Рыцар на полі бітвы
Клецк, жнівень1506 года
Уладзімір Канановіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 410с.
Смаленск 2017
Сіўкі свайго ці буланага добра ўмасціўшы, Самы быстрак пераплыць і сухімі даставіць.
Боская воля! Нібы на вадохрышчы колісь Рынулі з берага голыя людзі на конях.
Бачыш — плывуць, пахаваўшысяў плыні па шыі, Толькі чутно, як пафыркваюць коні, а хлопцы
Боўтаюць нараўні з коньмі. Угледзішся — праўда: Правай рукой учапілісяў грыву, а левай Горнуць, грабуць пад сябе белагрывыя хвалі.
Плёсу ж канца не відно, і з паўмілі да мелі345.
344Гусоўскі М. Песня пра зубра. С. 97—98.
М5Таксама. С. 98.
4.6.7. Глінскі і гаспадар
Міхаіл Глінскі мог патрапіць на велікакняскі двор дзякуючы падтрымцы сваіх старэйшых братоў, гаспадарскіх дваран Івана і Васіля. Асабістае знаёмства з вялікім князем Аляксандрам Казіміравічам маладому Міхаілу мог забяспечыць яго выхавацель, надворны падскарбі і гаспадарскі маршалак Ян Літавор Храптовіч, які быў даверанай асобай гаспадара і адыгрываў выключную ролю на гаспадарскім двары. Першы асабісты кантакт Міхаіла Глінскага з гаспадаром мусіў адбыцца яшчэ ў самым пачатку панавання Аляксандра Казіміравіча, да ад’езду Міхаіла ў працяглую замежную вандроўку. Можна меркаваць, што яго падарожжа ў Святую Рымскую імперыю і знаходжанне на двары імператара Максіміліяна не магло адбыцца без падтрымкі самога гаспадара і яго маці, аўстрыйскай прынцэсы Альжбеты.
Сваёй імклівай палітычнай кар’еры Міхаіл Глінскі быў абавязаны, несумненна, рыцарскай адукацыі, якую ён атрымаў на двары імператара Святой Рымскай імперыі Максіміліяна Габсбурга. Заваяваць давер вялікага князя Глінскаму дапамаглі востры розум, а таксама вытанчаныя манеры і, верагодна, веданне некалькіх замежных моў. Збліжэнню вялікага князя Аляксандра Казіміравіча і Міхаіла Глінскага спрыяў і той факт, што апошні мусіў быць не на шмат маладзейшы за гаспадара.
Імклівае ўзвышэнне Міхаіла Глінскага пачалося ўвосень 1500 г., калі ён быў прызначаны на вакантную пасаду надворнага маршалка. Неўзабаве Глінскі здолеў стаць найбліжэйшым дарадцам вялікага князя Аляксандра. Дасведчанасць Глінскага ў еўрапейскіх справах, добрае веданне ім людской псіхалогіі, уменне хутка арыентавацца ў зменлівых абставінах прыдворнага жыцця, здольнасць хутка знайсці правільны адказ на складанае пытанне з цягам часу зрабілі надворнага маршалка пастаянным кампаньёнам вялікага князя. Здольнасць Глінскага да жарту толькі прыбаўляла яму аўтарытэту. Увогуле, як адзначаў Герберштайн, гэта быў чалавек на ўсякі момант.
Прызначэнне Міхаіла Глінскага на пасаду надворнага маршалка папярэднічала адказнай дыпламатычнай місіі ў Венгрыю ў снежні 1500 г. Ён быў высланы туды ўладамі ВКЛ з мэтай заручыцца падтрымкай караля Уладзіслава Ягелона ў барацьбе з Масквой. Міхаіл Глінскі, які толькі што вярнуўся з Германіі, як ніхто іншы з радных паноў ВКЛ падыходзіў да гэтай місіі. Вялікі князь Аляксандр разлічваў на шырокія сувязі Глінскага з дарадцамі Уладзіслава Ягайлавіча, а таксама яго асабістае знаёмства з венгерскім каралём. У цэлым місія
прайшла паспяхова, і венгерскі кароль Уладзіслаў Ягайлавіч пагадзіўся быць пасярэднікам у мірных перагаворах паміж Літвой і Масквой.
Акрамя дыпламатычных даручэнняў Міхаіл Глінскі звычайна выконваў дарадчыя функцыі. Пасада надворнага маршалка вымагала ад Глінскага амаль сталай прысутнасці на двары і рэгулярнага кантакту з гаспадаром. 3 цягам часу, асабліва пасля 1503 г„ Глінскі ператварыўся ў галоўнага дарадцу Аляксандра Казіміравіча. Ён ледзь не паўсюдна суправаджаў вялікага князя, як у Літве так і за яе межамі. Гаспадар кансультаваўся з Глінскім амаль па ўсіх істотных пытаннях дзяржаўнага жыцця, часам насуперак волі вышэйшых саноўнікоў ВКЛ. Гэта акалічнасць сур’ёзна зблізіла гаспадара і яго дарадцу, але адначасова сапсавала адносіны Глінскага з асобнымі раднымі панамі.
