• Часопісы
  • Рыцар на полі бітвы Клецк, жнівень1506 года Уладзімір Канановіч

    Рыцар на полі бітвы

    Клецк, жнівень1506 года
    Уладзімір Канановіч

    Выдавец: Інбелкульт
    Памер: 410с.
    Смаленск 2017
    125.91 МБ
    Пры апісанні бітвы пад Клецкам 1506 г. Марцін Кромер карыстаўся, як ён сам адзначае, творамі Бернарда Вапоўскага і Мацея Мяхоўскага. Аўтар згадвае Вапоўскага, калі піша, што непасрэдна перад бітвай хворы кароль Аляксандр выказаў намер вярнуцца ў Польшчу, каб там у спакоі правесці рэшту жыцця, перадаўшы Карону і ВКЛ свайму малодшаму брату Жыгімонту35. На Мяхоўскага Кромер спасылаецца, калі адзначае, што літвіны доўга спрачаліся з гаспадаром, жадаючы, каб ён асабіста ўзначаліў паход супраць татараў36. У далейшым Кромер ужо не цытуе крыніцы, але са зместу твора відаць, дзе яго звесткі грунтуюцца на творы Вапоўскага і дзе ён аддае перавагу Мяхоўскаму. Кромер следуе за Вапоўскім, калі вызначае колькасць татарскага войска ў 30 тысяч чалавек, з якіх 10 — засталося ў лагеры, a 20 — разышлося рабаваць наваколле. Мяхоўскі піша толькі пра 24 або 26 тысяч татараў. Аўтар, грунтуючыся на звестках Мяхоўскага, адзначае, што на чале гаспадарскага войска стаялі надворны маршалак Міхаіл Глінскі і гетман Станіслаў Кішка. Але апошні захварэў, і войска мусіў узначаліць Глінскі. Колькасць гаспадарскага войска Кромер, следуючы за Вапоўскім, ацэньвае ў 7 тысяч коннікаў.
    У апісанні самой бітвы Кромер, як падаецца, у большай ступені абапіраецца на Вапоўскага. Ён адзначае паспяховыя дзеянні артылерыі, пераправу праз раку левай калоны велікакняскага войска і яе ўдар у тыл татарам, засаду на месцы татарскага лагера. Кромер адзначае талент і асабістую мужнасць Глінскага ў бітве. Аднак рашаючым момантам у змаганні ён лічыць з’яўленне на суседняй з полем бітвы гары
    33Barycz Н. Kromer Marcin II PSB. Т. 15. S. 321, 322.
    34Тамсама. S. 323.
    35 Cromer M. De origine et rebus gestis Polonorum. Basileae, 1566. P. 446.
    36 Тамсама. P. 446.
    300 польскіх рыцараў, якіх узначальваў сын пазнанскага ваяводы Сяндзівой Чарнкоўскі. Імя апошняга прысутнічае толькі ў Мяхоўскага.
    Гаворачы пра вынікі бітвы, Кромер грунтуецца пераважна на Вапоўскім. Ён адзначае, што ў баі было забіта 20 тысяч татараў, захоплена столькі ж коней, вызвалена незлічоная колькасць палонных. Дадамо, што з’яўленне працы Марціна Кромера выклікала вялікі рэзананс не толькі ў Кароне, але і ў ВКЛ. У Літве твор быў успрыняты адмоўна, галоўным чынам, з-за антылітоўскіх настрояў і поглядаў аўтара. На вальным сойме 1563—1564 гг. справа дайшла нават да пратэсту дэлегацыі ВКЛ у асобе канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага супраць трактоўкі Кромерам падзей літоўскай мінуўшчыны37. Неўзабаве, аднак, стаўленне да гістарычнай працы Марціна Кромера карэнным чынам змянілася. У 1580 г. сойм нават ухваліў твор. У далейшым аўтарытэт гісторыі Марціна Кромера ўжо не падлягаў сумненню і аказваў адчувальны ўплыў на развіццё польскай гістарыяграфіі.
    3.1.9.	Марцін Бельскі
    Клецкай бітве 1506 г. знайшлося месца і ў «Хроніцы свету» другога польскага аўтара Марціна Бельскага (1495—1575 гг.). Хроніка, што выйшла ў 1551 г., з’яўлялася першай кампіляцыяй на польскай мове, што была прысвечаная падзеям айчыннай гісторыі ад старажытнасці і да смерці Жыгімонта Старога ў 1548 г.38. Як і праца Марціна Кромера, хроніка Бельскага мела вялікі выдавецкі поспех. Пры жыцці аўтара пабачылі свет тры выданні, да самой смерці Бельскі працаваў над чацвёртым.
    Апісанне падзей, як да, так і пасля 1506 г. грунтуецца, галоўным чынам, на хроніцы Мацея Мяхоўскага. Можна было б нават сказаць, што апісанне бітвы пад Клецкам уяўляе сабой добрасумленны пераказ адпаведнай часткі гэтага твора. Гэта першы аповед пра славутую падзею, які з’явіўся на польскай мове.
