Рыцар на полі бітвы Клецк, жнівень1506 года Уладзімір Канановіч

Рыцар на полі бітвы

Клецк, жнівень1506 года
Уладзімір Канановіч

Выдавец: Інбелкульт
Памер: 410с.
Смаленск 2017
125.91 МБ
199 ПСРЛ. Т. 32. С. 171,172.
2<х1Тамсама. С. 169.
201 Пазднякоў В. Умацаванні Клецка XI—XVIII стст. II Гістарычна-археалагічны зборнік: Памяці Міхася Ткачова. Ч. 2. Мінск, 1993. С. 82.
202 ПСРЛ. Т. 32. С. 169.
войскамі царэвічаў Біці-Гірэя і Бурнаша. Праўдападобна, да 1506 г. дзядзінец і вакольны горад так і не былі адноўлены. Таму татарскія царэвічы прыйшлі на папялішча, якое засталося ад клецкіх умацаванняў. Здаецца, што татары захапілі Клецк без супраціву з боку княскіх дружыннікаў, якія знаходзіліся тады па сёлах і не мелі магчымасці хутка сабрацца дзеля адпору. Нават калі войску Клецкага княства ўдалося б своечасова сабрацца, яно ўсё роўна не магло б супрацьстаяць моцнаму татарскаму войску. Сам пінскі і клецкі князь Іван Васілевіч Яраславіч, верагодна, адсутнічаў у Клецку. Хутчэй за ўсё, ён знаходзіўся ў Пінску або адным са сваіх маёнткаў. Уся надзея была на гаспадарскае войска, якое магло даць рады такому моцнаму і імкліваму праціўніку.
Прыйшоўшы амаль бесперашкодна пад Клецк, царэвічы Біці-Гірэй і Бурнаш разбілі там лагер, з якога разаслалі загоны ў розныя бакі. Першымі гэтую вестку прынеслі кіраўніцтву гаспадарскага войска браты Юрый і Андрэй Неміровічы, якія даведаліся аб тым ад 6 татараў, захопленых у палон каля Гарадзішча203. Дзе канкрэтна татары маглі разбіць свой лагер? 3 улікам асаблівасцей тагачаснай планіроўкі Клецка на гэтае пытанне можна даць адназначны адказ. Гэта мог быць, у першую чаргу, клецкі вакольны горад, а таксама тэрыторыя, што прымыкала да яго з усходу і паўночнага ўсходу. Пад заслонай рэшткаў клецкіх абарончых умацаванняў татарскія царэвічы пачувалі б сябе ўпэўнена. 3 паўночна-заходняга напрамку іх абараняў клецкі дзядзінец, валы, роў. На поўначы ад лагера знаходзіўся невялікі стаў204, а на паўночным усходзе і ўсходзе пазіцыі татарскага войска абараняла балоцістая рака Сільна. Папярэдне татары разбурылі грэблі на нясвіжскай, ляхавіцкай і пінскай дарогах, каб максімальна ўскладніць рух гаспадарскага войска. На клецкім дзядзінцы была размешчана татарская старожа, якая адсочвала ўсе рухі ў ваколіцах Клецка.
Ускосным сведчаннем пра размяшчэнне татарскага лагера каля клецкіх умацаванняў з’яўляецца ліст Міхаіла Глінскага да вармінскага біскупа Лукаша Ватцэнродэ, у якім трыумфатар Клецкай бітвы адзначае, што татары «iuxta oppidum Clyeczko castra metati erant» (разбілі лагер каля горада Клецка)205. Тэрмін «oppidum» азначае звычайна ўмацаванае валамі і рвом месца. У нашым выпадку ён мусіць адносіцца
203ПСРЛ. Т. 32.C.172.
204ПКПКК. С. 393, 400.
205 Finkel L. List Michala Gliriskiego o bitwie pod Kleckiem w 1506 r. // Kwartalnik Historyczny.
1915. T. 29. S.298.
да клецкага вакольнага горада, а не да дзядзінца, для якога існаваў адпаведны лацінскі тэрмін «агх». Тэрмін «oppidum» у дачыненні да клецкіх абарончых умацаванняў ужываецца таксама ў лісце караля і вялікага князя Аляксандра да жыхароў Гданьска206. У сваю чаргу, Мацей Стрыйкоўскі паведамляе, што татарскі кош размясціўся каля Клецкага замка207. Паэт Ян Вісліцкі адзначае, што сведкамі бітвы дагэтуль з’яўляюцца «Сіесіае moles»208. Гэты тэрмін звычайна перакладаецца як «вал», «насып», «плаціна», а таксама «войска» або «лагер». Што да лацінскага прыназоўніка «iuxta», ён азначае непасрэднае суседства, геаграфічную блізкасць і перакладаецца як «паблізу», «непадалёк». Значыць, татарскі лагер прымыкаў непасрэдна да клецкіх умацаванняў, суседнічаў з вакольным горадам. Увогуле сучаснікі адзначаюць звычай татараў размяшчаць свой лагер на руінах нярэдка імі ж разбураных умацаванняў209. Так, у 1519 г. татары заманілі польскае войска на руіны спаленай імі крэпасці Сакаль і разбілі яго210.
