Сацыяльна-бытавыя казкі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 520с.
Мінск 1976
Анно ж уходзіць шынкар дай пытае:
— Што гэта?
— Ля, абач!— і падае яму тую руку. Калі паглядзяць, анно ж на адным пальцы пярсцёнак і на ём яго бацька імянныя літары! Так шынкар кажа:
— Пажджы ж! — і, узяўшы людзей, пайшоў да яго хаты.
Прыходзяць, анно ж ён сядзіць за печчу і стогне, а сястра таго хлопца, згарнуўшыся, плача. Так шынкар пытае:
— Чаго ваш бацько гэтак енчыць?
— А,— кажа,— хадзіў на паляванне і звер руку адкусіў.
— Звер,— кажаш,— а гэта чый пярсцёнак?
Так яна і струпянела.
Тады шынкар з людзьмі вывалаклі старога з-за печы, звязалі, завезлі да места, ён перад судом выказаў усіх, так то іх на жалезныя бораны расцягнулі, а таго хлопца наградзілі.
195. КУЗЬМА САРАЧЫНСКІ
Быў моцны багатыр Кузьма. Аднаго разу села яму на калені семдзесят камароў і тры авадні. Ен забіў іх адным махам і палічыў.
— Адным махам семдзесят салдат і трох багатыроў забівахам,— сказаў ён і напісаў гэта на табліцы на скрыжаванні дарог. I лёг ён спаць.
Ехаў у гэты час сапраўдны волат. Спыніўся волат на скрыжаванні дарог, глядзіць на табліцу і думае: «Я моцны, а гэта мацнейшы за мяне,— за адзін мах столькі забіў!»
I стаў волат чакаць, пакуль Кузьма прачнецца. I прачакаў да раніцы. Калі раніцай Кузьма прачнуўся, глянулі яны адзін на другога і сталі заводзіць сяброўства. Волат палічыў Кузьму мацнейшым за сябе і кажа:
— Едзьма да мяне.
— Добра! — адказвае Кузьма.
Паехалі.
Прыязджаюць яны туды, дзе пасвіўся статак гэтага волата. Захацелі яны есці і расклалі агонь. Пасылае волат Кузьму па дровы:
— Пайдзі вырві дуб і прысунь на агонь.
А Кузьма пайшоў у лес, надраў лыка і звязвае ўсе дубы. Волат чакае, а Кузьмы няма. Пайшоў волат у лес. Глядзіць — яго сябра звязвае ўсе дубы.
— Што ты робіш, Кузьма Сарачынскі? — пытае волат.
Кузьма кажа:
— А што я буду кожны раз за дровамі хадзіць? Я ўсе дубы зараз прынясу.
Волат гаворыць:
— Ды нашто нам? Хопіць аднаго.
I вырваў волат дуб і панёс на агонь. Кузьма Сарачынскі ідзе ззаду і пасвіствае.
Калі прыйшлі яны да агню, паслаў волат Кузьму ў свой статак:
— Пайдзі, Кузьма Сарачынскі, вазьмі быка і страхні яго так, каб вылыгнуў ён са шкуры і прынясі мяса.
Ен пайшоў у статак і давай лавіць быкоў за хвасты і звязваць хвост з хвастом. Волат вельмі прагаладаўся, а Кузьмы няма. Пайшоў тады волат у свой статак і бачыць — звязвае яго сябра хвасты быкоў. I гаворыць:
— Што ты, Кузьма Сарачынскі, робіш?
— А я хачу ўсіх быкоў разам са шкур вытрасці. He буду я хадзіць дзесяць разоў.
А волат адказвае:
— Нам аднаго быка хопіць. I страсянуў быка — бык са шкуры вылыгнуў.
Пайшлі да агню. Волат нясе тушу, а Кузьма адну шкуру, ідзе і ледва цягне шкуру гэту.
Калі прыйшлі да агню, волат пасылае Кузьму па ваду:
— Пайдзі зачарпні вады ў шкуру.
Пайшоў Кузьма да студні і ўзяў з сабой рыдлёўку. I стаў абкапваць навокал студні.
Гэты волат доўга чакаў Кузьму і, не дачакаўшыся, пайшоў да яго. Бачыць — ён капае навокал студні. Волат закрычаў:
— Што ты, Кузьма Сарачынскі, робіш?
— А я, — кажа Кузьма, — па адной шкуры вады насіць не буду. Я ўсю студню прынясу зараз.
Волат зачарпнуў ў шкуру вады і панёс. А Кузьма Сарачынскі ідзе сабе і пасвіствае.
Залілі мяса вадою і вараць. Зварылі і селі есці. Волат памнога есць, а Кузьма патрошкі і хавае вялікія кавалкі мяса за сябе. Як пад’елі — палеглі спаць. Волат быў такі моцны, што трое сутак спаў. А Кузьма Сарачынскі тым часам мяса еў, што схаваў. Калі ён убачыў, што волат хутка будзе ўставаць, ён сам лёг спаць. Гэты волат устаў і дзівіцца:
— Я многа спаў, а Кузьма Сарачынскі яшчэ больш.
