• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сацыяльна-бытавыя казкі

    Сацыяльна-бытавыя казкі


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 520с.
    Мінск 1976
    162.52 МБ
    117.	РАСЧЫНІ ХЛЕБ, ЗАРЭЖ АВЕЧКУ
    Жыў пан і ў яго парабак. Адзін раз выбіраецца пан ў горад з сваёю жонкаю, а парабку гаворыць:
    — Расчыні хлеб, зарэж авечку і ўсю работу зрабі, пакуль я прыеду.
    Парабак на пана быў злы. Парабак запытаў, дзе хлеб расчыніць, а пан сказаў:
    — Дзе найбольш вады ўлезе. Зарэж тую авечку, каторая на цябе гляне.
    Пачаў парабак хлеб расчыняць. Падумаў, што вады найбольш у студні. Знасіў усю муку, высыпаў. Стаў мяшаць, а хлеб рэдкі.
    Знасіў і крупы высыпаў, а потым давай насіць збожжа. Знасіў жыта, а ячменем загусціў хлеб. Потым пайшоў рэзаць авечку. Адчыніў хлеў, а на яго глянулі ўсе авечкі. Ён і пачаў рэзаць усе авечкі. Прыехаў вечарам пан і стаў пытаць, ці парабіў парабак работу. Парабак адказвае:
    — Парабіў усё ды яшчэ ўмарыўшыся.
    Пан пытае, дзе той хлеб, што парабак расчыніў. Парабак адказвае:
    — У студні.
    Пан запытаў, чаму ў студні, а не ў дзяжы.
    Парабак і гаворыць:
    — Пан гаварыў расчыняць там, дзе больш вады ўлезе.
    Калі пан папытаў, ці зарэзаў авечку, парабак адказаў, што ўсе парэзаў, бо на яго яны ўсе глядзелі. Пан адразу прагнаў парабка. Парабак пайшоў дадому, а потым на пана падаў у суд. На суд вызвалі. Парабак расказаў, як усё было. Сталі пытаць у пана^ а пан гаворыць:
    — Я яму сказаў, а ён зрабіў па-дурному.
    Пан заплаціў парабку за ўсю работу.
    118.	ПАРАБАК
    Жылі ўдваіх бацюшка з матушкай. Згадзілі яны сабе парабка. Парабак на бацюшку гаворыць:
    — Калі я скажу «крыўда», то ты мне шкуру здзярэш, а калі ты скажаш,— я табе здзяру.
    Па гэтым згадзіліся.
    У бацюшкі былі валы, і выпраўляе ён парабка араць:
    — Сынку, едзь араць на валах і бяры сучку з сабою. I вазьмі булачку хлеба на полудзень. Каб сам папалуднаваў і сучку накарміў. I каб булачка цэла была. I колькі сучка выбегае, столькі выары на валах.
    Сучка з ранку ляжала (яшчэ душна не было) — дык ён араў. Напалі на сучку мухі, дык сучка туды да туды, а ён з валамі за сучкаю бегаў. Сучка дадому пабегла, і ён з валамі дамоў.
    Абора была добра замкнёна. Сучка прыбегла ў тую абору. Парабак убачыў сучку ў аборы. Абора замкнёна. Ен узяў ногі валам паадсякаў. Прыходзіць у хату да бацюшкі.
    — А што, сынку, узараў колькі сучка выбегала?
    — Узараў, бацюшка.
    — А папалуднаваў?
    — Папалуднаваў, бацюшка.
    — А сучку накарміў?
    — Накарміў.
    — Булачка цэла?
    — Цэла, бацюшка.
    — А дзе ты, сынку, валы дзеў?
    — Бацюшка, у аборы, сучка там, дык валам я ногі паадсякаў, бо абора замкнёна.
    Цяпер кажа:
    — Мо, бацюшка, крыўда?
    — Няма.
    — А калі няма, то паздымаем шкуры ды аддамо ў выраб, боты панашываем, а мяса будзем есці. Гэта табе не шутачкі — двое валоў.
    Цяпер у бацюшкі было шмат авец. Ен кажа:
    — Пайдзі, сынку, зарэж аўцу.
    — А катору, бацюшка, зарэзаць?
    — Катора на цябе паглядзіць.
    Ен апрануў кажух і ўвайшоў у хлеў. Авечкі і ўсе глядзяць на яго. Вядома ж, аўца. Толькі адна здыхаць хацела ды на сена глядзела. Пачаў рэзаць ды ўсе авечкі парэзаў.
    Дык ён там замяўся, пакуль парэзаў усе авечкі.
    I бацюшка пытае:
    — Чаму ты, сынку, там забавіўся?
    — Таму, што я ўсе парэзаў.
    — А чаму ты, сынку, усе авечкі парэзаў?
    — Я тае не парэзаў, што на мяне не глядзела, бо здыхаць захацела. Бацюшка, вы не крыўдзіцеся, што авечкі парэзаў. Паздзіраем аўчынкі, аддамо ў выраб, то будуць кажухі, а мяса будзем есці.
