Сафіін свет
раман пра гісторыю філасофіі
Юстэйн Гордэр
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 560с.
Мінск 2014
Ты маеш на ўвазе, што на Месяц таксама ўздзейнічаюць дзве розныя сілы?
Так і ёсць. Падчас узнікнення Сонечнай сістэмы Месяц быў адкінуты прэч ад Зямлі з неймавернаю сілай. I Месяц захаваў гэтую сілу і будзе яе захоўваць заўсёды, бо рухаецца ў беспаветранай прасторы...
Але адначасова на Месяц уздзейнічае сіла зямнога прыцягнення?
Правільна. Абедзве гэтыя сілы нязменныя і ўздзейнічаюць адначасова. Вось чаму Месяц заўсёды круціцца вакол Зямлі.
Няўжо гэта напраўду так проста?
Прасцей няма куды, і Ньютан у сваіх працах імкнуўся якраз да «прастаты». Ён зазначаў, што ёсць усяго некалькі фізічных законаў, якія дзейнічаюць аднолькава ва ўсім Сусвеце. Дзеля тлумачэння руху планет ён спасылаўся ўсяго на два законы прыроды, адкрытыя яшчэ Галілеем. Першы закон інэрцыі, які сам Ньютан фармуляваў так: «Усякае цела знаходзіцца ў спакоі або рухаецца раўнамерна і прамалінейна, калі на яго не ўздзейнічаць знешнія сілы». Другі закон Галілей адкрыў з дапамогай нахіленай плоскасці: калі на цела адначасова ўздзейнічаюць некалькі сілаў, яно рухаецца па эліптычнай траекторыі.
I такім чынам Ньютан растлумачыў, чаму планеты рухаюцца вакол Сонца.
Так і ёсць. Планеты круцяцца вакол Сонца па эліптычных арбітах у выніку спалучэння двух розных рухаў. Па-першае, руху
прамалінейнага, які атрымалі ў час утварэння Сонечнай сістэмы, а па-другое, руху да Сонца, спрычыненага сілаю прыцягнення, або гравітацыяй.
Даволі разумна.
Анягож. Ньютан змог давесці, што законы руху прадметаў ва ўсім Сусвеце аднолькавыя і гэтым самым зняпраўдзіў сярэднявечныя ўяўленні пра існаванне розных законаў «на небе» і на Зямлі. Геліяцэнтрычная карціна свету набыла канчатковае пацверджанне і тлумачэнне.
Альбэрта прыбраў са стала нахіленую плоскасць і аднёс яе назад у шуфляду. Пасля падняў з падлогі шар і паклаў яго перад сабою на стол.
Сафія была здзіўленая, колькі ўсяго можа вынайсці з дапамогай звычайнай нахіленай дошкі і шара. Гледзячы на зялёны шар на якім яшчэ заставаліся чорныя сляды ад фламастэра, яна мімаволі думала пра шар зямны.
I людзям давялося пагадзіцца, што яны жывуць на адной з незлічоных планет Сусвету? прамовіла яна.
Так, хоць пагадзіцца з новай карцінай свету было не так проста. Падобная сітуацыя склалася і пазней, калі Дарвін давёў, што чалавек паходзіць ад жывёлаў. У абодвух выпадках была пахіснутая вера ў адмысловае месца чалавека ў існым свеце. I ў абодвух выпадках асабліва шалёнае супраціўленне новым ідэям праяўляла царква.
Ясная рэч! Бо куды цяпер было падзець Бога? Нашмат прасцей уяўляць, быццам Зямля гэта цэнтр светабудовы, а Бог і ўсе нябесныя целы недзе паверхам вышэй.
Але не гэта было самым цяжкім. Ньютанава сцверджанне пра аднолькавае дзеянне фізічных законаў у любым кутку Сусвету пагражала разбурэннем веры ў Боскую ўсёмагутнасць. Праўда, вера самога Ныотана заставалася непарушнай. Для яго законы прыроды якраз і былі доказам існавання вялікага і ўсёмагутнага Бога. Крыху горш было з уяўленнямі чалавека пра самога сябе.
Што ты маеш на ўвазе?
Пачынаючы з эпохі Адраджэння чалавеку давялося звыкацца
з думкай, што яго жыццё цячэ на нейкай адной невялікай планеце неабсяжнага космасу. He ведаю, ці патрапілі мы прызвычаіцца да гэтага на сённяшні дзень. Але ўжо ў эпоху Адраджэння адзін мысляр заўважыў, што цяпер кожны асобны чалавек мусіць займаць больш значнае становішча, чым яму адводзілася раней.
- Нешта не ясна.