I доўга чакаў волат, пакуль Кузьма Сарачынскі прачнецца — гадзін восем. Потым стаў будзіць яго:
— Пара ўжо ўстаць!
А Кузьм>а адказвае:
— Гэй, баценька, яшчэ хочацца спаць.
Вось яны прыйшлі ўжо да хаты гэтага волата. У волата была сястра яшчэ мацнейшая за яго. Брат сястры гаворыць:
— Гэты Кузьма Сарачынскі — мацнейшы за ўсіх волатаў. Як бы яго забіць?
Сястра кажа:
— Ноччу, як будзе ён спаць, я яго задушу.
А Кузьма чуў гэту размову. I ноччу ён паклаў вялікую ступу замест сябе на ложак, а сам залез пад ложак і спіць. Волатка стала ноччу ціснуць ступу і гаворыць брату:
— Ды цвёрды ён!
Раніцой сталі яны пытаць у Кузьмы.
— Што табе ноччу здавалася?
Ён кажа:
— Штосьці поўзала па мне, уродзе муха.
Тут яны ўжо і думаюць: «Цяжка раду даць!».
На другую ноч здумалі яны абліць яго кіпятком.
А Кузьма чуў, як яны радзіліся, і ноччу паклаў замест сябе на ложак мех нацюкаваны, а сам убок лёг.
Яны аблілі мех кіпятком і палічылі ўжо Кузьму Сарачынскага нежывым, а ён раніцою ўстае з ложка і кажа ім:
— Добрая раніца!
Яны пытаюць:
— Што табе здавалася ў гэту ноч?
— Здавалася, што дробны вясенні дожджык на мяне падаў і зноў поўзала па лобе муха.
Тут яны змовіліся адправіць Кузьму Сарачынскага да яго хаты. Брат завёў яго ў сваю камору, даў грошай і кажа:
— Кузьма Сарачынскі, бяры падарунак ад мяне — грошы.
Кузьма ў адну кішэню трохі кінуў чырвонцаў, а другую кішэню ды за пазуху — і ўжо яму і цяжка, ледва стаіць. А волат кажа:
— Кузьма Сарачынскі, што ты набраў так мала, бяры болып.
А Кузьма гаворыць:
— Як ласка твая, то ўсып золата ў мех ды занясі мне.
Гэты волат усыпаў у мех золата, закінуў за плечы і панёс.
Кузьма Сарачынскі ідзе ўперад, паказвае дарогу. Волат
нясе яго грошы і моцна дыша. Як волат дыхне ад сябе, то Кузьма Сарачынскі бяжыць задам,— яго дух цягне, сіла волатаўская.
Волат пытае:
— Кузьма Сарачынскі, што ты бегаеш то ўзад, то ўперад?
А Кузьма кажа:
— Эх, баценька, даўно ўжо з дому я і як падумаю аб дзецях, што ўжо іх даўно не бачыў, то бягу з радасці дадому, а як падумаю, што ззаду мой сябра волат ідзе, то бягу зноў назад.
Цяпер падыходзяць яны ўжо недалёка да хаты Кузьмы Сарачынскага. Выбеглі яго дзеці абарваныя, голыя. Гэты велікан не бачыў ніколі такой саранчы і пытае:
— Што гэта бяжыць на мяне?
А Кузьма Сарачынскі кажа:
— Гэта чэрці па тваю душу бягуць.
Дык волат думае: «Бяда!» I кінуў гэтыя грошы, а сам назад дадому пабег.
Кузьма Сарачынскі гаворыць:
— Ужо тут не бяда. Я з дзеткамі дадому панясу гэтыя грошы.
I тут разышлося сяброўства моцнага волата з Кузьмой Сарачынскім.
196. ЯК ЦЫГАН РЫЦАРА ПЕРАМОГ
Быў сабе адзін рыцар адважны і ніхто з ім не адважыўся біцца. Так ён напісаў на расстайных дарогах: «Нікому не адмоўлю, хто са мною біцца захоча!»
Ну, трапілася як раз тады праязджаў цыган і, прачытаўшы, на стоўпе напісаў: «За едным махам дзвесце забіяхам!» А ён ніц не салгаў, бо ў яго была кабыла абабітая, то як сядзе на рану шмат мухаў, то ён як возьме дашчолку, ударыць па мухах, то адразу з дзвесце заб’е. А той рыцар як прачытаў, так зараз паслаў па яго, каб прыехаў з ім біцца. Так няма рады, трэба ехаць цыгану!
Сеў на сваю здохлу кабылку і едзе на тое месца. Як угледзеў рыцара збройнага, так са страху палажыў голаў на кабылу і падумаў: «От няхай ужо мне адатне голаў, бо цо я з ім зраблю!»
А рыцар думаў, што і яму так сама трэба зрабіць, так і ён голаў палажыў на кабылу, а цыган, гэта абачыўшы, прыскочыў і шах!— рыцару голаў адсёк.
I так то аддаў сваю рыцарскую голаў простаму цыгану!
