• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сацыяльна-бытавыя казкі

    Сацыяльна-бытавыя казкі


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 520с.
    Мінск 1976
    162.52 МБ
    — Ну,— кажа,— цяпер давайце яшчэ гарэлкі, каб лягчэй рука хадзіла.
    Далі яму гарэлкі. Пісар выпіў з паўкварты, агурком закусіў і давай пісаць. Сышлася грумада людзей. Адзін кажа:
    — Напішы, каб пан даў на дым па пяці коп жэрдзя на плот.
    — Пішы, каб пан збавіў падаткі,— кажа другі.
    Многа гаварылі мужыкі пісару, каб ён пісаў. А ён пацягне з пляшкі гарэлкі да так піша, што пяро скрыпіць, бы немазаныя калёсы. Піша пісар, аж пот на ілбу выступіў, батцэ не пяром, a сакераю дровы пляжыць. А лоб у яго вялізазны, і галава голая, хоць боб малаці. Напісаў пісар. Мужыкі паставілі крыжы і дзякуюць пісару. Сабралі яму з усяго сяла курэй, яец, арэхаў, мёду, сала — хто што меў. Паехаў сабе пісар да гасподы, а мужыкі сабраліся й гуртом пайшлі к пану. Выйшаў пан на ганак і пытае, чаго яны прыйшлі. Мужыкі цялюх пану ў ногі й падаюць прашэнне. Узяў пан у рукі паперу, перачытаў і кажа:
    — Дзякуй вам, хлопцы, што вы мне даеце з дыму па валу, па капе яец і па асьміне аўса.
    Пераглядваюцца мужыкі, насілу расшалопалі, што гэта пан кажа. Дагадаліся яны, што пісар іх абмануў, але нічога не зробіш,— трэ аддаць пану, што напісалі. Пайшлі мужыкі да гасподы, аж кудлы дзяруць, так ім шкода дабра. Ідуць, а адзін кажа:
    — Э, хварэць вашай матары, падвялі й мяне. Я тады знаў, што ён піша. Бачу — піша вялікае да й закруціць. Ну, думаю,
    гэта валы крутарогія. Піша круглае — от гэта вам яйца, а дробнае — от вам авёс.
    — Чаму ж ты тады не казаў? — крычаць мужыкі і давай яго лупцаваць.
    Пабіліся мужыкі, пабожкалі й пайшлі збіраць пану авёс і яйца.
    110.	АБ ТЫМ, ЯК КСЯНДЗЫ ВЫЛЕЧЫЛІСЯ
    Тры гладкія, атылыя ксяндзы сабраліся ехаць на воды лячыцца. Яны растаўсцелі, як адкормленыя вапрукі. Чаго яны не рабілі, якіх зелляў не прымалі — нічога не памагае. Дахтуры кажуць, што ім трэ ехаць на воды, дак там лою збудзе. Паехалі ксяндзы па панох збіраць грошай на дарогу. От прыязджаюць яны к аднаму пану і жаляцца яму на сваю бяду. Просіць пан ксяндзоў пасілкавацца да пераначаваць. Заначавалі ксяндзы. От пасадзіў пан іх вячэраць да так участаваў, што ксяндзы і заснулі пры стале. Храпуць ксяндзы на ўсе застаўкі, спяць так моцна, што хоць з гармат страляй — не пачуюць. От пан вялеў іх раздзець, перанесці ў бровар да й палажыць там разам з браварскімі работнікамі.
    Прачухаліся назаўтра трохі ксяндзы, але не ведаюць, дзе яны. Але ось і будзяць дзецюкоў набіваць картаплянік. Падняліся ксяндзы й не хацелі ісці на работу, але як перацёг іх намеснік бізуном, нябось, пайшлі. Робяць ксяндзы разам з другімі ўсе, што трэ ў бровары, разам ядуць, разам спяць і ніяк не могуць з бровара вырвацца.
    От праходзіць нядзеля — другая, і пачало з ксяндзоў спадаць сала, а цераз нядзель пяць яны падгіндзіліся, як харты. Паглядзяць яны адзін на другога і пазнаць не могуць, так выпетралі за гэтыя пяць нядзель. Думалі ўжо ксяндзы, што гэта іх чэрці ўхапілі да й засадзілі ў бровар на пакуту, думалі, што ўжо ім ніколі адтуль не выбавіцца. От раз вялеў пан даць браварскім работнікам вядро гарэлкі, а ксяндзам — лепшае гарэлкі, самае моцнае. Напіліся яны і без памяці пассоўваліся ў бровары каля катла. От як ксяндзы моцна заснулі, пан вялеў перанесці іх у ахвіцыну і палажыць там, дзе яны ляжалі першую ноч.
    Прахапіліся назаўтра ксяндзы і трасуцца, спалохаліся, што позна спалі: баяцца, каб намеснік не лупцаваў іх бізуном; сталі скарэй апранацца, але бачаць,— аж каля іх ляжыць ксяндзоўская адзежа. Дзівяцца ксяндзы і вачам не вераць. Адзеліся яны,
    але ось прыходзіць пан, заве гарбату піць. Стаў гэта пан частаваць ксяндзоў да й пытае, куды яны думаюць ехаць на воды.
