• Газеты, часопісы і г.д.
  • Развагі  Зянон Пазьняк

    Развагі

    Зянон Пазьняк

    Выдавец: Беларускія Ведамасьці
    Памер: 315с.
    Нью Йорк, Варшава, Вільня 2007
    202.95 МБ
    Цяпер Савецкі Саюз наважваецца прадаваць за валюту нашы чарнобыльскія землі для экспэрымэнтаў і вывучэньня амэрыканскім навуковым арганізацыям. Савецкаму Саюзу патрэбна валюта, чаму не прадаць чужое гора, ды яшчэ й дармавое. Пройдзе час, і яны стануць прадаваць за золата нашы чарнобыльскія трупы для дасьледваньняў амэрыканцам. Які тут „ суверэнітэт”, якая мараль?
    Беларусь патрабуе цяпер ад СССР нейкіх 18 мільярдаў рублёў кампэнсацыі (хоць, калі ўсё падлічыць, лічба сягае да 100 мільярдаў і значна болей). Мы ніяк ня можам атрымаць належнае нам, нават дазімэтры не наважваемся мець без дазволу Масквы. Мы гінем і ня можам ратавацца, бо, бачыце, Масква не дазваляе. Ня выгадна ёй, значыць. Вось чаму не зацьвердзілі нашу праграму выратаваньня ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. А тым часам кожны год Беларусь аддае Маскве (проста так, як каляніяльную даніну) значную частку свайго нацыянальнага прыбытку, каля 6 мільярдаў рублёў. Тры гады  і вось яны, тыя 18 мільярдаў, а мы ж ужо пяты год пакутуем і плацім ім. За што? За свае пакуты? За няволю?
    Савецкі Саюз павінен ня толькі выплаціць нам кампэнсацыю за чарнобыльскае зло, але і вярнуць грошы, адабраныя з нашага нацыянальнага прыбытку, прынамсі, за апошнія 40 гадоў, а гэта ня менш як 200 мільярдаў рублёў. Крэмль павінен нам вярнуць нарабаваныя культурныя каштоўнасьці, прысвоеныя ў час 1й і 2й сусьветных войнаў, нашы архівы, Мэтрыку Вялікага Княства Літоўскага, бібліятэкі, беларускія каштоўнасьці са збройнай палаты, калекцыі былых Магілёўскага, Менскага і іншых музеяў, якімі СССР самавольна распараджаўся (перадаваў Польшчы і г.д.). Савецкі Саюз павінен нам выплаціць кампэнсацыю за скалечаную ваеннымі аэрадромамі, палігонамі, гусеніцамі танкаў зямлю, за тэрыторыі і лясы, занятыя пад ракетныя ядзерныя базы, якіх у нас 23 з 44х па СССР, за землі пад рознымі лякатарамі і радарнымі ўстаноўкамі, што нішчаць здароўе нашых людзей, за плошчы, сапсаваныя тэрыконамі, за высечаныя лясы і загаджаныя рэкі, за ўсю тую шкоду, што прынесьлі нашай тэрыторыі і зямлі саюзныя ведамствы і прадпрыемствы, якія высмакталі нашу нафту, соль, карысныя выкапні, рабочыя і матэрыяльныя рэсурсы, выкарысталі нашу працу і рабочую сілу, а ўзамен пакінулі звалку, сьмецьце, зьнішчаную прыроду, разбураны этнас і хворы соцыюм.
    А хто заплаціць за генацыд, за два мільёнвы забітых, за разбурэньне сельскай гаспадаркі ў час калектывізацыі, за працу і сьмерць сотняў тысячаў беларускіх ссьшьных на Поўначы і ў Сібіру? Хто заплаціць за прымусовую сьмерць тысячаў беларускіх хлопцаў у Аўганістане? Гэта ж была не айчынная, a брудная, подлая, несправядлівая вайна, якая зыходзіла з антынароднай палітыкі СССР, а не з неабходнасьці народнай абароны. У сусьветнай практыцы жыцьцё салдатаў у такіх выпадках падлягае страхаваньню, і сям’я, у выпадку яго пагібелі, атрымлівае вялікую грашовую кампэнсацыю (да 100 тысячаў рублёў). Міністэрства абароны СССР будзе за гэта плаціць ці не?
    19
    11. Менск. 1990 г. Адраджэнская моладзь на 25 Сакавіка.
    Пакуль яно плаціць толькі дэмагогіяй аб „ннтернацнональном долге”.
    Калі б Беларусь не аддавала СССР кожны год амаль палову нацыянальнага прыбытку, калі б сама валодала сваёй тэрыторыяй, прыроднымі рэсурсамі і вытворчымі фондамі, калі б сама забірала сваю валюту, вяла б сваю міжнародную палітыку і сама распараджалася сваім лёсам, тады ад Чарнобыля мы ўжо даўно і эфэктыўна ратаваліся б і, упэўнены, выратаваліся б. Для гэтага ў нас ёсьць усё, акрамя свабоды.
