• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сафіін свет раман пра гісторыю філасофіі Юстэйн Гордэр

    Сафіін свет

    раман пра гісторыю філасофіі
    Юстэйн Гордэр

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 560с.
    Мінск 2014
    130.68 МБ
    Наведаў ён і Афіны. Ен прайшоў па плошчах гэтай сталіцы філасофіі і, як кажуць, «узрушыўся духам, убачыўшы горад, поўны ідалаў». Ён наведаў габрэйскую сінагогу ў Афінах і гаманіў з эпікурэйскімі і стаічнымі філосафамі, якія прывялі яго на Арэапаг. Тут яны сказалі: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэнне, якое ты прапаведуеш? Бо нешта дзіўнае ўкладваеш ты ў нашыя вушы; таму хочам ведаць, што гэта такое?»
    Сафія, ты ўяўляеш сабе гэта? На афінскую плошчу прыходзіць нейкі габрэй і пачынае апавядаць пра нейкага збаўцу, якога ўкрыжавалі і які пасля паўстаў з гробу. Ужо ў час наведвання Паўлам Афінаў мы бачым яўную супярэчнасць паміж грэцкаю філасофіяй і хрысціянскім вучэннем аб збаўленні. Але Паўлу ўдаецца прывабіць афінянаў сваёй прамовай. Стоячы пасярод Арэапага, то бок пад мурамі велічных храмаў Акропаля, ён прамаўляе так:
    «Афіняне! 3 усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя. Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя святыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «невядомаму Богу». Вось Яго, Якога вы, не ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам: Бог, які стварыў свет і ўсё, што ў ім, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве і не вымагае служэння рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыццё і дыханне і ўсё. 3 адной крыві ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улонні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражыванню, каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць яго, і ці не знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас: бо мы жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: «мы Ягоныя і род». I вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай. I вось, пакідаючы часіны няведання, Бог сёння наказвае людзям усім усюды пакаяцца; бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць свет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых».
    3 прамоваю Паўла ў Афінах, Сафія, хрысціянства пачало праточвацца ў грэка-рымскі свет. Гэта было нешта зусім адрознае ад эпікурэйскай, стаічнай або неаплатанічнай філасофіі. Аднак Павал знаходзіць у гэтай культуры моцнае апірышча. Ён зазначае, што шуканне Бога закладзенае ў кожнага чалавека. Нічога новага гэтым ён грэкам не казаў. Новым у прамовах Паўла было тое, што цяпер Бог сам адкрыў сябе чалавеку і выйшаў яму насустрач. Гэта не проста «філасофскі Бог», якога можна спасцігнуць чалавечаю думкай. Гэтаксама ён «не падобны да золата, альбо срэбра, альбо каменя», як тыя боствы, якіх хапае і на Акропалі, і на агоры. Бог «не ў рукатворных храмах жыве». Гэта Бог існы, які кіруе гісторыяй і памірае на крыжы за грахі чалавецтва.
    У Дзеях Святых Апосталаў расказваецца, што падчас гэтай прамовы Паўла некаторыя пачалі пасміхацца з яго, пачуўшы пра ўваскрэсенне з мёртвых. А другія казалі: «Пра гэта паслухаем цябе іншым часам». Але былі і такія, хто, паслухаўшы Паўла, прынялі хрысціянства. Паміж імі была жанчына на імя Дамар, што трэба зазначыць асобна. Бо сярод мужоў, што прымалі хрысціянства, былі і жанчыны.
    Павал не спыняў сваёй місіянерскай дзейнасці, і ўжо ў першыя дзесяцігоддзі пасля Ісусавай смерці хрысціянскія суполкі былі створаныя ва ўсіх буйных грэцкіх і рымскіх гарадах у Афінах, Рыме, Александрыі, Эфесе, Карынфе. Цягам трох-чатырох стагоддзяў увесь эліністычны свет стаў хрысціянскім.
    Сімвал веры
    Павал спрыяў пашырэнню і ўмацаванню хрысціянства не толькі сваёй місіянерскаю дзейнасцю. Яго ўплыў быў вялікі т ўсярэдзіне хрысціянскіх суполках, якія мелі патрэбу ў духоўным настаўленні.
