• Газеты, часопісы і г.д.
  • Рыцар на полі бітвы Клецк, жнівень1506 года Уладзімір Канановіч

    Рыцар на полі бітвы

    Клецк, жнівень1506 года
    Уладзімір Канановіч

    Выдавец: Інбелкульт
    Памер: 410с.
    Смаленск 2017
    125.91 МБ
    У значнай ступені дзякуючы Глінскаму бітва 1506 г. (хоць яна і не ўстрымала далейшыя татарскія напады на землі ВКЛ) адыграла важную ролю ў развіцці ваеннай справы ў ВКЛ. Як военачальнік Міхаіл Глінскі паспрабаваў прыўнесці ў бітву новыя элементы, сведкам якіх ён быў у часе службы ў войску рымскага караля Максіміліяна Габсбурга і саксонскага курфюрста Альбрэхта Веціна. Менавіта пад Клецкам у 1506 г. быў апрабаваны шэраг новых мерапрыемстваў ваенна-аператыўнага зместу, якія былі часткова рэалізаваны ў пазнейшыя часы. Несумненна, ад часу Клецкай бітвы пачалося болып актыўнае выкарыстанне агнястрэльнай зброі і артылерыі ў палявых умовах. Узрасло таксама значэнне інжынерна-тэхнічнай думкі. Новыя віды войска, такія як лёгкая конніца, бліскуча зарэкамендавалі сябе пад Клецкам. Адсюль пачаўся яе ўзыход. У далейшым лёгкая кавалерыя, правобраз будучай гусарыі, будзе адыгрываць усё большую ролю ў дзеяннях на паўднёвым і ўсходнім франтах. Дзякуючы ёй змаганне стала больш манеўраным і рухомым. Рэзка ўзрос тэмп баявых сутыкненняў. Бітва пад Клецкам 1506 г. — гэта трыумф такіх новых тэхнічных сродкаў, як агнястрэльная зброя і артылерыя. Але, самае галоўнае, бітва засведчыла ўзрослае значэнне асобы военачальніка, яго фізічных і маральных якасцей. Ад яго патрабавалася здольнасць правільна ацаніць становішча перад бітвай, а пасля хутка прыняць рашэнне адносна тактыкі і спосабу вядзення бою. He апошняе значэнне мела асабістая мужнасць вайсковага правадыра. Ва ўмовах, што склаліся ў ВКЛ у пачатку XVI ст„ лепш за ўсё на гэтую ролю падыходзіў
    менавіта князь Міхаіл Глінскі. Нарэшце, ужо незалежна ад асобы і характару Глінскага, бітва пад Клецкам 1506 г. паклала пачатак новай катэгорыі бітваў у ваеннай гісторыі ВКЛ — жорсткіх, бязлітасных, крывавых, з вялізнымі стратамі з абодвух бакоў. Клецк азнаменаваў растучы поступ мілітарызацыі ВКЛ, што знайшло адлюстраванне ў павелічэнні выдаткаў на вайну і зменах у свядомасці насельніцтва дзяржавы. Грамадства ВКЛ паступова прызвычаілася глядзець на навакольны свет праз прызму ваеннага супрацьстаяння. Узрасла нецярпімасць, нават ксенафобія, да розных народаў і этна-канфесійных груп насельніцтва, у першую чаргу, да маскавітаў і крымскіх татар. На гэтую нецярпімасць у другой палове XVI ст. наклалася ўнутранае міжканфесійнае супрацьстаянне ў ВКЛ, глеба для якога была падрыхтавана ў папярэднія часы. Нарэшце, з Вядрошы і Клецка пачалася амаль суцэльная паласа войнаў, якія доўжыліся амаль усё XVI ст.
    Асабісты фактар моцна паўплываў на вобраз, які бітва 1506 г. мела ў свядомасці сучаснікаў і наступных пакаленняў. Пакуль Глінскі лічыўся здраднікам Айчыны, яго заслугі замоўчваліся або прыпісваліся іншым. Але заслуга князя Міхаіла ў Клецкай бітве была настолькі відавочнай, што яе нельга было цалкам абысці ўвагай. Каб неяк зменшыць ролю Глінскага ў перамозе, ідэолагам ВКЛ на чале з канцлерам Альбрэхтам Гаштаўтам прыйшлося пайсці на прыніжэнне гістарычнага значэння самой бітвы. Больш таго, гэтыя асобы сцвярджалі, што лаўры пераможцы Глінскаму дасталіся выпадкова. Ім удалося пераканаць шляхецкае грамадства ВКЛ і Кароны, што з самага пачатку гаспадарскае войска ўзначальваў не Глінскі, а гетман Станіслаў Кішка, і толькі пасля таго, як апошні захварэў, паны перадалі кіраванне войскам надворнаму маршалку. Увогуле, тагачасныя летапісы і хронікі ВКЛ, укладанне якіх знаходзілася пад моцным уплывам усё таго ж Гаштаўта і біскупа Паўла Гальшанскага, абмяжоўваліся звычайна ўсяго некалькімі радкамі пра Клецкую бітву 1506 г. Цэнзура адносна асобы князя Міхаіла Глінскага існавала і ў суседняй Польшчы, звязанай з ВКЛ вузамі дынастычнай уніі. Тым не менш, нягледзячы на ідэалагічны дыктат кароннага канцлера Яна Ласкага, Бернарду Вапоўскаму ўдалося данесці да грамадства сапраўдную ролю Глінскага ў бітве.