    Залежнасць Марціна Бельскага ад Вапоўскага праяўляецца ў тым, што ён падае колькасць татарскага войска, якое ўварвалася ў ВКЛ, у памеры 30 тысяч. Таксама Бельскі, услед за сваім папярэднікам, вызначае страты татараў у бітве пад Клецкам у 20 тысяч. Нарэшце, ён адзначае, безумоўна, абапіраючы на Бернарда Вапоўскага, што ў бітве пад Глінскім было забіта тры кані39.
    37Barycz Н. Kromer Marcin // PSB. Т. 15. S. 323.
    38 Chrzanowski I. Bielski Marcin II PSB. T. 2. S. 65.
    .39 Kronika polska Marcina Bielskiego II Zbior pisarzow polskich. Cz. 5. T. 16. Warszawa, 1830. S. 89—92.
    3.1.10.	Інфлянцкая вайна і патрэба ў новых героях
    У 1539 г. не стала Альбрэхта Гаштаўта. У 1548 г. памёр кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары. 3 авансцэны сышлі асноўныя ідэолагі, што доўгі час навязвалі грамадству пэўны вобраз гістарычных падзей і персанажаў. Новы ўладар, сын Жыгімонта Старога ад шлюбу з Бонай Сфорцай, Жыгімонт Аўгуст, вызначаўся не толькі рэлігійнай талерантнасцю, але і палітычным лібералізмам. Менавіта ў гады яго панавання асоба князя Міхаіла Глінскага была вернутая з нябыту і фактычна рэабілітавана. Ва ўмовах Лівонскай вайны (1558—1583 гг.) ВКЛ і Польшча патрабавалі новых герояў мінуўшчыны, якія б сваімі ўчынкамі натхнялі маладое пакаленне на змаганне з ворагамі Айчыны. Такім героем, побач з князем Канстанцінам Астрожскім і Астафіем Дашкавічам, мусіў стаць Міхаіл Глінскі.
    Новыя ўмовы патрабавалі новы вобраз героя. Працэс яго стварэння быў інспіраваны і кантраляваўся новай элітай ВКЛ на чале з Хадкевічамі і Радзівіламі. Браты Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды, хоць і заціралі як маглі сляды супрацоў^ ніцтва сваіх продкаў з Глінскім, тым не менш, не маглі не прызнаць яго заслугу ў бітве пад Клецкам40. Тым больш, што неўзабаве пасля ад’езду ў 1556 г. у Італію каралевы Боны Клецк перайшоў ва ўласнасць Радзівілаў. Адносіны Хадкевічаў да Міхаіла Глінскага заўжды, нават падчас яго канфлікту з Янам Забярэзінскім, былі дастаткова прыязнымі. Так, у 1507 г. служэбнік Мікалая Мікалаевіча Радзівіла Міхаленца паведамляў, што князь Міхаіл Львовіч Глінскі знаходзіцца «вь згоде a в/ь floepoMij жмтьм» з гарадзенскім старостам Янам Юр’евічам Гальшанскім, Альбрэхтам Гаштаўтам і Аляксандрам Хадкевічам41.
    У рэчышчы родавых традыцый Радзівілаў і Хадкевічаў, а таксама ў адпаведнасці з пэўнымі ўхваленымі імі наратыўнымі схемамі ствараўся новы вобраз Глінскага. Асоба Глінскага мусіла быць трывала прывязана да Клецкай бітвы 1506 г. Сам жа вобраз бітвы трэба было яшчэ сканструяваць у адпаведнасці з чаканнямі і патрабаваннямі сучаснікаў. Аповед пра падзеі, што мелі месца ў сапраўднасці, не патрабаваўся, тым больш, што сведак бітвы ўжо не засталося.
    Пра тое, што пільная ўвага да Клецкай бітвы і фактычная рэабілітацыя яе героя былі выкліканы злабадзённымі ваенна-палітычнымі
    40 Finkel L. Elekcya Zygmunta I... S. 245—246.
    41РЙБ. T. 20. C. 570.
    падзеямі, яскрава сведчыць такі палемічны твор, як «Размова паляка з літвінам» (1564 г.), іііто прыпісваецца пяру віленскага войта Аўгустына Ратундуса. Аўтар згадвае апошнія падзеі на маскоўскім фронце, калі ў 1563 г. з-за безадказнасці многіх магнатаў і вяльможаў быў страчаны ГІолацк. Такім паводзінам шляхты ў ходзе полацкай кампаніі аўтар супрацьпастаўдяе хуткасць і рашучасць, з якімі гаспадарскае войска рушыла на Клецк у 1506 г.: «Kiedy sie przed tym nie hetman ale Ieda ktory pan litewski dla potrzeby rzeczy pospolitej ruszyl, nie czekano listow krolewskich, za nim w skok wszyscy, niedlugo si^ burdajac ani sejmuj^c, jako sie bylo stalo, gdy Tatarzy az Klecko byli za Alexandra krola m i ndi; stance tarn wnet prceciw Tatarom wojsko wielkie, ktore si^ dobrowolnie za Kiszk^ a Gliriskim ruszylo, nie chc^c tych dwu panow i senatorow swych na mi^sne, jako mowia, jatki wydac, porazili privatis auspiciis Tatary»42.
