Радзіва «Прудок»  Андрусь Горват

Радзіва «Прудок»

Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
48.88 МБ
Цяпер я не буду спаць шэсць начэй, а праз шэсць начэй захачу выкупіць тую зямлю і ўсё аднавіць. Ад хаты застаўся толькі фундамент. Дзе стаяла печ і шафа, растуць канадскія клёны. Ёсць стары, зарослы хмызняком сад і вялікі агарод, на якім, як казала бабуля, і дзіця вырасце, калі яго туды пасадзіць. Раней там было балота, а потым мой дзед нацягаў наверх чорнай зямлі. Я не ведаю, што рабіць. Я не ведаю, дзе ўзяць грошы, рукі і яшчэ адно жыццё, каб вярнуць гэтае селішча ў генеалагічнае дрэва. Але я вельмі хачу.
Я не магу адвярнуцца і зрабіць выгляд, што мяне гэта не кранае і што ў мяне няма сілы.
Баба Ганна размаўляла па-беларуску. Да пяці год мяне гадавала яна.
У школе я напісаў у сачыненні «баба Ганна» настаўніца выправіла на «баба Анна». Але ніякай бабы Анны я не ведаў.
У інстытуце прафесар Іўчанкаў прымаў у мяне залік. Я сядзеў у яго кабінеце і сарамліва пазіраў на свае нямецкія туфлі. Амаль увесь час я маўчаў, бо не меў беларускіх словаў у галаве, а тыя, што былі, не мог ніяк спалучыць. Але мне далі дыплом і выпусцілі ў свет невукам.
Два гады таму я прачнуўся з думкай, што пачну размаўляць па-беларуску. Пайшоў у кавярню «Ў». 3 не самым цвёрдым «ч» (каб па-беларуску, але не вельмі заўважна) вымаўляю:
-	Мне чай чорны.
А дзяўчына такая:
-	3 цукрам?
Я разгубіўся, пачаў мыкаць. Яна падумала, што я не разумею беларускую, і пераклала:
-	С сахаром?
Мне з цукрам хацелася, але я піў з сахарам і вёў унутраны дыялог з рэфлексіямі. Рэфлексіі вынеслі вердыкт, што я гаўно, і я з імі пагадзіўся.
Нейкім ранкам я адчуў большую смеласць і паабяцаў сабе, што ўвесь дзень буду размаўляць толькі па-беларуску. Але схітрыў і абіраў словы, сугучныя з расійскімі.
-	Адзін жэтон.
-	Выходзіце?
Па гэтым прынцыпе купіўсіні «ўінстан» заместчырвонага. На чырвоны смеласці не хапіла.
Першы сапраўдны дзень, які я пражыў па-беларуску, адбыўся ў Беластоку.
Мы туды паехалі з Евай. Калі выйшлі з маршруткі, я адразу перайшоў на беларускую. Было лёгка і прыемна. Яна па-расійску, я па-беларуску. Усе сцены кудысьці зніклі.
А вярнуліся дадому і мяне зноў заклініла.
Ева падарыла зборнік вершаў Барадуліна.
Почему ты в Беларусн не говорншь по-белорусскн?
Да паездкі ў Беласток я быў упэўнены, што праз страх выдзяляцца, які выдаюць кожнаму інтраверту пры нараджэнні. Але там мне, наадварот, увесь час хацелася размаўляць гучна, каб усе чулі. Гэта як выйсці з пограба, дзе сядзеў трыццаць год, і ўсім целам адчуць свабоду.
У Беларусі гэтай свабоды я не адчуваю. Адчуваю віну. Нібыта ў спакойным і стабільным беларускім моры я высунуўся са сваёй прыхамаццю і наганяю вецер, і абуджаю пытанні і непаразуменні.
Людзі падзяліліся на тых, з кім я размаўляю па-беларуску і з кім парасійску. Амаль з усімі спрабаваў наладзіць беларускі кантакт, але цяжка камунікаваць на розных мовах.
Каву будзеш з цукрам?
Да-да, с сахаром.
Ну скажы ты: «Ага, з цукарам, з цукарам!». Але не, там жа ў галаве такая пазіцыя: «Я уважаю белорусскоязычных (афробелорусов), но сам разговарнваю на русском н не буду марать свою речь белорусскммм словамн, потому что нужно нлм так, нлн так».
Але мне галоўнае, каб быў кантакт. От для гэтага кантакту я часта саступаю і пераходжу на расійскую. Ддя гэтага кантакту і мне саступаюць і пераходзяць на беларускую.
