Рыцар на полі бітвы
Клецк, жнівень1506 года
Уладзімір Канановіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 410с.
Смаленск 2017
Верагодна, у самым канцы начной нарады ў Вялікай Ліпе варыянт пераправы праз Лань на ўскраіне Клецка быў адкінуты. Замест яго паўстала ідэя пераправіцца праз раку ў яе вярхоўях за 6—7 вёрстаў на поўнач ад Клецка. Рака тут была не вельмі глыбокая і шырокая, не надта забалочаная. Але, самае галоўнае, тут не трэба было перапраўляцца пад градам татарскіх стрэл. Пераправа праз Лань менавіта ў гэтым месцы дазваляла гаспадарскаму войску здзейсніць імклівы пераход да Клецка і ўзяць пад кантроль верагодныя шляхі адыходу татарскага войска. Дзе канкрэтна гаспадарскае войска магло пераправіцца праз Лань? 1.1. Карпач мяркуе, што яно пераправілася праз раку недзе ў раёне Быхаўшчыны222.
Аднак нельга выключыць таксама, што велікакняскае войска магло ўвогуле абысціся без пераправы праз Лань. Можна было б паспрабаваць абысці Лань каля яе вытокаў, паміж сённяшнімі вёскамі Чанавічы і Габруны. У гэтым разе гаспадарскае войска не шмат прайграла б у часе. Да таго ж, яно магло рухацца далей ледзь не да самога Клецка пад прыкрыццем вялізнага Дзямідаўскага лесу.
Куды б вёў войска ВКЛ гэты маршрут? Хроніка Быхаўца паведамляе, што войска прыйшло «pod Kleczesk, rece Lanie, do Krasnogo Stawu od poludni»223. Ha правым беразе Лані ляжалі землі ўтворанага ў сярэдзіне XVI ст. у сувязі з валочнай памерай Краснастаўскага фальварка (двара).
Валоданні Краснастаўскага фальварка прасціраліся ад сёл Кухчыцы і Лучычы, праз Жужаль і Старыну (фігуруе ў тагачасных крыніцах як замкавая дубрава) да сёл Вяжавічы (Яжавічы) і Лукаўцы224. Землі фальварка паўколам ахоплівалі Клецк з поўдня на поўнач, непасрэдна прымыкаючы да замка. Там жа, на правым беразе Лані, паміж г. зв. Дзікім балотам і далінай Загумнішча знаходзіўся першапачаткова Краснастаўскі двор. Сам фальварак належаў
222 Карпач I. Клецкая бітва з татарамі II Да новых перамог. 1991. № 109, 110, 112.
223 ПСРЛ. Т. 32. С. 172.
224 ПКПКК. С. 404—405. У пазнейшы час замкавая воласць Краснастаўскага фальварка ўключала сёлы Вяжавічы, Кушчыцы (Кухчыцы), Лукаўцы, Ліскава, Якшыцы, Жылічы (НГАБ. Ф. 694, воп. 2, спр. 3912, арк. 57—58).
адміністрацыі Клецкага замка і таму называўся замкавым. У пазнейшыя часы на клецкім замчышчы знаходзіўся адзін з палеткаў Краснастаўскага фальварка225.
Куды канкрэтна пад Клецк прыйшло гаспадарскае войска? Для адказу на гэта пытанне звернемся зноў да Хронікі Быхаўца. Аўтар аповесці пра Клецкую бітву паведамляе, што пасля таго, як літвіны прыйшлі пад Клецк, яны «z hory czerez reku wzreli polki tatarskije, stoiaczy pohotowe na boy»226. Пра якую гару гаворыць Хроніка? У папярэдняй працы я настоўваў, што гаспадарскае войска мусіла заняць пазіцыі на Арынскай гары227. Яна ўзвышалася на паўночнай ускраіне горада, з боку нясвіжскага ўезду. Цяпер там знаходзіцца Свята-Пакроўская Арынская царква, гарадскія могілкі, агульнаадукацыйны ліцэй. У сярэдзіне XVI ст. за Арынскай гарой, на востраве Навасадаў, знаходзіліся валоданні рускіх (праваслаўных) святароў, сярод якіх былі дыякан клецкай саборнай царквы Пракоп Левановіч, святар царквы Св. Спаса Іван Вакуліч228. У падножжа гары пачыналася сухліцкая дарога.
