Радзіва «Прудок»
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
Пачалася ноч. Ніхто не вяртаўся дадому. Людзі папрыносілі коўдраў. Побач з Ягоравым вогнішчам з’явілася яшчэ некалькі. На Ягора забыліся. Усё, што можна было расказаць пра яго, расказалі. Надзівіліся, наплакаліся. Далей пераключыліся адзін на аднаго. А Ягор ляжаў пасярод сам па сабе.
Ігар падагнаў свой мэрсэдэс і ўключыў музыку. Тыц-тыц-тыц загучала вёска. Валя прынесла з дому сівуху.
Сама гнала?
А табе якое дзела? Пі.
He раскажу я ўчастковаму. A то ты мяне не знаеш!
Ты не раскажаш людзі раскажуць.
Хтосьці прынёс сала, гуркі. Казлянская вынесла з крамы хлеб, мінералку.
Усе скідваемся па два рублі. Чуеце?
Новымі ці старымі?
Я скідвацца не буду: я не ем.
Андрэй, як уборачная?
Табе праўду расказаць ці для газеты?
Ігар абняў Васільеўну.
Васільеўна, я ж думаў, што ты паганая, а ты харошая баба! Міравая баба ты, Васільеўна!
Ай, ідзі ты!
Маруся Зайчыкава прыцягнула вядро малака.
Нашто ты, Маруся? У нас во сваё малако е!
To дзіцям, дзіцям.
Дзеці набегаліся, нагуляліся ды паснулі на коўдрах ля агню. Старыя трохі паспявалі, трохі пагаманілі ды таксама паснулі. Маладзёны шапталіся доўга мо да трох ночы. Ды й яны здаліся, палеглі.
Першым апрытомнеў дзядзька Андрэй. Ён падняў галаву. У галаве штоліся стрэльнула.
Вой, бляха...
Ля вогнішча сядзеў Ягор, курыў цыгарэту. Андрэй сеў побач.
Будзеш? паказаў на трохлітровы слоік з рэшткамі сівухі на дне.
-Я жне п’ю.
- А, ну...
Выпіў адзін. Дзядзька зірнуў на трактар, прыпаркаваны ля крамы. У галаве зноў стрэльнула.
Добра, дзядзька. Пайду я, сказаў Ягор.
- Ну, ідзі.
Ягор пайшоў дахаты.
РЭЗДЗЕЛ 1
Цётка Воля, які дзед Арцём быў?
Мой прадзед Арцём быў вясковым мажорам. Ніколі не выходзіў з двара ў ненашараваных да бляску ботах. He любіў вошай, таму мыў сваё адзенне штодня. Мая маці неяк заўважыла на ім жоўтую кашулю.
Дарма, унучка. Там на сяле ў таго і таго вошы. I ў баб вошы е. А ў мяне вошай няма, я не люблю. Няхай яна жоўтая, але не ўшывая.
А як у печы паліць ды ўмажа рукавы ў сажу, жаліцца:
От. ужэ ў сажу палез, не закасаў. Ужэ ізноў мыць.
Яшчэ ён казаў: «Трэба есці так, каб вош на жываце можна было забіць».
Наеты, памыты, пайшоў прадзед на сяло (жыў на хутары ў Боруску) і вярнуўся дадому з самай прыгожай дзеўкай маёй прабабкай Юстынкай. Ён хоць і глухаваты быў, але Юстынка пайшла за яго. У чыстых ботах і без вошай жа!
Цётка Воля расказвала:
Ён на нейкай вайне ваяваў, яго кантузіла, от ён і стаў глухі.
Гэта ў Першую хіба?
Ага. Як тыя паны былі. У тую вайну ваяваў. А потым снарад разарваўся, і яго кантузіла.
Маці расказвала, што ў іх з бабай Юстынкай усе дзеці ўміралі, праўда?
У іх багата дзяцей памерла. Баба нараджала, а яны ўсе ўміралі. А потым баба Ганна нарадзілася.
Але цётка з хрысціянскіх памкненняў утоіла, што баба Юстынка хадзіла да знахаркі. Знахарка тая штосьці нарабіла і наказала ўвесь дзень маўчаць. Баба Юстынка вярнулася дадому, а дзед Арцём ёй:
Ну, штэ маўчыш? Кажы ўжэ.
А баба Юстынка ні слова. Дзед спужаўся: гамон, жонка гаварыць развучылася!
Але ўзаўтры ўсё расказала. От пасля таго і нарадзілася баба Ганна. А потым яшчэ два сыны: Алёша і Косцік.
Алёша на міне падарваўся, працягвае цётка Воля, ногі паадрывала яму. У бабы Ганны на руках і памёр. Везлі ў Каленкавічы, ды не давезлі.
