Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Калі табе пашанцуе, ты знойдзеш пэўныя звесткі і пра Акропаль, а можа нават пра Сакрата, Платона і Арыстоцеля!
Але першае сцверджанне пра Афіны таксама было правільнае.
Маеш рацыю! I Тамашу Аквінскаму важна было паказаць, што праўда існуе толькі адна. Калі Арыстоцель прыходзіць да пэўнай высновы, з якой згаджаецца і наш розум, такая выснова ні ў якім разе не супярэчыць хрысціянскаму вучэнню. Адны ісціны мы можам спасцігнуць з дапамогаю розуму і назіральнасці, і якраз пра такія ісціны гаворыць Арыстоцель, апісваючы, напрыклад, расліннае і жывёльнае царствы. Другія ісціны Бог нам адкрывае праз Біблію. Але два гэтыя віды ісцін шмат у якіх важных пунктах супадаюць. Ёсць нямала пытанняў, якія Біблія і розум асвятляюць цалкам аднолькава.
Напрыклад, ці Бог існуе?
Напрыклад. Арыстоцелева філасофія таксама зыходзіла з наяўнасці Бога, або так званай першапрычыны, якая рухае ўсім існым. Але больш-менш падрабязнага апісання Бога Арыстоцель не даў. Так што ў гэтым нам застаецца цалкам пакладацца на Біблію і Ісусавы казані.
Дык а хіба Бог дакладна ёсць?
Зразумела, не ўсе з гэтым згодныя. Але на сённяшні дзень большасць людзей пагаджаецца, што чалавечы розум не здольны даказаць адваротнае што Бога няма. Але Тамаш Аквінскі пайшоў далей і паспрабаваў даказаць існаванне Бога, абапіраючыся на вучэнне Арыстоцеля.
Во як!
На Тамашову думку, мы і сваім розумам здольныя ўразумець, што ўсё існае павінна мець «першапрычыну». А значыць, Бог адкрываецца людзям як праз Біблію, так і праз розум. I такім чынам, існуе «тэалогія адкрыцця» і «натуральная тэалогія». Тое самае тычыцца маралі. У Бібліі мы чытаем, як Бог хоча, каб мы жылі. Але, акрамя таго, Бог надзяліў нас сумленнем, з дапамогаю якога мы «натуральна» аддзяляем дабро ад зла. I выходзіць, што да маральнага жыцця таксама вядзе «дзве дарогі». Мы ведаем, што нельга
рабіць другім людзям шкоду, нават калі й не чыталі ў Бібліі: «усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім». Хоць і тут надзейней трымацца біблейскага запавету.
Здаецца, я зразумела, сказала Сафія. Гэта амаль як з навальніцай: пра яе набліжэнне мы даведаемсе па бліскавіцы і па грукатанні грому.
Слушна. Нават калі мы сляпыя, мы чуем гром. I нават глухія, бачым па маланках, што набліжаецца непагадзь. Вядома, лепей і бачыць, і чуць. Але ніякай супярэчнасці паміж тым, што мы бачым і што чуем, няма гэтыя два адчуванні, наадварот, дапаўняюць адно другое.
Разумею.
Можна ўзяць яшчэ прыклад. Ты сядзіш і чытаеш раман, скажам, «Вікторыю» Кнута Гамсуна.
Я, дарэчы, яе напраўду чытала...
— I ці прачытаўшы гэты раман, не атрымала ты пэўныя веды і пра пісьменніка?
Ну, магу, прынамсі, сказаць, што пісьменнік, які напісаў гэтую кнігу, існуе.
А яшчэ?
Што ў яго рамантычны погляд на каханне.
Значыць, чытаючы гэты раман плён творчага натхнення Гамсуна, ты атрымоўваеш пэўныя звесткі і пра самога аўтара. Але табе карціць даведацца пра яго больш. Ці зможаш ты, напрыклад, прачытаць у «Вікторыі», колькі пісьменніку было гадоў, калі ён напісаў гэты раман, дзе ён жыў ці, напрыклад, колькі ў яго было дзяцей?
Вядома, не.
Затое такія звесткі ты знойдзеш у біяграфіі Кнута Гамсуна. Толькі зазірнуўшы ў біяграфію або аўтабіяграфію, ты бліжэй пазнаёмішся з асобай пісьменніка.
Згодна.
Прыблізна такія самыя адносіны і паміж стварэннямі Госпада і Бібліяй. Толькі назіраючы за рэчаіснасцю, мы прыходзім да
разумення, што Бог існуе. Яшчэ мы можам, бадай, сказаць, што Бог любіць жывёл і кветкі, іначай ён ніколі іх не стварыў бы. Але звесткі пра Бога як асобу мы знойдзем адно ў Святым Пісанні, то бок у яго «аўтабіяграфіі».
