Радзіва «Прудок»  Андрусь Горват

Радзіва «Прудок»

Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
48.88 МБ
Нашыя прашчуры на гэты конт напрыдумлялі выразаў:
«Прыйшоў, таўкача аблізаў дый пайшоў».
«Круп шылам наеўся».
«Торбу жаб прынёс».
«Дулю з'еў».
«Пайшоў, як мыла з’еўшы».
Я расказаў дзеду Косціку пра жаданне навучыцца рамяству. Ён выслухаў мяне, пакашляў, выйшаў «кудыліся» і прынёс «адтуліся» старэнькі разец і ножык.
Вярнуўся я ў Прудок. Распаліў грубу. Расклаў інструменты.
От табе, Андрусік Іванавіч, разец і ножык. I ў цябе ёсць тры тыдні, каб зарабіць грошай.
Ты ж, маці кажа, барані божа, нічога не рабі сёння, бо свята.
А лыжку выразаць можна?
У хаце, кажа, можна. У хаце ўсё можна. У двары нічога не рабі, каб людзі не бачылі.
Нешта паменела ў мяне сёння энтузіязму. У мроях былі прыўкрасныя вырабы з карункавымі арнаментамі. А на справе атрымалася лыжка для галоднага бамжа.
Доктар, я ні на што не здатны.
Шкада, што няма такой паслугі «бабка на зіму». Я б выпісаў адну. Яна б ляжала за грубай, а я б ёй жаліўся на жыццё.
Аднак жаліцца на жыццё давялося не бабцы, а прудкаўскому ўчастковаму Пазняку. Той зайшоў даведацца, што за барадаты мужык штомесяц прывозіць у закінутую хату на ўскрайку вёскі маленькую дзяўчынку.
Нават мне не хапіла б фантазіі даць участковаму прозвішча Пазняк.
Я шмат усяго магу дараваць мышам. Толькі не лён! Ну як можна было лён зжэрці, падлы вы кашлатыя небеларускія!!!
Радзіва «Прудок». Вячэрні выпуск навінаў з перадавой.
Мышы па начах адсоўваюць цяжкую накрыўку з чыгунка і жаруць маю кашу.
У хаце засталася адна муха з высокім інтэлектам. Яна перасоўваецца толькі ў цемры.
Я компас згубіў.
Апошні месяц жыву без компаса. I мне здаецца, што я дайшоў да нейкай Нетуды.
Восень, дождж, печ, дровы, вецер у галінах бэзу, цётку з парасонам на лісапедзе і гарачую гарбату прыдумалі наўмысна для пісакаў.
Кастрычніцкая ціша.
Здаецца, рух Зямлі ў Космасе спыніўся.
Я ўпэўнены, што ўсе газеты сёння напісалі, што мы больш нікуды не рухаемся.
Рух адмяняецца. Перадайце ў Цэнтр: рух адмяняецца.
Компас дагэтуль не знайшоўся. Мо хто памятае, куды я збіраўся ісці?
Я тады сказаў: «Бывайце здаровенькі, а я пайшоў у...».
У светлую будучыню? У трудагалізм, нацыяналізм, пафігізм, дармаедства, хрысціянства?
Мне кажуць: Андрусь, не наганяй тугу.
Я ж не тугу аптымізм хачу нагнаць. Аптымізм лепей за ўсё наганяць на шэрае.
На белым яго і так зашмат.
Калі будзе кепска, проста падумайце, што недзе ў глухой глушы, у ціхай цішы зімуе адзінокі дзядзька без ката, працы і перспектыў.
Стаіш такі, галодны і здзічэлы, у прыцемку ля грубы, з уяўнымі сябрамі гамоніш. He ведаеш, які ўжо дзень ці год. А тут грукат у шыбу, і на фоне цемры, што насоўваецца з лесу, галава дзядзі Віці, якога ты ў дзяцінстве на кожную Радаўніцу бачыў.
Усрацца можна. Але я стрымаўся.
Сяджу а шостай раніцы на сінім табурэце ў цёмным пакоі і слухаю класічную музыку па радзіве.
Сёння буду начаваць у Мінску. Як там нармальна? Хопіць кіслароду яшчэ на аднаго чалавека? Ці везці з сабою?
Вагаўся, што купіць: новыя шкарпэткі ці новы «Дзеяслоў». Калі падумаць, старыя шкарпэткі не такія ўжо і дзіравыя.
У маім жыцці было ўсё, думаў я, пакуль запраўляў падушку ў навалачку ў рэдакцыі часопіса «Я Женідмна!».
Прывёз сваёй маці Варвару. А яна і кажа:
Я бацьку на Кастрычніцкую рэвалюцыю шкарпэткі купіла. Даць?
Дай.