    Нацыянальная дзяржаўная незалежнасьць  гэта становішча ў грунце сваім сацыяльнае, якое аб’ядноўвае ўсё насельніцтва нацыі. Бо самастойнасьць, незалежнасьць народу і гаспадарства  гэта нармальны стан грамадзтва, які гарантуе яму працу для сябе, культурнае разьвіцьцё і гістарычную пэрспэктыву.
    ЦЯПЕР НЯ ТРЭБА БЫЦЬ надта дасьведчаным, каб зразумець, што колькі б мы, працавітыя беларусы, ні працавалі, мы ніколі ня будзем багатымі, бо наша эканоміка і гаспадарка каляніяльная. Простаму чалавеку зразумела, што калі мы атрымліваем жалеза з СССР, робім на нашых заводах аўтамабілі і адпраўляем іх назад у СССР, мы прадаём сваю працоўную сілу, і называецца гэта каляніяльнай эксплуатацыяй. Чалавеку зразумела, што калі прыбытак на 1 гектар сельгасугоддзяў у Беларусі ў 23 разы вышэйшы, чым у цэлым па СССР, а зарплата адпаведна ніжэйшая, то гэта рабаваньне нашай працы і г.д.
    За пяць гадоў перабудовы ўзьнялася вялікая хваля афіцыёзнай дэмагогіі, дакляраваньня выправіць становішча, даць эканамічную „самастойнасьць” рэспублікам і г.д. Падзеі ж гэ
    тых гадоў і палітыка Гарбачова выразна паказалі, што ніякай „ самастойнасьці” ў складзе СССР быць ня можа. Камуністы праводзяць чарговае ашуканства народаў, крыху паслабляючы лейцы імпэрыі (у асноўным на словах), каб потым забраць яшчэ мацней на ўзроўні сучаснай дыктатуры ў лайкавых пальчатках.
    Чарнобыльская трагедыя зьяднала ў адно ўсе нашыя беды, усе нашыя праблемы  экалягічныя, эканамічныя, палітычныя, культурныя, маральныя  і паставіла пытаньне рубам: альбо мы памрэм, як народ, як нацыя, як культура ў складзе СССР, альбо выратуемся праз незалежнасьць, праз выхад з СССР і аднаўленьне суверэннай Беларускай дзяржавы.
    Беларусь была двойчы анэксаваная ў склад Расейскай імпэрыі. Першы раз у канцы XVIII стагоддзя ў выніку трох падзелаў федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 года бальшавікі аб’явілі аб скасаваньні ўсіх дамоваў царскай Расеі. Аднак ужо ў сьнежні 1918 года тэрыторыя Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) была акупавана аддзеламі Чырвонай арміі. Законны, выбраны Ўсебеларускім Кангрэсам Урад БНР вымушаны быў эміграваць, бо стотысячнае войска Беларусі, сфармаванае на Румынскім фронце, зза процідзеяньня немцаў не ўдалося перакінуць на Беларусь. Бальшавікі прывезьлі з сабой марыянеткавы камуністычны беларускі „ўрад”, якога ніхто ня ведаў і ніколі не выбіраў. | Пры дапамозе гэтага „ўраду” неўзабаве аб’явілі аб стварэньні I БССР  часовай дзяржавы ў процілегласьць Беларускай Народнай Рэспубліцы.
    20
    Беларускі народ мае поўнае юрыдычнае і маральнае права аднавіць статус незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і патрабаваць ад СССР кампэнсацыі за панесеныя страты. Ёсьць іншы шлях, які вымагае рэальнага статусу Беларусі як члена ААН.
    ДРУГАЯ МЭТА РУХУ цесна зьвязаная зь першай  стварэньне дэмакратычнага грамадзтва, дэмакратычнай рэспублікі. Гэтай задачы БНФ прысьвяціў асноўную дзейнасьць за паўтары гады і найбольш увагі. Без дэмакратычнага грамадзтва ў нашых варунках немагчымая і незалежнасьць, і адраджэньне нацыі і культуры, бо існуючы рэжым у БССР самы рэакцыйны, антынародны і антыдэмакратычны, а ў намэнклятурнай верхавіне нават антысацыяльны. Антыдэмакратызм рэжыму абумоўлены поўнай манаполіяй КПСС на ўладу і поўнай бескантрольнасьцю камуністычнай намэнклятуры і кіраўніцтва з боку народа.