- Цікавы прыклад.
- Гммм...
Альбэрта ўпершыню сядзеў у задуменні і не адказваў.
Гэта неяк звязана з Хільдай? вырвалася ў Сафіі.
Мы нават не ведаем, ці існуе нейкая «Хільда».
Але мы то тут, то там трапляем на яе сляды. Паштоўкі, шаўковы шалік, зялёная партманетка, панчоха...
Альбэрта кіўнуў:
Падобна, сам Хільдзін бацька і вырашае, колькі такіх слядоў нам яшчэ падкінуць. Пакуль нам пэўна вядома адно: ёсць нехта, хто шле гэтыя паштоўкі. Гэх, хай бы ён напісаў што-небудзь пра сябе. Але да гэтага мы яшчэ вернемся.
Ужо дванаццаць. А мне абавязкова трэба дадому да заканчэння Сярэднявечча.
Што ж, тады я завяршу, коратка распавёўшы, як Тамашу Аквінскаму ўдалося дапасаваць ідэі Арыстоцеля да хрысціянскай тэалогіі. Гэта тычыцца і Арыстоцелевай логікі, і яго тэорыі пазнання, і яго натурфіласофіі. Памятаеш Арыстоцелеву сістэму іерархіі існага лесвіцу, чые прыступкі ўздымаюцца ад раслін да жывёл, а потым да чалавека?
Сафія кіўнула.
Ужо сам Арыстоцель меркаваў, што на вяршыні гэтай лесвіцы стаіць Бог, або гэтакі максімум быцця. I такая схема лёгка стасавалася з хрысціянскаю тэалогіяй. Тамаш Аквінскі прапанаваў сваю іерархію, таксама складзеную з улікам, так бы мовіць, павелічэння канцэнтрацыі быцця ад раслін і жывёл да чалавека, ад чалавека да анёлаў і ад анёлаў да Бога. Чалавек, падобна жывёлам, мае цела з органамі пачуццяў, але ў дадатак мае «разважны» розум. У анёлаў няма такога цела з органамі пачуццяў, а таму іх розум здольны спасцігаць ісціны імгненна. Ім не трэба «разважаць», як
людзям, не трэба пераходзіць ад адной высновы да другой. Яны здольныя спазнаваць усё, што можа ведаць чалавек, мінаючы ланцуг прычынна-выніковых сувязяў. I таму, што ў іх няма цела, яны ніколі не паміраюць. Яны не вечныя, як Бог, бо некалі самі былі створаныя Богам. Але цела, з якім яны маглі б развітацца, у іх няма, і таму яны несмяротныя.
Гэта цудоўна!
Але над анёламі ўладарыць Бог, Сафія. Ён бачыць і ведае адначасова ўсё ў свеце.
Значыць, ён бачыць цяпер і нас?
Так, можа і бачыць. Але не «цяпер», бо ў Бога час не такі, які ў нас. Нашае «цяпер» не тое самае, што «цяпер» Богава. Калі для нас праходзіць некалькі тыдняў, гэта зусім не азначае, што некалькі тыдняў праходзіць і для Бога.
Вось жах! ускрыкнула Сафія і адразу прыкрыла рот рукой.
Альбэрта пытальна зірнуў на яе.
Я атрымала новую паштоўку ад Хільдзінага бацькі, патлумачыла яна. Ён напісаў у ёй нешта кшталту: «калі ў Сафіі мінае два-тры тыдні, у нас не абавязкова праходзіць столькі ж». I тут ты амаль тое самае кажаш пра Бога!
Сафія заўважыла, як твар пад карычневым балахонам перакрывіла грымаса.
I не сорамна яму!
Сафія не зразумела, што Альбэрта меў на ўвазе. Можа, проста сказаў, каб нешта сказаць... Але Альбэрта распавядаў далей:
На жаль, Тамаш Аквінскі пераняў і Арыстоцелевы погляды на жанчын. Ты, мабыць, памятаеш, што, на думку Арыстоцеля, жанчына гэта недасканалы мужчына, і дзецям пераходзяць у спадчыну толькі бацькавы якасці, бо жанчына пасіўны арымальнік, а мужчына актыўны творца. Тамаш меркаваў, што такі погляд цалкам адпавядае Бібліі, дзе, напрыклад, гаворыцца, што жанчына была створаная з рабрыны Адама.
