Радзіва «Прудок»  Андрусь Горват

Радзіва «Прудок»

Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
48.88 МБ
-	Здрасця!
-	Здрасця!
-	Здрасця!
-	Гэта той дзядзька, што жыве ў хаце з прывідзеннямі.
-	Здрасця!
Чытаю «Матэматычныя пачаткі натуральнай філасофіі» Ісаака Ньютана, а ў галаве праносіцца думка: «Мо купіць пляшку і пайсці да Колі?».
He, ну нафіг.
He пайшоў я сёння да Колі. Замест гарэлкі купіў у краме трыста грам цукерак. Сяджу, гляджу на агонь і ем цукеркі. Грукат у шыбу. Бачу Колеву галаву.
-	Здароў.
-	Здароў.
-	Што робіш?
-	Цукеркі ем.
-	А гарэлку п’еш?
-	Я ж няп’юшчый.
-	Я ведаю. Мо е што?
-	Няма.
-	Гора. I купіць няма дзе.
-	Ніхто самагон не прадае?
-	Прадае. Ды маёй раскажа.
-	Ты сваю баішся?
-	Зараз урэжу.
-	Праўда баішся? Што яна табе зробіць?
-	Ай, пайшла яна ў сраку.
-	Што так?
-	Ай, адчапіся.
-	Цукерку даць?
-	Дай.
-	На.
-	Дай яшчэ адну. Маёй аднясу.
Кахае.
Учора глядзеў на старую акацыю і думаў, што прыйдзецца яе спілаваць. Летась на ёй была толькі адна зялёная галінка.
А сёння вецер. Акацыя трэцца аб страху і рыпіць.
He рві мне душу, старая акацыя. Мы яшчэ сустрэнем вясну разам.
Пазваніла маці і сказала, што памерла цётка Вольга.
Там, куды яна пайшла, яе будуць чакаць дзясяткі людзей, успамінамі пра якіх яна дзялілася. А мы, пазасталыя, развітаемся з ёй заўтра тут, на зямлі. Але развітаемся толькі на кароткі час.
Цётка Воля расказвала:
«Вельмі добры быў бацька мой. Ніколі не біў нас. Нічога ніякага. Ён быў сільна добры. Але хварэў. Баба Ганна знізу вось цяпер жыла, так? A то насупраць наверсе мы жылі. Там наша хатка была. Каморка. Баба Ёўга, бацькава маці, выгнала бабу Ганну з дзедам Іванам у камору. Там вада замярзала. Я яшчэ і сёння помню тую хатку. Ішла я ў першы клас з той хаткі. Мама напаліць печку крэпка. Мы ўсе і папа, і мама усе на печы. I кругом посцілкамі паабпінае. Так і спалі. Я так добра гэта запомніла.
Вой, Госпадзі. Дарма што без бацькі жылі. Бацька памёр. Але ў нас мама была такая, што ўсё ў нас было. Яна сама і плацці шыла нам. У нашых сябровак па адным плацці, а ў нас з Юляй хапала. Галя сяброўка была. Яна ў мяне потым кумою стала. Хрысціла маіх хлопцаў. Во. Дык яна з бацькам жыла, з маткай. Ніколі матцы сваёй нічога не раскажа.
Ніводнага сакрэта матка яе не знала. А наша матка ўсе сакрэты Галіныя знала. Усё раскажа. Прыйдзе:
-	Арцёмаўна, сядай, я табе раскажу.
А хлопец які цукерак дасць ці што яна нясе:
-	Арцёмаўна, на, ты першая, потым я.
Ніколі сама не з’есць без маткі. Усе цукеркі матка з ёю ела. Прыйдзе, стаіць пад нашай хатай з хлопцам, захацела пасцаць, а стыдна хлопцу сказаць. Прыбяжыць:
-	Вой, Арцёмаўна, не магу ўжо болей. Дай хутчэй быстрэй куды штонебудзь.
Тая вядро ёй паставе. Пабегла ізноў да таго хлопца. Канцэрт! To не Галя была, а я не знаю конь! Матка яе ўсю дарогу любіла».
Цётка Воля гучна смяецца. I я смяюся разам з ёю.
Я выдаліў з тэлефона нумар цёткі Волі. У мяне няма болей яе нумара, але засталося штосьці большае. Сваё жыццё я пражыву з любоўю, пражыву без злосці. Так, як яна мяне навучыла.
Войны скончацца мы застзнемся
-	Цётка Воля, а баба Ганна расказвала што-небудзь пра канцлагер?
-	Расказвала. I шмат чаго расказвала. Я таксама часта ёй такія пытанні задавала.
(Відавочна, што размова не пра канцлагер, а пра прымусовыя працы, на якія масава звозілі беларусаў, але сямейная традыцыя вырашыла называць гэта так.)