- Раней цэнтрам светабудовы была Зямля. Але калі астраномы даказалі, што ніякага абсалютнага цэнтру ў Сусвеце няма, цэнтраў стала столькі, колькі ў свеце людзей.
- Зразумела.
- Рэнесанс прынёс новае стаўленне да Бога. Разам з тым як філасофія і навука аддаляліся ад тэалогіі, развіваўся і новы від хрысціянскай рэлігіі. Урэшце Рэнесанс з яго індывідуалістычным поглядам на чалавека, паўплываў і на веру. Асабістыя адносіны чалавеказ Богам зрабіліся важнейшымі за яго адносіны з царквою як інстытутам.
- Ты маеш на ўвазе асабістыя набажэнствы нешпар, напрыклад?
- Так, набажэнствы ў тым ліку. У сярэдневяковым каталіцтве апірышчам богаслужэння былі імша і рытуальныя царкоўныя набажэнствы. Біблію чыталі толькі святары і манахі, бо яна існавала толькі па-лацінску. Ад эпохі Адраджэння Біблію пачалі перакладаць з габрэйскай і грэцкай на народныя мовы*. Гэта адыграла важную ролю для так званай Рэфармацыі.
- Марцін Лютэр...
- Так, Марцін Лютэр быў выбітнаю постаццю, але не адзіным рэфарматарам. Былі і такія царкоўныя рэфарматары, якія не парывалі з рымска-каталіцкай царквой. Сярод іх можна назваць Эразма Ратэрдамскага.
- А Лютэр парваў з каталіцкай царквой, таму што не прымаў заведзенага ў ёй гандлю індульгенцыямі?
*Беларуская мова была трэцяй у свеце народнай мовай (пасля чэшскай і нямецкай), на якую Біблію пераклаў Францішак Скарына.
Так, гэта была адна з прычынаў, але пытанне стаяла нашмат сур’ёзней. На думку Лютэра, чалавек увогуле не абавязаны прасіць даравання ў Бога праз пасярэдніцтва царквы ці святароў. Тым больш выкупленне грахоў не павінна залежаць ад грошай, якія чалавек плаціць царкве. Зрэшты, пачынаючы з сярэдзіны XVI стагоддзя гандаль так званымі індульгенцыямі быў забаронены і ў каталіцкай царкве.
Думаю, Богу гэта спадабалася.
Лютэр лічыў непатрэбнымі многія рэлігійныя абрады і догмы, якімі папоўнілася царкоўная гісторыя цягам Сярэднявечча. Яму хацелася вярнуцца да пачатковага хрысціянства, пра якое мы чытаем у Новым Запавеце. «Толькі Святое Пісанне», абвясціў Лютэр. 3 гэтым заклікам яму хацелася вярнуцца «да вытокаў» хрысціянства, гэтак сама як гуманістам-адраджэнцам хацелася вярнуцца да аніычных вытокаў мастацтва і культуры. Лютэр пераклаў Біблію на нямецкую мову і тым самым заклаў асновы нямецкай пісьмовай мовы. Кожны павінен быў мець магчымасць чытаць Біблію і быць, у пэўным сэнсе, святаром самому сабе.
Святаром самому сабе? А гэта ўжо не занадта?
Лютэр меркаваў проста, што святары не маюць з Богам ніякіх асаблівых стасункаў. 3 практычных меркаванняў і ў лютэранскіх парафіях заставаліся святары, якія правілі набажэнствы і ладзілі паўсядзённыя царкоўныя справы. Але, на думку Лютэра, чалавек атрымоўвае божае дараванне і збавенне ад сваіх грахоў не праз царкоўныя рытуалы, а «задарма», бо Збавіцель прымае людзей толькі дзякуючы іх веры. Да такіх высноваў Лютэр прыйшоў, чытаючы Біблію.
Выходзіць, Лютэр таксама быў тыповы дзеяч Адраджэння?
I так, і не. Тыповаю адраджэнскаю рысай у яго была засяроджанасць на чалавечай асобе і на асабістых адносінах кожнага з Богам. Ва ўзросце 35 гадоў ён вывучыў грэцкую мову і распачаў карпатлівую працу над перакладам Бібліі на нямецкую. Пераход ад лаціны да народнай мовы таксама быў тыповай рысаю Рэнесансу. Але Лютэр не быў гуманістам, як Фічына ці Леанарда да Вінчы.
Многія гуманісты, такія, напрыклад, як Эразм Ратэрдамскі, з ім не згаджаліся. На іх думку, у Лютэра быў дужа негатыўны погляд на чалавека. Лютэр меркаваў, у прыватнасці, што пасля грэхападзення чалавек выйшаў цалкам сапсаваны і можа быць «апраўданы» толькі з Божае ласкі, хоць за грахі яму наканаваная смерць.