197. ТРЫ БРАТЫ I ПУСТЭЛЬНІК
Былі ў бацькі тры сыны: два разумныя, а трэці дурань. Паслаў ён усіх трох на ўсю зіму ў лес дрова рубаць. Збудавалі яны сабе ў лесе хатку: дзень на рабоце, а вечарам прыходзілі туды вячэраць і спаць. Прыходзяць раз з работы, трэба вячэру варыць, а тут у пячурцы ні іскаркі жару няма. Няма іншай рады — трэба ісці да пустэльніка агню папрасіць. А ў том лесе жыў пустэльнік стары-стары і вельмі сярдзіты: усе яго баяліся. Ось малодшыя браты і кажуць старшаму:
—■ Ты ад нас дужэйшы і разумнейшы, ідзі да пустэльніка.
Паслухаў братоў, прыходзіць да пустэльніка і кажа:
— Здароў, дзеду!
— Здароў, сынку! Чаго табе трэба?
— Дай, дзедку, агню.
— Добра, сынку, дам, толькі ты перш збай мне басеньку, скажы сказачку, тагды дам.
А старшы брат быў вельмі ганорны, то й адказаў пустэльніку:
— Хіба я здурэў, каб якомусь паршываму дзеду байкі баяў!
Тагды дзед ухапіў яго за чупрыну, набіў у патыліцу, зыдраў палосу ад пяты на носа, нацёр ячнаю мякінаю і выпхаў за дзверы.
Вярнуўся небарак да братоў і кажа:
— Схадзеце, браткі, каторы па агонь! На паўдарогі ў мяне жывот разбалеўся, ледво дахаты далез.
Пашоў селядоршы. Ідзе і думае: чаго мне баяцца, усё-такі я дужэйшы, нічога ён мне не зробіць. Толькі трэба так да яго гаварыць, каб ён мяне баяўся.
Прышоў да пустэльніка, папрасіў агню, а як той сказаў збай басеньку, сказачку, то назваў яго паршывым дзедам, a той так сама і яму зрабіў, ухапіў за чупрыну, набіў у патыліцу, зыдраў палосу ад пяты да носа, нацёр ячнаю мякінаю і выпхаў за дзверы. Вярнуўся небарак дахаты і кажа:
— Ідзі ты, дурань, па агонь! Я, ідучы, зачапіўся за пень, абора парвалася і лапаць разуўся.
— Добра,— кажа.
I пашоў. Прыходзіць, даў пахвалёнага:
— На векі,— адказаў пустэльнік і пытаецца:
— Чаго табе трэба?
-— Дай мне, дзедку, агню!
— Дам агню, толькі перш збай мне басеньку, скажы сказачку.
— Добра, дзедку. Але ты, як я буду баяць, не кажы: «Лжэш!», бо як скажаш, то я табе, што захачу, то і зраблю.
— Ну, няхай будзе і так, як ты кажаш.
Дурань падумаў, падумаў і стаў казаць:
— Быў я ў бацькі адзін сын. Mae браты ўвесь дзень на рабоце, а я ўсё альбо за печкаю сяджу і попелам яйца перасыпаю, альбо на чаўнішчы ежджу. Ось раз паехаў я ў чаўнішчы па ржышчы. Еду, еду, аж бачу: дуб стаіць. А ў дубе дзюпло, а ў дзюпле печаныя дзятлы так пішчаць! Захацеў я набраць гэтых дзятлаў: пасунуў руку — не лезе, пасунуў нагу — не лезе, пасунуў галаву — не лезе, так я скруціўся-звярнуўся і ўлез. Набраў печаных дзятлаў за пазуху і хачу вылазіць: пасунуў руку — не лезе, пасунуў нагу — не лезе, пасунуў галаву — не лезе, так я скруціўся-звярцеўся і вылез. Еду я сабе зноў у чаўнішчы па ржышчы і бачу на паповай сенажаці пад дубам кабыла ходзіць. 3 дуба на кабылу ўпаў жолудзь, а з жолудзя стаў дубок расці. Як расце, так расце, вырас пад самае неба. Мяне ўзяла ахвота па гэтаму дубу на неба ўлезці. Лезу, лезу, далез да самага верху, ухапіўся рукамі і ўлез на неба. Хаджу я па небе і аглядаюся, нікога не відаць, толькі стаіць хата з комінам. 3 коміна дым ідзе. Я ўвайшоў у хату, а там святая Магдалена ў печы аладкі смажыць, а за сталом на покуце сам бог. На галаве ў яго калпак дыямантовы, сядзіць і з святым Пятром у мар яша граюць. Е>ог усё праграе, а святы Пётр выграе, бо ён граў ашукуючы. Бог як гэта ўгледзеў — разгневаўся, зняў з галавы калпак дыямантовы, па лаўцы пры сабе паставіў і давай святога Пятра лаяць. Святая Магдалена аладкі смажыць, бог на святога Пятра гневаецца, мяне ніхто не бачыць. Так я гэта барджэй за той калпак дыямантовы да да дзвярэй, адчыніў паціху і — дай бог ногі. Толькі дабег да таго месца, кудою на неба ўзлез, аж адкуль ўзяўся воўк,— пагнаўся за кабылаю, кабыла пабегла, а дуб зваліўся на зямлю. «Кепска,— думаю сабе,— як зловяць, буду дразда скакаць.