Дваццаць гадоў ёй было тады. Багата каго гналі ў цягнікі і везлі. I яе разам з усімі забралі. I яе дваюрадную сястру Полю забралі. Дык яны разам былі. Толькі на розных цэхах працавалі. У цёткі Полі быў сільна ўрэдны немец. А ў маткі непаганы быў. Гаворыць, адзін раз правяраў яе: сказаў, каб убрала ў яго кабінеце. Я, кажа, пайшла ўбіраць там грошы ляжаць, там ляжаць. Усюды маркі валяюцца на падлозе то там, то там. Я, кажа, пасабірала і на стол паклала. Аж ён прыйшоў і гэтыя грошы бачыць ляжаць. Мабыць, праверыў, колькі там. Ён жа знаў, колькі раскідаў. Захацеў праверыць, ці не ўкраду.
-	Аня, хадзі сюды. Ком!
Я, кажа, пайшла. Ён:
-	Што за грошы? паказвае.
А я, гаворыць, і кажу:
-	Гэта вашыя. Там знайшла, там знайшла. У мяне не было. To вашыя не мае.
I ён ёй усе аддаў і ад таго заўсёды давяраў ёй кабінет убіраць.
Ну куды іх? На які завод? На той, дзе бомбы робяць! Дык, кажа, брак усё рабілі, стараліся. Немцы пазней прыходзілі. А мама ў пяць раніцы. Зараней іх гналі туды. От. На ногі давалі такія калодкі. Дык, кажа, ідзеш і як зляціць тая калодка каму ў спіну. От. Гаворыць, я ўжо прыйду загадзя, дык гэты немец, што грошы раскідаў, кажа:
-	Аня, ідзі паспі.
I ключ дасць. А там склад бомбы ўкручвалі ў розныя анучы. А ён гаворыць:
-	Калі хто прыйдзе з начальства, дык я пастукаю ў вакно зверху, скажу «Аня, угу» ты ўжо знай, што трэба ісці.
I я, гаворыць, пайду, паляжу там, яшчэ спрашу ў яго ды наўбіраю сабе ласкуткоў. I сукенкі шыла. От такое мама расказвала.
I дзед Арцём пакойны расказваў, матчын бацька, што ўлесе немцы яго злавілі. Тады Боруск спалілі, а ён хаваўся па акопах. Немцы на яго:
-	ПартЫзан, партЫзан!
-	Які ж я партызан? У мяне дачка ў Германіі. I выняў картачку, ну, паштоўку, што мама даслала, паказаў, дык адзін немец кажа:
-	Гэта мая дома. Бацька, я еду дадому ў отпуск, дык калі што хочаш перадаць, то я завязу доні тваёй.
Дзед казаў, што даў: і сала даў, і яшчэ штосьці даў. Знайшоў той немец маму і перадаў перадачу. Кажа, ніколі 6 не падумала. I сказаў:
-	Гэта ад бацькі табе пасылка.
От табе і немец!
Так, каб рабілі што, то не. He здзекуліся. Кажа, вадзілі ў лазню. Яны таксама любяць чысціню. Так, каб вошы ці хто з’елі, то такога не было. Расказвала, што зубы лячыла адна немка дзевачка яшчэ была. Яна дружыла з нашым салдатам. I ўжо хацелі ажаніцца. А сільна прыгожая была, кажа. Адзін немец афіцэрам быў ці кім, не помню. Дык хацеў яе знасілаваць. А мы, гаворыць, цэлымі начамі сядзелі па чарзе, то вышывалі, то яшчэ што-небудзь рабілі, каб ён нічога не зрабіў ёй. I так кожную ноч. Потым расказалі ўсё-такі начальству, і яго хутка ўбралі. Дарма што немцы, але яны не дазвалялі, каб такое было.
Ужо як фосфар кідалі амерыканцы, там і нашыя пленныя салдаты, гаворыць, былі. Як ужо пачнуць біць, фосфар кідаць, дык усюды гарыць. А мы хаваліся ў бліндажы, кажа. Дык мы, гаворыць, хлопцавы пабяром чамаданы ды ўцякаем, калі бамбёжка пачынаецца. Калі мы на заводзе, а яны дома, то яны нашыя чамаданы цягаюць. Адзін раз пачалі біць і кідаць фосфар. Патрапіць на каго, дык згарае чалавек увесь. Ну мы, гаворыць, пападалі ў бліндаж і ляжым. Бомба ўпала ды блізка каля нас. I нас, кажа, прываліла зямлёй. Потым хлопцы нашыя папрыходзілі з работы дзевак няма. А яны зналі, дзе мы хаваемся, у якім месцы. Прыйшлі, а мая, кажа, рука вотакаво выткнулася. I пярсцёнак імянны.
-	Хлопцы, дзеўкі нашыя тут!
