• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сацыяльна-бытавыя казкі

    Сацыяльна-бытавыя казкі


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 520с.
    Мінск 1976
    162.52 МБ
    Адна з важнейшых асаблівасцей спецыфікі адлюстравання рэчаіснасці ў сацыяльна-бытавых казках заключаецца ў спалучэнні даставернага паказу жыццёвых абставін з карыкатурна-гратэскавым. Гратэск не перашкаджае рэалістычна адлюстроўваць жыццё, хоць і парушае контуры рэчаў з мэтаю сатырычнай крытыкі і насмешкі.
    Такім чынам, бязлітасны смех сатыры сацыяльна-бытавых казак бічаваў ворагаў працоўнага люду, садзейнічаў усведамленню імі сваёй сілы. Форма крытыкі, яе вастрыня ў казках пра сялян адрозніваецца ад крытыкі ў творах, аб’ектамі сатыры ў якіх былі класавыя ворагі працоўных. Хоць і ў казках пра сялян заўважаецца пэўная залежнасць ад значнасці аб'екта
    асмяяння (народ, які асабліва высока цэніць шчырую працу, больш бязлітасна высмейвае гультайства, чым іншыя заганы), але ўсё ж пераважае мяккі гумар, не такая зласлівая сатыра.
    Высмейваючы ўсё адмоўнае, заганнае ў жыцці, сатыра сацыялыіа-бытавых казак прымушае слухача «адштурхоўвацца» ад ідэалу, які сцвярджаецца ў творах гэтага жанру часцей за ўсё негатыўна.
    Персанажы бытавых сатырычных казак — гэта па-мастацку абагульненыя тьшы, якія, аднак, з’яўляюцца не тыпамі-схемамі, а жывымі экспрэсіўнымі вобразамі. Характэрныя рысы і якасці гэтых вобразаў раскрываюцца лаканічнымі, але трапнымі мастацкімі штрыхамі, якія выяўляюцца ў дынаміцы дзеянняў і толькі ў некаторых казках у раскрыцці ўнутранага свету, псіхалогіі персанажаў.
    Вялікай папулярнасцю карысталіся ў народзе казкі, галоўнай дзеючай асобай у якіх з’яўляецца дурань. 3 вясёлым гумарам расказваецца ў іх пра бязглуздага чалавека, які ўсё робіць неўпапад; замест таго, каб пажадаць радасці маладой, ён яе б’е; замест таго, каб паспачуваць людзям, што хаваюць нябожчыка, ён ім гаворыць: «Каб вы кожны дзень так радаваліся» і інш. За гэта ўсё яго б'юць, таму народ і называе такога дурня «набітым».
    Вобраз дурня нярэдка сустракаецца і ў чарадзейных казках, але там часцей за ўсё ён прыкідваецца дурнем, на самай жа справе ён разумнейшы за ўсіх, з кім сутыкаецца.
    Персанаж бытавых казак пра дурня карэнным чынам адрозніваецца ад чарадзейных: з яго сапраўды смяюцца і здзекуюцца, ён сапраўды прыдуркаваты, але тым не менш часта перамагае сваіх ворагаў у выніку выпадковай удачы, без удзелу дзівосных памочнікаў і чарадзейных рэчаў. Ен змагаецца не з цмокам і змеем, а парабкуе ў папа, пана або багатыра. Усе яго ўчынкі апраўданы дакладным выкананнем загаду, але сваёй логікай яны, як правіла, бессэнсоўныя: загадвае яму, напрыклад, non зарэзаць тую аўцу, якая на яго паглядзіць, а ён рэжа ўсіх, таму што ўсе на яго паглядзелі; загадваюць яму ўкінуць у страву пятрушкі, а ён кідае туды сабаку Пятрушку і г. д. У гэтым і асаблівасць фантастыкі казак пра дурня: апавядаць пра падзеі, якія ў прынцыпе магчымыя, але незвычайныя. Учынкі дурня недарэчныя, абсурдныя, але дапушчальныя ў чалавека без розуму. Казачная фантастыка ўзаемадзейнічае з гратэскам як сродкам сатырычнага адлюстравання рэчаіснасці, чым дасягаецца даволі акрэслены паказ найбольш характэрных рыс вобразаў.
    У аснове будовы многіх разгледжаных намі казак прадурня знаходзіцца алагізм звычайнага як мастацкі прыём, якому ўласціва наўмыснае скажэнне агульнапрынятага. Гэты прыём можа стаць пераважаючым і нават адзіным у творах, напрыклад у небыліцах, для якіх іменна і характэрна скажэнне звычайнага. У небыліцах селянін перамагае пана сваім творчым талентам, майстэрствам слова, кемлівасцю і дасціпнасцю.