I баба Юстынка доўга не пажыла. Захварэла на тыф.
У Каленкавічах пахавана. I ніхто магілку не знае. Багата ж людзей паўмірала. Тады іх у адну ямку закопвалі. Ну а крыжоў жа не рабілі. А дзеда якраз дома не было. Яе закапалі і трэсачку паставілі. Трэсачку мо які сабака бегаў ды абярнуў. Дзед прыйшоў, хацеў знайсці, ды не знайшоў. Павялі паказаць ды трэсачку тую не знайшлі. Па сёння не знаем таго месца. Тут от, блізенька, па Куйбышава. А дзе бог яго вед. I апошні, хто бачыў яе, дзядзька Коля. Ён знізу ляжаў, а яна ўверсе. От. Гаворыць, яму тады кепска было, ён заснуў. Ён таксама на тыф хварэў. От. Дык, кажа, прачнуўся ужо бабы не было, убралі. I ён, гаворыць, зразумеў, што яна памерла. Тых, хто ўміраў, кажа, хутка ўбіралі. От. А сястру бабы Юстынкі, бабу Веру, што некалькі кажухоў мела ды некалькі андаракоў, дык у Сібір саслалі, і яна ўсё жыццё пражыла ў Сібіры. А сюды яна пераехала ў самым канцы. Я прыехала паглядзець бабу покуль падымалася да яе ў кватэру, дык яна за гэты час памерла. Жывой не бачыла толькі на мёртвую паглядзела. Таксама красівая вельмі была. Мама казала, яны з бабай Юстынкай нашай падобныя былі. Дык я захацела пабачыць. Прыйшла, а яна ж за гэты час кончылася.
- А які дзед Арцём быў?
- Непаганы. Вельмі добры дзед быў. Бывала, як насушыць грыбоў, дык па торбе цэлай прэ. A пах, а пах які! Такія смачныя былі! I дзеці любілі дзеда Арцёма. Прыйдзе ён у школу, а яны давай крычаць: «Дзед, раскажы казку!». I ён расказваў казку. Уся вёска збіралася паслухаць тыя казкі. От. Тады ж тэлевізара не было. Тады быў толькі дзед Арцём.
Мне даслалі старыя фота Прудка, якія зрабіў у 1912 годзе Ісак Сербаў. На адным з іх драўляная царква. Кажуць: «А даведайся, дзе тая царква стаяла». Пасля двух тыдняў бязмэтавых бадзянняў я, нарэшце, знайшоў сабе новую хваробу. Цяпер я хачу ведаць усё пра Прудок. Спытайцеся ў маёй былой жонкі: пакуль радавод усіх прудкаўскіх катоў не будзе задакументаваны, спыніць мяне ўжо няможна. Яна ведае.
У 1912 майму прапрадзеду Апанасу было 48 гадоў. Цікава, калі б ён ведаў, што я пабачу гэтыя фота, ён бы бегаў перад фотаапаратам Ісака Сербава з плакатам «Здароў, Андрусь!»? Я б бегаў.
Ісак Сербаў мусіў ехаць гасцінцам з Каленкавіч у Хойнікі, ля якога жыву я. Сёння той гасцінец злучае толькі краму з кароўнікам.
Здалёк было відаць прудкаўскія хаткі. Па дарозе Сербаў пабачыў амаль дасканалы авал панскай сажалкі. У ім патанула мая траюрадная цётка. У ім патанула ўся памяць пра паноў.
На месцы маёй хаты раслі каноплі. Ці лён. А мо і жыта.
Першая хата была там, дзе сёння стаіць суседняя Дэдалева. За крамай (якой тады, вядома, не было) стаяла драўляная царква з маладой бярозкай побач.
Сербаў зрабіў тры фота. Збегліся дзеці паглядзець на дзіўнага дзядзьку. Мой прадзед Андрэй, які потым памрэ далёка ад Прудка за тое, што ўмеў працаваць лепей за астатніх, дакрануўся да фотаапарата. А Сербаў, мабыць, сказаў яму:
- Асцярожна, не зламай мой дэвайс.
Прадзед меў шмат пытанняў. А як? А колькі што каштуе? А, а, а?..
Прудкаўцы павялі Сербава ў карчму. От мінулі хату габрэя з дзвюма вялізнымі елкамі, якія колісь уразілі пляменніка Сяргея Палуяна пісьменніка, рэвалюцыянера, лепшага сябра Максіма Багдановіча. Старога габрэя не было дома: ён паехаў на кірмаш у Юравічы.
Перайшлі рачулку Закаванку, якую я называю конскай канавай і ў якой мыліся мае талакоўцы. А тады там мае прабабкі мылі хусце. Прыносілі ў начоўках залёную бялізну, недаверліва пазіралі на дзіўнага нянаскага чалавека Ісака Сербава.