    Толькі пасля зыходу з палітычнай арэны стваральнікаў «чорнай» легенды Глінскага, пачаўся паступовы працэс яго рэабілітацыі. Важную ролю тут адыграў нямецкі дыпламат і пісьменнік Жыгімонт Герберштайн, які з сімпатыяй ставіўся да былога
    надворнага маршалка. 3 прыходам у сярэдзіне XVI ст. на вяршыню ўлады ў ВКЛ новых асоб (Радзівілы, Хадкевічы) знікла патрэба замоўчвання асобы іўчынкаў Глінскага. Клецкая перамога 1506 г. стала разглядацца як адна з слаўных перамог літоўскай зброі, а да Міхаіла Глінскага пачалі ставіцца як да аднаго з самых таленавітых военачальнікаў ва ўсёй гісторыі ВКЛ. Такі погляд на бітву знайшоў адлюстраванне ў Хроніцы Быхаўца, а пазней і ў Хроніцы Мацея Стрыйкоўскага. Тым не менш, новая інтэрпрэтацыя бітвы, якая цалкам упісвалася ўтагачасную шляхецкую ідэалогію, не была вольнай ад старых стэрэатыпаў. Так, аддаючы належнае таленту і здольнасцям князя Міхаіла, шляхецкія аўтары другой паловы XVI ст. цалкам перанялі стары тэзіс аб тым, што войска ВКЛ з самага пачатку ўзначальвалі вялікі гетман Станіслаў Пятровіч KimKa і надворны маршалак Міхаіл Глінскі, і толькі тады, калі першы раптоўна захварэў, паны даручылі камандаванне войскам апошняму. Увогуле, той вобраз бітвы, які прысутнічае ў абодвух творах, адлюстроўвае сацыяльныя, палітычныя, культурныя і нават геаграфічныя рэаліі другой паловы XVI ст. Гэтаму вобразу Клецкай бітвы было наканавана надзвычай доўгае жыццё. Ён быў амаль цалкам успрыняты наступнымі пакаленнямі літоўскіх гісторыкаў, уключаючы Віюка Каяловіча, і, дзякуючы пашыранаму распаўсюджанню розных спісаў Хронікі Быхаўца, трывала замацаваўся ў гістарычнай памяці шляхецкага саслоўя XVII—XVIII стст.
    Пачынаючы з другой паловы XVI ст. паўсюль — на маршы, у вайсковым стане, перад бітвай — воінаў ВКЛ натхняў вобраз слаўнай перамогі пад Клецкам. Бітва 1506 г. (у значнай ступені, прадукт уяўлення пазнейшых пакаленняў) стала адным з месцаў памяці шляхецкага грамадства ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Разам з іншымі перамогамі вобраз клецкай вікторыі вызначаў гістарычную самасвядомасць шляхецкай супольнасці дзяржавы, якая атаясамлівала сябе, у першую чаргу, з рыцарствам. Для шляхты ВКЛ перамога пад Клецкам 1506 г. з’яўлялася магутным фактарам ідэнтыфікацыі, саслоўнай прыналежнасці.
    Выяўленне і публікацыя Хронікі Быхаўца ў 1846 г. вядомым гісторыкам Літвы Тэадорам Нарбутам засведчыла растучы інтарэс культурнай грамадскасці Літвы і Беларусі да гістарычнай мінуўшчыны краю, у тым ліку і да Клецкай бітвы 1506 г. Распаўсюджанне ідэй гістарызму, бурнае развіццё ў апошнія дзесяцігоддзі XIX ст. гістарычнай навукі ў Расійскай імперыі спрыялі пошуку кожным сацыяльным суб’ектам (саслоўе, клас і інш.)
    для легітымацыі свайго стану сваіх гістарычных каранёў. Клецкая мяшчанская супольнасць, даўняя мемарыяльная традыцыя якой была практычна разбурана ў сярэдзіне XIX ст„ спрабавала захаваць тое, што засталося ад старой памяці, ад старых успамінаў. У гэтым ёй дапамаглі краязнаўцы і прафесійныя гісторыкі, якія аднаўлялі гісторыю горада. Дзякуючы ім з другой паловы XIX ст. гісторыя Клецка пачала атаясамлівацца з бітвай 1506 г. Больш таго, паступова перамога рыцарскага войска ВКЛ над крымскімі татарамі была ўзведзена ў ранг галоўнай падзеі шматвяковай гісторыі горада. Для жыхароў Клецка, які ў другой палове XIX ст. уяўляў сабой занядбанае мястэчка, гэта павінна было падняць прэстыж іх горада, пацвердзіць яго гістарычную значнасць. Так паступова, пачынаючы з другой паловы XIX ст„ сталі з’яўляцца перадумовы для складвання новай гарадской «міфалогіі» Клецка. Прычым самую актыўную ролю ў гэтым працэсе адыграла не сама клецкая грамада і не ўраджэнцы горада, а краязнаўцы і прафесійныя гісторыкі.