На поўдзень ад Гарынскай (Арынскай) гары знаходзіліся балота і рака з назвай Сільна, на другім беразе якой размясцілася татарскае войска. Значыць, Глінскі прывёў гаспадарскае войска туды, адкуль татары чакалі нападу. Сам ён, здаецца, не спадзяваўся асабліва на эфект нечаканасці. Ва ўмовах, калі абодва бакі канчаткова вырашылі памерацца сіламі ў адкрытым баі, такія меры станавіліся празмернымі. Міхаіл Глінскі наўмысна ішоў туды, дзе яго ўжо чакалі. Галоўным для яго было заняць зручную пазіцыю для атакі, падчас якой можна было б, нарэшце, здзівіць татарскіх царэвічаў нечаканым манеўрам. Такую магчымасць гаспадарскаму войску давала мясцовасць на правым беразе Сільны. Нягледзячы на забалочанасць поймы ракі, пераправа праз яе ўяўлялася куды болып зручнай, чым пераправа праз Лань у ваколіцах Клецка. Да таго ж, можна было б прыхаваць за Арынскай гарой частку сіл, якія ў патрэбны момант маглі б імкліва пераправіцца праз Сільну і раптоўным ударам па варожых тылах вырашыць зыход бітвы на карысць гаспадарскага войска.
Дэталёвае вывучэнне мясцовага ландшафту ў ліпені—жніўні 2016 г. дазволіла мне, аднак, істотна падкарэктаваць маю думку пра
225 НГАБ. Ф. 694, воп. 2, спр. 3905, арк. 75 адв.
226ПСРЛ. Т.32. С. 172.
227 Канановіч У Рэканструкцыя бітвы пад Клецкам 1506 года // ARCHE. 2014. №12. С. 194—195. Андрэй Блінец таксама прытрымліваўся падобнай думкі (Блінец А. Клецкія бітвы... С. 39).
228ПКПКК.С. 401.
Арыну як (адзінае) месца дыслакацыі гаспадарскага войска перад боем. Рэч у тым, што калі Глінскі рухаўся з поўначы на Клецк, то ён ніяк не мог абысці старажытнае клецкае гарадзішча, якое ўзвышалася на левым беразе Лані. Канешне, галоўнакамандуючы не мог не ацаніць стратэгічнае значэнне старажытнага гарадзішча: адтуль лагер татараў быў як на далоні, адтуль можна было адсочваць рухі татарскіх чамбулаў у ваколіцах. Адначасова аддзелы Глінскага павінны былі заняць і другую стратэгічную вышыню на поўнач ад Клецка: Арынскую гару. Заняўшы да найважнейшыя стратэгічныя пункты на поўнач ад Клецка, Міхаіл Глінскі пачаў абдумваць план атакі на татарскі кош.
Крыніцы сярэдзіны XVI ст. дакладна лакалізуюць старажытнае клецкае гарадзішча: «а lyeze myedzey blothey; z boku pyerwszego rzeka Lanya, a z drugyego boku blotho Szyelne...»229. У гэты ж час гарадзішча стала аб’ектам інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасці. У прыватнасці, там знаходзілася гаспадарка Ігната Сцяпанавіча Астравуха, які трымаў востраў на гарадзішчы на чыншавым праве.
Старажытнае клецкае гарадзішча было абследавана Леанідам Побалем у 1964 г. і Пятром Лысенкам у 1979 г. Пад час раскопак былі знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, косці жывёл, попел, абпаленыя камяні. Згодна высновам беларускіх археолагаў, помнік адносіцца да мілаградскай культуры ранняга жалезнага веку і да эпохі Кіеўскай Русі230.
За прыкладна 1 км на поўдзень ад старажытнага клецкага гарадзішча маленькая рачулка Сільна ўпадала ў Лань. Падыход да Сільны, аднак, быў моцна ўскладнены балоцістай мясцовасцю, якая аддзяляла гарадзішча ад рачулкі. Невялікая балоцістая рачулка Сільна і была той ракой, на берагах якой адбылася адна з самых славутых бітваў у гісторыі Беларусі. Цікавая рэч, што ніводная з тагачасных крыніц, якая апісвае або згадвае бітву пад Клецкам, не падае назву ракі, на берагах якой адбывалася змаганне з татарамі. Калі б бітва сапраўды адбылася на берагах Лані, назва якой была добра вядомая сучаснікам, летапісец не прамінуў бы абавязкова гэта падкрэсліць. Так, Міхаіл Глінскі ў згаданым лісце да біскупа Лукаша Ватцэнродэ падкрэслівае, што змаганне адбылося «trans Hlana fluvium» (за ракой Ланню)231, але ніяк не на рацэ Лань. Для князя, які ў момант напісання ліста знаходзіўся ў Вільні, Клецк сапраўды знаходзіўся за
229КППКК. С, 402.
230Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кн. 1. Мінск, 1987. С. 214.
231 Finkel L. List Michala Glinskiego o bitwie pod Kleckiem... S. 298; AA. S. 547; Варонін B. A. Два лісты пра бітву пад Клецкам y 1506 г. C. 280.