У карчме Сербаў і самыя спрытныя прудкаўцы выпілі. Мой прапрадзед Апанас, мабыць, прыйшоў па сына, бо праца без яго не спорылася. Але зацікавіўся Сербавым дэвайсам:
- Калі хату старога габрэя сфоткаць, можна пабачыць, дзе ён грошы хавае?
Карчмар усміхаецца. Ягоныя дзеці ганяюць па двары драўлянае кола.
У Прудку была не толькі вайна.
Колісь я напісаў у фэйсбуку, што да мяне заходзіў пазнаёміцца ўчастковы Пазняк.
Сёння мяне спынілі на вуліцы і запыталі:
- А праўда, што ты пра нашага ўчастковага стаццю ў газету напісаў?
Мая прабабка Агапа ў 1938-м падпісала такое прызнанне: «Я вмжу, что следственные органы располагают матерналамм, нзоблмчаюіцнмм меня в том, что я знала о контрреволюцнонной шпмонской работе мужа. Поэтому счмтаю всякое запмрательство перед следствнем бесполезным, а посему решмла рассказать откровенно всю правду».
Так і ўяўляю сабе хатні дыялог:
- Гася, чаму свінням не дала?
- Я внжу, что мой законный супруг располагает сведенмямн, нзоблмчаюіцпмм меня в том, что я не дала свпньям. Поэтому счнтаю всякое запмрательство перед супругом бесполезным, а посему решмла рассказать откровенно всю правду.
Шліфую падстаўку пад патэльню і думаю пра тое, што заўтра часночны дзень. I я не ведаю, чаму заўтра, а не сёння і не ўчора. Маці сказала садзіць часнок. Заўтра дык заўтра.
А там і Дзядоў сустрэну.
ЛІСТАПАД
У 1815 годзе мой прапрапрапрапрадзед Кандрат збег з Прудка. Яму было 35 гадоў. Ён меў жонку-прыгажуню Хаўронню, трох дачок і аднаго сына.
He ведаю, дзе ён бадзяўся, але вярнуўся і памёр дома.
Дзед Кандрат і астатнія 60 прудкаўскіх дзядоў, запрашаю на вячэру.
Я вас ведаю і люблю.
Дзяды паелі, папілі ды пайшлі да маёй маці. Яна сёлета саступіла мне права прыняць шаноўных гасцей першым.
- Ну што, пайшлі ўжо?
- Пайшлі.
- Добра, тады я свечку запалю, каб не заблукалі.
Хто б і мне свечку запаліў, каб і я не заблукаў у гэтым вашым Мінску.
Добра, што я з’ехаў адсюль, калі ўжо былі электронныя кампосцеры.
Уменне кампасціраваць дапамагае рабіць выгляд, што я мінчук.
I яшчэ.
Калі б я так прыціснуўся да Колевай жонкі, як у вас тут можна прыціскацца адно да аднаго ў тралейбусе, Коля б мяне пабіў.
Цётка Дуня казала, што цырульніцы вядзьмаркі. Забіраць чалавечае шчасце праз дакрананне да валасоў распаўсюджаны вядзьмарскі спосаб. Учора ў мінскім салоне «Чарадзей» я ўзгадаў цётчыну параду: калі цырульніца стрыжэ, а галава пачынае балець, трэба думаць пра сябе: «Не дам, не дам, не дам». Я мармычу простую замову, а з пасмамі валасоў падаюць долу нажніцы. Раз падаюць. Два падаюць. Галаўны боль сціхае.
Спыніўся на начлег у Каленкавічах. He магу тут спаць: хачу дадому. Выбіраю паміж пайсці пешшу зараз ці да раніцы чытаць сектанцкую літаратуру цёткі Волі і паехаць аўтобусам.
Беларусы за мяжой, вы для мяне загадка. Я адну ноч за дваццаць кіламетраў ад хаты выю паланезам. Як жа вы там маецеся?
Я цікавіўся, як будзе «ау» па-беларуску. Шукаўу слоўніках і ў польскіх этнографаў, пісаў у фэйсбуку. А сёння ішоў па лесе. Там адна бабця другой крычала: «Ганя, у-у-у! Ганя, у-у-у!». Гэта добра, што я знайшоў адказ. Але займеў новае пытанне, і яно мяне мучыць. Што робяць бабкі ў лесе ў кастрычніку? Грыбоў няма. Труп хаваюць?
Пакуль я пра бабак у лесе пішу, цывілізаваны свет цешыцца уберамі. Уберы-шмуберы. А ў прудкаўской краме свечкі скончыліся. Ото ж дзе праблема. Усе свечкі на Дзяды папалілі.