У чаканні гаспадарскага войска авангард татар высунуліся бліжэй да ракі Сільны. Татарскае войска займала Сільненскае балота абапал нясвіжскай дарогі, кантралюючы мажлівыя пераходы праз раку. У сярэдзіне XVI ст. Сільненскае балота становіцца аб’ектам гаспадарчай экспансіі з боку замкавай адміністрацыі Клецка. У часы каралевы Боны (1522—1558 гг.) балота выкарыстоўваецца пад агароды, якія апрацоўвалі замкавыя служачыя, у тым ліку замкавыя пушкары Грынь Якававіч і Якім Грыневіч211. Там жа, на балоце, знаходзіліся таксама валоданні і клецкіх мяшчан212. Тады ж праз балота была пракладзена новая гаць213.
ГГалоўныя сілы крымскіх татар былі размешчаныя на выгане, які непасрэдна прымыкаў да Сільненскага балота. У сярэдзіне XVI ст. клецкі выган прасціраўся ад Рынку (цяпер плошча Маякоўскага) да Сільненскага балота і ад Нясвіжскай вуліцы да новапракладзенай з Рынку ў бок балота вуліцы і дарогі214. Зараз гэта прыкладна тэрыторыя паміж вуліцамі Леніна і Янкі Купалы, плошчай
206 АА. S. 548.
207Stryjkowski М. Kronika... Т. 2. S. 332.
208 Вісліцкі Я. Пруская вайна. С. 166—167. Укладальнік перакладае гэты тэрмін як «цвярдыня».
205Смнрнов В. Д. Крымское ханство... С. 340—342.
210Лнтвнн М. О нравах татар, лятовцев н москвмтян. С. 67—68.
211ПКПКК. С. 393.
212 Тамсама. С. 394.
213 Тамсама. С. 394.
214 Тамсама. С. 388, 394.
Маякоўскага і вуліцай Данілава. Пазней гэта вуліца атрымала назву Сільненскай (яе таксама часта называлі Сялянскай). Вуліца з такой назвай згадваецца ў інвентарах Клецка пачынаючы з 1737 г. Сільненская вуліца праіснавала ў Клецку да сярэдзіны XX ст„ пакуль ёй не было нададзена імя Янкі Купалы.
Тэрыторыя, якая знаходзілася паміж Нясвіжскай вуліцай і Сільненскай дарогай, а таксама Рынкам і самім Сільненскім балотам, утварыла ў сярэдзіне XVI ст. г. зв. клецкае Новае места215. У гэтай частцы Клецка знаходзіліся сядзібы мяшчан216. На ўсход ад выгану і Сільненскай дарогі таксама знаходзіліся агароды клецкіх мяшчан, якія цягнуліся шырокім пасам паміж Цаперскай дарогай (сённяшняя 17 Верасня) і Сільненскім балотам217. Магчыма, дзесьці ў гэтым месцы татары трымалі шматлікі палон. Коней і скот, як падае Мацей Стрыйкоўскі, татары трымалі паблізу згаданага вышэй замкавага става218. Такім чынам, войска і абозы крымскіх царэвічаў Бурнаша і Біці-Гірэя расцягнуліся ад клецкага вакольнага горада і замкавага става да ракі Сільна ў паўночна-ўсходнім накірунку на адлегласць прыкладна 1—1,5 км.
Размяшчэнне татарскага лагера на паўночна-ўсходняй ускраіне Клецка забяспечвала татарам не толькі надзейную заслону ад верагоднага нападу войска ВКЛ, але дазваляла ім здзейсніць хуткі і бесперашкодны адыход дамоў разам з захопленым палонам і нарабаванай маёмасцю. Адыход татараў мусіў адбывацца па слуцкай, капыльскай, цаперскай і іншых дарогах, што вялі на ўсход і на паўднёвы ўсход. Іх шлях павінен быў праходзіць каля вёсак Сухлічы, Сякерычы, Панкратавічы, Цапра, Зубкі. Далей татары павінны былі вяртацца міжрэччам Случы і Арэсы. У раёне Петрыкава і Лоевай Гары яны перапраўляліся, адпаведна, праз Прыпяць і Дняпро, пасля чаго накіроўваліся ў Крым. Адыход у згаданым кірунку дазваляў татарам ажыццяўляць марш шырокім пасам, выкарыстоўваючы для гэтага лугі і палі. Тут было менш балот і лясоў.