Сведчаннем асаблівага даверу з боку гаспадара стала прызначэнне надворнага маршалка ў пачатку 1506 г. кіраўніком віленскага манетнага двара (меніцы). За той час (прыблізна год), калі Глінскі кіраваў манетным дваром, яго прыбытковасць істотна ўзрасла. Вялікі князь высока цаніў здольнасці Міхаіла Глінскага як адміністратара. У якасці ўцянскага, мерацкага і бельскага намесніка надворны маршалак спрычыніўся да сацыяльна-эканамічнага развіцця давераных яму тэрыторый. Вялікі князь не сумняваўся таксама ў ваенных здольнасцях Міхаіла Глінскага. Менавіта яму гаспадар даручыў кіраванне войскам перад абліччам татарскага нападу ўлетку 1506 г.
У гістарычных крыніцах па-рознаму ацэньваецца характар адносін паміж Міхаілам Глінскім і Аляксандрам Казіміравічам. Варта адзначыць, што непасрэдныя пісьмовыя сведчанні па гэтым пытанні нешматлікія, калі не сказаць адзінкавыя. Акрамя таго, яны паходзяць пераважна ад трэціх асоб, што пакінулі свае запісы ў значна пазнейшы час. Так, Хроніка Быхаўца называе надворнага маршалка не інакш як мілоснікам (фаварытам) Аляксандра Казіміравіча. Цікава, што гэтым эпітэтам у хроніцы ўзнагароджаны таксама адзін са слуг вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча Слаўка, які да апошняга абараняў свайго ўладара перад змоўшчыкамі.
У лацінамоўным выданні Герберштайна 1549 г„ калі гаворка ідзе пра адносіны Глінскага з Аляксандрам Казіміравічам, выкарыстоўваецца тэрмін «autoritas», а ў нямецкамоўным выданні 1557 г. — «Verhalten». Абодва тэрміны могуць быць даслоўна перакладзеныя як давер або вера. Несумненна, што ў час, калі Герберштайн пісаў сваю «Масковію», тэрмін «Verhalten» разам з блізкімі па семантыцы тэрмінамі ўжо паспеў стаць ключавым у тагачаснай еўрапейскай палітычнай камунікацыі. Але ў Сярэднявеччы, у тым ліку і на мяжы
XV і XVI стст., для характарыстыкі адносін, заснаваных на даверы, выкарыстоўваўся зусім іншы тэрмін — «fides», якому ў славянскіх мовах мусіла адпавядаць паняцце «вера». Гэты тэрмін не быў канкурэнтам для «Verhalten» або «autoritas». Значыць, адносіны даверу былі распаўсюджаны ў Сярэднявеччы, але іх змест выражаўся іншымі, чым у Новы час, тэрмінамі346.
У святле сказанага можна меркаваць, што тэрмін «мілоснік» толькі скажае характар і змест адносінаў паміж Міхаілам Глінскім і вялікім князем Аляксандрам. 3 іншага боку, няма сумнення, што згаданы Слаўка сапраўды з’яўляўся гаспадарскім мілоснікам, бо іх адносіны былі пабудаваны на ласцы або міласці гаспадара. Сваім узвышэннем Слаўка быў абавязаны выключна гаспадарскай ласцы. У выпадку з Глінскім становішча было адваротным: досвед і здольнасці князя сталі непасрэднай прычынай яго ўзвышэння на велікакняскім двары. Замежныя крыніцы, у першую чаргу, нямецкія (Дэцый, Герберштайн), пры апісанні гісторыі Глінскага спачатку падрабязна спыняюцца на яго асабовых якасцях і талентах. Толькі пасля гэтага яны пераходзяць да асвятлення фактаў яго кар’еры на двары вялікага князя Аляксандра.
У выпадку з характарыстыкай Глінскага гаспадарскім мілоснікам, як падаецца, размова не ішла пра свядомую спробу прынізіць асобу некалі магутнага вяльможы. Хутчэй за ўсё, справа ў нявызначанасці тагачаснай палітычнай тэрміналогіі ВКЛ, у несвядомай блытаніне паняццяў. Да таго ж, у Новы час, бліжэй да сярэдзіны XVI ст., паўсюль у Еўропе давераная асоба страчвае сваё значэнне як істотны элемент персаналізаванай улады. Паступова, са станаўленнем манархіі Новага часу і з развіццём бюракратычнага апарату, яна ператвараецца ў міністра. He дзіўна, што ва ўмовах, калі давераная асоба страціла сваё значэнне на двары, яна пачала атаясамлівацца, хоць і несправядліва, з фаварытам ці «мілоснікам»347. Пра тое, што працэс заняпаду персаналізаванай улады мусіў закрануць абшары ВКЛ, ускосна сведчыць Хроніка Быхаўца.