Бязрадасна неяк.
Альбэрта Кнокс зноў устаў і, узяўшы са стала чорна-зялёны шар, паклаў яго ў нагрудную кішэню.
Ужо пятая гадзіна! усклікнула Сафія.
А наступнай вялікай эпохай у гісторыі чалавецтва стала eapoKa. Але яго мы, відаць, пакінем на другі раз, дарагая Хільда.
Што ты сказаў? Сафія аж падскочыла з крэсла. Ты сказаў «дарагая Хільда»?
Ат, недарэчна абмовіўся.
Але ніякая абмоўка ніколі не бывае чыста выпадковай.
Напэўна, ты маеш рацыю. Хільдзін бацька пачынае ўжо ўкладаць нам у вусны свае словы. Я думаю, ён карыстаецца нашаю стомай. У такіх абставінах не так лёгка пастаяць за сябе.
Ты казаў, што ты не Хільдзін бацька. Пабажыся, што гэта праўда! Альбэрта кіўнуў.
Дык, можа, я Хільда?
Сафія, я стаміўся. Зразумей, мы з табой праседзелі болей за дзве гадзіны, і ўвесь гэты час гаварыў толькі я. Хіба табе не пара на вячэру?
Сафіі здалося, што ён хоча выставіць яе прэч. Па дарозе ў вітальню яна напружана думала, чаму Альбэрта знячэўку абмовіўся. Той шкандыбаў ззаду.
Пад невялікаю вешалкай з мноствам дзівацкіх убораў, падобных на тэатральныя касцюмы, спаў Гермес. Альбэрта кіўнуў у яго бок і сказаў:
Наступным разам ён зноў гірыйдзе па цябе.
Дзякуй за лекцыю, сказала Сафія і, падскочыўшы да Альбэрта, абняла яго. Ты самы разумны і самы добры з усіх маіх настаўнікаў.
Яна выйшла на лесвіцу.
Да хуткай сустрэчы, Хільда, прамовіў Альбэрта і зачыніў дзверы.
Вось блазан, ён зноў абмовіўся! Што хочаш, тое й думай! Сафія хацела была пастукаць у дзверы, але нешта яе стрымала.
На вуліцы яна ўспомніла, што не мае грошай. Значыць, дадому давядзецца цягнуцца пешкі. Вось табе маеш! Маці, напэўна, раззлуецца і напалохаецца, калі яна не прыйдзе да шостай гадзіны.
Але яна не прайшла і некалькіх метраў, як заўважыла на ходніку дзесяцікронавую манетку. Акурат столькі каштаваў білет на аўтобус з перасадкаю.
Сафія знайшла аўтобусны прыпынак і ўзялася чакаць аўтобуса да Стурторге, адкуль ішоў другі аўтобус, што спыняўся амаль ля яе дома.
Толькі цяпер, чакаючы на прыпынку, яна ўпершыню падумала, як ёй пашчасціла: знайсці дзесяць крон якраз у той момант, калі яны былі ёй так патрэбныя!
Ці не Хільдзін бацька падкінуў іх? Вось ужо ён майстра падкідаць розныя рэчы ў патрэбных месцах.
Але як ён мог зрабіць гэта, калі сам цяпер у Ліване?
I чаму Альбэрта абмовіўся? Прычым нават не адзін, а цэлых два разы.
Па спіне ў Сафіі пабеглі дрыжыкі.
БАРОКА
...сатканы мы з таго ж, што й нашы мроі...
Ужо некалькі сутак ад Альбэрта нічога не было чуваць. Па некалькі разоў на дзень Сафія выскоквала ў сад паглядзець, ці не прыбег Гермес. Маці яна тым разам сказала, што сабака сам знайшоў дарогу дадому, а пасля яе запрасіў у госці гаспадар сабакі, былы настаўнік фізікі. Ён расказваў Сафіі пра Сонечную сістэму і новыя навуковыя метады, якія ўзніклі ў XVI стагоддзі.
Ёрунь яна расказала больш: і пра візіт да Альбэрта, і пра паштоўку ў пад’ездзе і пра дзесяць крон, якія знайшла па дарозе дамоў. Але пра свой сон і залаты крыжык не абмовілася ні словам.
У аўторак 29 траўня Сафія выцірала на кухні посуд, а маці тым часам пайшла ў гасцёўню паглядзець навіны. Калі сціхла ўступная мелодыя выпуску, Сафія пачула, як дыктар паведаміў пра гібель маёра нарвежскага батальёна ААН, што падарваўся на гранаце.