Ланню, г. зн. на ўсход ад яе. Другі сучаснік бітвы, польскі храніст Бернард Вапоўскі адзначае, што «erat prope castra scythica fluviolus, etsi non magnus, limosus tamen et ob id ad transeundum difficilis»232 (naблізу татарскага лагера была рачулка, хоць і невялікая, але балоцістая, і з гэтай прычыны цяжкая для пераправы). Тое ж самае гаворыць Хроніка Быхаўца: «Y pereszedsze (войскі Глінскага. — X К.) stali ob reku s nimi, y dla zloho perechozenija reki ne mohli woskore sowokupitisia s nimi»233. Нарэшце, Мацей Стрыйкоўскі пісаў: «Вуіа zas rzeczka tamze nie bardzo glcboka, lecz blotna i z brzegami przykrymi szeroka, za Ц sig tatarowie uphcami zmocnili, by przescia przez nig Litwie do siebie bronili»234. Гэтыя прыродныя асаблівасці ананімнай ракі, адзінадушна адзначаныя згаданымі аўтарамі, дазваляюць атаясамліваць яе выключна з Сільнай. Пісцовая кніга Пінскага і Клецкага княстваў таксама адзначае забалочанасць Сільны і яе непасрэднае суседства з балотам пад той жа назвай235.
Непадалёк ад месца ўпадзення Сільны ў Лань, на паўночнай ускраіне Клецка, блізу Вялікай або Каралеўскай дарогі знаходзіўся невялікі стаў, які непасрэдна прымыкаў да абарончых збудаванняў вакольнага горада. Тагачасныя крыніцы называюць яго замкавым236. У сярэдзіне XVI ст. блізу става, як і на Сільненскім балоце, знаходзіліся агароды, якія належалі адміністрацыі Клецкага замка237. Пазней землі паблізу замкавага става выкарыстоўваліся пад сенажаць, якая належала да фальварка Красны Стаў238. У гэтай сувязі словы Хронікі Быхаўца «pryszli pod Kleczesk, k rece Lani, do Krasnoho Stawu» можна інтэрпрэтаваць y сэнсе падыходу войска ВКЛ менавіта да Клецкага замка, а дакладней, да вакольнага горада, які прыкрываў пазіцыі татарскага войска.
Згаданы замкавы стаў і быў знакамітым Красным Ставам239. Сваю назву ён мог атрымаць ад карычневатага (карычневага з чырвоным адценнем) колеру вады ў ім240. Нягледзячы на актыўную гаспадарчую дзейнасць чалавека ў першай палове XVI ст., стаў заставаўся моцна
232 Kroniki Bernarda Wapowskiego... S. 67.
233 ПСРЛ.Т. 32. C. 172.
234 Stryjkowski M. Kronika... T. 2. S. 334.
235ПКПКК. C. 393—394.
236 Тамсама. C. 563.
237 «Ogrodu zamkowego nad sthawem a blothem, kthory yesth dlya wosczowych rzeczy a pothrzeb zamkowych wymyerzon» (ПКПКК. C. 393).
238Інвентар маёнтка Красны Стаў за 1653 год: НГАБ. Ф. 694, воп. 2, спр. 3905, арк. 2.
239Карпач I. Клецкая бітва з татарамі II Да новых перамог. 1991. № 109, 110, 112.
240 Пра этымалогію слова «красны»: Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 16. Мінск, 1997. С. 96—97.
забалочаным241. Версіі аб паходжанні назвы ад асаблівай прыгажосці мясцовасці або ад чырвона-крывавага колеру, які вада набыла пасля бітвы з татарамі, з’яўляюцца яскравымі прыкладамі «народнай этымалогіі». Красны Стаў часта яшчэ называўся старым ставам у крыніцах сярэдзіны XVI ст.242 Магчыма, што Красны Стаў меў яшчэ і іншую назву. Так, Павел Шпілеўскі адзначае, што крывавая бітва з татарамі адбылася каля Цёмнага возера, якое пасля было перайменавана ў Краснае (Красны Стаў)243. Гэтая акалічнасць магла б удакладніць паходжанне назвы «Красны Стаў». He выключана, што Цёмнае возера атрымала сваю назву з-за адпаведнага колеру вады (карычневатага з чырвоным адценнем). У гэтым разе, прыметнікі «цёмны» і «красны» (карычневы з чырвоным адценнем) маглі быць узаемазамяняльнымі, бо чырвоны колер ці, па меншай меры, асобныя насычаныя ягоныя адценні звычайна адносяцца да цёмных колераў. Забалочаны замкавы стаў з’яўляўся натуральнай прыроднай заслонай, якая надзейна прыкрывала тылы татарскага лагера. Ужо ў XVIII ст. замкавы стаў уяўляў сабой вадаём, які моцна зарос травой244. У выніку гаспадарчай дзейнасці наступных пакаленняў людзей замкавы стаў знік.