3 двухмоўем узнікаюць шызоідныя сітуацыі, калі, напрыклад, я сустракаюся адразу з двума людзьмі, якія размаўляюць са мной і паміж сабой па-расійску, а я з адным па-беларуску, а з другім па-расійску, бо так склалася. I мы гаворым утрох, яны толькі так, а я і так, і гэтак. I нас не тры, а чатыры, бо мяне два, і адзін з іх лішні.
Ці калі звоніць тэлефон, а там незнаёмы нумар, паніка! паніка! хто гэта? на якой мове я з ім размаўляю?
Мне кажуць:
-	Ай, не выпендрпвайся.
He, ну luo, я проста выпендрываюся. Мне ж падабаецца ўся гэта блытаніна ў галаве. Для мяне беларуская мова панты, ну. Я люблю рэфлексіі, люблю ненавідзець сябе, што не заўсёды маю смеласць казаць гучна, як я хачу. Гэта кайф такі купляць сіняе замест чырвонага.
А бывала і так:
-	Дайце, калі ласка... Ой, простмте, то есть пожалуйста.
Я сябе ламаю, а яна там сядзіць з прычоскай і тупа ўсміхаецца, маўляў: «Нічога, нічога, з кім не бывае, і мне часам ранні Купала сніцца».
Прасціця-ізвяніця, што я парушыў ваш спакой і пасмеў па-беларускі абраціцца.
Я не разумею да канца гэты страх. Мусіць, ён на генным узроўні. У каго такі самы дыягназ, хадземце да мяне ў палату, будам лячыцца разам.
Яно лепей узяць і опа ніякіх кампрамісаў. Бо чым далей, тым болей кашы ў галаве і ўнутраных канфліктаў. Трэба, як той кажа, рэзаць к чортавай мацяры, не дажыдаясь перытаніту. Трэба вучыцца ўнутранай свабодзе, якая паўсюль, а не толькі ў Беластоку.
Маці просіць, каб я напісаў сачыненне майму пляменніку Арцёму.
-	Напішы, бо я не дам рады. Я беларускую мову не ведаю.
-	Ты сказала два сказы па-беларуску без памылак.
-	He дуры галаву.
-	Ужо тры сказы.
-	Адчапіся.
-	Чатыры.
Ад мамы я навучыўся двум трапным выразам (калі вы прынцэса, то лепей не чытайце).
Гэта аналаг расійскаму «за рубль удавмтся» «за капейку і ў царкве пердне».
I яшчэ адзін, больш жорсткі: «пасрэ і панюхае, хаця б дух не прапаў».
Уся душа і фантазія беларусаў у гэтых фразах.
Адна сяброўка выдаліла мяне з фрэндаў у фэйсбуку пасля таго, як я напісаў ёй такое.
-	Вашы словы, якія вы не пасаромеліся ўжыць пры жанчыне, сведчаць пра адсутнасць выхаванасці. He маю жадання болей з Вамі камунікаваць. Бывайце, сказала яна мне.
Прапашчы я чалавек.
Прыехаў дваюрадны брат і захацеў запаліць у грубе. Кажа:
-	Где у тебя бумага н спнчкн?
А я кажу:
-	У мяне е толькі папера і запалкі.
He з русафобіі так раблю, а з урэднасці. Гэта даўняе сямейнае.
-	Запалкамн п паперой я не буду, сказаў ён таксама з урэднасці і прынёс з машыны бумагу і спічкі.
-	У мяне, кажу, беларускамоўная груба. Так не распаліш.
-	He дурп голову.
Мучыўся, мучыўся. Праз паўгадзіны здаўся:
-	Ладна, давай сваю паперу. Дзякуй, калі ласка, пачакай, вельмі.
Болей слоў ён не ўспомніў, але гэтых хапіла, каб дровы загарэліся.
Мне не падабаецца слова «попельніца». Ніхто без вышэйшай адукацыі тут так не гаворыць. Я год трымаў вушы напагатове, чакаў, пакуль хтосьці з жывых людзей назаве попельніцу па-чалавечы. Летась з Ягорам спрабавалі прыдумаць сваё слова, але мазгоў не хапіла. Падумалі нават, што ў старадаўніх беларусаў попельніцы не было ўвогуле. Яны курылі і кідалі Долу.
А мой дваюрадны брат кажа:
-	Дзе ў цябе попелка?
Во! падумаў я. Дай бог табе здароўя, падумаў я яшчэ.
Выпадкова паглядзеў тэлеперадачу пра Амерыку і Расію. Журналістка кажа:
-	За што вы любіце Амерыку?
Амерыканка такая:
-	Амерыка гэта свабодная дэмакратычная краіна з вялікай гісторыяй.
У Расіі.
-	За што вы любіце Расію?
-	Расія гэта вялікая краіна, краіна Пушкіна і Дастаеўскага.
Але я лічу, што вялікага для любові мала. Для любові трэба маленькае.
