізноў прыляцеў імгненна:
-	Оно мне надо?
Чатыры дні да першага верасня. Сяджу, чакаю вучня. Спадзяюся знайсці хоць аднаго, перадаць яму цяжар свайго жыццёвага вопыту і сысці на пенсію выразаць з дрэва свістулькі.
Калі я быў падлеткам, на гарышчы бацькавага лецішча чытаў «Зямлю пад белымі крыламі» Караткевіча. Шыфер за дзень награваўся так, што моцна пахла сухім пылам. На лямпачку зляталіся мятлушкі-самагубкі. 3 хаты даносіліся гукі радзіва: «Аддзел кадраў мясакамбіната віншуе з юбілеем нашу дарагую, любімую, усімі паважаную бухгалтарку Маргарыту Пятроўну». Праз маленькае акенца ў падстрэшша цякла вечаровая прахалода.
Кожны раз, як я бяру ў рукі «Зямлю», уяўляю бухгалтарку Маргарыту Пятроўну ў святочнай блузцы.
Сёння я чакаю ў госці сваю бабцю гаспадыню хаты, якая памерла тут 18 гадоў таму.
Дзядзька Пятро робіць грубу.
Першага верасня дзеці пойдуць у школу, а хата закурыць дровы. Пацячэ дым з трубы. Прачнуцца энергіі. Пачнецца жыццё ў заспанай хаце.
ВЕРАСЕНЬ
Учора бацька папрасіў у свайго сябра, дзядзькі Андрэя, азбеставую трубу на дымаход. Дзядзька Андрэй пачасаў патыліцу, сказаў, што ў яго няма і ён не ведае, дзе ўзяць, але да раніцы знойдзе.
Увесь вечар бацька запэўніваў нас: ён знойдзе, бо паабяцаў. А не знойдзе, то ўкрадзе здыме з чыёйсьці хаты, пакуль гаспадары спяць. Калі аўцюк што абяцае, то зробіць. Потым мы праслухалі даўгую лекцыю «KaAi твой сябар аўцюк, то ты як за Богам». Затым яшчэ адну: «У вайну за аднаго аўцюка восем эсэсаўцаў давалі». Я канчаткова пераканаўся, што сябар-аўцюк яшчэ большае шчасце за жонку-аўцючку, і пайшоў спаць.
Ранкам трубы не было.
Мой бацька хадзіў пануры. Пячнік дзядзька Пятро еў болей сала: назапашваў сілы на дымаход з цаглінак. Усе прачухаліся пасля вечаровага ідэалізму. I аўцюкоўская дубальтоўка раз у год не цаляе ў мішэнь. Мой бацька яшчэ болей пастарэў. Яго вочы згаслі.
Восем гадзін раніцы.
Дзевяць гадзін раніцы.
Трубы не было. Бацька старэў і старэў. Але сядзеў на ганку і ўсё адно чакаў.
У нейкі момант мы ўсе азірнуліся. За плотам стаяў трактар. 3 трактара тырчэла азбеставая труба.
Ужо не так яна, труба, была патрэбна, як вера ў сяброўскае абяцанне.
Дзе ён узяў тую трубу, мы не ведаем. Зарослую стогадовым мохам верагодна, дзядзька Андрэй, сапраўдны аўцюк, за якога б восем эсэсаўцаў далі, выцягнуў яе з іншасвету.
Маці прывезла з дому вугалькі са сваёй печы. Ёсць такая традыцыя, калі бацькі дзеляцца з дзецьмі агнём з сямейнага ачага. Кідала яна тыя вугалькі ў маю грубу і прыгаворвала:
-	Каб жонку сабе знайшоў, каб дзетак нарадзілі, каб цёпла было.
От так замоўлены-зачараваны агмень.
Я залез на страху, каб залатаць дзірку. Дым з трубы гуляў у маіх валасах, а я фоткаў кароўнік за хатай і думаў пра тое, што яшчэ летась губляў раўнавагу, калі залазіў на табурэт, каб укруціць лямпачку. Цяпер я нічога не губляю на любой вышыні.
Дзядзька Пятро за вячэрай кажа майму бацьку:
-	Ты браканьер.
Бацька з усяго дуру б’е кулаком па стале так, што самагонка ўзбіваецца да масла.
-	Я не браканьер! пена закіпае на бацькавых вуснах.
Поўня. Ціша. Пад Аўцюкамі брэша сабака. Дрыжыць сэрца дзядзькі Пятра. Пад бацькавымі вусамі, як дзіцятка, нараджаецца ўсмешка.
-	Я маленькі браканьерчык.
Прыём! Тут ёсць спецыялісты па алгебры за 9 клас? Трэба дапамагчы маёй вучаніцы.
У дзявятым класе я быў закахаўся ў настаўніцу. Я нават прызнаўся ёй у гэтым праз газету «Чырвоная змена». Але пад прызнаннем стаялі мае ініцыялы каб яна не здагадалася.
А ўчора вучаніца-дзевяцікласніца маёй віртуальнай школы напісала мне: «Я вас кахаю». I ведаеце што? Я ўзрадаваўся. Бо яна ўпершыню напісала па-беларуску без памылак.
Сонейка, хадзем
Антон любіў паляваць на дзевак на бацькавым УАЗіку. На маё «карочэ» ён адказваў:
-	У каго карочэ, той дома сядзіць.
To я і не сядзеў, каб тая прымаўка не прыліпнула да мяне. Хоць і меў малы ўзрост гадоў чатырнаццаць, бавіў час у яго кампаніі.
Антон быў самым гучным ва УАЗІку. 3 аўтамабільных дынамікаў раўла расійская папса, рагаталі хлопцы, радасна пішчалі дзеўкі, але Антонавы жарты былі над усім гэтым.
3 дыскатэкі мы ехалі ў вясковую хату. 3 аднаго боку жыў стары паліцай Сцяпан, з другога баба Маруся, якая ніводнага разу не была з мужчынам. Хтосьці любіў падкалоць Антона:
-	Ідзі да Пятроўны. Яна дзевачка.
У хаце добра выпівалі, закусвалі гуркамі са слоікаў. Дзеўкі ўжо былі абмацаныя, іх п’яныя позіркі губляліся. Смех сціхаў, святло згасала, і пад стогны з дзеўкамі рабілася тое, за што маткі маглі пабіць іх мокрымі ручнікамі. А я станавіўся выпадковым сведкам нецікавым і непатрэбным нікому праз свой узрост.
Аднаго разу дзяўчына, якую счапіў сабе Антон, завагалася і, як той кажа, не дала. «Сонейка», як ён называў яе, прыліпнула да мяне, бы смала. Антон угаворваў:
-	Сонейка, хадзем. Хадзем, сонейка.
Сонейка дрыжала ўсім целам і трымалася за мае худыя плечы, як за адзіныя бяспечныя мужчынскія той ноччу.
Да світання мы сядзелі ў кухні, варажылі адно аднаму на картах. Антон ляжаўу куце на канапе то спаў, то прачынаўся і пачынаў мармытаць сваю каціную песню:
-	Со-о-о-онейка. Со-о-о-о-о-о-онейка. Хадзем.