    Небыліцы таксама змяшчаем у гэтым томе, таму што па свайму зместу яны блізкія да бытавых і сатырычных казак. На першае месца мы ставім творы з сацыяльным зместам. Сярод іх цыкл казак тыпу: «Не люба — не слухай». У цэнтры небыліц гэтага тыпу пан, які вельмі любіць слухаць казкі. Пан абяцае многа золата, калі мужык раскажа такую казку, каб ён згадзіўся, што гэта няпраўда. Як правіла, апавяданне вядзецца ад першай асобы («Як мужык у пана талерку чырвонцаў выйграў» і інш.). Герой расказвае пра падзеі, якія нібы адбываліся тады, калі ён яшчэ не нарадзіўся, але пасвіў ужо пчолы, або ён ужо нарадзіўся, а бацькі яшчэ не было. Якіх толькі дзіўных здарэнняў не адбываецца з героем: ён выратоўвае ад ваўкоў або мядзведзяў пчалу, але потым прырэзвае яе і накладвае 12 кадушак мяса, касцямі ж пчалы ўсцілае звыш дзесяціны сенажаці. Пчала неймаверна гіпербалізуецца. Шкілет яе адным канцом стаіць на зямлі, а другім упіраецца ў неба. Цікавы і сродак руху: герой хапае сябе за «чупрыну», з размаху падскоквае і перакідваецца на другі бок ракі. 3 усім гэтым пан згаджаецца: «Свет вялік, можа быць і праўда». Але ён не вытрымлівае і крычыць: «Лжэш, хаме!» — калі селянін расказвае, што панскі бацька ў пекле, «абарваны, абшарпаны, босы, пасціць свінней». Мужык выйграе золата, хапае яго і ўцякае. Незвычайныя здарэнні ў характэрным для жанру стылі нанізваюцца адно на другое.
    3 авантурных казак мы змяшчаем у нашым томе толькі тыя, у якіх адсутнічаюць чарадзейныя элементы і пераважаюць навелістычна-бытавыя замалёўкі.
    Арыгінальнай з'яўляецца казка «Дзяўчына», у якой ярка раскрываюцца эстэтычныя густы сялян, глыбокае і тонкае разуменне імі прыгожага і яго ролі ў жыцці. Разбойнікі, апавядаецца ў казцы, не могуть адарваць вачэй ад прыгожай дзяўчыны і першы раз у жыцці каюцца, што забілі яе бацькоў і жыхароў вёскі. Паводле казкі, прыгожае ў жыцці — важны сродак выхавання. Пад уплывам прыгажосці дзяўчыны перавыхоўваюцца і разбойнікі. Аднак не толькі любаванне жаночай прыгажосцю характэрна для авантурных казак, але і рэзкая крытыка здрады, свавольнасці.
    У томе змешчаны творы з такімі папулярнымі ў розных народаў сюжэтамі, як утаймаванне ўпартай жанчыны, вернасць жонкі, несправядліва абвінавачанай у здрадзе, і інш.
    Большая частка авантурных казак змешчана ў раздзеле пра хітрых і спрытных людзей, таму што галоўнымі вобразамі гэтых твораў якраз і з’яўляюцца знаходлівыя і дасціпныя героі, дабрадзейныя і справядлівыя ў сваіх учынках і паводзінах. Яны змагаюцца супраць сацыяльнага зла за праўду і дабрачыннасць.
    Авантурная казка зведала больш значны ўплыў кніжнай літаратуры, чым чарадзейная, бытавая і казкі пра жывёл. У выніку гэтага ў ёй сустракаюцца выразы, не характэрныя для народнай гаворкі, скажоныя замежныя
    словы (Ваксонскі каралевіч, пінціён, шпектыр, ардзіна, дзіншчык, ампіратыр і інш.).
    Сацыяльна-бытавыя казкі, асабліва сатырычнага зместу, найбольш жывучыя і папулярныя і ў XIX ст., і ў савецкі час. Прычынай гэтага з яўлецца не толькі іх больш позняе паходжанне, але і актуальнасць, надзённасць ідэйнага зместу, здольнасць задавальняць эстэтычныя запатрабаванні сучасніка і змагацца з такімі недахопамі мінулага, якія характэрны ў большай або меншай ступені ўсім эпохам. Таму многія традыцыйныя бытавыя казкі былі запісаны ў савецкі час. Аднак і яны ўсё радзей і радзей сустракаюцца ў вусным бытаванні. Нямнога ствараецца і новых казак. Найбольшую папулярнасць з савецкіх сацыяльна-бытавых казак атрымалі «Ленінская праўда» і «Як мужык і рабочы дабіліся сваёй праўды», у якіх выкарыстаны традыцыйны матыў праўдашукання, але адлюстроўваюцца новыя, рэвалюцыйныя ідэі.