    У першыя гады па смерці Ісуса паўстала важнае пытанне, ці могуць неюдэі прымаць хрысціянства, не перавярнуўшыся спачатку ў юдаізм. Ці павінны, напрыклад, грэкі трымацца Майсеевага закона? Павал меркаваў, што гэта не абавязкова. Хрысціянства большае, чым проста юдэйская секта. Яно звяртаецца да ўсяго чалавецтва і нясе вестку пра збаўленне ўсім. На змену «старому запавету», умоўленаму паміж Богам і Ізраілем, прыйшоў «новы запавет», усталяваны праз Ісуса паміж Богам і ўсімі людзьмі.
    Але хрысціянства было не адзінай рэлігіяй таго часу. Як мы бачылі, эпоха элінізму вызначалася разнастайнасцю вераванняў і іх змяшэннем. Таму хрысціянскай царкве было важна каротка акрэсліць сутнасць свайго вучэння каб адмежавацца ад іншых вераванняў і каб запабегчы расколу царквы. Так узніклі першыя сімвалы веры. Сімвал веры ўвасабляе ў сабе найважнейшыя хрысціянскія «догмы», або падставовыя прынцыпы.
    Адным з такіх прынцыпаў стала сцверджанне, што Ісус быў богачалавекам. У сваіх дзеях ён быў не проста «сынам Божым». Ён сам быў Богам, але адначасова і «сапраўдным чалавекам», які раздзяліў людскую долю і прыняў пакуты на крыжы.
    Гэта гучыць супярэчліва. Але царква настойвала на пераўвасабленні чалавека ў Бога. Такім чынам, Ісус быў не «паўбогам» (часткова богам, а часткова чалавекам). Вера ў такіх «паўбагоў» была якраз-такі пашыраная ў рэлігіях Старажытнай і эліністычнай Грэцыі. А хрысціянская царква вучыла, што Ісус быў і «сапраўдны Бог», і «сапраўдны чалавек».
    Постскрыптум
    Я спрабую, дарагая Сафія, табе патлумачыць, як усё ўзаемазвязана. Калі на грэка-рымскія землі прыйшло хрысціянства, адбылося нябачанае датуль сутыкненне дзвюх розных культурных традыцыяў, якое неўзабаве прывяло да аднаго з найвялікшых культурных пераўтварэнняў у чалавечай гісторыі.
    Цяпер мы развітаемся з Антычнасцю. Ад часоў першых грэцкіх філосафаў мінула амаль тысяча год. Наперадзе нас чакае хрысціянскае сярэднявечча, якое таксама доўжылася каля тысячы гадоў.
    Нямецкі паэт Гётэ некалі сказаў: «Хто тры тысячы стагоддзяў / He ўлічыў ў жыцці сваім, / Той жыве бы ў цемры ходзіць: / Дзень пражыў, жыве другім». Але мне не хацелася б, каб ты апынулася сярод такіх людзей. Я раблю ўсё магчымае, каб ты ведала свае гістарычныя карані. Толькі так ты станеш чалавекам. Толькі так ты будзеш болей, чым малпа без поўсці. Толькі так ты не павіснеш у пустой прасторы.
    «Толькі так ты станеш чалавекам. Толькі так ты будзеш болей, чым малпа без поўсці...»
    Сафія моўчкі сядзела і паглядала ў сад праз прагалінку ў жы-
    ваплоце. Яна пачала разумець, як важна ведаць свае гістарычныя карані. Ва ўсякім разе, для ізраільскага народа гэта мела вялізнае значэнне.
    Сама па сабе яна звычайны чалавек. Аднак калі яна будзе ведаць свае гістарычныя карані, яе звычайнасць зменшыцца.
    Яна ўсяго некалькі год жыве на гэтай планеце. Але ж калі гісторыя чалавецтва гэта і яе гісторыя, то ў пэўным сэнсе можна сказаць, што ёй некалькі тысяч гадоў.
    Сафія сабрала ўсе аркушы, вылезла са Схованкі і, радасным подскакам прабегшы праз сад да дома, узляцела ў свой пакой.
    СЯРЭДНЯВЕЧЧА
    ...у самым пачатку дарогі нельга сказаць, што Ьарога была выбраная памылкова...
    Цэлы тыдзень ад Альбэрта Кнокса нічога не было чуваць. I з Лівана ніякіх паштовак Сафія не атрымлівала. Затое яны з Ёрунь часта заводзілі размову пра паштоўкі, знойдзеныя ў Маёравай хатцы. Ёрунь яны не давалі спакою. Але таму што нічога новага не адбывалася, былыя страхі спачатку сцішыліся, а потым увогуле зніклі за падрыхтоўкай урокаў і гульнёй у бадмінтон.