346 Hirschbigel J. Nahbeziehungen bei Hof-Manifestationen des Vertrauens? Karriere in reichsfurstlichen Diensten am Ende des Mittelalters (ungedruckte Habiliationsdissertation). Kiel, 2011. S. 55.
347 Hirschbigel J. Nahbeziehungen bei Hof-Manifestationen... S. 255.
Заканчэнне
5 жніўня 1506 г. адбылася знакамітая падзея. На полі пад Клецкам, у міжрэччы Лані і Сільны, сустрэліся два войскі. Першым кіраваў надворны маршалак вялікага князя літоўскага Аляксандра, князь Міхаіл Львовіч Глінскі, другім — сыны крымскага хана Менглі-Гірэя, султаны Бурнаш і Біці-Гірэй. Гэтая сустрэча была ў значнай ступені выпадковай. Пасля спусташальнага татарскага набегу на землі ніжняга і сярэдняга Панямоння ўлетку 1505 г. кіраўніцтва дзяржавы не чакала паўторнага нападу крымскіх татараў на цэнтральныя землі ВКЛ у наступным 1506 г. На думку польскага кіраўніцтва, галоўная небяспека ад татараў пагражала ў новым годзе землям Малой Польшчы і Русі. Перад сваім ад’ездам у ВКЛ у сакавіку 1506 г. кароль і вялікі князь Аляксандр Казіміравіч адобрыў шэраг мерапрыемстваў абарончага характару. Летам гэтага года на дапамогу рускім землям Кароны быў накіраваны корпус на чале з надворным маршалкам ВКЛ князем Міхаілам Глінскім. Ужо на маршы з Вільні ў Ліду Глінскі атрымаў вестку, што вялізнае крымскае войска ўварвалася на землі ВКЛ і рухаецца ў напрамку Новагародка. Тэрмінова было прынята рашэнне рухацца ў бок Новагародка на пошукі праціўніка. Раптоўнае з’яўленне вялікага татарскага войска ў ніжнім Панямонні было поўнай нечаканасцю для надворнага маршалка, але і ў татарскіх военачальнікаў прысутнасць у рэгіёне адмабілізаванага гаспадарскага войска мусіла выклікаць сапраўдны шок. Пасля спусташальнага набегу 1505 г. крымска-татарскае кіраўніцтва не спадзявалася сустрэць тут арганізаваны адпор. Тым лягчэй, на думку ўлад Крыма, было змусіць кіраўніцтва ВКЛ да сур’ёзных палітычных саступак шляхам вайсковай выправы.
З’яўленне вялікага гаспадарскага войска на чале з Міхаілам Глінскім парушыла ўсе планы татараў. У абцяжараных вялікім палонам татараў не засталося іншага выйсця, як прыняць бітву. Ход і характар бітвы пад Клецкам шмат у чым тлумачацца асобай і талентам надворнага маршалка Міхаіла Глінскага. Што было б, каб у ліпені 1506 г. каля паміраючага караля Аляксандра не аказалася яго фаварыта? Ці адбылася б увогуле бітва? Якім быў бы яе ход, змест і вынік? Я разумею, што мінуўшчына не церпіць умоўнага
ладу. Але, тым не менш, я дазволю сабе паставіць падобныя пытанні, бо занадта шмат у гэтых падзеях было завязана на асобе надворнага маршалка. Няма сумненняў, што ўвага наступных пакаленняў да бітвы пад Клецкам 1506 г. была ў значнай ступені выклікана тым, што на чале войска ВКЛ стаяла такая незвычайная і супярэчлівая постаць, як Міхаіл Глінскі. Пазнейшыя аўтары глядзелі на падзею праз прызму асобы князя Міхаіла. Цікавасць да бітвы тлумачыцца таксама тым, што яна папярэднічала драматычным падзеям, у якіх Глінскі прыняў самы актыўны ўдзел. Гэтыя падзеі ў значнай ступені змянілі не толькі яго лёс, але і адносіны ўнутры шляхецкага грамадства ВКЛ. Менавіта гэтымі акалічнасцямі тлумачыцца тое, што я дазволіў сабе так падрабязна даследаваць біяграфію Міхаіла Глінскага ад ранняга дзяцінства да эміграцыі ў Маскву ў 1508 г. Каб лепей зразумець паводзіны князя Міхаіла ўлетку 1506 г., мне прыйшлося пільна ўгледзецца ў яго дзіцячыя і юнацкія гады.