Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Гермес тым часам ужо бег уверх па лесвіцы. Прыхапіўшы паштоўку, Сафія рушыла следам. Каб не адстаць ад сабакі, які наперадзе радасна матляў хвастом, ёй давялося спяшацца. Яны мінулі другі, і трэці, і чацвёрты, і пяты паверх. Далей наверх вялі толькі вузкія сходы. Яны што палезуць на дах? Але Гермес пачаў-такі караскацца па гэтых сходах, пакуль не спыніўся ля вузенькіх дзвярэй, і заскроб у іх пазурамі.
Неўзабаве па той бок пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся, і на парозе ўзнік Альбэрта Кнокс. На ім ужо не было манаскага ўбрання, але і сённяшні ўбор выглядаў не зусім звычайна: белыя панчохі, чырвоныя шарападобныя панталоны і жоўтая камізэлька з буфамі на рукавах. Ён нагадаў Сафіі джокера з картачнай калоды. Калі яна разумела правільна, гэта былі тыповыя строі эпохі Адраджэння.
- Ну і блазан! выдыхнула Сафія і, адсунуўшы Альбэрта ўбок, увайшла ў кватэру.
Небарака настаўнік зноў стаў ахвяраю яе страху, перамяшанага са збянтэжанасцю. Сафію ж, акрамя ўсяго іншага, узрушыла і паштоўка, якую яна знайшла ўнізе.
- Спакайней, дзіця маё, сказаў Альбэрта, зачыняючы дзверы.
- А вось і пошта, буркнула Сафія і сунула яму ў рукі паштоўку так, быццам ён быў вінаваты, што яна з’явілася.
1 Цытата з песні вядомага шведскага паэта і кампазітара Гюнара Вэнэрбэрга (1817-1901), якая ўвайшла ў яго музычны зборнік «Бурсакі» (1851), прысвечаны маладым навучэнцам горада Упсалы. (Заўв. пер.)
Прачытаўшы пасланне, Альбэрта заківаў галавой.
Ён паводзіць сябе ўсё нахабней. Мы для яго, бач ты, спосаб пацешыць дачку на яе дзень народзінаў!
3 гэтымі словамі Альбэрта разадраў паштоўку на дробныя кавалкі і выкінуў у сметніцу.
Там было пра тое, што Хільда згубіла свой залаты крыжык, сказала Сафія.
Я бачыў.
Але я гэты самы крыжык знайшла ў сябе ў ложку. Ты часам не ведаеш, як ён туды трапіў?
Альбэрта ўрачыста паглядзеў ёй у вочы:
Няхай неверагоднасць такога здарэння цябе не збівае з тропу, гэта ўсяго толькі танны фокус, зрабіць які для яго прасцей не бывае. Давай лепш засяродзім увагу на нашым трусе, якога выцягваюць з чорнага капелюша Сусвету.
Яны прайшлі ў гасцёўню. Такой дзіўнай гасцёўні Сафія не бачыла ніколі ў жыцці.
Альбэрта жыў на паддашку ў прасторнай кватэры з нахіленай столлю. У столі было прарэзанае акно, і святло праз яго ўлівалася проста з неба. Але ў пакоі было і другое акно, якое глядзела на горад. Адсюль Сафія магла ахапіць вокам дахі ўсіх старых будынкаў.
Але здзіўляла не гэта, а сама абстаноўка ў гасцёўні. Яна поўні лася мэбляй і ўсякімі рэчамі самых розных эпох. Канапа паходзіла, пэўна, з трыццатых гадоў, стары секрэтэр з пачатку мінулага стагоддзя, а адно крэсла налічвала, мабыць, аж некалькі стагоддзяў. Але мэбля яшчэ было не ўсё. На этажэрках і ў шафах паўсюль ляжалі колішнія навуковыя прыстасаванні, ужытковыя прылады і проста забаўкі. Тут былі старажытныя гадзіннікі і посуд, ступкі і рэторты, нажы і лялькі, гусіныя пёры і пюпітры, актанты і секстанты, компасы і барометры. Адну сцяну цалкам займалі кнігі, але не такія, якія можна знайсці ў кнігарнях. Гэтая бібліятэка была зборам друкаванай прадукцыі некалькіх стагоддзяў. На сценах віселі гравюры і карціны. Некаторыя, мабыць, былі намаляваныя ў апошнія дзесяцігоддзі, але большасць выглядалі дужа старымі.
Акрамя таго, побач віселі старажытныя карты. На адной заліў Согнэ-ф’ёрд месціўся не там, дзе напраўду, а ў фюльке Трондэлаг, а Трондхэйм-ф’ёрд ляжаў увогуле далёка на поўначы, аж у фюльке Нурланд.