    Сафія шмат разоў перачытвала лісты ад Альбэрта Кнокса, спадзеючыся знайсці хоць якую звязаную з Хільдай дэталь, якая падказала б, хто такая гэта дзяўчынка. Адначасова перачытванне дазволіла ёй добра засвоіць антычную філасофію. Цяпер яна без цяжкасці адрознівала Дэмакрыта ад Сакрата і Платона ад Арыстоцеля.
    У пятніцу 25 траўня яна стаяла за плітой і гатавала вячэру да матчынага прыходу з працы. Гэта быў яе заўсёдны абавязак па пятніцах. Сёння яна гатавала суп з рыбнымі фрыкадэлькамі і морквай. Дужа проста.
    На дварэ расхадзіўся вецер. Памешваючы ў рондалі, Сафія павярнулася і паглядзела ў вакно. Бярозы гнуліся, як калоссе.
    Раптам нешта стукнула ў шыбу. Сафія зноў павярнулася і гэты раз убачыла нейкую прыліплую да форткі кардонку.
    Яна падышла бліжэй, і кардонка аказалася паштоўкай. Скрозь шыбу яна прачытала: «Хільдзе Мёлер Кнаг, атрымальнік Сафія Амундсэн...»
    Падумаць толькі! Яна расчыніла вакно і дастала паштоўку. He з Лівана ж яе сюды ветрам занесла.
    Гэтая паштоўка таксама была праштампаваная пятніцай 15 чэрвеня.
    Сафія адставіла суп і прысела каля стала. На паштоўцы было напісана:
    Дарагая Хільда! He ведаю, ці паспее гэтая паштоўка да твайго дня нараджэння. Ва ўсякім разе, спадзяюся, што, нават калі яна спозніцца, то не больш як на некалькі дзён. Бо калі ў Сафіі мінае два-тры тыдні, у нас не абавязкова праходзіць столькі ж. Я прыеду дамоў на Купалле. I тады ўжо, Хільда, мы з табой папасядзім на арэлях у садзе, любуючыся на мора. Нам шмат чаго трэба абмеркаваць. Твой mama, якога часам гняце няспынная тысячагадовая барацьба паміж габрэямі, хрысціянамі і мусульманамі. Я безупынку мушу паўтараць сам сабе, што ўсе тры рэлігіі бяруць свой пачатак ад Абрагама. Дык хіба ўсе іх прыхільнікі моляцца не аднаму й таму самаму Богу? Але тут Каін з Авелем усё яшчэ не скончылі забіваць адзін аднаго. P.S. Ці немагла б ты перадаць ад мяне прывітанне Сафіі? Яна, небарака, дагэтуль нічога не разумее. Але ж ты ўжо разумееш, праўда?
    Сафія стомлена схілілася над сталом. Яна сапраўды нічагуткі не разумела. А Хільда, выходзіць, разумела?
    Калі Хільдзін бацька просіць Хільду перадаць ёй прывітанне, значыць, Хільда ведае пра Сафію больш, чым Сафія пра Хільду. Усё гэта выглядала такім заблытаным, што Сафія зноў узялася за гатаванне вячэры.
    Падумаць толькі, паштоўка сама прыляцела да вакна ў кухні! Авіяпошта нейкая...
    Як толькі яна зноў прыставіла суп, пачуўся тэлефонны званок.
    Добра, каб гэта быў тата! Калі ён толькі прыедзе, яна раскажа яму ўсё-ўсё, што з ёй адбылося за апошнія тыдні. Але ж гэта, напэўна, Ёрунь ці мама... Сафія кінулася да апарата.
    Сафія Амундсэн, прамовіла яна ў слухаўку.
    Гэта я, прагучала ў адказ на другім канцы.
    Сафія не сумнявалася ў трох рэчах. Па-першае, гэта быў не тата. Па-другое, голас быў мужчынскі. I па-трэцяе, яна яўна чула гэты голас раней.
    -	Хто гэта?
    -	Альбэрта Кнокс.
    Вой...
    Сафія не знайшла, што адказаць. Яна ўспомніла, што чула гэты голас у відэафільме пра Афіны.