Смеху варта!
Трэба зазначыць, што яйцаклеткуўмлекакормячых упершыню
выявілі толькі ў 1827 годзе. Таму не дзіўна, што формаўтваральная і жыццятворная роля ў апладненні прыпісвалася раней мужчыну. Але адзначу таксама, што, на думку Тамаша, жанчына займае падпарадкаванае становішча адносна мужчыны толькі па сваёй матэрыяльнай прыродзе. Але жаночая душа мае такую самую каштоўнасць, як і мужчынская. На небе паміж мужчынам і жанчынай пануе роўнасць, бо там паміж імі болын няма ніякай плоцевай розніцы.
He дужа суцешыў. А ў Сярэднявеччы, увогуле, былі жанчыныфілосафы?
У сярэднявечнай царкве рэй вялі мужчыны. Але гэта не азначае, што жанчын-мысляроў не было. Адна з іх Хільдэгарда Бінгенская.
Сафія вырачыла вочы:
Яна мае нейкае дачыненне да Хільды?
Ну і пытанні ў цябе! Хільдэгарда была мнішкаю ў манастыры нямецкага мястэчка Бінген і жыла з 1098 па 1179 год. Будучы жанчынай, яна вяла прапаведніцкую дзейнасць, праявіла сябе як пісьменніца, лекарка, батанік і прыродазнаўца. Яе можна лічыць сімвалам сярэднявечнай жанчыны, бо кабеты ў той час вызначаліся больш прыземленым, больш практычным а значыць, і бліжэйшым да навуковага падыходам да быцця, чым мужчыны.
I ўсё-ткі ці мае яна дачыненне да Хільды?
У даўніну і хрысціяне, і юдэі ўспрымалі Бога не толькі ў іпастасі мужчыны. Бог надзяляўся і жаночымі рысамі, або «мацярынскай прыродай». Бо і жанчына ж таксама створаная па вобразе і падабенстве Госпада. Па-грэцку гэты жаночы бок Бога называўся «Сафіяй». «Сафія» азначае «мудрасць».
Сафія сумна павяла галавою. Чаму ёй ніхто гэтага не казаў paHeft? I чаму яна сама ніколі раней пра гэта не пыталася?
Альбэрта распавядаў далей:
У сярэднія вякі «Сафія», або «мацярынская прырода Бога», адыгрывала немалую ролю ў юдаізме і грэка-праваслаўнай царкве. На Захадзе на яе забыліся. I тут раптам узнікае Хільдэгарда, якая
сцвярджае, што да яе ў відзежах прыходзіць Сафія у залатым убранні, аздобленым каштоўнымі камянямі...
Сафія ўсхапілася з лаўкі. Да Хільдэгарды ў відзежах прыходзіла Сафія!
Дык, мабыць, і я прыходжу ў відзежах да Хільды? яна зноў села.
Альбэрта трэці раз паклаў ёй руку на плячо:
Якраз гэта нам і трэба высветліць. Але цяпер амаль гадзіна дня. Табе пара спяшацца на абед, бо хутка на змену Сярэднявеччу прыйдзе Новы час. I я запрашу цябе на размову пра Рэнесанс. Гермес будзе чакаць цябе ў садзе.
Дзіўны манах устаў і скіраваў да касцёла, а Сафія ўсё сядзела, разважаючы пра Хільдэгарду і Сафію, пра Сафію і Хільду. Раптам яе як працяло токам, яна падскочыла і крыкнула наўздагон настаўніку філасофіі ў манаскім убранні:
А якога-небудзь Альбэрта ў Сярэднявеччы не было?
Той прыцішыў хаду і павярнуў галаву да Сафіі:
У Тамаша Аквінскага за настаўніка быў знакаміты мысляр. Яго звалі Альбэрт Вялікі, сказаў ён і знік за дзвярыма касцёла св. Марыі.
Атрыманы адказ не дазволіў Сафіі супакоіцца. Яна таксама кінулася да касцёла. Але ўсярэдзіне не было ані душы. He мог жа яе настаўнік праз зямлю праваліцца?
Па дарозе да выхаду на вочы ёй трапілася выява Панны Марыі. Сафія падышла паглядзець на абраз бліжэй і раптам заўважыла пад вокам Марыі маленькую кропельку. Ці гэта не сляза?
Сафія шуганула прэч з касцёла да Ёрунь.
РЭНЕСАНС
... о боскі род у чалавечых шатах...
Калі прыкладна а палове другой запыханая Сафія прыбегла да жоўтага дома Ёрунь, сяброўка ўжо чакала яе каля брамкі.