Давай раскопваць нас, гаворыць. Дык я, гаворыць, бегла, і не знаю куды, я не помню. Ледзьве не задахнулася ў той зямлі. Хлопцам ці то адкопваць далей, ці то мяне трымаць, бо я бягу куды папала. Потым адкапалі ўсіх дзяўчат, дык дзве ўкраінкі задахнуліся нанізе.
Немка прыйдзе кажа, на абед, дык і я сяду, памагаю ёй штопаць наскі. Яна і мне дасць наскоў. Адным разам немка сказала, што нарве палявых кветак, бо ў начальніка, што даваў ключ, дзень народзінаў. На заводзе папера такая рознакаляровая была ёй абкручвалі гільзы. Мама набрала той паперы, усю ноч сядзела і накруціла букет кветак прыгожы, кажа, зрабіла. Гаворыць, увярнула ды нясу. На прахадной правяраюць.
-	Што нясеце?
Яна сказала, што дзень народзінаў у начальніка і што букет кветак нарвала ды нясе. Ён прапусціў. Схавала ў шафу і працую, кажа. Тая немка прыйшла, глянула ў шафу, ўбачыла і ўсім расказала, што я зрабіла. Ужо чакаюць не дачакаюцца, кажа, як я гэты букет падару. Як падарыла, ніхто не паверыў.
-	А што, у цябе машынка такая е, шго кветкі гэтыя робіць?
Мама гаворыць:
-	He, сама.
Яны прынеслі паперу:
-	Рабі перад намі. Мы пабачым.
Мама зрабіла. I потым, кажа, мне лягчэй стала. Бо я, гаворыць, зраблю кветак і пайду ў горад, калі пускалі, дык мне за тыя кветкі маркі давалі. I мы хлеба купім і, кажа. больш не пухлі ад адной броквы. А некатарыя нашыя пухлі, бо нічога не ўмелі рабіць.
А ўжо як прыйшлі нашыя, то мама была перакладчыкам. Нямецкую мову добра ведала. Чытаць яна не ўмела, таму што ў школу не хадзіла, але яўрэйскую мову знала, бо ля яўрэяў жыла. Дык я, гаворыць, у Германію трапіла немцы размаўляюць, а я ўсё разумела. Цётка Поля дзесяць класаў скончыла. Чытаць умела, а перакладаць не магла, дарма што вучыла нямецкую. Як пойдуць яны ў горад, дык цётка Поля чытае, дзе што напісана, а мама перакладае. Так і жылі. Дык, кажа, як нашыя ўжо вызвалілі, немцаў на працу ганялі, я ўжо перакладала. што яны гавораць.
Яшчэ матка расказвала, што нашыя сільна здзекуліся. Гэтыя... паліцаі. Немец, кажа, як застане каля калючага дрота, то яшчэ нічога, яшчэ можа прайсці. А ўжо як паліцай усё, кажа, канец. Нашыя яшчэ горшыя, кажа, за немцаў былі. Нічога, усюды злыя людзі ёсць. Але і, куды ні зірні, добрых людзей усё адно болей.
Калі матка вярнулася дадому і выйшла замуж за майго бацьку, твайго дзеда Івана, то неяк разгаманілася з яго братам. Ён таксама ў вайну працаваў на нямецкім заводзе. Выпіў чарку і расказвае матцы:
-	Раніцою мы ішлі на завод, а за высокім плотам вялі дзевак. Мы іх не бачылі, але чулі. От. I была сярод іх адна, якая вельмі хораша пела. Я век не забуду яе песень. Я, кажа, і чакаў новы дзень, толькі каб паслухаць яе. Як выведуць нас, як пачую, што і дзеўкі ўжо ідуць, то крычу: «Аня, пой!». I яна пела: «Я зязюля, зязюля шэрая, не вылечу з саду». Каб не тая Аня, не ведаю, што б са мной стала.
Баба Ганна слухала, слухала ды запела:
Трудна жыці на чужыні, не маючы роду.
Перарабілась у шэру зязюлю да ў род уляцела.
Уляцела ў сад сад раднесенькі,
Стала на калена, стала кукаваць,
Шчэ й расказваць, як жыць на чужыні.
-	Калі доч мая, доч раднесенька, захадзі ў хату,
Калі зязюля, зязюля шэрая, вылятай з саду.
-	А я доч твая, доч раднесенька, не пайду ў хату.
Я зязюля, зязюля шэрая, не вылечу з саду.
Раздзел 9
У ольшчь есць усё, акрамя дзедавай хать
Сёння з'ездзіў на селішча бабы Ганны.
Я правёў сваё дзяцінства ў вёсцы Бярозаўка. Гэта недалёка ад Прудка. Там жыла мая любімая баба Ганна. Сёння я заехаў туды.