Сацыяльна-бытавыя казкі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 520с.
Мінск 1976
— Свет вялік, можа быць, і праўда!
— Тут я ўспомніў, што косці асталіся на пожні. Думаю сабе — лаяць будуць людзі, што заграмадзіў больш дзесяціны сенажаці. Пабягу ды і скіну іх у раку. Прыбег, стаў паднімаць храбет з рабрамі, падняў яго, потым як штурхну ад сябе!.. Я думаў, што ён упадзе ў раку, а ён адным канцом стаіць на зямлі, а другім у неба ўпёрся.
— Свет вялік, можа быць, і праўда!
— Палез я па гэтым храбце на неба. Як лезці, дык лезці і ўлез.
Бачу — у адной хаце пірушка, святыя гуляюць: п’юць гарэлку і віно, закусваюць, песні такія прэпадобныя пяюць...
Ну, думаю сабе, з п'янымі, чалавеча, не занімайся, ато яшчэ ненарокам бакі намнуць. Іду далей. У другой хаце святы Мікола набраўся гарэлкі, як пучок ляжыць пад лавай і храпець, як пшаніцу прадаўшы.
— Можа і праўда.
— Каля яго ляжыць шапачка, сама залатая з дарагімі каменнямі. Я гэтую шапачку за пазуху ды й назад, аж тут святы Мікола прачхнуўся, стаў іскаць сваёй шапкі. Падняўся вархал, крык... Ну, думаю, калі зловяць, будзе кепска. А тут аніяк не найду таго месца, дзе стаяў храбет. Бачу — ляжыць пілавіння. Я давай з іх вяроўку віць. Звіў доўгую вяроўку, прывязаў адзін канец яе і стаў спушчацца з неба па вяроўцы. Спусціўся да самага канца вяроўкі, а яшчэ зямлі няма. Што тут рабіць? Я гэта вазьму ды адрэжу зверху кусок вяроўкі, а знізу надтачу і спускаюся далей.
— Свет вялік, можа быць, і праўда!
— Стаў гэта я на зямлі. Бачу — не наша зямля. Ну, думаю сабе, гэта пэўна пекла. Іду далей. Аж бачу — панскі бацька-пакойнік абарваны, абшарпаны, босы пасціць свінней.
— Лжэш, хаме!
Мужык цап за талерку з золатам — ды і за дзверы.
201. ЯК МУЖЫК У ПАНА ТАЛЕРКУ ЧЫРВОНЦАУ ВЫЙГРАУ
Адзін пан вельмі любіў слухаць казкі: от ён пазваў да сябе чалавека, каторы ўмеў добрыя казкі расказваць і просіць яго казаць казку. Мужык жа не хоча, кажа, што ўсё роўна пан не паверыць і скажа, што я мучу.
Пан жа што робіць? Насыпае цэлы палумісак чырвонцаў, стаўляе на стале і кажа да мужыка:
— От, як я скажу, што ты муціш, то будуць твае чырвонцы.
«Эге,— думае сабе мужык,— от калі я кала пана пажыўлюся! Я так яго абдуру, такі пан мусіць сказаць, што я мучу».
От ён і пачынае казаць, муціць, але пан, штоб не праіграць чырвонцы, усё яму верыў, усё казаў, што праўда.
Наканец мужык от што кажа:
— Служыў я ў аднаго пана, пасвіў у яго пчолы. I збегла адна ў мяне пчала, пасылае мяне пан яе шукаць.
Сажуся я верхам на каня і еду яе шукаць.
Ат дзіўлюся — ляціць грамада ячменнай мякіны. «Дай,— думаю,— саўю з яе вяроўку да й спушчуся на зямлю». Звіў я вяроўку з тае мякіны да дзіўлюся — каратка будзе.
Тут пан не выцерпеў і пытае:
— Ну, і што ты рабіў?
— А што рабіў? Усё-такі спусціўся так: як ужо бачу, што каратка, так я ўсё ўрэжу да і прытачу, урэжу да і прытачу.
Еду да еду, заехаў у лес і дзіўлюся — дванаццаць ваўкоў ядзяць маю пчалу.
Што я раблю? Злажу з каня, прывязваю да хваіны і збіраю з пчалы костачкі ў торбу, пану на паказ. Іду да каня, дзіўлюся, а з каня ажно перадок стаіць, а зада няма. Але што рабіць — сажуся і еду. Еду да еду, дзіўлюся — ат я заехаў на неба. Што мне цяпер, думаю, беднаму рабіць, як тут мне спусціцца на зямлю?
Бачу ўжо сваё сяло.
— «Ну,— думаю,— не заб’юся, хоць ужо і ўпаду». Як шлёппуў я, так у зямлю ўбіўся па самыя рукі.
— Ну, і што тагды было? — пытаецца пан.