    3.1.11.	Новы вобраз бітвы ў Хроніцы Быхаўца
    Інфлянцкая (Лівонская) вайна, у якую ўступіла ВКЛ, не магла не абудзіць цікавасці да вайсковай гісторыі і ратных подзвігаў папярэдніх пакаленняў літвінаў. Страта Полацка ў 1563 г. і пагроза дзяржаўнаму суверэнітэту прымусілі грамадства ВКЛ мабілізаваць усе рэсурсы, у тым ліку і гістарычную памяць, дзеля адпору ворагам. Літва і Русь мелі патрэбу не толькі ў вопытных воінах, але і ў гістарычных героях. Менавіта тады, у сярэдзіне — другой палове 60-х гг. XVI ст„ з’яўляецца шэраг гістарычных апавяданняў, прысвечаных бітвам, у якіх брала ўдзел войска ВКЛ. Асаблівую ўвагу іх укладальнікаў прыцягнулі аблога Хойніц у Прусіі ў 1466 г„ сілезская выправа караля Казіміра 1474 г„ малдаўскі паход караля Яна Ольбрахта 1497 г„ бітва на Вядрошы 1500 г„ а таксама Клецкая бітва 1506 г. Усе гэтыя і некаторыя іншыя апавяданні ўвайшлі пазней у склад «Хронікі Быхаўца».
    Вобраз Клецкай бітвы 1506 г. у версіі «Хронікі Быхаўца» адносіцца да ліку найбольш маляўнічых і яркіх гістарычных апавяданняў ВКЛ гэтага часу43. Вобраз бітвы, пададзены ў хроніцы, быў абумоўлены тым гістарычным момантам, які перажывала грамадства ВКЛ. Апавяданне пра бітву пад Клецкам, як, дарэчы, і ўся «Хроніка Быхаўца», нясе выразны адбітак алігархічнай ідэалогіі. Так, арганізацыя адпору крымскаму нападу прыпісваецца выключна пачам-радзе ВКЛ: «Korol ze buduczy wo welikoy chorobi y ne wedaiuczy,
    42Rozmowa Polaka z Litwinem. 1564 I Wyd. J. Korzeniowski. Krakow, 1890. S. 34.
    43ПСРЛ. T. 32. C. 171—173.
    szto poczaty, pryzwal k sobi panow-rad swoich y hetmana swoieho pana Stanislawa Petrowicza Kiszku, y lubimaho swoieho marszalka dwornoho kniazia Michayla Lwowicza Hlinskoho, y wse delo swoje hospodarskoie y sprawu zemskuiu dast w ruki ich, sebe ze poweli otnesty na nosilicach do Wilni»44. Сярод удзельнікаў бітвы, акрамя вялікага гетмана Станіслава Пятровіча Кішкі і дворнага маршалка Міхаіла Глінскага, згадваюцца амаль выключна магнаты (паны Андрэй і Юрый Неміровічы). Толькі адзін раз хроніка згадвае прадстаўніка сярэдняй ці дробнай шляхты — ахвярнага пісара пана Забярэзінскага Копця. Так «Хроніка Быхаўца» падкрэслівала гегемонію арыстакратыі ВКЛ у палітычным жыцці дзяржавы. Па-другое, Хроніка абараняе дзяржаўны суверэнітэт ВКЛ. Яе ўкладальнікам быў сапраўдны патрыёт Літвы, аматар яе гістарачнага мінулага, якім ён ганарыўся. Па-трэцяе, апавяданне пра Клецкую бітву настойліва падкрэслівае, што ратнікі ВКЛ змагаліся з ворагам, які значна пераўзыходзіў іх у колькасных адносінах. Укладальнік звяртае асаблівую ўвагу на тое, што 10-тысячнаму войску ВКЛ супрацьстаяла 20-тысячнае войска крымскіх царэвічаў45. Можна меркаваць, што суадносіны сіл, паказаныя ў аповесці пра Клецкую бітву, адлюстроўвалі рэальнасць бягучага моманту, калі войскам ВКЛ звычайна прыходзілася мець справу з праціўнікам, які меў колькасную перавагу. Напрыклад, у бітве на рацэ Ула пад Чашнікамі 26 студзеня 1564 г. 4-тысячнаму гаспадарскаму войску на чале з вялікім гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым і польным гетманам Рыгорам Аляксандравічам Хадкевічам супрацьстаяла больш чым 10-тысячнае маскоўскае войска Пятра Шуйскага і Пятра Сярэбранага-Абаленскага. Тым не менш раптоўны і імклівы ўдар літвінаў па абозе праціўніка завяршыўся яго разгромам46. У сувязі з гэтым становіцца зразумелым сэнс паслання аповесці: воіны ВКЛ здольны і павінны перамагаць ворага, які мае над імі колькасную перавагу. Па-чацвёртае, аповесць надае асаблівае значэнне постаці галоўнага военачальніка. Падкрэсліваецца яго ініцыятыўнасць, рашучасць, асабістая мужнасць. Усе гэтыя якасці, якія аповесць прыпісвае князю Міхаілу Глінскаму, былі надзвычай