    У першай з гэтых казак браты не знайшлі праўды ні ў пана, ні ў папа, ні ў купца, а толькі ў Леніна, які расказаў аднаму з братоў, «як трэба за рабочую праўду змагацца, каб не служыць ні панам, ні купцам, ні фабрыкантам, і як выгнаць іх разам з царом». Ленінская праўда перамагае. Адносіны народа да Ленінскай праўды ярка характарызуюць эпітэты: залатая праўда, сапраўдная, рабочая праўда і інш.
    Як і ў жыцці, у гэтых казках Ленін — просты, уважлівы чалавек, які разам з тым валодае мудрым розумам, геніяльнай празорлівасцю, умее пераконваць працоўныя масы, здольны аб'ядноўваць і накіроўваць усіх прыгнечаных на барацьбу з эксплуататарамі. Народ знаходзіць такія паэтычныя сродкі, якія не толькі даюць яркі партрэт правадыра, але і паказваюць адносіны да яго працоўных, іх бязмежную любоў, адданасць і падзяку. Ленін выступае вельмі клапатлівым і шчырым да простых людзей. Самыя сардэчныя і трапныя эпітэты, параўнанні і іншыя мастацкія сродкі знаходзяць працоўныя для характарыстыкі У. I. Леніна ў казках, песнях, прыказках.
    У народных творах Ленін — мудры настаўнік, які шчыра любіць усіх прыгнечаных і не шкадуе для іх шчасця ні сваіх сіл, ні жыцця, ён правадыр працоўных, які цвёрда верыць у невычэрпныя сілы рабочых і сялян.
    Такім чынам, ідэйна-тэматычны ахоп адлюстравання рэчаіснасці ў беларускіх сацыяльна-бытавых казках надзвычай шырокі: невыносна цяжкае жыццё прыгоннага селяніна, антаганістычныя супярэчнасці ў грамадстве, асмяянне паноў, папоў, ксяндзоў, багацеяў, выкрыццё рэакцыйнай сутнасці царквы, паказ класавага расслаення ў вёсцы, крытыка заган і недахопаў людскіх — вось асноўны ідэйны змест гэтых твораў. Раскрываецца змест бытавых казак часцей за ўсё не шляхам разгорнутага эпічнага апісання, а праз кароткія малюнкі, сцэнкі, камічныя сітуацыі, эпізоды, у якіх, аднак, даволі выразна малююцца вобразы сацыяльных тыпаў або выяўля-
    ецца сутнасць пэўных грамадскіх з’яў. Прычым перабольшаны і гратэскава-карыкатурны паказ асобных з’яў і рысаў персанажаў ніколькі не перашкаджае праўдзівасці адлюстравання жыцця, таму што завастрае ўвагу пераважна на камічных момантах і тых якасцях, якія найбольш ярка вылучаюць і падкрэсліваюць галоўнае ў пэўным тыпе або ў адпаведнай з'яве.
    Наяўнасць сатыры і гумару ў казках і анекдотах не эмяншае, а ўзмацняе іх пацешлівую функцыю. Гэтаму садзейнічае нярэдка і намер казачніка, які ставіць мэтай развесяліць слухачоў, зараней падрыхтаваных паслухаць штосьці цікавае, смешнае. I казачнік, і слухачы ставяцца да зместу казкі як да мастацкай выдумкі. Але ў пацешлівым змесце казкі аб’ектыўна адлюстроўваюцца пэўныя ідэі, якія апасродкавана, праз мастацкія вобразы, цікавыя эпізоды, смешныя сітуацыі, вострыя канфлікты і калізіі даходзяць да слухача і вымушаюць яго асацыіраваць іх з жыццём.
    Персанажы сацыяльна-бытавых казак — гэта вельмі абагульненыя тыпы, якія, аднак, з’яўляюцца не тыпамі-схемамі, а жывымі вобразамі. Характэрныя рысы і якасці гэтых вобразаў часцей за ўсё раскрываюцца лаканічнымі, але трапнымі мастацкімі штрыхамі, якія выяўляюцца ў дынаміцы дзеянняў элементарна-камічнага або часцей за ўсё сацыяльна-камічнага характару. У асобных сатырычных казках, запісаных ад таленавітых майстроў народнага слова (напрыклад, ад Азёмшы і Рэдкага), вобразы падаюцца са значнай ступенню мастацкай індывідуалізацыі, што дасягаецца галоўным чынам раскрыццём псіхалогіі персанажаў і асаблівасцямі іх гаворкі (селянін, напрыклад, часта карыстаецца прыказкамі, трапнымі выслоўямі, рыфмаванымі выразамі, насычанымі гумарам з едкім і мудрым іранічным сэнсам; пан жа грэбуе простым народам і яго «мужыцкай» мовай, таму перасыпае сваю гаворку паланізмамі, русізмамі і іншымі заыежнымі словамі, у лаянках ужывае вульгарызмы).