    Цяпер запрасілі гэтага бацюшку на радзіны. Вось так, як у нашым сяле. Пайшоў з матушкаю. На таго парабка кажа:
    — Ты, сынку, пільнуй дзверы, дзе мяса.
    А сам пайшоў.
    П’юць там, гуляюць усю ноч. Той парабак выняў дзверы ды туды, дзе бацюшка п’е.
    — Расступіцеся, людзі, я бацюшкавы дзверы нясу.
    Тыя людзі расступіліся. Паставіў ён тыя дзверы за печку, сам стаў за печку і пазірае. Бацюшка пралупіўся, бо быў п'яны.
    — Ці ты, сынку, тутака? Я казаў табе дзверы пільнаваць. — Я, бацюшка, тутака і дзверы тутака.
    Прыходзяць дадому. Мяса няма. Асталіся толькі дзверы. Цяпер бацюшка з матушкай рахуюцца.
    — Уцякаймо ад парабка.
    Наліў той бацюшка гарэлкі ды ўцякаюць з матушкаю. Парабак узяў тую бочачку, закінуў куды-та, сам улез у мяшочак і ляжыць у ім. А ў мяшочку бацюшка есці прырыхтаваў.
    Той бацюшка за той мяшочак ды за плечы. Бацюшка наперадзе, матушка, за ім, а парабак у мяшочку.
    Цяпер парабак цярпеў, цярпеў ды памачыўся ў яго за плячыма. Матушка на бацюшку кажа:
    — Бочачка адчынілася, і віно льецца.
    — Но, нічога, матушка.
    Вось бацюшка з матушкаю ўтаміліся, а ён нічога (парабак). Прыбег бацюшка з матушкаю на мост. Дык бацюшка развязаў мяшок:
    — Ці ты, сынку, тутака?
    — Ага.
    — Ай-ай-ай!
    Тады яны сталі начаваць утрох. Матушку палажылі пасярэдзіне. Паснулі яны абое, бо патаміліся, а парабак не спаў. Устаў парабак той, адсунуў матушку на край, а сам лёг ля бацюшкі.
    Дык той бацюшка прабудзіўся, узяў матушку за ногі, думаў, што парабак, ды ў рэку.
    Парабак кажа:
    — Што гэта ты зрабіў?
    Бацюшка кажа:
    — Ты мяне губіў, губіў, ужо і матушку я праз цябе ўтапіў.
    Парабак гаворыць на бацюшку:
    — Мо цяпер крыўда?
    — Дзіва што крыўда. Авец няма, валоў няма і матушку загубіў. Адзін астаўся.
    Цяпер той парабак у бацюшкі шкуру садраў ды ячневай мякінай нацёр яго, ды разышліся.
    Тут і казкі канец.
    119.	ЯК ЯНКА ЗБАВІУ МУЖЫКОУ АД ЛЮТАГА ПАНА
    Жыў люты, люты пан. Ніхто доўга ў яго не служыў. Усіх ён выганяў і не плаціў нават, бо к таму ж яшчэ і скупы быў.
    Вось у адной вёсцы жыў ладны хлапец і звалі яго Янка. Сям’я была вялікая, дзяцей многа, Янка старэйшы, бацька стары
    ды хворы, маці таксама хворая, зямлі мала. Вось і задумаў Янка пайсці служыць да лютага пана дый адпомсціць яму, як толькі зможа, за здзекі над яго аднавяскоўцамі. Прыходзіць Янка да пана дый пытаецца, ці патрэбны яму парабкі.
    — Патрэбны,— кажа пан,— але з некай умоваю, калі ты правінішся ці не будзеш так рабіць, як трэба, я адрэжу табе вушы і нічога не заплачу.
    — Добра,— кажа Янка,— згодзен. Але і маю ўмову прымі. Плаціць мне не трэба, я буду добра працаваць, каб пан не сердзіўся. Як толькі пан усердзіцца, дык я ў пана адрэжу вуха.
    — Добра,— кажа пан.— Хай будзе так.
    I згадзіўся толькі таму, што быў вельмі жадны. Пачаў Янка працаваць у пана. Добра першы час працаваў, сумленна, і пан не нахваліцца сваім парабкам. I вось аднойчы пасылае пан Янку пасвіць свінней, а свінней у яго было багата, багата. Пагнаў Янка свінні дый думае: «Як жа пану адпомсціць?» I тут глядзіць: едуць купцы па дарозе.
    — Купцы, купцы,— кажа Янка,— купляйце ў мяне свінні, дзёшава аддам, толькі хвасты сабе забяру.
    Здзівіліся купцы, але прамаўчалі, бо вельмі дзёшава прадаваў Янка свінні. Заплацілі купцы грошы, аддалі яму хвасты дый паехалі. А Янка паўтыкаў хвасты ў купіны на багне дый пайшоў дадому.
    — Дзе ж свінні? — пытаецца пан.
    — Ды там,— кажа Янка,— у балоце патапіліся. Ці не сярдуеш, паночку?