    — He,— кажуць ксяндзы ў адзін голас,— цяпер не трэба ехаць на воды, бо мы ўжо вылечыліся.
    От як пан вылечыў ксяндзоў.
    111.	МУЖЫК, ПАН I КСЁНДЗ
    За штось пан вельмі абазліўся на ксяндза. От і захацелася яму накпіць над ксяндзом, але так накпіць, каб ксёндз не дагадаўся. хто гэта так зрабіў. Думаў, думаў пан, нічога не прыдумае. Сядзіць пан сярдзіты да толькі вусы кусае. Тым часам прыходзіць к яму мужык. Бачыць мужык, што пан вельмі моцна штось думае, да не можа агарнуць сваёю панскаю галавою, і захацелася яму памагці пану сваім дурным мужыцкім розумам.
    — Памагай бог, паночку! — кажа мужык — і цялюх пану ў ногі.
    — Табе што? — пытае пан.
    — Паночку дарагенькі! — кажа мужык.— Пан штось думаеш вельмі моцна, скажы мне, мо я памагу сваім дурным мужыцкім розумам,— і плюсь пана ў руку.
    — Што ты,— кажа,— паможаш! Мне трэба накпіць над тнм галганам ксяндзом.
    — Добра, паночку. Заўтра пан пабачыць, як я накплю над ксяндзом.
    — Ну, глядзі, калі добра зробіш, то заплачу, а калі не, то з’ясі бізуноў.
    — Слухаю,— кажа мужык і пайшоў на рэку.
    Налавіў гэта мужык ракаў, папрыклейваў ім свечачкі, папускаў ракаў у саду перад ксяндзоўскімі вокнамі да й пазапальваў свечачкі. Поўзаюць ракі. Вечар ціхі, як у вусе. Гараць свечачкі ў траве, бы зоркі. Падышоў мужык пад вакно і кліча ксяндза.
    — Хто там?—пытае ксёндз.
    — Анёл з неба.
    — А чаго ён прышоў?
    — Па ксяндзоўскую душу. Велена яе аднесці ў неба.
    Рад ксёндз. Адчыніў ён вакно, зірнуў, аж у траве гараць свечачкі, бы зоркі. Паверыў ксёндз да й высунуўся ў вакно. Мужык падставіў мех, а ксёндз—шусь у мех. Ускінуў мужык мех на плечы і папёр у свінушнік, кінуў там мех з ксяндзом і запёр дзверы.
    Назаўтра, ужо сонейка высока, мужык пайшоў к пану й просіць, каб пан прадаў яму парсюка. От пан і пайшоў туды з мужыком'к свінушніку паглядзець парсюка. Падходзяць яны туды. Скрыгічуць свінні ў свінушніку, аж дзверы грызуць. От адчынілі дзверы, выбеглі свінні; зірнулі яны ў свінушнік, аж там сядзіць у вугле ксёндз у адной сарочцы, чуць жыў ад страху.
    — Чаго гэта,— пытаецца пан,— сюды забраўся ксёндз-дабрадзей?
    Маўчыць ксёндз, зубы сцяўшы, так яму сорам. Пасмяяўся пан і даў мужыку многа грошай.
    112.	ЖАЛАСЛІВАЯ ПАНІ
    Гэта было яшчэ за паншчыну. Вы ўжо не памятаеце, бо, пэўна, тады яшчэ не радзіліся на овет. Да й які то быў свет. Хіба то свет, што дзесятак або другі паноў да багатых людзей панавала, а наш брат, гарапашнік, так мучыўся, што не рад быў і жыццю. I на што толькі бог так даў на свеце, што той, хто жыве праўдаю да гаруе — мучыцца, а хто ліхам да круцельствам — пануе. Але, мабыць, тагды бог адступіўся ад людзей і аддаў іх у рукі чартоў да паноў. I чаго толькі тады паны не вычваралі, як яны не мучылі людзей, як не здзекуваліся над імі. Але мо вы думаеце, што паны былі ліхія, што яны не малі жаласці ў сэрцы й затым так вычваралі? He, мае браткі,— паны былі такія ж людзі, як і мы з вамі, былі жаласлівыя мо больш нас і такія добрыя да лагодныя, бы анёлы, але гэта толькі к свайму брату, к вольнаму, а не к мужыку. Бачыце, чорт, а мо бацькі закрылі ім вочы, зацямнілі розум, і яны не ведалі да й не хацелі ведаць, што і мужык такі ж чалавек, як і яны. Але што гаварыць — тады, калі яшчэ й цяпер паны мужыкоў не лічаць за людзей і робляць перад людзьмі такое, што сорам і казаць, робляць і не саромеюцца...