Такім быў верагодны план дзеянняў татарскага вайсковага кіраўніцтва пасля вяртання ўсіх загонаў у лагер. Кіраўніцтва велікакняскага войска, у першую чаргу, князь Міхаіл Глінскі,
215ПКПКК. С. 394.
216Тамсама.
217Тамсама. С. 394—395.
218Stryjkowski М. Kronika... Т. 2. S. 334.
ведала, несумненна, пра гэты план. Каб знішчыць праціўніка і адбіць палон — а гэта было, несумненна, галоўнай мэтай гаспадарскага войска, — патрэбна было перарэзаць татарам магчымыя шляхі адступлення ва ўсходнім і паўднёва-ўсходнім кірунках (слуцкую і цаперскую дарогу). Абцяжараныя вялізным палонам татары не Mar­ni ў летніх умовах належным чынам скарыстацца пінскай дарогай, якая пралягала праз лясы і балоты. Адыход у гэтым напрамку быў мажлівы, галоўным чынам, у зімовых умовах219.
Ноччу 5 жніўня, падчас апошняга прыпынку ў сяле Вялікая Ліпа, быў канчаткова абмеркаваны далейшы маршрут гаспадарскага войска пад Клецк. Верагодна, вайсковае кіраўніцтва ВКЛ ужо добра ведала, дзе знаходзіцца татарскі лагер. Перад Глінскім адкрывалася некалькі магчымасцей для манеўру. Варыянт атакі з боку Вялікай (Каралеўскай) дарогі дарогі праз грэблю на рацэ Лань, відаць, быў адразу адкінуты імі. 3 гэтага напрамку татарскі кош, як мы казалі, быў надзейна абаронены замкавымі валамі і рвамі. Да таго ж, гаспадарскае войска не мела адпаведнага рыштунку для штурму абарончых умацаванняў. У выпадку паспяховага штурму татары былі б толькі змушаны адступіць з занятых імі пазіцый на новыя. У гэтым разе, галоўная ваенная задача не была б выкананая220. Татары маглі б, як і годам раней, вывесці вялізны палон у Крым.
Можна было паспрабаваць абысці Клецк з заходняй ускраіны пад прыкрыццем урочышча Старына, з тым, каб выйсці да пінскай дарогі, пераправіцца тут праз Лань і нанесці ўдар па галоўных сілах татараў221. Маршрут гэты мог падацца велікакняскім военачальнікам занадта доўгім. Наўрад ці манеўр застаўся б незаўважаным татарамі, у якіх быў бы час для перадыслакацыі сваіх галоўных сіл у гэтым напрамку. Да таго ж, камунікацыі былі разбураны, а пераправа праз Лань у гэтым месцы не была простай. Тут рака была дастаткова глыбокай і шырокай. Гаспадарскае войска чакала б сур’ёзная небяспека ў момант пераправы праз раку, бо з пагоркаў на левым беразе Лані на іх мог абрынуцца град стрэл ці лавіна татарскай конніцы. Нават калі б і ўдалося пераправіцца тут праз Лань, гаспадарскае войска чакаў бы няпросты пераход ад пераправы да ўсходняй ускраіны
219 Так, у 1503 г. 3-тысячнае татарскае войска вярталася дамоў з-пад Слуцка і Новагародка праз г. зв. Грычынскае балота ў напрамку Гарадка (ПСРЛ. Т. 32. С. 170). Хроніка Быхаўца не падае, у які час года адбыўся гэты напад.
220Менавіта так лічыць польскі даследчык С. Хербст (Herbst S. Kleck 1506. S. 223—224).
221 Ажыццяўленне гэтага плана С. Хербст прыпісвае Глінскаму (Herbst S. Kleck 1506. S. 224).
Клецка, дзе знаходзіліся галоўныя татарскія сілы. Гэта было б непрымальна для кіраўніцтва гаспадарскага войска, якое імкнулася хутчэй уступіць у бой з праціўнікам. Ва ўсякім разе, пераправа праз Лань непасрэдна на паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй ускраіне Клецка несла шмат нязручнасцей і пагроз гаспадарскаму войску. Каб іх мінімізаваць, была патрэбна больш зручная пераправа.