    Памякчэў адразу пан дый кажа:
    — He, не крыўдую.
    Назаўтра пасылае пан Янку араць на поле дый кажа:
    — Т ы ары да той пары, пакуль сабака есці не захоча і дадому не пабяжыць. 3 табою разам і пойдзе мая сабака.
    Паехаў Янка араць. Прыехаў на поле. Сеў на мяжы дый думае: «Што зрабіць?»
    Тады ўзяў забіў валоў, парубіў іх дый і кінуў на полі. Наеўся сабака валовага мяса, вады нідзе няма, а горача,— і пабег дахаты. Пайшоў за ім і Янка. Убачыў яго пан дый пытае:
    — Чаму ты так рана? Дзе валы?
    — Няма,— кажа Янка,— валоў, іх ваўкі парвалі, а я прышоў, таму што сабака пабег. Ты што, панок, мо сердзішся?
    — He,— кажа пан,— не крыўдую.
    I вось задумаўся пан. Як яму пазбавіцца ад Янкі? Бо цераз год ён усю яго гаспадарку перавядзе. I раіцца са сваёю жонкаю,
    што ж рабіць. Рашылі яны прадаць усё і, забраўшы грошы, уцячы ноччу, а Янку разам з хатаю спаліць. Так і зрабілі. Пан пасылае Янку працаваць, а сам прадае ўсё дый грошы ў мяшок складае. Склаў пан грошы ў мяшок і ноччу ўжо павінны бегчы, але Янка ўсё чуў. Устаў ён паціхеньку, узяў грошы, выйшаў на двор, закапаў іх, а сам залез у мяшок і сядзіць ціха. Апоўначы прачнуўся пан дый будзіць пані:
    — Уставай хутчэй ды бяжым. Ты падпалі хату ды даганяй мяне.
    Узваліў пан на плечы мяшок з Янкам ды ну бегчы, аж пыл курыць. Беглі яны, беглі, стаміліся, пані дый просіць пана, каб адпачыць крышку, а пан ёй і кажа:
    — Вось пройдзем багну, тады і адпачнеш.
    Ідуць яны па балоце, гразь па пояс, абыходзяць чортавы вочы, прыгаюць з купіны на купіну, але рады, што ўцяклі ад Янкі. А Янка сядзіць на плячах дый рагоча. Пачулі гэта паны, ды млосна ім зрабілася ад страху і злосці, а Янка кажа:
    — А мой жа ты паночку, куды ж я ад цябе дзенуся, мне яшчэ, бадай, цэлы год працаваць трэба. А мо ты крыўдуеш?
    — Ды не,— кажа пан.— Iдзі, Янка, ламачча назбірай, абсушыцца трохі трэба.
    Адышоў Янка за куст дый слухае, аб чым паны гутарыць будуць. А пан з пані раяцца, як ад Янкі пазбавіцца. Пан і кажа:
    — Як палягам спаць, Янку паложым на краю, а ў поўнач штурхнём яго ў ваду і ўсё будзе скончана.
    Прынёс Янка ламачча, распалілі яны агеньчык, абсушыліся трохі, павячэралі дый леглі спаць. Янка лёг ля вады, а тады пан з пані. Як паснулі паны, Янка пералез ціхенька і лёг каля пані. Праснулася ля поўначы пані дый штурхнула свайго пана, і паляцеў пан у ваду. Пані і кажа:
    — Уставай хутчэй дый бяжым.
    Ажно глядзіць: паднімаецца Янка. Бедная пані ад жаху сама ў ваду за сваім панам скочыла. Вярнуўся Янка дадому. Адшукаў грошы, якія схаваў, дый пашоў у родную вёску. Грошай было многа. Раздаў іх Янка бедным сялянам дый з маёмасці пана, якая яшчэ засталася, тое-сёе раздаў. Дзякавалі ўсе Янку за тое, што пазбавіў іх ад лютага пана дый зажылі спакойна і добра, пакуль другі ліхі пан не прыехаў дый не сеў на іх карак.
    120.	ПАМЕШЧЫК I СІРАТА
    У вёсцы Глівін, у дзесяці кіламетрах ад Барысава, жыў памешчык Свіда. У яго быў мальчык-сірата, які пас у яго казу. Надаела яму гэта каза. Але куды .дзенешся? Трэба пасціць. I пасвіў ён яе да 18 год. Памешчык купіў яшчэ адну. Хлопцу яшчэ хужэй стала. Адна туда ідзе, другая туда. Ен надумаўся прадаць адну казу. Ехаў яўрэй, каторы па дзярэўнях сабіраў трапкі. От ён узяў і прадаў казу яўрэю. Едзе памешчык, глядзіць — толькі адна каза. Пытае ў яго:
    — Дзе ж твая другая каза?
    Так ён гаворыць:
    — Панок, гэта ж другая каза (бо ён яе другую купіў).
    Ен гаворыць:
    — Дык гэта ж адна, а дзе другая?
    Ен зноў яму так жа адказвае.