— А што было? Пайшоў да сяла, узяў жалязняка да і адкапаўся.
Пан зноў не выцерпеў і пытаецца:
— Што ты там бачыў на небе? He бачыў лі майго татка?
— Бачыў, пане, бачыў, але татка ваш там вельмі бядуе. Жыды вашым таткам там да пекла смалу возяць да так смалянымі бічамі б юць, што няхай пан бог крые!
Тут пан такі не сцярпеў, забыў і пра ўсловіе і кажа:
— Лжэш, галгане, таму ёсць няпраўда!
А мужык цап за талерку з чырвонцамі і дай бог ногі.
202. ЧАГО НА СВЕЦЕ HE БЫВАЕ
Багаты пан справіў пір. Склікаў гасцей з усіх воласцяў. П’юць, ядупь госці, гаспадара хваляць. А пан падпіў і гаворыць:
— Многія часта кажуць, што мужык і пан — усё адно. Як можна горкага мужыка з нашым братам параўнаць?
Госці згаджаюцца, а гаспадар кажа:
— He на словах, а на справе пакажу, што варт мужык.
Прыказаў пан слугам паклікаць мужыка Івана, які быў самым бедным ва ўсёй вёсцы. Прывялі слугі мужыка, убачыў пан і кажа:
— Скажы, мужык, чаго на свеце не бывае? Цяпер людзі да ўсяго дайшлі, што могуць лятаць у паветры, гаварыць па дроце. Калі скажаш, чаго на свеце не бывае, дык тады атрымаеш воз мукі і грошай.
Падумаў Іван і згадзіўся.
Ен кажа, што шмат бывае цяпер на свеце, а толькі сякераю ніхто не падпяразваецца — гэтага не бывае. Госці смяюцца, a пан нахмурыўся і думае, што розум у гэтага мужыка воўк не з’еў, можа даць адказ.
Сорамна і стыдна стала пану перад гасцямі, стараецца ён заблытаць мужыка і кажа, што гэтым яго не здзівіш. У нас ніхто сякерай не падпяразваецца, а ў другіх краінах бывае і гэта. Мужык адказвае, што ў чужых краінах ён не быў і гэтага не бачыў. Пан узрадаваўся і гаворыць:
— Ты не быў, дык я быў, больш цябе бачыў, а ты скажы, чаго на самой справе на свеце не бывае. Калі яшчэ будзеш лгаць, дык будзеш паўгода ў мяне працаваць.
Думаў, думаў мужык і гаворыць:
— Баба папом не бывае, дзяўчына абедні не служыць — вось гэтага на свеце не бывае.
Ізноў засмяяліся госці, бачаць, што мужык дагадлівы, a пан адказвае:
— He, брат, і гэта бывае на нямеччыне.
— Ідзі на двор, думай у апошні раз. Скажаш — атрымаеш воз мукі і грошы, а не — паўгода папрацуеш.
Вышаў мужык на двор, думаў, думаў і рашыў:
— Скажу, няхай слухаюць.
Прыйшоў да пана і гаворыць:
— Твая праўда, пане, усё на свеце бывае. Вот яшчэ нядаўна думаў я, што людзі на неба не пападаюць, а як сам пабыў, дык цяпер бачу, што і гэта бывае.
Пан, здзіўлены, пытае, як туды папаў мужык. Ен адказвае, што пакойніца жонка прыказала быць і двух жураўлёў за ім прыслала. Хутка жураўлі прывязлі туды. Бачыў жонку з пакойнымі дзецьмі і вярнуўся дадому.
— Ці не бачыў ты на тым свеце пакойнага пана, бацьку майго? — спытаў пан.
Мужык сказаў, што бачыў, што ён там заняты цяжкаю працаю — глядзіць за яго дзецьмі. Раззлаваўся пан, сорамна стала, што на гасцей глядзець не можа.
Аддаў мужыку збожжа, грошы і вышаў вон.
203. ЯК СТРАЛЕЦ У НЕБЕ БЫУ
Быў сабе адзін стралец, да такі лгун, махляр, што ні жар гы! Казаў ён, што вышаў аднаго разу голы, як маці радзіла, анно з стрэльбаю ў руках, калі ён гляне на озера, ажно такая моц дзікіх качак плавае, што і не злічыць; як выстраліў ён, так і зараз усё чыста пабіў.
Паплыў ён, пабраў тыя качкі і за пояс пазатыкаў. Ажно тыя качкі аджылі, зняліся ўгору, яго паднялі і аж да неба занеслі.
Ну, што яму рабіць у небе?
I бог на яго сварыцца:
— Чаго ты,— кажа,— прышоў няпрошаны, нідзенкаваны, без пары да неба,— і змарлыя душы з яго, як з сабакі, збыткуюцца/яму і самому не на руку было, бо там страляць нечага,— бяда!