    Раз ужо была вольнасць: ехала якаясь пані; прыехала яна з хурманам у наша сяло на пары коней да й заначавала ў мяне. Бачыце, тагды ва ўсім сяле толькі ў мяне была чыстая хата з комінам, а другія сядзелі яшчэ ў курніках. Заначавала пані, а раненька хацела ехаць далей. Але вось чуць свет улазіць у хату хурман да й кажа, што коні выпруціліся. Што тут рабіць! От пані наняла мяне, каб я яе звазіў у адзін двор на сваёй кабылцы. Запрог я кабылку, вытаптаў драбінкі саломаю, пасадзіў пані да й павёз. Гэта якась было па лету, у Пятроўку ці што. От едзем
    мы да едзем, толькі пані сядзіць на возе да ўсё чухаецца. Мабыць, у саломе было многа скочак. Чухалася яна, чухалася да й давай знімаць з сябе ўсё адзенне. Едзе пані голая, у чом маці радзіла, толькі парасолікам закрываецца, а тым часам насустрач ідуць або едуць людзі. Дак нічагусенька — пані не саромеецца людзей да ўсё ловіць скочкі дзе папала. Але ось захацелася ёй да ветру. Кажа яна, каб я супыніў кабылку. Я супыніў. Злезла гэта яна голая з воза да й прысела на дарозе, але не можа ўдзяржацца — хістаецца: от-от упадзе. От і заве яна мяне. Падышоў я, a яна учапілася за мае рукі, зрабіла, што трэ, да й палезла на воз. Дак от гэ ехала пані немаль увесь дзень і не саромелася ні мяне, ні другіх людзей — мужыкоў, бо яна іх не лічыць людзьмі, a гаўядам, а ведама, гаўяда ніхто не саромеецца.
    Дак от я хачу расказаць вам пра адну жаласлівую паню, якая яна была літасцівая да добрая. Эге, дак, дай божа памяць, быў сабе адзін пан з паняю. Яны не мелі дзяцей. Ведама, паны, што яны не вырабляюць з веськімі дзеўкамі з самага маленства, чаго яны не спробуюць, каб маць самы вялікі слодыч, а як прыдзецца жыць з паняю, дак і пойдзе ўсялякае ліха да хваробы. А пані сабе ж наровяць, каб толькі маць слодыч да каб хараства не згубіць. Дак от гэ й тыя паны толькі й зналі, што прыемнасці шукалі.
    Жыў каля таго сяла адзін шляхтун. Ен маў малы кусок зямлі і гараваў на ёй, як і мужыкі. Але, ведама, як вольнаму чалавеку, яму ат сабе жылося, як жа кажупь, што ўбіў, то ўехаў. Толькі даў бог яму няшчасце: памерла жонка й пакінула малога хлапчука. Пахавалі жонку. Убіваецца шляхтун, з глузду выбіўся і розуму не прыложыць, што яму рабіць з малым дзіцем. Убачыла гэта адна маладзіца — у яе якраз аб той пары бог узяў маленькае дзіцятка,— пашкадавала шляхтуновага хлапчука да й узяла яго карміць цыцкаю. Выкарміла яна хлапчука да й пакахала яго, як сваё роднае дзіця. Гадуецца шляхтун на сяле, грае з дзецьмі, a тым часам памёр яго й бацька. Пачуў тое пан да й узяў гэтага хлапчука ў двор, каб на сяле не прападала вольнае дзіця. Тады ўжо быў гожы хлапчук, яму было немаль дзесяць гадоў.
    Жыве шляхтунец у двары, адукуецца разам з панскімі дзецьмі, але ўсё не забывае тае маладзіцы, што яго выгадавала, не забывае свайго таварыства і ўсё бегае на сяло. От так і вырас ён у двары, выадукаваўся лепш паніча. I зрабіў пан маладога шляхтуна камысарам і хацеў аддаць за яго сваю дачку, але камысар не схацеў, бо ён вельмі спадабаў дачку тае маладзіцы, што яго выгадавала. Пранюхаў тое пан да й вялеў аддаць тую дзеўку
    замуж за свінапаса. Давай тут камысар прасіць пана, каб ён прадаў тую дзеўку яму, дае многа грошай і ўсю сваю зямельку, што дасталася ад бацька. Але куды там •— пан і слухаць не хоча, зарубіў сваё, да хоць ты яму кол чашы на галаве. А свінапас быў ужо стары да самы лядашчы, гультай, п’янчужка. Кажуць людзі, што ён, бала, п’яны так біў, так здзекаваўся над першаю жонкаю, што тая, як пайшла на рэку паласкаць плацце, дак адтуль і не вярнулася, ніхто не ведаў, куды й дзелася. Толькі праз тыдзень усплыла наверх і рыбакі валачком выцяглі на бераг. От як пачула тая дзеўка, што пан веліць аддаць яе замуж за такога лядашчага чалавека, дак спалохалася і то галосіць, то рагоча, бы кручаная. Бачыць камысар, што нічога не будзе, што загубяць яго дзяўчыну, сабраўся, забраў яе, да й пайшлі яны ў свет няведама куды. Аглядзеўся пан, што няма дзеўкі, няма й камысара, да так рассердзіўся, што й дух выперла.