Калі мо два гады таму на галоўную ялінку ў Мінску начапілі беларускія арнаменты, шмат хто смяяўся з іх, нібыта арнаменты не самыя аўтэнтычныя, гэта ўжо пазнейшы mauvais ton, не статусныя, не вялікія, не, не, не. А я якраз такія бачыў на ручніку ў Аўцюках. I мне было цёпла, што Мінск не чужына мне, што Мінск таксама Аўцюкі.
Усе гэтыя медалі, прэміі і статусы не ведаю мабыць, таксама маюць важнасць. Але калі англічанін скажа:
-	Я люблю Англію, бо гэта вялікая краіна.
Француз:
-	Я люблю Францыю. бо гэта вялікая краіна.
Немец:
-	Я люблю Германію, бо гэта вялікая краіна.
Я скажу:
-	Я люблю Беларусь, бо тут мы з Вовам Зайчыкавым закапалі сакрэт.
Мы яго глыбока закапалі пад клёнам. Той сакрэт дагэтуль там ляжыць. Ужо Вова Зайчыкаў памёр, а сакрэт усё адно ляжыць.
Усе краіны вялікія. А мой сакрэт ёсць толькі ў Беларусі. I мова. Я буду любіць тую мову, на якой дзекаюць і з цвёрдым «р» кажуць:
-	He дуры мне галаву.
Я буду любіць яе не праз Статуты ВКЛ ці кніжныя словы, на якіх вісяць карункавыя фіранкі, а праз маленькіх людзей, якія мяне ёй навучылі.
Ат, ізноў узнёсла атрымалася!
Я не ведаю, якое сёння свята. Але сёння свята, бо баба Параска ходзіць па Прудку, гамоніць з сабой і хрыплым голасам пяе песню пра тое, як яе, дзеўку маладую, кінуў хлопец. Недзе апоўначы яна прыйдзе ў мой двор папіць вады. Будзе грымець вядром ля студні і мармытаць пад нос:
-	Трэба памаленьку, каб чалавека не пабудзіць. Чалавек раненька паедзе на работу ў Каленкавічы (яна чамусьці думае, што я не дармаед).
А пасля яна пойдзе дадому, за скрыжаваннем пачне крычаць на ўсю дзярэўню, у якой хаце прастытутка жыве, а ў якой злодзей.
Я люблю бабу Параску.
Сёння мо ўпершыню пачуў ад бацькі слова «сынок».
Усім, незалежна ад узросту, наказваю: паглядзіце ў вочы свайму дзіцёнку ці пазваніце яму і скажыце чатыры простыя словы: «Я цябе люблю, сынок», «Я цябе люблю, доня».
Нават барадатыя дзеці ад гэтага дужэюць.
Спазніўся на аўтобус. У дзевяць раніцы мушу быць у мінскім архіве, а потым забраць Варвару. А я стаю ў прудкаўскім лесе з ліхтарыкам пасярод адлігі. У паветры малако. Баба Гаша сказала б: «Харашэ!».
He ведаю, як я траплю ў той архіў. Але мне харашэ.
Вырашыў пайсці пешкі.
Прайшоў адзін кіламетр. Ноч, лес, адліга. Усё мокрае і слізкае. Каця паглядзела ў інтэрнеце, што хуткасць чалавека шэсць кіламетраў за гадзіну. Агулам мне трэба прайсці каля дваццаці. Калі б бацька не хадзіў пешшу ў школу ў Юравічы, я б вярнуўся дадому і не трапіў бы заўтра ў архіў. Але ён мог, і я магу. Так я думаў у цемры на мёртвай трасе.
I тут мяне абагнала машына, спынілася, адтуль выйшаў нейкі мужык і сказаў:
-	Дзядзько, чаго ты ідзеш ноччу, бы не свой. Сядай, падвязу.
Потым пытае:
-	Ты скуль?
-	3 Прудка.
-	У мяне там радня жыве.
-	Хто?
-	Усе.
Што я хачу вам сказаць? Пакуль я стаяў, мяне не ўзялі дзесяць машын. Калі пайшоў, узяла першая. Хоць я гэтага не прасіў і нават не спадзяваўся. Такі от урок прудкаўской філасофіі.
Мой любанскі сябра Анатоль казаў:
-	Пакуль мы будзем рухацца, жыццё нас будзе слухацца.
Што праўда, то праўда.
Ну і ведаць, што ўмеў рабіць бацька, таксама можа спатрэбіцца.
Калі я быў малы, то чытаў Янку Маўра дома пад коўдрай з ліхтарыкам. Цяпер я вырас, у мяне з’явілася шмат правоў і я магу чытаць у цягніку пад коўдрай з ліхтарыкам Караткевіча.