Ажно аднаго разу прыгледзеў ён у бога ў сенях кадушку льнянога насення, давай ён вяроўку круціць. Скруціў ён вяроўку, так то нуж спускацца на гэты свет да нас. Спусціўся на сам канец, ажно яшчэ шмат-шмат бракуе вяроўкі! Што тут рабіць? Што чыніць? Давай ён угарэ адрываць, а ўнізу ўточываць.
Уточываў, уточываў і яксьці крыху спусціўся да то яшчэ кусок да зямлі вялікі. Ну, так ён узяўшы на рызыку, так ужо зджыгнуў дый па калені ногі ў землю яму ўбіліся. Прабаваў і так і сяк — ані спосабу ног дастаць!
Ажно на шчасце не вельмі далёка вёска была. Пашоў гэта ён да вёскі, пазычыў рыдля і ногі адкапаў. Прышоў ён на тое месца, дзе стаяла хата, ажно ўжо нідзе нічога няма: усё перамянілася за той час, пукіль яго не было. Хадзіў, блукаўся і з вялікага жалю не ведаў, што рабіць. Так пашоў і ўтапіўся ў тое озера, скуль яго качкі да неба панеслі. Як відно, то й у небе не мёд!
204. ЯК Я ЖЫУ 3 ДЗЕДАМ, КАЛІ БАЦЬКІ ЯШЧЭ HE БЫЛО
Я жыў з дзедам, а бацькі яшчэ не было. Былі ў нас з дзедам пчолы па сабаку, насілі мёд рэзгінямі. Адна пчаліна нясла мёд цераз возера і ўпусціла рэзгінь мёду ў возера — гэта возера стала салодкае. Хадзіла там мая кабылка і выпіла гэту воду так, што аж упілася і ляжала без вума, п'яная. Толку не маглі мы даць з дзедам (а бацькі яшчэ не было). Узяў мой дзед да шкуру здзёр з яе. Праспалася гэта кабылка і ўстала пасля, як напалі на яе авадні з мухамі, а яна ж і без шкуры. Я ж узяў з дзедам (а бацькі яшчэ не было) абсыпаў яе грэчкай дзеля таго, штобы была гнедая. Як парасла грэчка на кабыле да як унадзіліся ў тую грэчку цецярукі, то і тут мала з яе толку. Дзед мой кажэць (як бацькі яшчэ не было):
— Надобе звязаць дзве вяровачкі і перакінуць цераз кабылу, прывязаўшы каробачку, а к хвасту прывязаць даўбешачку; цепярукоў як наляціць, яна хвастом як махнець, то цецярука і заб’ець.
Зрабілі мы так з дзедам (як бацькі яшчэ не было). Стала гэтая кабыла біць цецярукоў і набіла поўну каробачку, так што стала цяжка і перарэзала павадком кабылку. Трэба ж тут даць ратунак: як жа жыць без кабылкі?
Мой дзед кажэць (як бацькі яшчэ не было):
— Нада адсеч дзве дубінкі і сшыць кабылку.
Мы так і зрабілі. Як параслі дубы на кабыле з гэтых галіц дубовых, так што не магла яна хадзіць: возьмуць і абернуць яе набок. Што нам тут рабіць з дзедам? (А бапькі ўсё яшчэ не было). Давай мы ўжо бычкамі пасеку араць. Пааралі, пасеялі мы з дзедам (як бацькі яшчэ не было) пшаніцы, ячменю. Як парос ячмень — старому вераб’ю па калена, а маладому па бруху, колас ад коласа — не чуе голаса.
Зжалі мы з дзедам (як бацькі яшчэ не было) ячмень гэты, а як ужо злажылі, дак капа ад капы — на дзень язда. Перавязлі мы яго з дзедам дамоў і злажылі старану, у хаце на стоўпе, што кала печы стаіць, і сталі мы ўжо з дзедам малаціць (а бацькі ўсё яшчэ не было), так што страту не было; ложкамі мерылі, а коўшыкамі зносілі, з току гэта ўжо збіралі.
Цяпер сталі мы з дзедам (а бацькі ўсё яшчэ не было) гэтым ячмянём кабана карміць і выкармілі вочынь бальшога, што як раз падлезець пад чыгун і схаваецца. Выгналі мы яго з дзедам вон ужо на двор. Ухваціла яго варона, можа, яшчэ маладая, узяла ў дзюбу і раздзяўбла, на коле седзячы.
Нет у нас з дзедам (а бацькі яшчэ не было) гавядзіны, дак мы кол гэты рубім і ў гаршчок брасаем, кабан наш вочынь жырны быў, так што і кол жыру набраўся і ад яго ў гаршчочку накіпаець. А цяпер, слава богу, мы і лучшэй жывём, бо радзіўся мой бацька. Мы з дзедам пастарэлі і пасівелі, да і бацька ўжо цібук парадачны вырас.