Шэсць дзён таму будаваў я дрывотню пад дажджом. Я ж ніколі не хварэю, падумаў я і захварэў. Усе гэтыя шэсць дзён праляжаў з тэмпературай трыццаць восем і восем, якая не збівалася. Ну як праляжаў: пасадзіў
маліну, з’ездзіў у Мінск, перадаў бабулі ўнучку. Учора вярнуўся ў Прудок, лёг і падумаў, што могуць прыйсці кандарыкі. Ці хандарыкі. Яны, мусіць, сваякі між сабою. Прыйдуць, а я ўвесь такі непадрыхтаваны. У хаце не прыбраў. Тастамент не склаў. Куды ўціснуць слова «анігадкі» на надмагільнай пліце, не прыдумаў.
Прачнуўся а шостай трыццаць шэсць і шэсць. Паслухаў радзіва трыццаць шэсць і шэсць. Схадзіў па малако трыццаць шэсць і шэсць. Ці то скласці тастамент, ці то дрывотню далей будаваць. Ці то да смерці рыхтавацца, ці то да жыцця.
«Наша Ніва» дала ганарар за мой дзённік.
Калі я бег праз увесь агарод, каб расказаць пра Гароха Андрэевіча, я не думаў, што хтосьці захоча заплаціць мне за гэта. Я не прасіў ніякіх ганарараў проста пісаў, як кажа дзед Косцік, ад душы. Усе свае ганарары я даўно атрымаў у фэйсбуку. Але «Наша Ніва» зрабіла прыгожы жэст, і цяпер да 2016 года я, мабыць, дажыву, калі прыстрэт не нападзе. А там і да вясны блізенька.
Увесь час, што я жыву ў Прудку, грошы з’яўляюцца самі з нечаканых месцаў і ў патрэбны момант.
Я быў упэўнены, што Космас не можа мяне любіць. Бо касмічныя законы жэрці маленькія галактыкі і ўрбанізавацца вакол помнікаў Леніну. А я смяюся з гэтых законаў. Я нават з самага беларускага слова «стабільнасць» пасмяяўся. Думаў: зараз Ён як ударыць па галаве Птушыным Шляхам, каб я сядзеў пад венікам. Але я мала ведаю пра Космас. Я нічога не ведаю пра Космас. Сёння ўвечары я пагляджу туды і скажу: «Космас, я нічога пра цябе не ведаю, але ты клёвы».
Ягор выйшаў з крамы
Ягор выйшэў з крамы, дайшоў да перакрыжавання дзвюх вясковых вуліц, упаў пасярэдзіне і не падняўся. Людзей навокал не было. Ніхто не бачыў, як гэта здарылася. Першай Ягора запрыкмеціла паштарка. Яна ехала лісапедай і яшчэ здалёк убачыла, што пасярод дарогі ляжыць нешта вялізнае. Падумала, што то чорны пакет. Зблізу пазнала хлопца.
Ягор! А божачкі! Ягорка!
Валя асцярожна падышла да цела, але дакранацца пабаялася. Ягор не варушыўся, ляжаў ненатуральна, то яна адразу падумала, што ён памёр.
Выйшла Зоя Казлянская прадаўчыха ў краме.
Што там, Валя?
Ягор во.
Жывы?
Бог вед. Мо і п’яны.
He, не п’яны. Толькі што быў у мяне. Ды й не п’е ж.
Ягор, ну, не п’е. Мо машына збіла?
Ніхто не ехаў. Я не чула.
Ягор не п’е.
Жывы хоць?
Памёр хіба?
А што здарылася?
Цёткі разгублена стаялі побач з нерухомым Ягорам, але дакрануцца баяліся, хоць вакол цела крыві не было.
А ў мяне курава закончылася. Я яму кажу: «Увечары прыходзь. Машына з райпо ўвечары прыедзе».
Хіба ў сераду яна ўвечары?
Ну.
Цю-ю-ю, я думала, ранкам.
He, увечары.
Ягор жа не п’е.
He п’е.
А мо выпіў?
Я б учуяла.
Міма на трактары ехаў дзядзька Андрэй.
Андрэй! Стой! Стой, кажу!
Што там? Сабака?
Чалавек тут! Едзь сюды!
Які чалавек?
Ягор.
Чый? Валодзеў?
Іванаў.
А, Іванаў.
Дзядзька спыніў трактар ля крамы, хутка падбег да цётак і Ягора.
Жывы?
He варушыцца. Андрэй, паглядзі ты.
Дзядзька прысеў, памацаў хлопцу шыю, руку.
Астыў ужо?
He, цёплы. Кроў бяжыць.
To жывы?
Ну.
Дзякуй богу!
Ягор! дзядзька Андрэй ударыў хлопца па твары. Ніякай рэакцыі. Дык што ён сам упаў?
Сам, ну. Няўжо не сам. Па курава заходзіў. А ў мяне няма. «Увечары, кажу, прыходзь». Ён шчэ кажа: «Добра, цётка, зайду ўвечары». А я падумала: во, маладзец хлопец, не п’е. Шчэ б не курыў.
Зоя, не піздзі! Ты як мая жонка: бу-бу-бу, бу-бу-бу. У Юравічы ідзі звані! А я яго табе зара занясу. Кінь што мяккае на падлогу.