    Антынароднасьць беларускага партыйнага апарату вынікае, перш за ўсё, зь яго ідэалёгіі нацыянальнага нігілізму, г. зн. непрыняцьця, адмаўленьня нацыянальнай кулыуры і мовы беларускага народа, нянавісьць да яе свабодных носьбітаў і творцаў. Найбольш акрэсьлена нацыянальны нігілізм сфармаваўся менавіта ў Беларусі. Тут ён мае даўнія карэньні, бярэ пачатак са зьместу і праяў асобай вынарадавенчай палітыкі царызму ў дачыненьні да Беларусі. Царызм імкнуўся сьцерці беларусаў і Беларусь з мапы сьвету як былое Вялікае Княства Літоўскае, як цэнтральную і патэнцыяльную геапалітычную сілу на захадзе Расейскай імпэрыі. Бальшавізм пераняў геапалітычную палітыку рускіх цароў і праводзіў яе з асаблівай жорсткасьцю ў 2030х і 40х гадах. Асноўнымі выканаўцамі генацыду ў Беларусі былі НКВД і памежныя войскі. Наладжвалі і масавыя адстрэлы людзей. Пра гэта ўжо было напісана ў друку.
    Арганізацыяй рэпрэсіяў, працэсаў і забойстваў на Беларусі займаўся непасрэдна ЦК ВКП(б) праз мясцовыя партыйныя камітэты. Потым ліквідаваліся кіраўнікі гэтых камітэтаў па ініцыятыве іншых кіраўнікоў і г.д. Злачынства мела шматступенны характар, дзе партапаратчыкі і энкавэдзісты зьяўляліся адначасова злачынцамі і ахвярамі ўласных злачынстваў. У выніку генацыду Беларусь страціла мільёны людзей, лепшых сялян, спэцыялістаў, прафэсуру, пісьменьнікаў і творцаў, вучоных, інтэлегенцыю і нават мясцовы беларускі партапарат, які ў значнай ступені (трапіўшы ў гэтую маскоўскую мясарубку) перадушыў сам сябе.
    На месцы выбітых беларускіх спэцыялістаў і апаратных работнікаў прысылаліся „выдвнженцы” функцыянеры з Расеі, і першае, чым яны пачалі займацца,  гэта зачыняць беларускія школы і змагацца з „ нацдэмаўшчынай”, якая здавалася ім у кожным беларускім слове. Мясцовы беларускі бюракрат мог зрабіць кар’еру ў такіх варунках, толькі адмовіўшыся ад „ нацдэмаўшчыны” і ўсяго, што зьвязана з нацыяй і беларускай культурай. Так усталяваўся ў КПБ сьветапогляд нацыянальнага нігілізму: так узьнікла племя апаратных рэнегатаў нацыі, манкуртаў, што давялі беларускую мову і культуру амаль да скону і прадаўжаюць яе зьнішчаць па сёньняшні дзень.
    Беларуская арганізацыя КПСС нясе адказнасьць за генацыд, за вынішчэньне нацыянальнай культуры, мовы, за разбурэньне гістарычнай спадчыны і фальсіфікацыю гісторыі Беларусі, за падтрымку сістэмы каляніяльнай эканомікі, за растаптаныя нацыянальныя традыцыі, веру і мараль, за бязьдзейнасьць пры Чарнобыльскай катастрофе, за стварэньне штучнай сакрэтнасьці аб выніках радыяцыйнага заражэньня, што выклікала сьмерць і страту здароўя.
    ПАДЗЕІ ПАКАЗВАЮЦЬ, што ніякіх гуманістычных ці хоць бы элемэнтарных здаровых высноваў са становішча ў Рэспубліцы гэтая арганізацыя і яе кіраўнікі зрабіць ня ў стане. Прапануецца эскаляцыя рэакцыі, упартае ахайваньне дэмакратычных працэсаў, апэляцыя да ветэранаў і пабудова „ сапраўднага” сацыялізму. Усё гэта павялічвае самаізаляцыю КПБ, выклікае стыхійную, часам ужо нястрыманую нянавісьць да камуністаў у народзе. Апошні аспэкт ня можа не хваляваць, бо гэта крок да „румынскага варыянту”. Наўрад ці усьведамляюць гэта сабе кіраўнікі КПБ, як, зрэшты, не ўсьведамляў і Чаушэску.
    Яны ніяк ня могуць зразумець, што эпоха марксізмуленінізму, эпоха манаполіі КПСС ужо незваротна мінае. Мінае ва ўсім сьвеце. Рухомая практыка гісторыі XX ст. даказала беспадстаўнасьць, злачыннасьць, утапізм і нежыцьцёвасьць марксізмуленінізму і ўсіх „ізмаў” на яго аснове. Чалавецтва выпроствае плечы і пачынае вылечвацца ад камунізму. I нішто ня спыніць яго выздараўленьня. Камуністычная кансэрвацыя бессэнсоўная. Яна можа прывесьці толькі да чарговых няшчасьцяў людзей.