    У наступным XX ст. гісторыя Клецка ўспрымалася ўжо выключна праз прызму баталіі 1506 г., якая раней (па меншай меры, да сярэдзіны XIX ст.) займала маргінальнае месца ў гістарычнай памяці мясцовых жыхароў. Бачанне мінуўшчыны Клецка, у якім галоўнай падзеяй з’яўляецца бітва 1506 г„ не страціла свайго значэння і на пачатку XXI ст.
    Гістарычная рэканструкцыя Клецкай бітвы 1506 г. уяўлялася няпростай задачай. Праблема не ў тым, што захаваліся толькі адзінкавыя сведчанні пра гэту падзею. Галоўнай цяжкасцю было тое, што сам аповед пра бітву з’яўляецца такой жа «рэальнасцю», як і сама гэта падзея. Усе ранейшыя спробы аднаўлення ходу бітвы абапіраліся на аповесць пра яе ў версіі Хронікі Быхаўца, якая сама з’яўляецца гістарыяграфічнай канструкцыяй, створанай не менш чым праз 50 гадоў пасля падзеі.
    Каб дабрацца да «гістарычнай праўды» пра бітву, аднавіць хоць бы ўмоўна і прыблізна яе першапачатковы вобраз (тут я яскрава ўсведамляю межы гістарычнага пазнання), мне патрэбна было абстрагіравацца ад шматлікіх пазнейшых напластаванняў, розных культурна-гістарычных мадэляў. Спалучэнне традыцыйных метадаў гістарычнага даследавання з метадамі лінгвістыкі, анамастыкі, археалогіі, дапоўненае старанным вывучэннем мясцовага ландшафту, дазволіла мне аднавіць — я гэта асабліва падкрэсліваю — у самых агульных рысах перадумовы і ход бітвы. У працы мне асабліва дапамог укладзены апытальнік. Шукаючы адказы на
    пастаўленыя ў анкеце пытанні, старанна і неперадузята апытваючы крыніцы, мне ўдалося адкрыць шэраг дагэтуль невядомых дэталяў.
    Першыя сутычкі старожы гаспадарскага войска і аддзелаў мясцовага баярства з татарамі мусілі адбыцца яшчэ 1 (14) жніўня 1506 г„ калі асноўныя сілы гаспадарскага войска яшчэ знаходзіліся ў Новагародку. Рашаючая бітва адбылася 5(18) жніўня 1506 г. на берагах балоцістай рачулкі Сільна, якая з’яўляецца прытокам Лані. Велікакняскім войскам з самага пачатку камандаваў надворны маршалак Міхаіл Львовіч Глінскі. Вялікага гетмана Станіслава Пятровіча Кішкі ні на полі бою, ні ў войску ўвогуле не было. Прыкладна 7 тысячам воінаў Глінскага супрацьстаялі значна меншыя татарскія сілы (не болын за 3—3,5 тысячы воінаў). Нягледзячы на колькасную перавагу войска ВКЛ, змаганне вызначалася асаблівай упартасцю. Татарскае войска здолела добра падрыхтавацца да падыходу праціўніка. Яно выкарыстоўвала асаблівасці мясцовага ландшафту і рэшткі зруйнаваных у ходзе нападу 1503 г. клецкіх абарончых збудаванняў. Доўгі час ніхто з праціўнікаў не хацеў саступаць. Змаганне адбывалася з пераменным поспехам. Рашаючым аказаўся раптоўны ўдар у тыл татарскаму войску, які быў ажыццёўлены левым флангам велікакняскага войска. Шэрагі татараў змяшаліся. Неўзабаве яны пад націскам войска ВКЛ пачалі адступаць у бок клецкага дзядзінца. Татары былі адціснутыя да замкавага ставу, у якім многія з іх знайшлі апошні прытулак. Рашаючае змаганне адбылося на тэрыторыі клецкага вакольнага горада. Тут жа галоўныя татарскія сілы здаліся ў палон. Частка татараў на чале з султанамі Бурнашам і Біці-Гірэем здолела вырвацца з акружэння і паспрабавала ўратавацца ўцёкамі. Для большасці з іх непераадольнай перашкодай стала балоцістая рака Цапра. Толькі нямногія здолелі вярнуцца ў Крым. Яшчэ, йа меншай меры, тры дні пасля рашаючага змагання адбываліся лакальныя сутычкі з асобнымі татарскімі чамбуламі, якія вярталіся ў кош з нарабаваным дабром і палонам. 8 жніўня ўсё было скончана, a 12 жніўня надворны маршалак Міхаіл Глінскі склаў у Вільні пераможную рэляцыю паміраючаму каралю і вялікаму князю Аляксандру Казіміравічу.