Сафія доўга стаяла моўчкі, круцячы галавой па баках і стараючыся як мага лепш разгледзець гасцёўню.
Колькі ж у цябе ўсякай старызны! сказала яна нарэшце.
Вось як! А ты ўяві, колькі стагоддзяў гісторыі сабрана ў гэтым пакоі! Па мне, дык гэта ніякая не старызна.
Дык ты аматар антыкварыяту?
Альбэрта зрабілася сумна.
He ўсім жа аднолькава плыць па цячэнні гісторыі, Сафія. Павінны быць і такія, хто ўмее спыніцца і падабраць тое, што параскідана па берагах.
Неяк ты мудрагеліста кажаш.
Але я кажу слушна, Сафія. Мы жывем не толькі ў наш час, мы нясем з сабою гісторыю. He забывай, што ўсе рэчы ў гэтай хаце некалі былі новымі. Гэтую драўляную ляльку XVI стагоддзя, мабыць, зрабілі на пяцігоддзе нейкай дзяўчынкі. Можа нават яе змайстраваў яе старэнькі дзядуля... Пасля дзяўчынка падрасла, пасталела і выйшла замуж. Мабыць, у яе самой нарадзілася дачка, якой гэтая цацка перайшла ў спадчыну. Пасля і тая дзяўчынка састарэла і адышла ў іншы свет, адкуль больш ніколі не вернецца. Яна была на гэтай зямлі ўсяго толькі кароткаю госцейкай. А вось яе лялька да гэтай пары захавалася і вунь стаіць на паліцы.
Калі ты так гаворыш, усё адразу паўстае такім урачыстым і сумным.
Але жыццё насамрэч сумнае і ўрачыстае. Мы прыходзім у гэты свет, сустракаем адзін аднаго, знаёмімся і кароткі час ідзем разам. А пасля развітваемся і знікаем гэтак сама нечакана і невытлумачальна, як і прыйшлі.
Можна цябе папытаць?
Зразумела, можна. Мы ж тут не ў хованкі гуляем.
Чаму ты пераехаў у Маёраву хатку?
Каб быць бліжэй да цябе, калі мы пачалі ліставацца. Я ведаў, што старая хата пустуе.
-1 дзеля гэтага ты і пераехаў?
Так, дзеля гэтага пераехаў.
Можа, тады ты ведаеш, якім чынам Хільдзін бацька даведаўся пра твой пераезд?
Калі не памыляюся, ён ведае амаль усё, што з намі адбываецца.
Але я ўсё роўна не разумею, як паштальён мог прыносіць туды пошту. Гэта ж у самым лесе!
Альбэрта па-змоўніцку ўсміхнуўся.
Нават гэта чыстая драбяза, якая не каштуе Хільдзінаму бацьку ніякага намагання. Танны фокус-покус, прымітыўнае тлумленне галавы. Бадай, як за намі, ні за кім іншым у свеце так не пільнуюць.
У Сафіі расло абурэнне.
Калі мне давядзецца з ім сустрэцца, я яму вочы павыдзіраю!
Альбэрта падышоў да канапы і сеў. Сафія ўладкавалася следам у глыбокім фатэлі насупраць.
Толькі філасофія можа наблізіць нас да Хільдзінага бацькі, сказаў Альбэрта. Сёння я раскажу табе пра эпоху Адраджэння.
Пачынай!
Усяго праз некалькі гадоў пасля смерці Тамаша Аквінскага адзінства хрысціянскай культуры пачало распадацца. Філасофія і натуральныя навукі паступова аддаляліся ад тэалогіі, што адначасова спрыяла ўсталяванню вальнейшых адносінаў паміж верай і розумам. Усё больш пашыралася меркаванне пра немагчымасць наблізіцца да Бога праз разуменне, бо Гасподзь недасяжны для думкі. Галоўным для чалавека лічылася не зразумець хрысціянскія таямніцы, а падпарадкавацца Божае волі.
Ясна.
Усталяванне вальнейшых адносінаў паміж навукай і верай прывяло і да распрацоўкі новых навуковых метадаў, і да новага віду рэлігійнай практыкі. Так былі закладзеныя асновы для двух найважнейшых пераломаў XV-XVI стагоддзяў Рэнесансу і Рэфармацыі.
Давай лепш пра кожны паасобку.