Дзядзька Андрэй паспрабаваў падсунуць пад Ягора руку, але дарма: цела бы прыліпнула да зямлі.
А што такое?
Ён і так, і гэтак а ўзяць хлопца не можа. Валя хацела падсабіць, ды таксама не можа падняць хлопца.
Бы жалезны. Пабач ты!
Валя, бяжы па мужыкоў. У кантору бяжы, там Фёдаравіч з Колем. Заві іх сюды. Ды куды ты пабегла?
У кантору, ну, па мужыкоў.
От дура! Лісапедай бяжы. Лісапедай!
А, ну.
Хутка вакол Ягора сабраўся натоўп. Мужыкі і ўдвох, і ўпяцёх а не могуць падняць Ягора. Ён бы жалезам наліўся ды прыліпнуў да зямлі. Усе толькі чэшуць патыліцы і сваім вачам не вераць.
А што такое?
Прыліпнуў, ну. Бы ў зямлю ўрос.
Мо падкапаць?
А ў інтэрнеце глядзелі?
А што ў інтэрнеце?
Там усё е.
To ж трэба ўмець шукаць.
Прыехала фельчарка з Юравіч. Тэмпературу памерала, ціск, паслухала сэрца.
Жывы.
А што такое? Мо з’еў што?
У Каленкавічы трэба везці.
А як жа везці? He падняць жа.
To ўчастковаму званіце.
Пазванілі ўчастковаму. Участковы пачухаў патыліцу, як усе, ды таксама разгубіўся.
Пазванілі старшыні сельсавета:
Мар’янавіч, тут такое дзела...
Мар’янавіч прыехаў службовай машынай. Паслухаў людзей. Свабоднай ад партфеля рукой паспрабаваў сам падняць хлопца, але дарма.
Бацюшку трэба зваць. Бацюшка няхай паглядзіць.
Пазванілі бацюшку. Пакуль бацюшка ехаў, баба Параска прынесла з дому свянцонай вады.
3 Вялікадня стаіць. Коля мой на Вялікдзень у царкву хадзіў. Я сама не хаджу. У мяне ногі нягожыя. Хадзіцікі не магу.
Пырскай, Параска, не цягні ката за яйцы!
Параска пырскнула, шчэ і перахрысціла цела. Але ўсё дарма.
Прыехала машына з райпо. Кіроўца выйшаў, паглядзеў, паслухаў людзей. Пакурыў цыгарэтку, сказаў:
Во дзялы. Ну дзялы.
Паехаў назад.
Казлянская вынесла з крамы пачак цыгарэт, паклала побач.
Ён курыць хацеў. Прыйшоў да мяне, кажа: «Цётачка, а курава е?». Я кажу: «Няма, Ягорка, няма, мой харошы. Увечары прыходзь, мой галубок». От і вечар, Ягорка. Курава тваё прывезлі. Машынка прывезла з Каленкавіч. А ты ляжыш тут, не купляеш каму я цяпер прадам яго? Няма каму ўжо, Ягорка, курыць тваё курава.
У адной маладзіцы ад споведзі Казлянскай на вочы набеглі слёзы. Максімка, меншы сын Зоі, таксама заплакаў.
Дайце яму пакурыць, прапанаваў нехта.
Дасталі з пачкі адну цыгарэту, паднеслі да рота. Але ўсё дарма.
Пад самы вечар прыехаў бацюшка. Вакол Ягора сабралася ці не ўся вёска мо сто чалавек.
Што з ім, айцец Алексій?
Бацюшка памаліўся па кніжцы, памахаў кадзілам. Стала ціха. Запахла ладанам. Баба Параска шчэ раз абліла Ягора свянцонай вадой. Праз дзесяць хвілін бацюшка з’ехаў, сказаў, што будзе маліцца ў сябе.
Калі пачало цямнець, хтосьці прапанаваў накрыць Ягора коўдрай. Набліжалася жнівеньская ноч, мужыкі прынеслі дроваў і распалілі вогнішча. Цяпер на скрыжаванні дакладна сабраліся ўсе. Адно што не было цёткі Тамары.
Андрэй, едзь трактарам па Тамару!
Бляха! А на Тамару мы і забыліся. Яна ж шаптуха.
Людзі ажывіліся: як яны маглі забыцца на шаптуху?
Яна майму Васю нашаптала той перастаў сцацца.
Ну, і майму. Тамара ўмее.
Умее. Ведае от гэта ўсё, ну. У яе бацька ўмеў.
Ен павесіўся.
Згарэў жа ў хляве.
Спачатку павесіўся, а потым згарэў.
От яно што...
Андрэй вярнуўся хутка. Вярнуўся з Тамарай. Тая прысела ля хлопца, папрасіла людзей трохі адысці ды пачала шаптаць. Ох жа і круціла яе! Бы чорт усяліўся! Білася Тамара аб зямлю, крычала, плявалася, а Ягор усё адно ляжаў нерухома.