Рэнесанс гэта перыяд неверагоднага росквіту культуры, які пачаўся ў Паўночнай Італіі напрыканцы XIV стагоддзя і цягам XV і XVI стагоддзяў імкліва пашырыўся з яе на поўнач.
Ты казаў, што «Рэнесанс» азначае «Адраджэнне», так?
Так, і адраджацца пачалі антычныя мастацтва і культура. Гаворачы пра гэты перыяд, згадваюць таксама пра «гуманізм эпохі Адраджэння», бо пасля доўгага перыяду Сярэднявечча з яго выключна рэлігійнымі поглядамі на ўсе праявы жыцця, у цэнтры ўвагі зноў апынаецца чалавек. Быў падняты лозунг «вяртання да крыніц», што перадусім азначала вяртанне да ідэалаў антычнага гуманізму. Пошук антычных скульптур і рукапісаў зрабіўся ці не народным відам спорту. У моду ўвайшло вывучэнне грэцкай мовы. Гэта прывяло да новых даследаванняў грэцкай культуры. Далучэнне да грэцкіх ідэалаў гуманізму мела і педагагічнае значэнне. Вывучэнне гуманітарных дысцыплін складала «класічную адукацыю» і садзейнічала развіццю так званых «чалавечых якасцяў». У той час гаварылі так: «Нараджаюцца коні, а чалавек не нараджаецца ён выхоўваецца».
Выходзіць, каб стаць чалавекам, неабходнае выхаванне?
Выходзіць, так. Але перш чым бліжэй пазнаёміцца з рэнесанснымі ідэямі гуманізму, пагаворым пра палітычныя і культурныя падзеі, якія выклікалі іх да жыцця.
Альбэрта ўстаў і пачаў хадзіць кругам па хаце. Урэшце, спыніўшыся, ён паказаў на нейкі стары інструмент, што ляжаў на паліцы.
Што гэта? спытаў ён.
3 выгляду старажытны компас.
Правільна. А гэта? ён паказаў на старую стрэльбу, што вісела на сцяне над канапай.
Старажытная стрэльба.
Так, ну а гэта?
Альбэрта дастаў з паліцы тоўстую кнігу.
Старажытная кніга.
Дакладней інкунабула.
-Інкунабула?
Насамрэч гэтае слова азначае «дзяцінства». Ім называюць кнігі, выдадзеныя ў дзіцячым веку друкарства, то бок да XVI стаГОДДЗЯ.
Няўжо яна праўда такая старая?
Яна праўда такая старая. I гэтыя тры вынаходніцтвы компас, порах і друкарства сталі важнымі перадумовамі пераходу да новай эпохі, якую мы называем цяпер Рэнесансам.
Патлумач падрабязней.
Компас спрасціў мараплаванне. Гэтае вынаходніцтва паспрыяла вялікім геаграфічным адкрыццям. Тое ж самае можна сказаць і пра порах. Новыя віды зброі далі еўрапейцам ваенную перавагу над амерыканскай і азіяцкай культурамі. Зрэшты, nopax пачалі шырока ўжываць і ў межах самой Еўропы. Друкарства ж было важным для распаўсюджвання новых ідэй гуманістаўадраджэнцаў. He апошнюю ролю яно адыграла і ў тым, што царква страціла былую манаполію на адукацыю. Пазней новыя інструменты і прылады пачалі ўзнікаць адзін за адным. Вельмі важным, напрыклад, стаў тэлескоп, які стварыў нечуваныя дагэтуль магчымасці ў астраноміі.
I ўрэшце былі прыдуманыя ракеты і караблі для пасадкі на Месяц?
Ну, гэта ты далёка забегла. Хоць у эпоху Адраджэння сапраўды пачаўся працэс, які ўрэшце прывёў чалавека на Месяц. Але разам з тым і да Хірасімы, і да Чарнобыля. Усяму гэтаму папярэднічалі перамены ў культурным і эканамічным жыцці. Важнай перадумоваю стаў пераход ад натуральнай гаспадаркі і таварна-грашовых адносінаў. Напрыканцы сярэдніх вякоў узнікалі і развіваліся гарады з актыўнай рамесніцкай вытворчасцю і гандлем новымі таварамі, грашовай эканомікай і банкаўскімі ўстановамі. Пакрысе сфармавалася бюргерства, якое расстаралася сабе пэўных прывілеяў і вольнасцяў. Усё патрэбнае для жыцця стала магчыма прыдбаць за грошы. Гэта дало штуршок развіццю ў чалавеку яго
творчых здольнасцяў і такіх якасцяў, як руплівасць і ўяўленне. Да асобы цяпер ставіліся зусім іншыя патрабаванні.